Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дэсантнiкаў былых не бывае

...Колькi жыву на свеце, столькi цешуся Творцам: якi ж ён адмысловы дызайнер, як хораша размясцiў на зямлi пагоркi i далiны, як граматна «праклаў» рэкi!

Наша, напрыклад, некалi была настолькi глыбакаводная, што на ёй стаяў вадзяны млын, а па ёй сплаўлялi лес. Аднак гэта было даўно, у пачатку мiнулага стагоддзя, бо ў канцы яго наша рэчка ўжо абмялела, аддала свае поймы дзецям пад футбольнае поле, людзям пад сенажацi ды месцы для выпасу хатняй жывёлы i птушак. Яны ў нас хадзiлi чародамi. Цешылi гаспадынь: гэта ж колькi пуху на падушкi будзе, колькi смачнага мяса!

I яно сапраўды было б, калi б...

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея. Неяк увечары цётка Уладзiха недалiчылася гускi — сказала гаспадару. Пагаравалi ўдваiх, падумалi, што тая, бедная, мо ў карчы дзе забiлася цi сабакi з'елi?

Для парадку схадзiлi яшчэ да рэчкi, пашукалi — нiдзе, нiякiх прыкмет знiкнення. «Што ж, — сказалi, — у гаспадарцы не без страт». I, напэўна, змiрылiся б, калi б праз тыдзень-другi ў iх не прапаў гусак.

— Мусiць, не ў драпежнiках справа? — прызнала тады гаспадыня. — Мусіць, яны двухногiя тут арудуюць... Але як не злоўлены, то i не злодзей?

— Значыць, злаўлю! — паабяцаў ёй муж. — Слова дэсантнiка.

У наступны вечар ён абышоў усе прыбярэжныя хмызнякi, на пагорку ў высокiм кусце «абсталяваў» назiральны пункт, выразаў ёмкi арэхавы прут, на ўсякi выпадак падрыхтаваў вяроўку i стаў чакаць.

Сонца ўжо хiлiлася да захаду, гусi пайшлi на апошнi заплыў. Iм як быццам нiчога не пагражала? «Не ўдалося злавiць лося», — хацеў ужо змiрыцца Уладзя, як раптам з хмызняку паказалася постаць... Саўка, сын мясцовых п'янiц... Скiнуў з сябе адзенне, зайшоў у ваду — паплыў да гусей.

Тыя, адчуўшы небяспеку, расплылiся ва ўсе бакi. Саўка пачакаў, пакуль «сплывуцца» назад, супакояцца, i нырнуў... Раз, другi... I вось жа ўдача — схапiў адну птушку за ногi, прыцiснуў да грудзей, паплыў да берага...

А сагнуўся там, каб узяць штаны, i тут жа апынуўся на зямлi, пачуў над вухам: «Ах ты, падлюка! Будзеш вырывацца, — прыдушу!»

Саўка гэты голас пазнаў i нават не рыпаўся: чуў, што сярод дэсантнiкаў былых не бывае, ведаў, што супрацiўляцца — толькi час марнаваць.

Значыць, трэба прасiць прабачэння, слова даваць, што сплацiць за скрадзеных птушак, што болей на чужое нiколi... Нi-нi...

Уладзя яму паверыў — з мiрам адпусцiў дадому, нават паабяцаў, што нiкому нiчога не скажа.

Але ж Саўка на ўсякi выпадак з нашай вёскi з'ехаў, недзе, казалi, уладкаваўся на работу, з часам ажанiўся — зажыў як нармальны чалавек!

Я гэта ўсё да таго, што наколькi важна бывае злавiць злодзея ў пачатку яго «кар'еры», i як важна спынiць — адразу, бо потым...

Пра Саўку — я дакладна ведаю — прапаў бы, не было б з яго людскага чалавека.

Нiна Несцяровiч, г. Магiлёў


З лёгкай парай,  альбо Так сказаў слесар

Надоечы пазванiла суседка, запрасiла да сябе ў лазню.

Я ў адказ ёй: «Шчыры дзякуй! Прыйду! Абавязкова!»

