Вы тут

Настаўнік года Вадзім Лосеў: Са школы павінны выходзіць шчаслівыя людзі


«Я хацеў бы, каб у гэтай зале і ў гэтым свеце ніхто і ніколі не ставіў пад сумненне ўпэўненасць у сабе. Не давайце нікому карміць вашага ўнутранага дыверсанта! Заўсёды будзьце ў гармоніі з сабой, любіце і прымайце сябе...», — параіў калегам у сваім публічным выступленні ў суперфінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў настаўнік геаграфіі з гомельскай сярэдняй школы № 19 Вадзім ЛОСЕЎ. Рашэннем прадстаўнічага журы менавіта ён стаў пераможнікам і ўладальнікам звання «Настаўнік года — 2020». У праграме «Размовы пра адукацыю» Вадзім Лосеў расказаў пра тое, як серыялы дапамагаюць яму прадухіліць прафесійнае выгаранне, чаму не варта спадзявацца толькі на Google і што можа здарыцца, калі танцор пойдзе ў гісторыкі...


«Мысленне мікрахвалёўкі»

— У дзяцінстве я марыў быць кіроўцам аўтобуса. Спадзяюся, мне не давядзецца рэалізоўваць у жыцці гэту сваю дзіцячую мару, бо кіраваць я так і не навучыўся, — усміхаецца педагог. — Правы ў мяне ёсць, але сядзець за рулём — не маё. І калі я на фізічным узроўні гэта адчуваю, то лепш і не буду займацца. А вось у педагогіцы цалкам раствараюся. Тут я на сваім месцы. Мая маці — настаўніца пачатковых класаў. І я з дзяцінства бачыў, наколькі гэта цяжкая праца — яна заўсёды прыносіла работу дадому. Прызнаюся, што, стаўшы настаўнікам, ніколі са школы работу не прыношу. Гэта мая прынцыповая пазіцыя: лепш я затрымаюся на рабоце на некалькі лішніх гадзін. І дома мы ніколі не размаўляем аб рабочых момантах, не абмяркоўваем іх — там мы дзелімся сваімі эмоцыямі.

Я лічу, што навучыць чалавека можна ўсяму — і нейрахірургіі, і кіраванню аўтобусам, але элемент творчасці ў кожнага індывідуальны і ўнікальны. Мая прафесія на 50 працэнтаў складаецца з майстэрства і яшчэ на 50 працэнтаў — з творчасці. І, як у кожнай прафесіі, можна быць рамеснікам, а можна быць майстрам. Творчы падыход — гэта вельмі важны складнік.

У аснове маёй ідэі, прадстаўленай на конкурсе «Настаўнік года», ляжала натхнёнасць інтэлектуальнай гульнёй. Я зразумеў, што гэта вельмі ўдалы інструмент для развіцця на ўроках крытычнага мыслення, крэатыўнасці, кааперацыі і камунікацыі ў вучняў — ключавых кампетэнцый ХХІ стагоддзя. Тут у нас і пытанні на логіку, і медыяазбука, і бліц-тур... Я не ўкраў ідэю, а натхніўся ёй. Вялікая колькасць ІТ-кампаній і прыватных ініцыятыў прад'яўляе да кандыдатаў патрабаванне: уменне працаваць у камандзе. Усе памылкова думаюць, што ўмеюць гэта рабіць, але правальваюць першае ж выпрабаванне, таму што ўсё жыццё да гэтага мы займаліся выкананнем тэстаў, самастойных работ, у тым ліку курсавых і дыпломных. А я прапаную прыйсці да высновы сумеснымі намаганнямі. Індывідуальнасць павінна раскрывацца ў камандзе.

Работадаўцы кажуць: «Рызыкуйце! Шукайце! Узаемадзейнічайце!», але ці многія, хто прайшоў праз нашу сістэму адукацыі, на гэта здольныя? Інфармацыі цяпер вакол нас вялікая колькасць, але ёй трэба ўмець карыстацца. Я кажу дзецям: «Магу даць вам 15 мабільных тэлефонаў з доступам у інтэрнэт, але ад таго нічога не зменіцца. Бо трэба ўмець працаваць з інфармацыяй, карыстацца сваёй галавой і рабіць гэта ў камунікацыі з іншымі». Я вельмі ліберальны чалавек, але гаджэты разбэшчваюць: калі дзеці проста ўпіраюцца ў Google — гэта не работа. Акрамя таго, што можна «нагугліць», патрабуюцца яшчэ і надпрадметныя веды і навыкі. Спадзеючыся толькі на Google, ты атрымліваеш «мысленне мікрахвалёўкі». Між іншым, многія думаюць, што калі яны не могуць нешта «нагугліць» за тры секунды, то знайсці гэта ўвогуле немагчыма.

