Вы тут

Латыш з беларускім кодам у крыві


У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры створаны невялікі дакументальны фільм “Райніс і Даўгаўпілс” на беларускай мове. Ён расказвае пра моцныя повязі Яніса Райніса, Даўгаўпілса й беларусаў. Фільм дэманстраваўся ў часе вебінару, які зладзілі ЦБК сумесна з кафедрай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава.


Яніс Райніс. Менск, 19 лістапада 1926 г

Ён падабраў імя на бальшаку

Фільм задуманы так, што глядач здзяйсняе экскурсію па месцах, спалучаных з імем вядомага паэта й палітыка, які ў свой час у латышскім Сэйме адстойваў інтарэсы беларускай дыяспары Латвіі ды ўвайшоў у гісторыю як абаронца нацыянальных меншасцяў.

Аўтар ідэі, тэксту — Жанна Раманоўская, відэаздымкі й мантаж здзейсніў Аляксандр Фядотаў, ёсць і музычнае суправаджэнне: беларускія народныя песні ў выкананні Вячаслава Пятрова.

Даўгаўпілс — другі па велічыні горад Латвіі, на абодвух берагах Даўгавы-Дзвіны, кіламетрах у 25‑і ад мяжы з Беларуссю. Спускаешся з горкі па шашы, з боку Браслава, — і бачыш горад, цесна звязаны з імем Яніса Райніса. На тым, левым беразе, непадалёк ад горада, былі маёнткі з землямі, якія ў розны час арандаваў латышскі селянін Крыш’яніс Пліекшанс, бацька будучага паэта, драматурга, перакладчыка, палітыка й грамадскага дзеяча.

У мястэчку Беркенэле прайшлі дзяцінства й ранняе юнацтва Яніса. Там узрастаў ён, і першыя вершы напісаў. Сядзіба збераглася: у ёй шмат гадоў дзейнічае Дом-музей Райніса, гэта помнік нацыянальнага значэння. У Беркенэле Яніс захапіўся чытаннем: знайшоў на гарышчы кучу старых кніг. Першым настаўнікам ягоным быў нямецкі пастар Свенсан, затым хлопчык вучыўся ў Грыўскай нямецкай школе — цяпер там Даўгаўпілская СШ № 6 імя Я. Райніса. Паэт успамінаў, што першыя вершы напісаў на латышскай мове ў школе, пазней пісаў і на нямецкай ды латыні. Але менавіта мама, Дарта Пліекшанэ, першай далучыла Яніса да народнай паэзіі: яна ведала вялікае мноства народных песень. 

Дарэчы, у тыя часы й беларускія плытагоны спявалі свае песні, седзячы вечарамі ля вогнішчаў на берагах Дзвіны-Даўгавы.

У Беркенэлі прыехала з бацькамі дзіця, а праз 9 гадоў з ліпавай алеяй, сажалкай ды сядзібай развітваўся юнак — ехаў прадоўжыць адукацыю ў Рыжскай гімназіі ды Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Ён прыязджаў на канікулы на сваю малую радзіму, дзе сустрэў першае каханне, меў першыя расчараванні. Дзіцячыя гады ўспамінаў з вялікай цеплынёй, называючы іх “сонечнымі”. У Латгаліі на дарожным паказальніку паэт знайшоў сабе творчы псеўданім, старадаўняе латышскае імя — Райніс: “… маё імя падабранае на бальшаку ў самым глухім куце Латвіі, а хто носіць яго, таму й хадзіць па бальшаках”. Паэт і сапраўды ўвесь час знаходзіўся ў дарозе — у прамым і пераносным сэнсе.

Нейкі час Райніс і ягоная жонка, паэтка Аспазія, думалі ўладкавацца ў Даўгаўпілсе на пастаяннае жыццё: калі паэт ствараў драму “Агонь і ноч”, жылі яны ў мясцовай гасцініцы. Але ў канцы 1905‑га паехалі ў Швейцарыю. Пакідалі радзіму з чыгуначнай станцыі Калкуны, што на левым беразе Даўгавы. На тую ж станцыю праз 14 гадоў вярнуліся з эміграцыі: ужо ў Латвійскую Рэспубліку, і правялі ў Даўгаўпілсе адзін дзень. Пра тое цяпер сведчыць мемарыяльная дошка на будынку Даўгаўпілскага краязнаўчага й мастацкага музея. У кнізе памежнага кантролю паэт пакінуў запіс: “Райніс і Аспазія. Няхай жыве свабодная Латвія!”. Паэты адпачылі ў доме начальніка Даўгаўпілскай акругі, у якім цяпер знаходзіцца музей, пагулялі па крэпасці ды з чыгуначнай станцыі ад’ехалі ў Рыгу. Іх усюды сустракалі як нацыянальных герояў.