А пакуль яна, тая лазня, грэецца, я пра iншыя ўспомню.

...Некалi, у мiнулым стагоддзi, нас, студэнтаў, адправiлi на цалiну, на ўборку ўраджаю, у дзень прыезду запрасiлi ў лазню. Мы, вядома ж, з дарагой душой!

Прыходзiм. Бачым, што памяшканне там не маленькае i на дзве палавiны: справа — раздзявальнi, злева — парылка i ўсё астатняе, а пасярэдзiне — доўгi калiдор.

Дзверы ў iм расчынены насцеж ды яшчэ i падпёрты: трэба разумець, каб не зачынiлiся, бо спёка на дварэ такая, што не прадыхнуць...

I таму наша Мiла, раздзеўшыся самай першай, стаiць там ды чакае iншых. А я ў гэты час праз акенца бачу, што якраз насупраць дзвярэй запынiлiся тры казахi. Кажу:

— Мiла, на цябе мужчыны глядзяць (бо яны i сапраўды пазiралi...)

Сяброўка ў адказ:

— Што?.. Дзе, — пытае, — ты бачыш мужчын? Павай iдзе ў той канец, дзе яны стаяць, згiнаецца, адкiдвае падпорку, зачыняе дзверы i дадае:

— ...Там жа адны дзяды.

Як зараз помню: тым казахам было пад 40, i мы, студэнткi, iх лiчылi старымi. А цяпер за куды старэйшых дзеўкі замуж iдуць.

...Другая прыгода — з майго дзяцiнства, з пасляваеннага Вiцебска. Людзi тады жылi ў зямлянках i бараках, каму дужа пашчасцiла — у хатах, якiя цудам ацалелi...

Але ж горад пакрысе будаваўся. I я добра помню, як у нас з'явiлася лазня.

Само памяшканне было невялiчкае, ахвотных памыцца — шмат. Запускалi па пяць чалавек. Я ў чарзе сядзела з мамай i з кнiжкай, бо калi яшчэ возьмеш лёгкi вушасценькi тазiк, калi яшчэ нальеш цёпленькай вадзiчкi ды сядзеш на палок...

У той дзень мы ўжо мылiся, як раптам прапала халодная вада.

Тут жа з парылкi выскачылi жанчыны, паклiкалi слесара. Ён (у ваенным адзеннi... Мужчыны тады ў чым з фронту вярталiся, тое i насiлi) зайшоў у памяшканне (там пара, паўзмрок) — стаў корпацца каля кранаў. Жанчыны — усе галяком, хто з венiкам, хто з тазам — яго абступiлi, нешта гавораць, раяць... I, бачу, недарэмна! Пайшла вада! А далей — вiск, лямант:

— О, божа! Мужчына! (Раней як быццам не бачылi?!)

Што ён?

— Цыц, сарокi! — строга загадаў. — Растрашчалiся тут... Пахавалiся... А чаго я на вас не бачыў? Вось у мужчынскiм аддзяленнi цiкавей: некаму пазайздросцiць можна, некаму — паспачуваць... А вы ж — ну ўсе як адна!

Сказаў так i пайшоў.

А я, помню, з iм не згадзiлася: ну як гэта, думаю, мы ды раптам аднолькавыя? Мама вунь, як былiначка тоненькая, цётку Любу нам удзвюх не абняць, а я i зусiм малая...

I пра мужчын я нiчога не зразумела: ну чаму iм трэба зайздросцiць альбо спачуваць?

...Вось гэта, зрэшты, я не вельмi разумею i цяпер, бо, дзякуй богу, апроч мужа, iншых мужчын у лазнi не бачыла.

З. М., г. Вiцебск


А ранiцой — яны ўсталi...

Пытанне на засыпку: дзе ў мужчын найбольш прыгод?

Правiльна: у камандзiроўках, бо мужчыны — яны ж як куры: 20 метраў ад дома i ўжо нiчые. А тут — за 200 кiламетраў часам... I вольнiца: нi табе жонкi-бензапiлы з яе «мала грошай», «колькi ты будзеш пiць?» ды «вынесi смецце» (а то вынесе ж мозг!), нi работы па доме, нi дзiцячых праблем... Можна расслабiцца. Альбо адарвацца... Што многiя i робяць.