Вадзім Лосеў расказаў, што падчас свайго майстар-класа, які ён праводзіў у БДПУ ў рамках конкурсных выпрабаванняў, дэманстраваў студэнтам магчымасці выкарыстання Іnstagram для навучання. «Аказваецца, там можна глядзець не толькі на ежу, — жартуе настаўнік. — Я паказаў ім усе «алоўкі», што ёсць у гэтай «скрынцы», магчымасці дадзенай сацыяльнай сеткі. Вучням не вельмі падабаецца работа з контурнымі картамі, тады я ім кажу: «А ці ведаеце вы, колькі каштуюць расфарбоўкі для дарослых? А цяпер адкрываем разам контурныя карты і пачынаем займацца групавой псіхатэрапіяй...»

У рэжыме шматзадачнасці

— Ад настаўнікаў сёння патрабуюць, каб яны былі добрымі менеджарамі, умелі збіраць грошы на шторы, клалі лінолеум. Я кажу як ёсць. І лінолеум у класе я разам са сваім бацькам клаў, і фарбаваннем мы з ім займаліся, але пры гэтым ты яшчэ павінен і план-канспект урока напісаць, і ў конкурсе паўдзельнічаць, і дзяцей да алімпіяды падрыхтаваць, і вывезці іх на прафарыентацыйную экскурсію, — разважае Вадзім Лосеў. — Я мяркую, для таго каб не дапусціць прафесійнага выгарання, кожны настаўнік павінен зразумець, што ў яго атрымліваецца найлепшым чынам. Ёсць педагогі, якія проста ідэальна запаўняюць паперкі. У іх усё раскладзена па палічках, яны хутка ўзнімаюцца па кар'ернай лесвіцы, займаюць кіруючыя пасады, таму што ў іх ёсць здольнасць да добрай арганізацыі такой работы і любоў да бюракратызму.

У сваёй трылогіі «Мурашы» Бернар Вербер праводзіць аналогіі з чалавечым светам і сцвярджае, што 33 працэнты ўсіх людзей — гэта гультаі, 33 працэнты — працаголікі і яшчэ 33 працэнты — тыя, хто думаюць, што можна папрацаваць, а можна і адпачыць. Дык вось шчыра прызнаюся, што я працую ў энергазберагальным рэжыме. Для мяне важна нечым загарэцца, каб устаць і пайсці гэта рабіць, і для мяне важна да сябе прыслухоўвацца.

Падчас міні-урока ў суперфінале конкурсу «Настаўнік года» ўсе «вучні»  адправіліся з Вадзімам Лосевым у віртуальнае падарожжа па суседніх краінах.

А хочаце, я скажу, хто пераможа на наступным конкурсе «Настаўнік года»? Чалавек з добра развітым эмацыянальным інтэлектам, магчыма, гэта будзе настаўнік фізічнай культуры. Таму што ўменне дзяліцца эмоцыямі, прымаць і любіць сябе для педагога вельмі важнае. Калі ты сам сябе не палюбіш, цябе не палюбіць ніхто. Настаўнік павінен адсочваць свае эмоцыі: мне сумна, мне весела, мне радасна, я супакойваюся, я нервуюся... Глядзіце, дзе ў вас самы вялікі плюс. Не трэба выходзіць з зоны камфорту — трэба хоць бы паспрабаваць у яе ўвайсці. Многія хапаюцца за ўсё адразу і вельмі хутка эмацыянальна выгараюць, таму што не ўсё ў іх атрымліваецца. У геаграфіі ёсць і геалогія, і тапаграфія, і кліматалогія, і краіназнаўства. Напрыклад, метэаралогія і кліматалогія не адгукаюцца ў маім сэрцы, а вось краіназнаўства мне вельмі цікавае, і вучні гэта адчуваюць. Я магу натхняць дзяцей, і сам пры гэтым натхняюся. Не магу пахваліцца падрыхтоўкай да алімпіяд, але да ЦТ рыхтую вельмі добра. Дык добры я педагог ці не? А ад настаўніка патрабуюць быць паспяховымі ва ўсім! Але ж ці гэта магчыма?

Асабліва пасля конкурсу «Настаўнік года» адчуваю, што абсалютна знясілены. Многія мае калегі ўвогуле захварэлі пасля моцнага фізічнага і псіхалагічнага напружання. Ведаеце анекдот? «— Як вы расслабляецеся? — Дык я і не напружваюся». А вось я напружваюся і прытым вельмі моцна. Таму, каб адпачыць, гляджу лёгкія ўкраінскія серыялы і самыя прымітыўныя раэаліці-шоу. Не смейцеся, але гэта мой спосаб атрымаць разрадку і прадухіліць выгаранне. Я толькі ў 30 гадоў прыйшоў да таго, што трэба даваць сабе магчымасць адпачыць, бо мы раслі і выхоўваліся сярод іншых установак.

