Вы тут

Дэпутаты выступаюць за адвязванне дарожнага збору ад тэхагляду і ад цаны за паліва


Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар Камароўскі.


Сёння ў ніжняй палаце парламента на пашыраным пасяджэнні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі і па бюджэце і фінансах абмяркоўваецца пытанне аб удасканаленні сістэмы збірання дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

У пасяджэнні прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама работнікі канцэрна «Белнафтахім» і ААТ «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «АРІП».

«Мы схіляемся да варыянту кантролю аплаты. Адвязваем яе ад праходжання тэхагляду. Дзяржпошліну замяняем абавязковай аплатай за карыстанне дарожнай інфраструктурай і захоўваем магчымасць дыферэнцыраванай аплатай ад аднаго месяца да 24 і кантроль тэхнічнымі, аналітычнымі сродкамі фота і відэафіксацыі, — расказаў журналістам Ігар Камароўскі. — На сённяшні дзень абмеркаваная вялікая колькасць варыянтаў, бо над дадзенай праблематыкай работа ідзе ўжо не першы год і любы з варыянтаў мае як станоўчыя бакі, так і недахопы, гэта значыць, ідэальным быць не можа. Вядома, што любы з варыянтаў, і той, што абраны сёння (я спадзяюся, што ўсе ж такі, мы, парламент і ўрад, выберам сёння нейкі кансалідаваны варыянт, які далей будзе ўнесены як прапанова кіраўніку дзяржавы), вядома, будзе крытыкавацца, у першую чаргу, грамадзянамі, але, тым не менш, думаю, мы ўсё ж такі выберам самы аптымальны варыянт».

Дэпутат пагадзіўся, што пераважная колькасць грамадзян, якія ўнеслі прапановы па гэтым пытанні ў парламент, схіляюцца да варыянту ўключэння дзяржпошліны ў цану маторнага паліва, тым не менш дэпутаты не падтрымліваюць яго, бо гэты варыянт мае адмоўныя наступствы для эканомікі: ён выклікае інфляцыю, цяжка спрагназаваць уплыў яго на работу на рынку энерганосьбітаў ЕАЭС і айчынных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Старшыня профільнай камісіі выказаў меркаванне, што новы механізм збірання платы за карыстанне дарогамі ўступіць у сілу з пачатку 2021 года.

Адмова ад уключэння дзяржпошліны ў кошт паліва прадыктаваная і тэндэнцыяй развіцця электратранспарту ў краіне, дадаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы механізму збірання дзяржпошліны за карыстанне дарожнай інфраструктурай Сяргей Сцельмашок.

«Прапануецца зрабіць плату штомесячнай і за год. Адпаведна, той хто будзе плаціць за год, будзе мець пэўныя прэферэнцыі: мінус 20 працэнтаў», — расказаў ён.

Парламентарый упэўнены, што для кантролю за аплатай у краіне дастаткова развітая сістэма фота- і відэафіксацыі.

«Ну і нашы грамадзяне дастаткова самасвядомыя, калі механізм будзе зразумелы і празрысты, яны будуць добраахвотна плаціць», — лічыць дэпутат.

Ён дадаў, што прапануюцца прэферэнцыі ў параўнанні з існуючай дзяржпошлінай. Сама сума пошліны таксама прапануецца ніжэй на 10 працэнтаў у пераразліку на штомесячную аплату, плюс 20-працэнтная зніжка прадугледжана для тых, хто будзе плаціць адразу за год. Напрыклад, цяпер за машыну вагой 1800 кг трэба плаціць парадку 164 рублёў, з улікам зніжак, якія прапануюцца, трэба будзе плаціць каля 120 рублёў.

Дзяржаўная пошліна за ўдзел у дарожным руху была ўведзеная ў Беларусі з 2014 годзе, нагадаў удзельнікам пасяджэння намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Тады быў абраны механізм прывязвання яе да праходжання тэхагляду транспартнага сродку, але мінусы такога спосабу ў тым, што ўсю суму трэба ўносіць аднаразова, да таго ж, незалежна ад інтэнсіўнасці ўдзелу транспартнага сродку ў дарожным руху.

