Вы тут

У лабараторыю робататэхнікі…


Інавацыі і бібліятэка непадзельны. Гэта даказвае першы ў нашай краіне мультыцэнтр «Совушка», што працуе на базе дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага.


Святлана Орлюк дэманструе максі-планшэт

Інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій створаны 17 снежня 2015 года ў  межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна». Агульны бюджэт праекта склаў 1,118 тыс. еўра. У адпаведнасці з гранткантрактам сума беларускага боку — 448 тыс. еўра, з іх 10% накіравана са сродкаў абласнога бюджэту. Партнёрам выступіла Публічная бібліятэка імя М.  Канапніцкай у Сувалках (Рэспубліка Польшча). У рамках праекта ў бібліятэцы зроблены рамонт, набыты сучасная мэбля і абсталяванне (31 камп’ютар з вэбкамерамі, 25 планшэтаў, прафесійныя мікраскопы і інш.). Праграмнае забеспячэнне набыта ў фірм «SES» («Навуковая сістэма адукацыі», Ізраіль) і «Робанэт» (Польшча). Усяго карыстальнікам прапанавана 8 адукацыйных праграм (лабараторыі музыкі, мастацтва, замежных моў, навукі, навакольнага асяроддзя, тэхнікі і робататэхнікі, LEGO і для дзяцей).

— Вось лабараторыя навакольнага асяроддзя: тут спецыяльныя планшэты — вучэбнае абсталяванне, якое паказвае, як працуе сонечная энергія, як энергія ветру ператвараецца ў механічную, — такая адукацыйная праграма для дзяцей,  — паказвае Святлана Орлюк, загадчык дзіцячага філіяла і мультыцэнтра «Совушка» Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага. — Далей — лабараторыя робататэхнікі. Вось сэнсарныя пакоі для дзяцей. З дапамогай пяці максі-планшэтаў можна правесці шмат развіццёвых заняткаў на розныя тэмы ў залежнасці ад узросту, узроўню развіцця выхаванцаў.

Увагі заслугоўвае крэатыўная лабараторыя LEGO. Калі дзіця ўжо спраўляецца з камп’ютарам, яно можа вывучаць, напрыклад, схему зборкі верталёта. Але спачатку — тэорыя: у якіх галінах гаспадаркі выкарыстоўваюць верталёты, хто такія канструктары — верталётныя тэхнікі... Асвоілі схему зборкі — і пачынаюць вывучаць, як праграмаваць. А праграмаванне, тлумачаць тут, як інфаграфіка: адны карцінкі злучаюць з іншымі, каб атрымаўся пэўны рух, устаўляюць флэшку, і карцінкі пачынаюць варушыцца. Мадэляў вельмі шмат, яны ўсе мабільныя: могуць выконваць запраграмаваныя рухі.

Абсталяванне па вывучэнні сонечнай энергіі ў мультыцэнтры «Совушка»

Ідзём далей: лабараторыя мастацтва. Гэта сучасна абсталяваны камп’ютарны клас для развіцця творчых здольнасцей. Праграмы адрасаваны дзвюм катэгорыям: дзеці школьнага ўзросту ад 6 да 10 гадоў і ад 11 да 14. У кожнага сваё працоўнае месца з доступам у інтэрнэт. Заняткі праходзяць як у групах, так і індывідуальна, але апошнім часам часцей індывідуальна, адзначае кансультант лабараторыі мастацтва Сняжана Дашкевіч: «Падчас заняткаў дзеці вывучаюць камп’ютарную графіку, анімацыю, простыя метады стварэння мультфільма, відэафільма. Усё залежыць ад здольнасцей дзіцяці і яго схільнасцей. Па сваіх назіраннях адзначу, што больш дзецям падабаецца маляваць. Малююць, у прыватнасці, у тэхніцы Pixel art. Спачатку — тэорыя: што такое фатаграфія, графіка, фільм. Малюем у графічных праграмах, у прыватнасці ў Adobe Photoshop, і выводзім выявы на прынтары: ёсць у нас фота-, ЗD-прынтары».

 Добра, што ўсе інавацыі вітае дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Лідзія Мальцава. Тут, дарэчы, «дыслакавалася» выстаўка МТС «Сусвет інтэрнэту». Спецыяльна вызвалялі прастору, каб зрабіць інтэрактыўныя зоны. Мультыцэнтр «Совушка» — прыклад мабільнасці і сучасных падыходаў да справы. Тут створаны ўсе ўмовы для адкрыццяў і эксперыментаў, развіцця творчых здольнасцей.

 Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.