Вы тут

Раім схадзіць


«У Ліён, да Люм’ераў», Экспазіцыя «Старажытная Беларусь», Тэатральны куфар і іншае — афіша «Звязды».


Шоў-праект «У Ліён, да Люм’ераў» да 125-годдзя кінематографа

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова 4

Калі: кожную суботу снежня

Колькі каштуе: тэлефоны для даведак і заявак: (8 017) 397 86 75, (8 029) 627 10 75

Два фільмы пра родапачынальнікаў кіно будуць паказваць кожную суботу на працягу ўсяго снежня.

Адзін з іх — навукова-папулярны фільм «Гісторыя адной вынаходкі» — распавядае пра тое, як Луі Люм’ер прыдумаў кіно ўсяго за адну зімовую ноч 1894 года, пра сутнасць вынаходкі, якая мела сусветна-гістарычнае значэнне, і паходжанне яе назвы, якая (калі б сыны саступілі бацьку) магла быць зусім іншай..

Другі фільм — «Свет вачыма Люм’ераў» раскажа пра 6 студзеня 1896 г.. Тады ўсяго праз тыдзень пасля пачатку трыўмфальных публічных кінапаказаў на бульвары Капуцынак у Парыжы, якія наведвала па 2 тысячы гледачоў у дзень, Луі Люм’ер замовіў свайму дзелавому партнёру выраб 200 кінакамер «Cinematographe», раздаў іх такой жа колькасці кінааператараў і разаслаў іх па ўсім свеце з заданнем захаваць на плёнку, як жывуць людзі за мяжой.

Таксама пройдзе «Першы кінасеанс» — юбілейнае падзея, у рамках якой адбудзецца віртуальнае слайд-падарожжа на радзіму кінематографа, у дом-музей сям’і Люм’ер у Ліёне; будзе паказана «першая дзясятка» — падборка кароткаметражных сюжэтаў з публічнай дэманстрацыі якой 125 гадоў таму назад, уласна, і пачалося летазлічэнне гісторыі кінематографа. А таксама прэзентацыя адзінага ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі музейнага прадмета-аналага кінакамеры «Cinematographe» — самай першай матэрыялізацыі той вынаходкі, якой браты і бацька Люм’ер ашчаслівілі чалавецтва ў 1895 годзе!

Колькасць удзельнікаў падзеі абмежавана: як і ў 1895 г, іх будзе ўсяго 35.

Убачыць гэтыя фільмы наведвальнікі змогуць 5, 12, 19 і 26 снежня ў 15:00 і 17:00, а 28 снежня ў 15:00 і 18:30.


Экспазіцыя «Старажытная Беларусь»

Дзе: Нацыянальны гiстарычны музей Рэспублiкi Беларусь, г.Мінск, вул. К.Маркса, 12

Калі: да 17 снежня

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе экспазіцыйныя прасторы «Старажытная Беларусь». Гэта адзіная ў краіне экспазіцыя, якая расказвае пра асноўныя моманты і этапы айчыннай гісторыі ад найстаражытных часоў да пачатку XIX ст.

Экспазіцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь як галоўнага гістарычнага музея краіны, закліканая спрыяць развіццю самасвядомасці беларускага грамадства і прадстаўляць беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці.

Музейная экспазіцыя «Старажытная Беларусь» ахоплівае перыяд айчыннай гісторыі ад эпохі неаліту да XIX ст. Яна распавядае пра першапачатковае засяленне тэрыторыі нашай краіны, узнікненне племянных саюзаў крывічоў і дрыгавічоў, першыя на тэрыторыі Беларусі дзяржаўныя утварэнняі, стварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, знаходжанне Беларусі ў складзе Расійскай імперыі.

Экспанаты, якія прадстаўляюць практычна ўсе фондавыя калекцыі, распавядаюць пра першыя паселішчы людзей на нашых землях, іх заняткі, вераванні, паступовое развіццё цывілізацыі. Сярод іх знаходзяцца неацэнныя гістарычныя артэфакты: прадметы першабытнага мастацтва і ўпрыгажэнні, зброя, прадметы культу і многае іншае. У асобным раздзеле асвятляецца гісторыя кніжнай справы ў Беларусі ў XVI — ХIХ стст., а таксама дзейнасць асветніка Францыска Скарыны.


Фатаграфічны праект «Ураўненне стану»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, Незалежнасці, 47

Калі: па 6 снежня

Колькі каштуе: 5 BYN

Працуе фатаграфічны праект «Ураўненне стану» куратаркі Дзіны Даніловіч.

