Вы тут

Страчаны геній


«Ой, ды гэта ж Сіэтл! Лепш хадзем у іншае месца, га? Мы хочам пабачыць Мінск!» — турысткі і мясцовы жыхар сыходзяць з вуліцы Кастрычніцкая, каб знайсці што-небудзь чыста мінскае. Дзе ж ён, тыповы Мінск, калі Кастрычніцкая — гэта, прабачце, «тыповы Сіэтл», ускраінныя мікрараёны — тыповы (альбо тыпавы) «савок», а новая архітэктура імкнецца да інтэрнацыянальнасці (інакш універсальнасці)?


Вуліца Кузьмы Чорнага, 1958 год

Напэўна, самая вядомая славутасць Мінска — яго цэнтральная вуліца, праспект Незалежнасці. Працяглы ансамбль сталінскай архітэктуры, асобныя кавалкі якога вы абавязкова знойдзеце на сувенірных паштоўках, безумоўна, — аб’ект унікальны і сваім маштабам вельмі ўражвае. Можа быць, гэта якраз тое месца, дзе і трэба шукаць сапраўдны Мінск? Якніяк «галоўны архітэктурны ансамбль» павінен сведчыць пра ментальнасць тутэйшых людзей, іх настрой і светаўспрыманне.

І... здаецца, ён паспяхова спраўляецца са сваёй задачай. Ва ўсякім разе, мясцовы неакласіцызм, нягледзячы на ляпныя аздобы, пафас і антычныя матывы, не вызначаецца жыццярадаснасцю і не зараджае аптымізмам. Хутчэй наадварот: ён успрымаецца як дужа спакойная і, за выключэннем асобных істэрычных прыпадкаў апошніх гадоў, ураўнаважаная істота з пэўным смуткам у вачах. Прыкладна такім і будзе ментальны партрэт мінчаніна.

А ўсё ж Мінск значна большы за адну вуліцу, хай і горадаўтваральную. Значыць, павінны быць яшчэ такія месцы. Прапануем на гэтую ролю раскіданыя па горадзе кварталы сярэдзіны 1950-х гадоў (ужо не «сталінкі », але яшчэ і не «хрушчоўкі»). Гэтыя дамы пачыналі будаваць па старых праектах, а завяршалі згодна з новымі ўстаноўкамі. Цагляныя тыпавыя серыі 3-павярховых будынкаў, якія можна сустрэць, да прыкладу, на вуліцах Кузьмы Чорнага ці Залатая горка, сваім эмацыянальным зместам якраз адпавядаюць агрэгатнаму стану сталічнага жыхара.

А як наконт першых менавіта «хрушчовак» канца 1950-х? Яны знешне вельмі падобныя да папярэдніх дамоў, бо таксама з цэглы і неатынкаваныя, але звычайна вышэйшыя на паверх ды іншай канфігурацыі. Гэткія яшчэ з’яўляліся ўсяго па некалькі «экзэмпляраў», а не ў складзе суцэльных мікрараёнаў, якія размножацца крыху пазней. Іх можна знайсці, скажам, на вуліцах Талбухіна і Розы Люксембург.

Апошнія, дарэчы, прыкметныя яшчэ і тым, што пад самым карнізам маюць цікавую дэкаратыўную дэталь — беларускі арнамент, выкладзены з цаглін іншага колеру. Паколькі праекты тыпавыя, магчымасцей для самавыяўлення заставалася няшмат. Таму архітэктары на месцах увесь час шукалі новыя спосабы весці дыялог з аўдыторыяй (гараджанамі). Акрамя таго, з дапамогай такога спецыфічнага дэкарыравання рэалізоўваўся прынцып «нацыянальнай формы». Бо, як вядома, мастацтва ў Савецкім Саюзе павінна было быць «сацыялістычным па змесце і нацыянальным па форме».

Пералічаныя збудаванні — помнікі вельмі своеасаблівага перыяду ў развіцці савецкай грамадзянскай архітэктуры. Перыяду пераходнага паміж кансерватыўным (ці нават рэакцыйным) неакласіцызмам і «прагрэсіўным» мадэрнізмам. У гэты час архітэктары яшчэ не адкрылі наноў жалезабетон і для ўзвядзення фасадаў выкарыстоўваюць больш класічны матэрыял — цэглу. У гэты час дарабляюць апошнія «сталінскія» многакватэрнікі. Паўнавартаснае «індустрыяльнае домабудаванне » знаходзіцца ў зародку, а масавая забудоўля горада новымі блочнымі «спальнікамі» толькі мае адбыцца.

Дзянісаўская, 39

Шкада, што хаця б некаторыя са згаданых дамоў, асабліва тыя, дзе гаворка ідзе пра суцэльны архітэктурны ансамбль, ніяк не адзначаны. Таму, паколькі яны не прэтэндуюць на месца ў спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і не маюць на сваім фасадзе гордай шыльдачкі «гістарычная каштоўнасць», да іх і стаўленне іншае. Іх цікавыя фасады наўпрост выміраюць. Хутка станецца так, што архітэктурныя адбіткі таго кароткага часу зусім знікнуць.