Райніс актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё маладой незалежнай дзяржавы. Ён быў адным з аўтараў Канстытуцыі, ад сацыял-дэмакратаў выбіраўся ў парламент, быў дырэктарам Нацыянальнага тэатра, Міністрам адукацыі, узнагароджаны Ордэнам Трох Зорак. Да таго ж у памяці людзей Яніс Райніс застаўся як абаронца правоў беларусаў Латвіі. У Сэйме ён прадстаўляў беларускую дыяспару краіны, пры ягоным удзеле адкрываліся беларускія школы й гімназіі. У Даўгаўпілсе на вуліцы Варшаўскай паспяхова працавала, маючы аўтарытэт у жыхароў, дзяржаўная беларуская гімназія. Пра тое нагадвае цяпер толькі мемарыяльная дошка на сцяне жылога шматкватэрнага дома. Дарэчы, у Латвіі сёння дзейнічае толькі адна беларуская школа — у Рызе, і яна носіць імя Янкі Купалы — беларускага Песняра, з якім Райніс пазнаёміўся на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ў Мінску ў 1926 годзе. Тады й пачалася дружба двух першых народных паэтаў сваіх рэспублік.

У Даўгаўпілс Райніс яшчэ раз вяртаўся ў 1927 годзе — у статусе Міністра адукацыі. Нядзіўна, што бюст паэта ў гістарычным цэнтры горада ўсталяваны перад Даўгаўпілскім універсітэтам, дзе вывучаюць творчасць класіка латышскай літаратуры. Штогод там праходзяць Дні паэзіі, прымеркаваныя да 11 верасня: дня нараджэння Райніса. Сам Райніс быў выдатна адукаваны чалавек. Вядома, што ён, юрыст, дасканала валодаў нямецкай ды рускай мовамі, свабодна размаўляў на італьянскай, вывучаў французкую й латынь, гаварыў на латгальскай, літоўскай, беларускай, польскай, разумеў ідыш. З любым жыхаром Латвіі Райніс мог паразмаўляць на ягонай роднай мове! У палітыцы ён праславіўся як актыўны абаронца нацыянальных меншасцяў.

Райніс з намі заўсёды побач

У двух кварталах ад месца, дзе ўсталяваны бюста паэта, ёсць вуліца Райня: між чыгуначнай ды аўтамагістралямі. Наогул, у сучаснай Латвіі няма горада “без Райніса”: ягонае імя носяць вуліцы, плошчы, бульвары, паркі, помнікі, музеі. Што цікава: на вуліцы Райня быў першы офіс Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (адкрыты ў 1999 годзе), працавала Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Цяпер ЦБК — у гістарычным цэнтры на вуліцы Алейнай (Алеяс), якая перасякаецца з вуліцай Райня. Так што Райніс з намі — заўсёды побач.

І яшчэ адно месца Даўгаўпілса звязанае з імем Райніса: на Лютэранскіх могілках горада пахаваны бацька паэта, Крыш’яніс Пліекшанс (1825–1891). Ягоная магіла дагледжаная заўсёды. Ненамнога перажыла мужа й Дарта Пліекшанэ (1828–1899): яна пахаваная на Стара-Сямёнаўскіх могілках у Віцебску. Бо якраз у беларускім горадзе пад паліцэйскім наглядам пасля ссылкі знаходзіўся яе зяць, разам з ім паехалі туды ягоныя жонка й цешча — гэта значыць сястра й маці Райніса. (Трохі удакладняем гэты факт. Вядомы паэт і, як і Райніс, кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі Сяргей Панізьнік у тэксце “Песні-вёсны — у дыфузіі культур” (інтэрнэт-сайт “Созвучие”, 19.04.2019) падае такую інфармацыю: “31 сакавіка 1899 года Райніса й Стучку як “палітычных злачынцаў” царскія ўлады асуджаюць на высылку й пасяленне ў Вяцкую губерню. Дарта — уражлівы, сардэчны чалавек — не магла вытрымаць цяжару сямейных нягодаў. У тым жа 1899 годзе, пражыўшы ў Віцебску разам з дачкой Дорай, жонкай Пятра Стучкі, толькі год, яна 18 красавіка памірае ад кровазліцця ў мозг. Віцебская зямля прыняла яе на апошні схоў. Маці Райніса была пахаваная на старадаўніх Лютэранскіх могілках. Цяпер зарослы хмызняк можна знайсці на так званых Стара-Сямёнаўскіх могілках на Юравай Горцы”. Цікавае назіранне выпісаў спадар Сяргей, даўні вялікі сябар Латвіі, таксама й наконт магчымых беларускіх этнічных каранёў Райнісавай маці: “А нарадзілася маці Яніса Пліекшана ў 1928 годзе на хутары Грыкмалеі. Паходзіць з роду Грыкоўскіх. Сам Райніс пісаў у аўтабіяграфічнай паэме “Сонечныя гады”, што продкі ягонай маці з Вялікага Княства Літоўскага: “Па паданнях продкі маці з вольнае Літвы баяры” (пераклад Рыгора Барадуліна). Нечакана я выявіў, што на Гродненшчыне расце не грэчка, а грыка: цікавы пераклік з прозвішчам Грыкоўскага”. То можа было б цікава беларускім краязнаўцам з Даўгаўпілса капнуць глыбей: ці не тая грыка, вобразна кажучы, прыўнесла беларускі код у кроў знакамітага паэта? — Рэд.)