«Ураўненне стану» — гэта ўзаемадзеянне персанальных выказванняў адзінаццаці аўтараў, паміж якімі выяўляецца асаблівая сувязь, магчымая толькі пры абставінах «тут і цяпер». Яны аб’яднаныя ў адкрытую сістэму, лакалізаваную ў адным месцы. Формулу сучаснасці складана разлічыць. Калі гэта боль, страх і пакуты, тады свядомасць іх выціскае. Калі задавальненне — растварае. Сучаснасць можа існаваць у мове мастакоў як штосьці часовае, ледзьве ўлоўнае. Пры гэтым сэнс нараджаецца прамінулым днём, гэта заўсёды нейкае вяртанне да таго, што было. Сэнс утрымліваецца не памяццю, як эмоцыя або мімалётнае адчуванне, але розумам.

Практычна ўсе праекты сёння набываюць новыя канатацыі ў зменлівым кантэксце часу і месца, яднаючыся з новымі ўмовамі: сацыяльнымі, этычнымі, псіхалагічнымі..., пераасэнсоўваючы знаёмыя паняцці, звыклыя сувязі, ламаючы стэрэатыпы ўспрымання. Тут медыум фатаграфіі мастакі праекта выкарыстоўваюць у розных формах і стратэгіях стварэння візуальнага вобраза: ад мадэрацыі і дакументацыі нейкага мастацкага дзеяння да пераўтварэння невыразных аб’ектаў звыклага жыцця ў арт-аб’ект, ад трансляцыі асабістых інтымных перажыванняў да «фатаграфіі наступстваў» або «impact фатаграфіі» і г.д.

Мастакі Кацярына Кузьмічова, Марыя Карнеенка, Аляксандр Веледзімовіч, Андрэй Кузьмянок, Аляксандр Зяньковіч, Герман Дамброўскі, Аляксандра Салдатава, Ігар Саўчанка, Ігар Ганчарук, Лілія Грынь, Кацярына Малама, куратарка Дзіна Даніловіч — аўтары ўраўнення стану, якое звязвае паміж сабой параметры сучаснасці.

Праект рэалізаваны сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў.


Выстава «Беларусь: адраджэнне духоўнасці»

Дзе: Нацыянальны гiстарычны музей Рэспублiкi Беларусь, г.Мінск, вул. К.Маркса, 12

Калі: да 17 лютага, 2021

Духоўнае адраджэнне — неабходны працэс развіцця і ўмацавання незалежнасці краіны, а духоўныя каштоўнасці маюць выключнае значэнне для фарміравання ідэалогіі дзяржавы. У Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі станаўленне духоўных каштоўнасцей адбывалася пры ўзаемадзеянні і узаемаўплыве рэлігіі і свецкай культуры, таму адна з задач выставачнага праекта — паказаць шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва. Наступная задача — адлюстраваць станоўчыя працэсы адраджэння духоўнасці ў нашы дні: рост цікавасці беларусаў да сваёй гісторыка-культурнай спадчыне, стварэнне дзяржавай належных умоў для развіцця культуры, функцыянавання рэлігій. Нарэшце, выстава раскажа пра дасягненні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, іншых музеяў краіны ў справе захавання, вывучэння і прэзентацыі помнікаў гісторыі і культуры. Не выпадкова таму разам з Нацыянальным гістарычным музеем у праекце прымаюць удзел Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Статус міжнароднай выстава набывае дзякуючы ўдзелу ў ёй Дзяржаўнага гістарычнага музея г.Масквы, які прадстаўляе ўнікальны помнік кнігавыдавецкай справы — Пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517. Гэтай кнігі, на жаль, няма ў Беларусі. Расійскія калегі не толькі далі дазвол на экспанаванне рарытэту, але і дазволілі адсканаваць яго асобныя старонкі, каб наведвальнікі мелі магчымасць «пагартаць» Біблію з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.