Зараз патлумачым, што маецца на ўвазе. Падчас правядзення планавага капітальнага рамонту дома часта робіцца і яго ўцяпленне. А што такое ўцяпленне? Дом праходзіць інжынерную экспертызу, каб выявіць, колькі цяпла ён здольны ўтрымліваць. У выніку падлічваецца «каэфіцыент цеплаправоднасці». Калі ён нізкі, значыць, дом патрабуе мадэрнізацыі. У першую чаргу рамантуюцца ўнутраныя камунікацыі ацяплення. Таксама, калі трэба, замяняюцца пад’езныя дзверы і вокны агульнага карыстання. Далей, пры зусім нядобрых лічбах, уцяпляюцца паддашкавыя і цокальныя перакрыцці, а таксама «загараджальныя канструкцыі» (фасады). Гэта значыць, што будынак з усіх бакоў пакрываецца «шубай» — атынкаваным тоўстым слоем мінеральнай ваты.

Большая частка ўсяго жылога фонду Мінска, са слоў намесніка дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Леаніда Палешчука, пабудавана да 1996 года па старых стандартах і ва ўмовах вельмі высокіх тэмпаў масавага будаўніцтва. Такое жыллё ўтрымлівае цяпло, як можна здагадацца, не надта добра. Яно, насамрэч, і не павінна было, таму што цеплаэнергія ў савецкі час каштавала значна менш, а галоўнай мэтай было знізіць выдаткі на ўзвядзенне дома, а не яго эксплуатацыю. Сённяшні стандарт каэфіцыента цеплаправоднасці для жылых пабудоў — 3 ці болей адзінак. Такія значэнні мае ўсё новае тыпавое жыллё.

Згаданыя ж дамы павінны былі стаць першай ластаўкай масавага будаўніцтва прамысловых маштабаў, таму нават на ўзроўні праектавання існавалі ўстаноўкі па максімальным скарачэнні іх кошту. Хаця кажуць, што цэгла быццам бы значна больш энергаэфектыўная, чым бетонныя блокі, каэфіцыент цеплаправоднасці такіх дамоў, тым не менш, у лепшых выпадках ледзь дасягае значэння 1. Такім чынам, яны абавязкова падлягаюць усёабдымнай цеплавой мадэрнізацыі з зашываннем у «шубу».

Дык вось, дамы апранаюць ва ўцяпляльнік. Само па сабе тое, канешне, нядрэнна. Калі ў кватэры холадна ўзімку ці каб яе абагрэць, трэба шмат энергіі і, адпаведна, грошай — гэта з’ява адмоўная. Аднак праз падобныя мерапрыемствы мы часцяком страчваем каштоўныя для гарадской гісторыі і асяроддзя дэталі: як, напрыклад, тыя мураваныя фасады. Узамен жа атрымліваем «бяздушную тэрмашубу», якую яшчэ любяць безгустоўна пафарбаваць у выпадковыя колеры. Усё ж фактурная і адчувальная цэгла заўсёды прыгажэйшая за плоскі, глухі ўцяпляльнік.

Перспектыва вуліцы Калініна, 1964 - 1967 гады

Чаму ж гэта не ўлічваецца? Распрацоўкай праекта цеплавой мадэрнізацыі кожнай асобнай пабудовы займаецца праектны інстытут. Які канкрэтна — абіраецца на конкурснай аснове, могуць быць нават маленькія прыватныя арганізацыі. Але якая б праектная ўстанова ў выніку не перамагла, там усё роўна ёсць архітэктар. Праект у любым выпадку павінен прайсці праз узгадненне з ім. Значыць, альбо архітэктары дрэнна працуюць, альбо яны проста не маюць інструментаў, каб на штосьці ўплываць. Найбольш верагодна апошняе.

Добра, ну не мае тая ці іншая асобная будыніна ахоўнага статусу, але затое разам з суседзямі яна, можа быць, утварае сілуэт цэлай вуліцы. Існуючая сістэма такія моманты, на жаль, не прадугледжвае. Капрамонт у Мінску зыходзіць выключна з прагматычных мэт і не ўлічвае праблемы захавання аўтэнтыкі. Гэтаму нават прысвячаюцца цэлыя выстаўкі. У мінулым годзе будаўнік Арцём Грынцэвіч і ілюстратарка Каця Клёц зладзілі адну такую — «Згодна з праектам». Высвятляецца, што часам і ахоўныя аб’екты трапляюць пад смяротнае дзеянне няўмольнай машыны капітальнага рамонту. Што тады казаць пра будынкі без шыльды?..

Судмаліса, 16

Цяпер, напрыклад, набліжаецца да фіналу доўгае рамантаванне дома па адрасе Талбухіна, 13. Ён датуецца 1960 годам, зроблены з цэглы, мае чатыры паверхі і скатны дах, належыць да беларускай тыпавой серыі «хрушчовак» 1-434С. Фасад ужо цалкам апрануты і пафарбаваны. Мабыць, тое была не самая прыгожая мураваная «хрушчоўка» ў горадзе. Але яна стаяла на рагу прыгожага бульвара і разам з ім утварала асаблівы архітэктурны ансамбль. На жаль, цяпер маем замест «не самай прыгожай мураванай хрушчоўкі», якая, тым не менш, утрымлівала ў сабе дух мінулага часу, проста ніякі, зусім безаблічны жылы чатырохпавярховік бледна-жоўтага колеру.

Вынікам такіх працэсаў з’яўляецца страчванне горадам аўтэнтыкі, асаблівай атмасферы, якая складаецца не ў апошнюю чаргу з фасадаў розных часоў. У тым і заключаецца галоўная асаблівасць гарадской прасторы, што павінна захоўвацца яе разнастайнасць, рух па горадзе павінен стаць падарожжам па гісторыі і, акрамя таго, цікавай гутаркай з ім. Але, на жаль, з кожным такім капітальным рамонтам мы губляем яшчэ аднаго суразмоўцу.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота з сайтаў pastvu.com, domofoto.ru

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.