«Пры гэтым у нас была недастатковая заахвочвальная матывацыя выплаты гэтага плацяжу, якая вызначалася ў немагчымасці арганізаваць суцэльны кантроль на дарогах за наяўнасцю тэхнічнага агляду сіламі падраздзяленняў ДАІ і нізкім памерам штрафу ў параўнанні з дзяржпошлінай», — дадаў намеснік міністра.

Ён падрабязна спыніўся на мінусах механізму прывязкі пошліны да кошту на паліва.

Акрамя інфляцыйнага ціску на эканоміку, пра які ўжо згадвалі дэпутаты, гэты механізм можа пацягнуць касавы разрыў у дарожным фондзе каля 120 мільёнаў рублёў з-за неабходнасці вяртання грошай тым, хто ўжо заплаціў дарожны збор.

«Але самая галоўная прычына адмовы ад уключэння пошліны ў кошт паліва — гэта магчымае зніжэнне даходаў у бюджэт у выніку вымушанага зніжэння падатковага складніку ў цане паліва з-за штогадовага росту кошту нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, — патлумачыў Дзмітрый Кійко. — Мы сёння знаходзімся ў сітуацыі няпэўнасці з коштам нафты. У Расійскай Федэрацыі рэалізуецца падатковы манеўр, у выніку для нас штогод адбываецца адноснае падаражанне нафты. Гэта ўплывае на эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі і цягне неабходнасць павелічэння кошту на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку».

Па яго словах, калі да павелічэння кошту паліва з-за дзяржпошліны дадаць штогадовы рост яго кошту ў сувязі з падатковым манеўрам, можа адбыцца дыспарытэт цэн на паліва з Расійскай Федэрацыяй, што ў сваю чаргу негатыўна паўплывае на транзіт, аб’ёмы рэалізацыі паліва на тэрыторыі Беларусі і можа нарадзіць шэрыя схемы завозу ў Беларусь расійскага паліва. Усё гэта і выклікае змяншэнне паступленняў у бюджэт па акцызах і падатку на дадатковы кошт. Калі захоўваць парытэт цэн, прыйдзецца зніжаць падатковы складнік у кошту паліва, у выніку цягам трох гадоў гэтая даходная крыніца бюджэту будзе зведзеная да нуля, давёў чыноўнік.

Менавіта таму міністэрства прапануе захаваць плату за карыстанне дарогамі асобна ад кошту на паліва. Па ацэнках спецыялістаў, новы механізм забяспечыць дадатковыя паступленні на абслугоўванне дарог ад фізічных асоб у памеры 150 мільёнаў рублёў. Зараз дзяржава збірае з кіроўцаў каля 300 мільёнаў рублёў штогод (сёлета менш з-за таго, што многія адклалі выплату ў чаканні змяненняў).

Дзмітрый Кійко расказаў пра пакаранні, якія прапануецца ўвесці за неўнясенне дарожнага збору: гадавая стаўка дзяржпошліны для нядобрасумленных аўтамабілістаў будзе падвойная, плюс такога ж памеру прыйдзецца заплаціць штраф.

Намеснік міністра лічыць, што новы парадак можна будзе ўвесці з 1 красавіка наступнага года. З улікам гэтага, на першыя тры месяцы года для грамадзян, якія будуць плаціць дзяржпошліну па існуючым парадку, прапануецца знізіць яе стаўку ў памеры 20 працэнтаў. Для тых, хто заплаціў дзяржпошліну ў 2019 і 2020 гадах, і перыяд яе дзеяння да 1 красавіка не скончыцца, прапануецца зрабіць залік унесенага плацяжу прапарцыйна тым месяцам, якія застануцца з моманту ўвядзення новага парадку выплаты.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: minsknews.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.