Вы тут

Ускладненні пандэміі для сусветнай палітыкі


Снежань — месяц падвядзення першых вынікаў года, пакуль папярэдніх, але ўжо відавочных. Пра тое, з чым да трэцяга дзесяцігоддзя XXI стагоддзя падышло чалавецтва ў цэлым і наш рэгіён у прыватнасці, мы распыталі дырэктара Інстытута Еўропы Расійскай акадэміі навук, доктара палітычных навук, прафесара Аляксея ГРАМЫКІ.


— Аляксей Анатольевіч, з якімі галоўнымі трэндамі, акрамя самага відавочнага — пандэміі, свет праводзіць 2020 год?

— Трэба сказаць, што і такі трэнд, як пандэмія, відавочны цалкам толькі пакуль самім сваім фактам існавання. Да якіх наступстваў у эканоміцы, палітыцы, сферы бяспекі, сацыяльных звычках яна можа прывесці, да канца не зразумела. Нават больш-менш дакладна сказаць, калі пандэмія скончыцца, цяпер мала хто бярэцца. Што сапраўды відавочна, дык гэта тое, што пакуль яе пабочным эфектам стала пагаршэнне многіх праблем, якія існавалі раней. Прынамсі, у галіне палітыкі гэта бясспрэчна.

Трэндам гэтага года з'яўляецца працяг ўзмацнення Кітая. Яго эканоміка — адна з нямногіх у свеце, якая пакажа ў 2020 годзе рост, а не падзенне, і, такім чынам, канкурэнтныя пазіцыі Пекіна на сусветнай арэне яшчэ больш умацуюцца. Кітайская эканоміка закрые гэты год не толькі як самая буйная ў свеце па парытэце пакупніцкай здольнасці, але і, мяркуючы па ўсім, па намінале. Узмацняецца супрацьстаянне паміж ЗША і Кітаем, прычым змена амерыканскага прэзідэнта ў Белым доме не зменіць гэтую сітуацыю.

Гэты год вызначыўся і далейшай дэградацыяй стратэгічнай стабільнасці і сістэмы кантролю над узбраеннямі, у прыватнасці, ЗША выйшлі з Дамовы па адкрытым небе. Хоць усе астатнія 33 дзяржавы-ўдзельніцы пакуль лічаць неабходным захаваць дагавор, хай ужо і без амерыканцаў. Пакуль не ясна, на якіх умовах будзе працягвацца Дагавор аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-3). Пры Дональдзе Трампе нават сцэнар яго падаўжэння хаця б на адзін год быў фактычна сарваны. З улікам перамогі на выбарах Джо Байдэна, ёсць верагоднасць, што падоўжыць пагадненне атрымаецца на поўны тэрмін — 5 гадоў.

2020 год унёс драматычную лепту ў становішча спраў на постсавецкай прасторы: паміж Азербайджанам і Арменіяй распачалася поўнамаштабная вайна, павалілася ўлада ў Кіргізіі, і са жніўня доўжыцца палітычны крызіс у Беларусі.

Працягваюць пагаршацца адносіны Расіі з Эўразьвязам, у гэты раз з-за сюррэалістычнай гісторыі з атручваннем Аляксея Навальнага. Не ясны лёс газаправода «Паўночнага патоку — 2».

У год 75-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і стварэння арганізацыі Аб'яднаных Нацый шэраг еўрапейскіх краін і некаторыя структуры ЕС, асабліва Еўрапарламент, вызначыліся пачварным стаўленнем да тэмы прычын, ходу і наступстваў той вайны, ролі ў ёй Савецкага Саюза.

Нарэшце, адзначу факт ўзмацнення канфрантацыі паміж Расеяй і НАТА, асабліва па лініі судакранання на зямлі, у паветры і на вадзе. Сітуацыя з кантролем над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе знаходзіцца ў жахлівым стане. Верагоднасць перарастання тых ці іншых ваенных інцыдэнтаў, наўмысных ці ненаўмысных, у канфлікт большага маштабу, у тым ліку ў вайну, расце.

Цалкам інтэрв'ю чытайце на рускамоўнай версіі сайта.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».