А адміністрацыя і грамадства патрабуюць ад настаўніка ўсё! І многія педагогі «выходзяць у тыраж», не спраўляюцца з вар'яцкай нагрузкай. Ці ўсе могуць працаваць у рэжыме мультызадачнасці? Мне здаецца, што гэта пад сілу толькі настаўнікам ну і, магчыма, медыкам. Мы вырашаем за тыдзень тысячу задач адначасова...

Чаму дарослыя — занудныя?

На думку Вадзіма Лосева, настаўнікі сёння арыентаваныя на сярэдняга вучня.

— Слабага мы крыху ўзнімаем, а моцнага, наадварот, крыху апускаем. І не трэба казаць пра нейкі індывідуальны падыход і дыферэнцыраваныя заданні. Я пачуў ад аднаго паважанага прафесара цікавую думку: ён лічыў, што развал школы пачаўся ў 1974 годзе, калі непаспяховых вучняў забаранілі выключаць са школы. Зараз у нас няма ніякіх рычагоў уздзеяння на нашых навучэнцаў і размова ідзе толькі пра матывацыю, — падкрэслівае педагог. — Калі нам, дарослым, не падабаецца наша работа, то мы ўзважваем усе плюсы і мінусы і застаёмся або змяняем месца работы ці нават род нашых заняткаў. А ў дзіцяці адны толькі мінусы ад вучобы, свабоднага часу ўвогуле няма, але са школы пайсці ў свабоднае плаванне яно не можа. Мы не гаворым, што вучань неразумны, а гаворым, што ён слабаматываваны, што яму патрэбны індывідуальны падыход і стымулюючыя заняткі. Але гэта ўсё не працуе! Калі дзіця не хоча браць веды, то яно і не возьме іх. Вы можаце стаяць перад ім на галаве, жангліраваць шарамі. Але калі з яго боку гэта катэгарычнае «не», усё бессэнсоўна.

Калі шчыра, я баюся думкі, што інтэлект мае генетычную спадчыннасць. Таму што калі гэта так, то страчваецца ўся сутнасць адукацыі. Хацеў бы, каб са школы выходзілі перш за ўсё шчаслівыя людзі. У дзіцяці не ляжыць душа да матэматыкі і фізікі, але бацькі кажуць сыну ці дачцэ, што трэба займацца праграмаваннем. І ніякія аргументы кшталту «я там буду вельмі сярэднім спецыялістам» на іх не ўздзейнічаюць. А, можа, маё — гэта танцы? Я ведаю выпадак, калі бацькі літаральна прымусілі ісці на гістарычны факультэт чалавека, які выдатна танцаваў, і праблемы са здароўем як рэакцыя арганізма на тое, што чалавек пайшоў супраць сваёй прыроды, не прымусілі сябе чакаць.

Скажыце, вы не задумваліся, чаму ў масе сваёй з яркіх, творчых і крэатыўных дзяцей вырастаюць такія занудныя дарослыя? Можа, таму, што мы вельмі часта выбіраем не свой шлях? Калі вы ўбачыце дарослага, які не нудзіцца, спытайце, ці ціснулі на яго бацькі, калі той выбіраў сваю будучыню? Занудны дарослы — гэта колішняе дзіця, якое знаходзілася пад ціскам настаўнікаў і бацькоў, гэта чалавек, які не ўмее спраўляцца з няўдачамі. Прызнаюся, што падчас удзелу ў конкурсе з павышэннем маёй самаацэнкі мне вельмі дапамог псіхолаг. У школе яна была заніжаная. Ва ўніверсітэце — на нармальным узроўні, але дзякуючы таму, што спецыяліст папрацаваў са мной, я паверыў у сябе і пачаў часцей сябе хваліць. У чым заключаецца феномен Вольгі Бузавай? Спачатку з цябе ўсе смяюцца, а потым ты смяешся з усіх, бо становішся адной з самых заможных жанчын у Расіі. Гэта ж наколькі трэба быць упэўненай у сабе, не маючы таленту! Хачу, каб мае вучні былі ўпэўненымі людзьмі, прыслухоўваліся да сябе, знаходзілі ў сабе адказы і ішлі па жыцці сваёй дарогай.