А найбольш — дык, па-мойму, шафёры i ў доўгiх далёкiх рэйсах. Бо там жа не тое, што з пункта «А» выехаў, у пункт «Б» прыехаў, i там ужо нешта пачнецца. Прыгоды ў шафёраў паабапал дарогi стаяць, а ўжо на месцы...

Пятро, мой добры знаёмец, у свой час МАЗам кiраваў. Не, на жаль, не заводам, — а вялiкай, магутнай машынай. Iх на аўтабазе да халеры было — розныя грузы вазiлi, найчасцей — на будоўлi, у тым лiку дарог.

I тады ўжо — нi на вячэру, нi нанач дамоў не вярталiся (хiба на вялiкiя святы ды выхадныя аўтобус прывозiў), бо гэта ж далёка, па ўсёй краiне, бо гэта ж камандзiроўка: дзе аб'ект — там жытло, у бытоўцы халадзiльнiк, плiта... Харчы — у складчыну, гарэлка — таксама. I без рознiцы п'еш ты цi не... Над капейкай нiхто не тросся, бо зараблялi хлопцы — дай божа, а бывала ж, яшчэ i халтурылi. У той раз на прасеках паабапал дарог мясцовы бранскi люд сабе дровы нарыхтоўваў. А яны, брыгадай, за 25 савецкiх рублёў грузiлi i за 10 адвозiлi на падворкi. Разлiк на месцы быў, пажадана — з «натурпрадуктам».

Дык вось — чарговая «аперацыя» i чарговая двухлiтровая бутля («пластмасак» яшчэ не было).

Самагонку з яе збiралiся пiць у чатырох (астатнiя спаць пайшлi) i на траўцы каля МАЗа, якi злёгку падсвечваў фарамi...

Карацей, атмасфера была рамантычная, калi не iнтымная... Закусь — што трэба! Ды i гарэлка — таксама. Выпiваюць хлопцы ды яшчэ нахвальваюць: маўляў, умеюць гнаць расiяне: самагон — амаль як наш — «Старадарожскi»! Цi нават «Пушчанскi»!

...У той раз яны добра да яго прыклалiся. I ўвесь як быццам не выпiлi: у бутлi яшчэ заставалася, а нахiляеш, каб налiць — то цячэ, то раптам не цячэ... Санёк (ён на «разлiве» быў) альбо змесцiва тады пабоўтае, альбо палец у рыльца ўсуне... I «ўсё пуцём», глядзiш — у шклянкi палiлося.

Карацей, «угаманiлi» сябры той бутылёк — разышлiся спаць. Ранiцой прачнулiся — вясёлыя, бадзёрыя (ну што там пiць было — па паўлiтра на «нос»?), бачаць — на iхняй «паляне» iхняя ж «тара» валяецца. Санёк яе выкiнуць хацеў, але спачатку зiрнуў унутр. Сказаў:

— Ага... Дык вось чаму не лiлося!.. Я так i падумаў, што нешта ляжыць! Мыш... Маленькая...

Сам стаiць ды яе разглядае, а сябры яго — урассыпную: ходу i чым далей, бо вывернула з iх нават тое, што пазаўчора елi!..

I потым цэлы дзень на вадзе жылi... Хiба, назаўтра снедаць прыйшлi ды лыжкi пабралi... А Санёк за сваё:

— А добра, хлопцы, мы тады пасядзелi! I заўважце — у расiян не так, як у нас. У iх — гарэлка i мяса з таго ж «фугаса».

«Сядзельшчыкаў» iзноў нiбы ветрам знесла!

Праўда, на трэцi дзень ужо нiхто не жартаваў: мужчыны спакойна паснедалi, паабедалi, павячэралi... Вось толькi мясцовы самагон больш нiколi не пiлi: ездзiлi па гарэлку.

Але ж гэта ўжо iншая гiсторыя. Значыць, пра яе трэба iншым разам.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскi раён

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР

Прэв'ю: фазенда24.рф

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.