Выстава знаёміць з гісторыяй узнікнення і функцыянавання рэлігій на тэрыторыі Беларусі. Адкрывае экспазіцыю раздзел, прысвечаны паганству — традыцыйнай рэлігіі старажытных плямёнаў на тэрыторыі краіны. Самы вялікі раздзел экспазіцыі пазнаёміць з асноўнымі рэлігіямі — праваслаўем, каталіцызмам, юдаізмам, ісламам, якія мірна суіснуюць у Беларусі. Для гэтага выкарыстаныя калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея і іншых музеяў, а таксама прыватных збораў: калекцыі археалогіі, абразоў, жывапісу, нацыянальнага касцюма, рукапісных і старадрукаваных кніг, каштоўных металаў і інш. Усяго ў экспазіцыю ўваходзіць звыш 400 помнікаў гісторыі і культуры, многія з іх будуць экспанавацца ўпершыню: друк Еўфрасінні Полацкай 12 ст., сценапіс Праабражэнскай царквы Спаскага манастыра ў Полацку 19 ст., унікальная калекцыя срэбраных кідушных куфляў, алтарны каталіцкі жывапіс і інш.

У выставе таксама прымае ўдзел Свята-Елісавецінскі манастыр, які прадаставіць сучасныя ўзоры іярэйскага ўбора, іконы, плашчаніцы. Заключны раздзел прысвечаны кніжнай культуры і дзейнасці беларускага асветніка-гуманіста Францыска Скарыны.


Лошыцкая сядзіба. Выстава «А ў нас у двары ...»

Дзе: Лошыцкая сядзіба, г. Мінск, праезд Чыжэўскіх, 8/2 Вконтакте і Facebook, Instagram

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Музей «Лошыцкая сядзіба» пачынае паказ выставы «А ў нас у двары...» у анлайн-фармаце. У супольнасцях музея Вконтакте і Facebook, а таксама старонцы ў Instagram вы можаце пазнаёміцца з фотаздымкамі з сямейных архіваў Асіпенкавых, Кажека, Барысевіч, былых жыхароў прысядзібнага флігеля.

Выстава «А ў нас у двары...» паказвае малавядомыя старонкі жыцця сядзібнага флігеля ў 1970-я гг. Менавіта з двара пачынаецца «адчуванне дома». У двары флігеля жыхары заклалі кветнік з садовымі кустамі і дрэвамі. Дзеці гулялі ў футбол, дарослыя — у даміно. Хлапчукі і дзяўчынкі каталіся на роварах, зімой — на санках.

На фотаздымках прадстаўленыя набярэжныя рэк Свіслачы і Лошыца, паркавыя алеі, былыя будынка млына і заводаў, іншыя памятныя мясціны Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу. Асаблівую цікавасць выклікаюць фатаграфіі, на якіх адлюстраваны маленькія жыхары флігеля.


Тэатральны куфар

Дзе: г. Мінск

Калі: 2 снежня

Колькі каштуе: бясплатна, рэгістрацыя

Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў «Тэатральны куфар, БДУ-2020» адкрые 17-ы сезон. Старт будзе дадзены 2 снежня.

Сёлета мерапрыемства прымяркуюць да 100-годдзя авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВІС, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску. Звыш 100 артыстаў з Беларусі, Расіі, Ірана і Бразіліі пакажуць 12 аматарскіх і прафесійных спектакляў. Асноўныя тэатральныя дзеянні разгорнуцца з 2 па 5 снежня на сцэнах Мінска. Трансляцыя замежных пастановак пройдзе ў анлайн-фармаце на YouTube-канале фестывалю.

Адкрые фестывальную праграму 2 снежня небалет «Уна дачка Казіміра» ў выкананні маладзёжнага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск». Спектакль пабудаваны на асацыяцыі з супрэматычным балетам. Гледачы будуць назіраць падчас прадстаўлення пераўвасабленне акцёраў у арт-аб’екты.

У першы дзень фестывалю Народны студэнцкі драматычны тэатр «На балконе» БДУ пакажа спектакль «Балладзіна» аб запале, амбіцыях і расчараваннях па матывах п’ес паэта і драматурга Юліуша Славацкага (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 20:00. Таксама 5 снежня тэатр БДУ выступіць з прэм’ерай «Азірніся ў гневе» па твору Джона Осбарна (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 18:00. Рэжысёрам пастановак выступае Андрэй Саўчанка.

Па традыцыі ў фестывалі ўдзельнічаюць і прафесійныя калектывы. У іх ліку «Тэатр дакумента Ганны Сулімы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго артысты падрыхтавалі 4 снежня дакументальны перформанс «Запісная» (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 18:00. У аснову пастаноўкі лёг унікальны дакумент, няскончаны дзённік вязня гета г. Гродна, датаваны ад 12 лютага па 8 красавіка 1943 года. Зараз гэты гістарычны дакумент захоўваецца ў Ватыкане.

Тэатральнае майстэрства пакажуць юныя акцёры дзіцячай тэатральнай майстэрні «АГА» Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Яны выступяць 5 снежня са спектаклем «Птушкі» (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 16:00. На пастаноўку запрашаюцца гледачы ад шасці гадоў.

