Вы тут

Блогер-мільённік з Гомеля Максім Долінаў пра хейтараў і якасны кантэнт


Максім ДОЛІНАЎ — папулярны блогер з Гомеля, які не любіць сумаваць або сядзець без справы: ён штодзень стварае цікавы гумарыстычны (і не толькі) кантэнт. У яго профілі ў TіkTok — 1,9 мільёна падпісчыкаў, Lіkee — больш за 2 мільёны, Іnstagram — 447 тысяч, YouTube — каля 65 тысяч. Цяпер дваццацітрохгадовы юнак жыве ў Мінску, займаецца любімай справай і спыняцца не збіраецца: у галаве хлопца — безліч ідэй.


— Нядаўна пачаў развівацца і ў музычнай сферы, у канцы верасня выйшла мая першая песня «Мама, я не такі», а ў лістападзе другая — «Закружылася». Ужо бачу шмат пазітыўных каментарыяў, і гэта вельмі прыемна. Увогуле па спецыяльнасці я эканаміст-менеджар, скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога. Актыўна весці профілі ў сацсетках пачаў тры гады таму з YouTube. Назіраў, як хутка развівалася гэтая платформа і рабіліся папулярнымі некаторыя блогеры. Падумаў: чаму б не паспрабаваць самому?

Максім са сваім сябрам стварылі ўласны канал. Загрузілі першае відэа, пасля — другое, трэцяе, аднак асаблівай аддачы ад аўдыторыі хлопцы не ўбачылі.

— За два гады ўдалося набраць толькі дзве тысячы падпісчыкаў — гэта мала. Там вялікая канкурэнцыя якаснага кантэнту і пэўны алгарытм пападання ў рэкамендацыі, магчыма, мы яго да канца не зразумелі. Таму акцэнтаваў сваю ўвагу на Іnstagram. Спачатку атрымлівалася не вельмі добра, але з кожным разам станавілася ўсё лепш, аўдыторыя пачала расці. За паўтара года набраў больш за 400 тысяч падпісчыкаў, і зараз працягваю актыўна туды змяшчаць кантэнт. Праз некаторы час дабраўся і да TіkTok (самай папулярнай сацсеткі ў свеце на сёння, для тых, хто не ў курсе). Я даўно ведаў пра яе. Шмат хто казаў, што там лёгка набраць аўдыторыю. Так выйшла і ў мяне — за чатыры месяцы ўбачыў свой першы мільён падпісчыкаў. Думаю, гэта дзякуючы таму, што многія ўжо ведалі мяне па Іnstagram і таму хутка падпісваліся. Цяпер аўдыторыя вырасла да 1,4 мільёна.

У TіkTok ствараюць кароткія відэа, накладваючы на іх розныя эфекты, фільтры, маскі, стыкеры і бясплатныя трэкі. Асноўныя карыстальнікі — моладзь, але нярэдка там можна ўбачыць бабуль і дзядуляў. Кожны паказвае тое, на што здатны, канкрэтна Максім абраў для сябе сферу гумару.

— Каб «раскруціць» любы профіль, трэба не ленавацца, быць энергічным, завабіць карыстальніка так, каб з бясконцай стужкі кароткіх відэаролікаў ён абраў менавіта твой. Спачатку думаў здымаць, як і большасць тады, танцы або ліпсінкі (калі сінхронна адкрываеш рот пад музыку), аднак амаль адразу зразумеў, што «маё» — гэта гумарыстычны кантэнт. Ён падабаецца многім, усяго за 10—15 секундаў я паказваю жыццёвыя сітуацыі, у якіх можна пазнаць сябе, падумаць, «а са мной такое таксама здаралася!». У асноўным здымаю тое, ад чаго мне самому смешна. Я люблю жартаваць, у галаву прыходзіць шмат цікавых ідэй, іх запісваю з дапамогай смартфона. Напрыклад, многім вядомая сітуацыя, калі стомлены прыходзіш дадому ў надзеі на тое, што ўдасца выспацца, але ўсю ноч табе дакучае камар. Або калі ў цябе дрэнны зрок і ты па памылцы вітаешся з дрэвам, прымаючы яго за сябра. Падобныя відэа набіраюць дзясяткі і сотні тысяч праглядаў — усё таму, што «жыза».

Самае папулярнае відэа на канале Максіма — пародыя на песню групы «Грыбы» «Растае лёд». Яно сабрала тры мільёны праглядаў.