Яніс Райніс памёр у Юрмале ў 1929 годзе — на наступны дзень пасля таго, як яму споўнілася 64 гады. Незадоўга паэт напісаў дзяўчынцы, якая прыйшла да яго па аўтограф, апошнія ў сваім жыцці радкі: “Что скажет юному старик почтенный?/ — Живи достойно, не пеняй на жизнь!/ Достичь сего ты должен непременно,/ Есть заповедь — любить. Ее одной держись!”.

Бацькоў магілы — маякі ў жыццёвым моры…

У часе акцыі, прысвечанай памяці Яніса Райніса, у Віцебскім дзяржуніверсітэце імя Пятра Машэрава

Хачу расказаць яшчэ й пра тое, як імя Райніса паяднала Даўгаўпілс і Віцебск. 9 лістапада наш ЦБК сумесна з кафедрай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава правялі акцыю памяці “Тыя, якія не забываюць”. Прысвечана яна была 155‑м угодкам Яніса Райніса (1865–1929) ды злучыла анлайн Даўгаўпілс і Віцебск. Наш цэнтр з універсітэтам — партнёры па супрацы, і была імпрэза з ліку тых, што ўключаны ў праграму нашых кантактаў на гэты навучальны год. Цяпер з‑за каранавіруса шукаем новыя фарматы для дзейнасці, рэальныя сустрэчы пакуль немагчымыя — вось і прыдумалі вебінар на інтэрнэт-пляцоўцы Zoom.

З папярэдняга аповеду бачна: Даўгаўпілс і Віцебск звязаныя праз бацькоў Райніса, якія на могілках гэтых гарадоў пахаваных. Дарэчы, тое, што ў Віцебску пахавана маці паэта ды ягонае заступніцтва за беларускую дыяспару Латвіі ў Сэйме заахвочвае даследчыкаў далей шукаць беларускія родавыя карані Райніса. А 2 лістапада, на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, на магілы бацькоў Райніса леглі кветкі — у абодвух гарадах. (У згаданым тэксце Сяргей Панізьнік апавядае, што ў пошуках магілы Дарты Пліекшанэ дапамагаў яму віцебскі краязнаўца Мікола Плавінскі. “Мы прамінулі вароты да могілак, узведзеныя ў 1889 годзе. Недзе побач былі пахаваныя воіны Сямёнаўскага палка, палеглыя ў баях з напалеонаўскімі захопнікамі. Так паявіліся часткі могілак: лютэранская, праваслаўная, ваенная. А ўвогуле — гэта адзін з самых старых некропаляў у межах горада Віцебска. Мікола Плавінскі знайшоў камень-валун ля Лукішак, дзе рака Лучоса злучаецца з Дзвіной. У кастрычніку 1990‑га валун паставілі непадалёк ад тых старых варотаў. Рыжане — скульптар Вілніс Тытанс, супрацоўнікі Музея Яніса Райніса — паспрыялі адкрыць помны знак на сімвалічнай магіле Дарты Пліекшанэ ў верасні 1991 года: да 126‑й гадавіны народзінаў народнага паэта Латвіі”. — Рэд.)

