Вы тут

Sex-балясы. Тэорыя адзюльтэру


Нечаканая навіна прыйшла з суседняй Расіі. Там вучоныя з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта вывучылі, якую інфармацыю, што датычыцца здрады, найбольш схільныя шукаць у інтэрнэце прадстаўнікі моцнай і прыгожай палавін чалавецтва. («Ідэальны мужчына і ідэальная жанчына ніколі не сустрэнуцца, таму што яна з першага разу не пагаджаецца, а ён два разы не пытаецца».) Для гэтага яны прааналізавалі 8,6 мільёна запытаў, зробленых на працягу месяца ў пошукавай сістэме «Яндэкс». Дык вось, высветлілася, што расіяне найчасцей шукаюць у сеціве інструкцыю да здзяйснення... здрады. Яе пошук займае 90 працэнтаў (!) усіх запытаў на тэму адзюльтэру. («Калі жанчына пасля сваркі вам нечакана хутка даравала, значыць, яна ўжо прыдумала, як адпомсціць».) І наперадзе тут, як ні дзіўна, жанчыны...


Здавалася б, калі гаварыць на гэтую тэму, дык традыцыйна ва ўяўленні большасці здраднік — найперш мужчына. («Жонка прыехала з санаторыя і па паказаннях электралічыльніка высветліла, колькі дзён муж не начаваў дома».) Мабыць, таму, што сітуацыя, калі сужэнец ходзіць «налева» з сям'і да палюбоўніцы (чужой жонкі ці незамужняй) больш частая, чым варыянт «паходаў» другой паловы да жанаціка ці тым больш халасцяка. («— У цябе быў хто-небудзь да мяне? — Сёння?») У пэўнай ступені такія паводзіны мужчын у народнай свядомасці нават міфалагізаваныя. («Калі ўсе вашы палюбоўніцы падобныя на вашу жонку, значыць, вы — адналюб».) А вось жанчыне тое недаравальна. («— Ну і як з ім у ложку? — Усё жыццё так марыла! — Я, мабыць, таксама сабе ноўтбук куплю...») Пра палігамнасць мужчын жа ходзіць яшчэ тая інфармацыя! Памятаеце песню Сямёна Слепакова з Марынай Кравец «Размова мужа з жонкай»? Першы па ролі спявае: «...Але пры гэтым навукай даўно ўстаноўлены факт — палігамны без выключэння любы самец».

Здрада неабавязкова вядзе да разбурэння шлюбу, даводзяць даследчыкі. («Мужчына, беражы сваю жанчыну. Наступная можа быць яшчэ горшая».) Аднак яна часцяком становіцца наймацнейшай траўмай для пацярпелага боку, і без прафесійнай дапамогі вырашыць гэты крызіс у адносінах вельмі цяжка. («— Дакладна не пакрыўдзілася? — Дакладна. — Ок, што робіш на выхадныя? — Высновы».) У такіх выпадках людзі шукаюць псіхалагічную дапамогу і парады, як цяпер заведзена, у інтэрнэце. («Калі сяброўка кажа, што твой цяперашні муж не лепшы за папярэдняга, дык варта памяняць і мужа, і сяброўку».)

Аднак вучоным адразу кінулася ў вочы, што ўласна па псіхалагічную дапамогу і падтрымку, а таксама па парады, як выкрыць у здрадзе, карыстальнікі звяртаюцца нашмат радзей. («Памяняў жанчыну. І зноў — разумны, добры і нядрэнна зарабляю».) Эксперты тлумачаць гэта тым, што пры нявернасці адносінамі незадаволеныя абодва партнёры, таму яны амаль не робяць спроб выратаваць іх. Як там далей спяваў Слепакоў: «Але ў рэчышчы таго, што мною сказана, сказана тэарэтычна, ці даруеш ты мне, каханая, ці даруеш гіпатэтычна?»

Дык вось, па выніках аналізу запытаў высветлілася, што найчасцей людзі шукаюць спасылку «Як здрадзіць партнёру» — на гэтую катэгорыю прыходзілася 87,61 працэнта пошукаў. (« — А ты змагла б дараваць здраду? — Я тым, хто адпісаўся ад майго «Інстаграма», не магу дараваць, пра што ўвогуле гаворка?») Прычым прыкладна ў 60 працэнтах выпадкаў тэма цікавіла жанчын. («Размова дзвюх сябровак: — Ну і што мне яму цяпер сказаць? — Праўду. — Якую яшчэ праўду? — Ну, не ведаю... Прыдумай што-небудзь...»)

Вучоныя кажуць, што спачатку трэба зразумець, чаму людзі спрабуюць даведацца, як здрадзіць партнёру. («Мая дзяўчына знайшла ў мяне ў кішэні пінжака губную памаду. І я ёй прама сказаў: «— Так, я табе здраджваю». Ужо лепш так, чым прызнацца ёй, што я працую ў касметычнай кампаніі».) Часцей за ўсё гэта спроба адпомсціць. Як пела ў вышэйназванай песні «жонка» Марына Кравец: «Уяві, як да цябе набліжаецца наш востры нож керамічны, і вось ад цябе аддзяляецца твой механізм фалічны». Або гэта спроба знайсці партнёра, яшчэ застаючыся ў ранейшых стасунках. («— Пачакай, што гэта ў цябе на пальцы? Заручальны пярсцёнак? Ты, што, жанаты?! — Уяўляеш, тут такая гісторыя... Аднойчы ў дзяцінстве мяне злавілі юнаты...»)

А той факт, што жанчыны часцей звяртаюцца да дапамогі інтэрнэту, на думку экспертаў, заканамерны. Прадстаўніцы прыгожага полу з дзяцінства выхаваныя так, што для іх звыкла дзяліцца сваімі эмоцыямі і перажываннямі. («— Іда Казіміраўна, вы ж інтэлігентная жанчына, а ўдарылі старшага навуковага супрацоўніка прасам! Якая ж гэта самаабарона? — Не трапілася, ведаеце, веера пад рукой».) А хлопчыкаў вучаць быць моцнымі і трымаць усё ў сабе. Таму яны рэдка просяць дапамогі, нават ананімна. («Муж прыйшоў з работы позна і вельмі стомлены. Звяртаецца да жонкі: — Ганначка, давай мы сёння не будзем сварыцца? — Мы?! Вой, Дзіма, не капай мне на мазгі! Я, што, адна не спраўлюся?»)

...Напрыканцы толькі адно — няхай гэтыя веды застануцца для вас выключна тэорыяй.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?