Сёлета вызначаць толькі ўладальніка Гран-пры «Тэатральнага куфара, БДУ-2020». У галасаванні возьмуць удзел гледачы шляхам запаўнення бюлетэняў пасля прагляду спектакля.

Уваход на ўсе прагляды фестывалю вольны па папярэдняй рэгістрацыі па тэл.: 8 (017) 209-54-69 або на сайце.

Усе паказы пройдуць з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый.

Фестываль «Тэатральны куфар» праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Штогод на мерапрыемства збіраецца да 20 тэатраў, больш за 250 удзельнікаў з розных краін свету, 12 000 гледачоў. За гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел 230 тэатраў з 65 краін свету.

Фестываль адзіны ў Беларусі мае статус міжнароднага, з 2006 года ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, з 2008 года — у выканаўчы камітэт асацыяцыі.

У 2011 годзе ўключаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у афіцыйны рэестр фестываляў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе прызнаны «Брэндам года» і становіцца арганізатарам найбуйнейшага сусветнага тэатральнага кангрэса пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (AITU-IUTA).

Па выніках высокай арганізацыйнай культуры «Тэатральны куфар БДУ» тройчы намінаваны на спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Праграму фестывалю можна паглядзець па спасылцы.


Спектакль «Фаўст» у Вялікім тэатры

Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, г. Мінск, пл. Парыжскай камуны, 1

Калі: 8 студзеня

Колькі каштуе: 7,50 BYN — 52 BYN

Пастаноўка рэжысёра Ганны Маторнай.

У Вялікім тэатры оперная гісторыя легендарнага доктара ўжо атрымлівала сцэнічнае ўвасабленне, і кожны раз над ёй працавалі не менш легендарныя майстры: упершыню беларускія артысты ажывілі «Фаўста» яшчэ ў 1928 годзе, гэта была першая пастаноўка «прабацькі» тэатра — музычнага тэхнікума, ажыццяўлёная пад мастацкім кіраўніцтвам А. Бессмяротнага і выкананая на беларускай мове; другі раз опера была пастаўлена ў 1950 дырыжорам Т. Каламійцавай, рэжысёрам В. Шахраем, мастаком С. Мікалаевым і балетмайстрам К. Мулерам; трэці раз — у 1972 годзе, у пастановачную групу ўвайшлі дырыжор І. Абраміс, рэжысёр С. Штэйн, мастак Я. Ждан, балетмайстар С. Дрэчын. Апошняя пастаноўка пратрымалася ў рэпертуары тэатра да 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Цяперашняя пастаноўка гісторыі легендарнага доктара Фаўста — гэта, па словах рэжысёра-пастаноўшчыка, «тая самая гісторыя»: гісторыя, якая прымушае разважаць пра тое, хто мы, навошта мы тут і што варта зрабіць нам для таго, каб тыя, хто прыйдуць пасля нас, можа быць, жылі лепш чым мы ці хаця б задумаліся пра тое, што не варта губляць«.


Інклюзіўная выстаўка «Уключыся ў Музей»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 14 снежня

Колькі каштуе: дарослым — 7 BYN, студэнтам — 5,50 BYN, школьнікам 4 BYN

13 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка ў рамках партнёрскай інклюзіўнай праграмы «Уключыся ў Музей».

13 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень сляпых і Сусветны дзень дабра. Магчыма, гэтыя даты ў календары супалі невыпадкова. Невідушчыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы тых, хто бачыць, а добрыя людзі адчуваюць патрэбнасць дапамагчы і падтрымаць.

Нацыянальны гістарычны музей адзначыў гэтую важную дату выставай, дзе ў незвычайным фармаце прадстаўлены 21 экспанат. Наведвальнікі змогуць па-новаму адкрыць для сябе пастаянную экспазіцыю. Партрэты, зброя, прадметы раскошы і адзення будуць паказаны нязвыклым для большасці гасцей чынам: у выглядзе тэкставага апісання з адсылкамі да залаў музея, — таму наведвальнікаў чакае своеасаблівы квэст. Кожны аб’ект таксама будзе суправаджаць яго дескрыпцыя шрыфтам Брайля.

Міжнародны дзень сляпых — дата, якая заклікае звярнуць асаблівую ўвагу на цяжкасці жыцця невідушчых людзей і на важнасць захавання зроку.


Таксама вы можаце наведаць мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».