А 6 лістапада акцыю “Тыя, якія не забываюць” працягнуў вебінар на пляцоўцы Zoom, у якім з беларускага боку паўдзельнічалі выкладчыкі кафедры літаратуры й студэнты, з латвійскага — супрацоўнікі ЦБК і паэты. Усіх віталі загадчыца кафедры Віцебскага дзяржуніверсітэта, дацэнт Алена Крыклівец і кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, магістр Жанна Раманоўская. Мы, беларусы з Даўгаўпілса, спецыяльна да акцыі зрабілі згаданы відэафільм “Райніс і Даўгаўпілс” і паказалі яго віцебскім сябрам. Прафесар Віцебскага дзяржуніверсітэта Ванда Бароўка распавяла пра традыцыі Райніса ў беларускай літаратуры. Загадчыца кафедры, дацэнт Алена Крыклівец (сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Расіі), а таксама дацэнт, празаік і літаратуразнаўца Ганна Навасельцава дзяліліся з удзельнікамі акцыі ўзорамі сваёй літаратурнай творчасці. Далей паэты з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька й Лілія Воранава чыталі свае вершы, прысвечаныя Райнісу, на беларускай мове, Фаіна Осіна — на рускай. Апошняя распавяла й пра штогадовыя Дні паэзіі ды паэтычныя зборнікі, прымеркаваныя да ўгодкаў класіка. Метадыстка ЦБК Марыя Памецька расказала пра Райніса як абаронцу беларускай культуры, выкарыстоўваючы матэрыялы дакладу доктара філалогіі Валянціна Лукашэвіча.

На мове арыгінала вершы Райніса чытала Ірына Апейнанэ, а іх пераклад на беларускую дублявала Галіна Сантоцкая. Дарэчы, у бібліятэцы ЦБК ёсць кніга выбранай паэзіі Райніса на беларускай мове: пераклады зрабілі вядомыя літаратары Беларусі. Завяршылі паэтычнае чытанне радкі верша “Тыя, якія не забываюць” — па назве нашай акцыі памяці.

Як адзначала пазней Алена Крыклівец, вебінар даў магчымасць беларускім студэнтам больш даведацца пра асобу й літаратурную дзейнасць латышскага паэта. Пры тым калегі з Віцебска й Даўгаўпілса змаглі абмяняцца творчымі й навуковымі ідэямі, дамовіцца аб формах далейшай супрацы. Да таго ж мы ўсе пераканаліся: ніякія вірусы й закрытыя дзяржаўныя межы не замінаюць супрацы, зносінам і культурнаму ўзбагачэнню! Так што будзем прымаць “выклікі часу” ды шукаць новыя фарматы. У часе вебінару прагучала ідэя: падрыхтаваць і выдаць зборнік вершаў, прысвечаных Райнісу. Абмяркоўвалася ідэя ўстанавіць ў Даўгаўпілсе вялікі помнік Янісу Райнісу. Мы згадалі, што ёсць яшчэ адна гістарычная асоба, якая злучае два гарады — гісторык Аляксей Парфенавіч Сапуноў. Ягоны бюст усталяваны перад універсітэтам у Віцебску, а ў Даўгаўпілсе нядаўна выйшла факсімільнае перавыданне працы “Инфлянты: Историческія судьбы края, известнаго под именемъ Польскихъ Инфлянтъ” (якая ўпершыню выйшла ў Віцебску ў 1886 годзе). Так што нашая супраца з віцебскімі партнёрамі ў фармаце анлайн прадоўжыцца.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Фота: Ірына Апейнанэ

Ад рэдакцыі. У лісце ў рэдакцыю Жанна Раманоўская дадае: вебінар з Віцебскам для беларусаў Даўгаўпілса тым асабліва каштоўны, што пачаўся “творчы рух” у шматаблічных “сасудах”, перарваных каранавіруснай пандэміяй, што злучаюць іх з Бацькаўшчынай. Звычайна ж, мы ведаем, паездак ды кантактаў штогод шмат. А сёлета, паведамляе кіраўніца ЦБК й таварыства “Уздым”, “у лютым былі мы толькі ў Мінску, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Забралі там перасоўную выставу пра сёлетняга 90‑гадовага юбіляра Уладзіміра Караткевіча — вось і ўсё”.

Будзем спадзяваццца на лепшае — і прыдумваць, выпрабоўваць новыя фарматы ў працы беларускіх суполак. Пра некаторыя з іх, дарэчы, можна пачытаць і ў нашай газеце.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.