Вы тут

На пошту — як у музей


У цэнтры Віцебска на скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай адкрылі пасля капітальнага рамонту аддзяленне паштовай сувязі № 26. Гісторыя будынка налічвае амаль дзвесце гадоў, з іх з поштай звязана прыкладна 140.


Пачынаючы з канца 1880-х гадоў і да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гэтым доме размяшчалася паштова-тэлеграфная кантора. У сувязі з запатрабаванасцю спецыялістаў у галіне сувязі разам з поштай некаторы час тут функцыянаваў тэлеграфны тэхнікум. Разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны будынак быў адноўлены, і да 1964 года тут размяшчаўся Галоўпаштамт. А пасля пераезду Галоўпаштамта на Маскоўскі праспект праз год у доме да цяперашняга часу дзейнічае аддзяленне паштовай сувязі № 26.

Пра тое, што будынак доўгі час быў звязаны з поштай, цяпер нагадвае мемарыяльная дошка на фасадзе. Яе ў пачатку святочнай цырымоніі ў гонар аднаўлення работы аддзялення адкрыў міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шульган.

Кіраўнік ведамства пасля агляду будынка падзяліўся з журналістамі прыемнымі ўражаннямі. Ён адзначыў, што не чакаў убачыць такі нестандартны інтэр'ер, дзе цікава будзе бавіць час у чаканні аказання паштовых паслуг. І падзякаваў віцебскім паштавікам за крэатыўны падыход. Міністр падкрэсліў, што беларуская паштовая сістэма адпавядае патрабаванням часу. І добра, што разам з тым у Віцебску з такой павагай ставяцца да слаўнай гісторыі паштовага ведамства.

Генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» Святлана Юркевіч адзначыла, што гэтае аддзяленне — адно з шасцідзесяці, якія сёлета расчынілі свае дзверы пасля рамонту і мадэрнізацыі. У Прыдзвінні, паводле яе слоў, добра апрабуюцца пілотныя праекты. У прыватнасці, «Мабільны паштальён» — у Аршанскім раёне, дзе адпаведнымі паслугамі ў поўнай меры ахоплены нават самыя аддаленыя населеныя пункты.

Дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак, распавядаючы пра нюансы рамонту, падзяліўся, што многіх хваляваў не толькі час адкрыцця аддзялення, але і лёс карціны на «тэлеграмную тэматыку» з выявай Леніна. Таму вырашылі пакінуць яе на тым месцы, дзе яна вісела дзясяткі гадоў. Ды яшчэ да гэтага над ёй папрацаваў рэстаўратар!

Першы намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Валянцін Цвяткоў выказаў упэўненасць, што мемарыяльная дошка, незвычайная паштовая скрынка і прывабны інтэр'ер аддзялення сярод іншага будуць асабліва цікавыя для турыстаў. І, канешне, унікальная пошта — нагода для гонару гараджан, якім будзе прыемна сюды прыходзіць.

Аддзяленнем абслугоўваецца больш за 11 тысяч жыхароў, а таксама больш за 300 прадпрыемстваў і арганізацый.

Для зручнасці кліентаў функцыянуе электронная чарга, арганізавана работа чатырох аперацыйных «вокнаў», у якіх можна атрымаць увесь спектр паслуг «Белпошты».

Вельмі зручна для кліентаў тое, што ў аддзяленні ўстанавілі аплатна-даведачны тэрмінал. На ім можна здзейсніць плацяжы без камісіі.

А інтэрактыўная smart-панэль дазволіць «ажывіць» мастацкія маркі з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці. Пры навядзенні на іх камеры смартфона з запушчаным дадаткам AR MARKA BELARUS выява літаральна пачынае рухацца.

У аддзяленні працуе і гандлёва-выставачны аб'ект «Паштовая крама». Там прадстаўлены шырокі асартымент паштовак, картак для посткросінгу, марак, канвертаў, тавараў беларускіх вытворцаў, сувеніраў, дадалі ў Віцебскім філіяле РУП «Белпошта». Наведвальнікі могуць не толькі набыць упадабаныя тавары непасрэдна, але і аформіць заказ у паштовай інтэрнэт-краме.

Аддзяленне паштовай сувязі № 26 працуе з панядзелка да пятніцы з 09.00 да 19.00 (без перапынку на абед). У суботу — з 09.00 да 15.00.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Алега КЛІМОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».