Вы тут

«Музыка бессмяротная»: прэм’ера «Фаўста» ў Вялікім тэатры


Пасля вымушанага перапынку Вялікі тэатр Беларусі зноў прымае гледачоў. Сканчэнне каранціну тэатр адсвяткаваў прэм’ерай оперы Шарля Гуно «Фаўст». Запоўнены зал сведчыў: пастаноўка, нават у такі складаны і неадназначны час, гледачам патрэбная.


Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная распавяла, у чым актуальнасць і непаўторнасць оперы «Фаўст»:

— Спектакль, які мы паказваем гледачам — гэта гісторыя аб тым, як чалавек страчвае грань паміж ілюзіяй і рэальнасцю. На сённяшні дзень гэта самае важнае. Мне здаецца, што Мефістофель дае магчымасць зразумець, што ёсць дабрыня, а што ёсць зло. Опера «Фаўст» у гэтым плане абсалютна геніяльная. Яна значна глыбей, чым кранальная гісторыя, якую выкарыстаў у сваім творы вялікі Гётэ. Таму што музыка па сутнасці сваёй бессмяротная, і хутчэй даступная чалавеку, чым неверагодны тэкст, які стварыў Гётэ. Музыка Шарля Гуно — гэта тое, што прымушае вас слухаць, думаць і адчуваць. Мы жадаем распавесці гісторыю аб тым, што можа выратаваць гэты свет. А выратаваць яго можа толькі каханне.

Відавочна, што працэс працы над операй быў складаным. На гэта паўплываў каранавірус: тэатр часова не працаваў, а некаторыя акцёры хварэлі. Цікавы факт, што Вальпургіева ноч, адна з самых знакамітых і яскравых сцэн оперы, была пастаўленая харэографам Наталляй Масквічовай усяго за пяць дзён.

— Складанасць палягала ў тым, — распавядае Маторная, — што мы павінны былі спыняць рэпетыцыйную працу. Вельмі шчыльна я пачала працаваць з верасня, але ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне ўзнікалі нюансы. Літаральна два тыдні таму мы выйшлі з двухтыднёвага каранціну. На сцэне адначасова прысутнічае да ста чалавек. Таксама ў спектаклі заняты балет, які ўдзельнічае і ў сцэне кірмашу з народнымі нямецкімі танцамі, і ў сцэне вальса і, вядома, у сцэне Вальпургіевай ночы. Дэкарацыя складаная, вельмі цікавая і неверагодна рухомая. Таму рыхтуйцеся пабачыць «лега». Увогуле, сцэна Вялікага тэатра — падарунак, таму што яна дазваляе разгарнуцца фантазіі мастака і рэжысёра.

«Фаўст» насамрэч атрымаўся вельмі габарытным і насычаным. Зацікавіла выкарыстанне лічбавых тэхналогій у пастаноўцы. Напрыклад, экраны тэлевізараў у кабінеце Фаўста, якія ішлі хвалямі, калі з’яўляўся Мефістофель. Або тэкст, які праецыраваўся на дэкарацыі. Але, на жаль, ён быў напісаны такім шрыфтам, што прачытаць яго было амаль немагчыма. То бок бачна, што мастакі спрабавалі дадаць пастанове сучаснасці, зрабіць яе больш тэхнічнай, але ў некаторыя моманты гэта выглядала няёмка.

Таксама выклікаюць пытанні некаторыя рэжысёрскія рашэнні. У сцэне, дзе Маргарыта і Фаўст праводзяць ноч разам, на герояў зверху чамусьці падаюць пунсовыя пялёсткі руж. Або драматычны момант, эмацыйны пік твора: Фаўст спрабуе разарваць путы Вальпургіевай ночы, а па сцэне зіхацяць лічбавыя маланкі. Гэта, канешне, усё добра і максімальна зразумела. Але вось у гэтай абсалютнай зразумеласці і палягае праблема. Навошта рабіць так відавочна, так проста, і ў нейкіх момантах, асабліва з пунсовымі пялёсткамі, пошла? Штампаванасць вельмі абурае.

У астатнім опера «Фаўст» выклікае пазітыўныя эмоцыі. Гэта яркая, прыгожая дзея, у якой акцёры оперы і балета ўзаемадзейнічаюць арганічна. Ганна Маторная падчас прэс-канферэнцыі паведаміла, што для пастаноўкі было зроблена амаль 450 касцюмаў. І нездарма: глядзець «Фаўста» было цікава хаця б з-за таго, што вобразы акцёраў змяняліся ўвесь час. Відовішчнасць оперы пацвердзілі і гледачы, якія ўвесь час рабілі фотаздымкі таго, што адбывалася на сцэне.

Было зроблена многа працы каб парадаваць гасцей Вялікага тэатра. Вельмі прыемна, што намаганні не прайшлі дарам:

— «Фаўст» — гэта пазачасавая дзея. Я вельмі люблю жанр оперы, і мне заўсёды шкада, калі людзі на яе не ходзяць, — кажа Ганна Маторная. — Мне б вельмі хацелася, каб Вялікі тэатр дазволіў людзям адчуць, што яны патрэбны адно аднаму. Калі мы будзем любіць, далікатна ставіцца і чуць адзін аднаго, калі мы пачнем жадаць дабра, наша жыццё, безумоўна, стане значна лепш.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».