Сёння быць блогерам — такая ж работа, як і іншыя. Не здзіўлюся, калі ў хуткім часе з'явіцца эксперт па мемах, які будзе працаваць над клікабельнасцю. Нельга казаць дзіцяці, што ты марыш не пра тое, што твая мара няправільная. У нас быў праект — трэба было асвятліць нейкую экалагічную праблему. Усе падышлі да яго творча. Адзін вучань арганізаваў канал на YouTube, адкрыў новую нішу — смешныя экалагічныя навіны. А чаму б і не? Можа быць, дзякуючы геаграфіі ён знойдзе сябе ў нейкай новай сферы, пра якую мы яшчэ не ведаем?..

Навыкі для жыцця

У Вадзіма Лосева спыталіся, а што б ён змяніў, калі б стаў міністрам адукацыі?

— Пасля заканчэння дзявятага класа я  ўвёў бы глабальны тэст, каб праверыць праграму за базавую школу па ўсіх прадметах, — адказаў ён. — І калі ты набіраеш, напрыклад, 51 бал і больш, можаш ісці ў старшую школу, а калі менш, — то, калі ласка, выбірай любую ўстанову прафесійнай адукацыі. А пасля 11 класа аб'яднаў бы выпускныя і ўступныя іспыты. У нас пры падачы дакументаў у навучальныя ўстановы ўлічваецца сярэдні бал атэстата. Мяркую, што трэба мець на ўвазе ўсе балы, пачынаючы, напрыклад, з восьмага ці, можа, нават з шостага класа. А так атрымліваецца, што вучань напружваецца толькі ў апошні год свайго навучання, працуючы на сярэдні бал.

Таксама я зрабіў бы пяць вучэбных чвэрцяў: каб кожная доўжылася сем тыдняў, а паміж імі — двухтыднёвыя канікулы. Больш адпачынку, але і больш работы. Канешне, давядзецца забраць пад вучобу яшчэ і чэрвень. Але, пагадзіцеся, што настаўнікі ўсё роўна ў чэрвені працуюць, а дзецям пасля працяглых трохмесячных летніх канікул вельмі праблематычна зноў уцягвацца ў рабочы рытм. Да таго ж за два тыдні канікул паміж вучэбнымі чвэрцямі можна паспець адпачыць і вучням, і настаўнікам. У апошніх, верагодна, нават з'явіцца час для прафесійнага росту... Тым больш што выводзіць гадавую адзнаку па выніках пяці чвэрцяў прасцей, чым па чатырох.

У гасцях добра, але дома лепш. Вяртаемся дамоў пешшу (цягнiкi не ходзяць), праз палескiя балоты, якiя называюць «лёгкiмi Еўропы»…

Разважаючы пра тое, якой ён бачыць сістэму адукацыі, напрыклад, праз пяць гадоў, Вадзім Лосеў сказаў наступнае: «Думаю, што калі б у нас прыбралі пэўныя структуры ў адукацыі, то іх знікнення ніхто б і не заўважыў. А вось калі з піраміды прыбраць настаўніка, то абваліцца ўсё. Мяркую, што будзе павялічвацца колькасць прыватных школ і ініцыятыў, куды дзеці будуць прыходзіць з канкрэтным запытам, напрыклад, «хачу ведаць матэматыку». У звычайных школах, як правіла, не вучні фармулююць мэты, іх перад дзецьмі ставім мы. Я ўвогуле баюся гэта казаць услых, але нашы школы ператвараюцца ў камеры захоўвання, куды бацькі прыводзяць сваіх дзяцей, каб педагогі з імі займаліся, пакуль тыя працуюць. Мала хто можа сфармуляваць адукацыйны запыт. Спадзяюся, што калі-небудзь у школе пачнуць даваць дзецям практычныя навыкі, неабходныя для жыцця, што туды прыйдуць, напрыклад, прадстаўнікі водаканала ці энерганагляду і навучаць, як здымаць паказчыкі з прыбораў уліку і ўводзіць іх у сістэму АРІП. Асабіста для мяне гэта складаная навука (смяецца), а ролікаў на YouTube, як гэта рабіць, няма. А можа, і ўменне адкрываць вустрыцы каму-небудзь спатрэбіцца ў жыцці? На першы план сёння выходзяць не акадэмічныя веды, а так званыя мяккія, або сацыяльныя навыкі (soft skіlls): крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне працаваць у камандзе, гнуткасць, уменне папярэджваць і гасіць канфлікты, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, самаарганізацыя, уменне аргументавана дыскутаваць, фармуляваць мэты і ставіць задачы, гатоўнасць вучыцца ўсё жыццё, таму што прафесійныя навыкі давядзецца абнаўляць пастаянна».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?