— Памятаю, калі ўпершыню ўбачыў такія лічбы, стала не па сабе, быў прыемна ўражаны, нават з сябрамі торт купілі, каб адзначыць падзею. Зразумеў, што магу больш, і стаў здымаць кантэнт яшчэ часцей. Зараз, калі гляджу свае старыя ролікі, разумею, што дастаткова добра «пракачаўся» ў якасці сваіх відэа. Але, як і ў той час, цяпер для рэалізацыі ўсіх сваіх ідэй шмат чаго не трэба: добры настрой, арыгінальная ідэя і штатыў, на які трэба замацаваць камеру ці тэлефон. TіkTok добры тым, што ў ім неабавязкова валодаць сур'ёзнымі навыкамі мантажу, карыстацца спецэфектамі, гукам, усё максімальна проста і даступна праз любую мабільную праграму. Менавіта я пішу невялікі сцэнарый, каб у далейшым атрымалася мініяцюра. У асноўным мае ідэі — пра сяброў, бацькоў і адносіны паміж усімі намі. Рэквізіт, дарэчы, бяру з падручных сродкаў, падыходзіць амаль усё, што ёсць дома. Бо часта прыходзіцца адыгрываць у сваёй пастаноўцы ўсе ролі, таму трэба неяк здзіўляць гледачоў.

Максім падзяліўся, што на сёння ў яго скарбонцы калі 700 створаных відэаролікаў. У асноўным творчы працэс выглядае так: прыкладна да абеду прыдумляецца ідэя, пасля ідуць здымка, мантаж, і ўвечары гатовы прадукт выкладваецца ў профіль. Суразмоўнік кажа, што лепш не адыходзіць ад выпрацаванай сістэмы, бо ёсць пэўныя гадзіны, калі аўдыторыя найбольш актыўная. Напрыклад, вечарам, у той час, калі карыстальнікі прыходзяць з вучобы або работы і хочуць расслабіцца, паглядзець нешта лёгкае і цікавае.

— Часам здаецца, што ўсе жыццёвыя сітуацыі ўжо ў мінулым, але штораз у галаве з'яўляецца штосьці новае. Па сутнасці, я ствараю кантэнт амаль кожны дзень. Лічу, што стабільны выхад новых ролікаў — гэта важная ўмова для дасягнення поспеху ў гэтай сферы. Так хутчэй будзе прыходзіць не толькі новая аўдыторыя, але і рэкламадаўцы. Без рэкламы цяпер нікуды, хоць яе амаль ніхто і не любіць. Я ўжо супрацоўнічаў з буйнымі кампаніямі. Дарэчы, нават прыняў удзел у рэкламным роліку «Мангалайк», яго цяпер можна ўбачыць па тэлевізары.

На хейтараў хлопец увагі не звяртае. Лічыць, што ў кожнага свой густ, і гэта нармальна.

— Часам чытаю неабгрунтавана негатыўныя каментарыі пад ролікамі, яны могуць быць нават не па тэме. Думаю, што іх пішуць тыя, хто хацеў бы таксама ствараць нешта падобнае на маю творчасць, але саромеюцца. Такое прадузятае стаўленне можа быць і з-за таго, што не кожны разумее, як усё ўладкавана ў блогерскай сферы і што нам таксама бывае цяжка, як і тым, хто захоплены нечым іншым. Але, шчыра кажучы, дагэтуль не бачу сур'ёзных мінусаў у сваёй дзейнасці. Відэаблогінг дае ўпэўненасць у сабе. Тут можна паказаць свае таленты, тое, які ты ёсць на самай справе, і атрымаць падтрымку ад іншых. Таксама перыядычна нас запрашаюць на розныя цікавыя сустрэчы, фестывалі, мерапрыемствы. Яны даюць новыя знаёмствы, карыснае супрацоўніцтва. На вуліцах іншым часам мяне пазнаюць, але вельмі папулярным сябе не лічу. Бацькі ведаюць, чым я займаюся. Здзіўляюцца, калі падлеткі на вуліцы хочуць сфатаграфавацца са мной. Сябры і знаёмыя да майго захаплення цяпер ставяцца добра. Але калі ўсё толькі развівалася, шмат хто з іх казаў класічнае: «не займайся глупствам, лепш зрабі штосьці нармальнае».

Максім папярэджвае: перш чым пачаць займацца блогінгам, трэба загадзя падумаць над добрымі ідэямі, а потым не закідваць гэтую справу пасля першых няўдалых вынікаў ці негатыўных каментарыяў. «Гэта неад'емная частка такой сферы. Хутчэй за ўсё заваяваць увагу вялікай аўдыторыі ў адзін міг не атрымаецца. Падрыхтуйцеся да таго, што, як толькі вы знікнеце на тыдзень з поля зроку карыстальнікаў, гэта не вельмі добра адаб'ецца на статыстыцы вашага профілю. Таму лепш быць «на сувязі» са сваёй аўдыторыяй заўсёды, менавіта я знаходжуся анлайн не менш за пяць гадзін штодзень. Вядома, часам перазараджаю сябе, адключаючы смартфон, каб «абнавіць» сваю галаву і натхніцца на новыя ідэі».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена героем

Загаловак у газеце: Профіль жартаў і забаў, або рассмяшыць за 10—15 секундаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».