Вы тут

Музыка пальцаў


Калі мастацтва ўступае ў сінтэз з іншымі відамі, то падвойвае сваю эстэтычную актуальнасць. Калі мастацтва звяртаецца да няпростых сацыяльных тэм, то пашырае шэраг сваіх функцый. Мастак Васіль Зянько знаёмы з абодвума працэсамі. Яго апошні праект «Паэзія кропак» — карціны па вершах Максіма Багдановіча, створаныя з выкарыстаннем шрыфта Брайля.


Фота з сайта arthaos.com.

— Як вы вырашылі стаць мастаком?

 —Мне было 11 гадоў, я маляваў больш, чым іншыя дзеці, займаўся ў мясцовым гуртку ў Стоўбцах у Доме піянераў. Пасля даведаўся, што ў Мінску ёсць школаінтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Цяпер яна называецца па-іншаму. На працягу вучобы я захапіў час перайменаванняў: паступаў у школу-інтэрнат, вучыўся ў ліцэі, а скончыў каледж. Мама не хацела мяне, 11-гадовага, адпускаць аднаго ў Мінск, а бацька — чалавек творчы, фотамастак — паставіўся прасцей. З’ездзілі ў Мінск, здаў іспыты. У жніўні прыйшла паперка, што я паступіў. І гэта ў пэўным сэнсе выбудавала мой лёс і лёс усяго сусветнага мастацтва. Напэўна, зямны шар крыху сышоў са звыклай восі, калі свет займеў такога таленавітага і сціплага мастака (смяецца).

— Як вы стварылі аўтарскую тэхніку, у якой цяпер працуеце?

— Эксперыментаваў на дыпломнай працы, і мне спадабалася, як сябе паводзіць акрыл, калі яго наносіш адмыўкамі, слой на слой, як ён свеціцца, калі пакрываеш яго лакам. І вось гэты рэльефны контур. Я ўвогуле люблю аб’ём. Займаюся інтэр’ерамі, раблю барэльефы. Мне падабаецца ляпіць, адчуваць матэрыял рукамі. Магчыма, гэты момант таксама сыграў на тое, што я спыніўся на такой тэхніцы. Я заняў сваю нішу з ёй. Гэта дэкаратыўнасць, пластыка, узятая адкульсьці з першабытнага мастацтва, мастацтва абарыгенаў... У маім мастацтве яны прайшлі пэўныя этапы, трансфармацыю. Цяпер гэта не так заўважна, але першапачаткова я і стылістычна, і ў тэме — флоры і фаўны — натхняўся мастацтвам абарыгенаў. Гэтыя рысы і цяпер праглядаюцца.

Да дыплома я працаваў зусім па-іншаму. Пісаў маслам, і гэта быў такі канкрэтны экспрэсіянізм. З беларускіх мастакоў мяне натхнялі Леанід Хобатаў, ранні Кірушчанка. Шкадую, што шмат работ з таго часу раздарыў, засталося некалькі. Я ўвогуле экспрэсіўны, імпульсіўны чалавек, чаго не скажаш па гэтай новай тэхніцы. Магчыма, яна мне дадзена і замацавалася для таго, каб я не згарэў. Кропачкі, рысы вымалёўваць — усё гэта момант медытацыі, магчыма, ён мне патрэбны, каб унесці ў жыццёвы рытм нейкую паўзу.

— «Паэзія кропак» — не першы ваш інклюзіўны праект. Чаму звярнуліся да гэтай тэмы?

— Пачалося ўсё, калі ў Нацыянальным мастацкім музеі праходзілі лабараторыі са шведскай кампаніяй, не памятаю дакладна, як называліся. Супрацоўнікі музея, Наталля Сяліцкая і Надзея Усава, курыравалі гэтыя лабараторыі і, ведаючы маю тэхніку, прапанавалі паўдзельнічаць. Спачатку я не ведаў, што атрымаецца, але паспрабаваць згадзіўся. Я люблю актыўнасць не толькі творчую, але і асобасную. Мы ўзялі маю работу са сланечнікамі, паехалі ў спецыялізаваную школу для невідушчых. Звярнуліся да Машы Рутко, якая там працуе настаўніцай музыкі. Не ведаю, чаму менавіта да яе. Мы прывезлі ёй карціну, яна прачытала выяву. Вырашылі ўключыць гэтую работу ў лабараторыю. Яны прыгожа аформілі — змясцілі ззаду на палатне мікрафон і вывелі на калонкі гукі дотыкаў. Атрымалася такая музыка пальцаў, карціна быццам бы набывае новы сэнс з ёй.

Я вырашыў пайсці далей. Сэнс праекта не ў тым, каб проста паказаць прадмет, гэта больш праца з вобразным мысленнем — як чалавеку з праблемамі зроку чытаць кнігу або глядзець на абстракцыі. Калі з’явілася ідэя спалучыць карціны з тэкстам, я спачатку спыніўся на хоку — кароткая, вобразная форма. Пасля згадаў пра творы Алеся Разанава, якія захапілі мяне яшчэ ў каледжы. Спытаў у яго дазволу на стварэнне ілюстрацый, выбраў творы, спачатку зрабіў два. Маша Рутко перавяла на шрыфт Брайля. Мы выставілі іх на другой лабараторыі са шведамі, і Маша прачытала ўголас пры ўсіх. Вельмі хвалюючы момант, калі разумееш, што калі раптам не счытаецца, то ўсё — праект правалены.

— Чаму вы далей звярнуліся да твораў Багдановіча?

— Для беларускай літаратуры гэта адна з найбольш знакавых фігур. Яго творы таксама маю ўвагу звярнулі яшчэ ў каледжы. Таму другім аб’ектам вырашыў выбраць менавіта яго. Перавесці вершы на мову выяў было складана, бо я перачытаў і зразумеў, што канкрэтных вобразаў тут не так ужо і шмат. Але ўсё ж такі знайшоў.

Праект з Багдановічам для мяне яшчэ незавершаны — яшчэ патрэбны аўдыягід, магчыма, я дапішу іншыя творы. Далей пайду да іншых аўтараў. Я ўжо і сам пачаў пісаць пункціры і змяшчаць іх на сваіх творах паза праектам.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?