Вы тут

З дзяцей вырастае будучыня


20 лістапада ў свеце адзначаўся Сусветны дзень дзяцей. На прэс-канферэнцыях у Доме прэсы з гэтай нагоды гаварылі пра абарону правоў дзіцяці ў нашай краіне, пра дзяржаўную падтрымку адоранай і таленавітай моладзі.


Каманда, якую падрыхтаваў Аляксандр Францкевіч, у 2019 годзе на конкурсе па робататэхніцы ў Дубаі была прызнана лепшай сярод 189 краін свету. На фотаздымку: настаўнік з вучнямі.

20 лістапада ў 1959 годзе была прынятая Дэкларацыя правоў дзіцяці, а ў 1989-м — адпаведная Канвенцыя, што стала першым і асноўным міжнародна-прававым дакументам, у адпаведнасці з якім правы дзіцяці пачалі разглядацца на ўзроўні міжнароднага права. У 1990-м Беларусь далучылася да Канвенцыі. У 1993-м у краіне быў прыняты закон “Аб правах дзіцяці”, а ў 1996-м створана Нацыянальная камісія па правах дзіцяці.

Адно з правоў дзіцяці — права на адукацыю. У Беларусі вядзецца сістэмная праца па выяўленні талентаў, пачынаючы з малалецтва. Гэта робіцца для таго, каб дзеці маглі развівацца, а ў будучыні атрымалі прафесію, сталі спецыялістамі высокага класа.

Праявіць сябе ім дапамагае Спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Лаўрэатамі фонда ўжо сталі 1230 маладых людзей, якія перамаглі ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах, з іх 402 студэнты й 828 навучэнцаў.

За час дзейнасці Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі заахвочванні атрымалі 4254 чалавекі ды 319 калектываў. Найвышэйшая ўзнагарода, гранд-прэмія, была прысуджана 417 суіскальнікам і 57 калектывам. Акрамя заахвочвальных прэмій, стыпендый за перамогі ў конкурсах даюцца й гранты. “Гэта — цікавая форма атрымання сродкаў на рэалізацыю творчых ідэй. На мой погляд, за грантамі будучыня, таму што гэта спосаб, які дае магчымасць чалавеку ў поўнай меры раскрыцца, — расказала рэктар Беларускай дзярж- акадэміі музыкі, старшыня савета Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава. — Акрамя таго, і падтрымка вялікіх праектаў. Так, за кошт грантаў Спецфонда Прэзідэнта рэалізоўваліся маштабныя праекты, скіраваныя на рэалізацыю творчых моладзевых ініцыятываў. Сярод іх — “Талент краіны”, “Дакрананне”, “Музычная спадчына Радзімы”.

З 2010 года ў Беларусі вядуцца й выкарыстоўваюцца банкі дадзеных адораных і таленавітых юнакоў і дзяўчат. Туды ўключаюцца звесткі пра грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі нашай краіны, ва ўзросце да 31 года. У Банк дадзеных адоранай моладзі занесены тыя, каму прысуджаны заахвочванні Спецфонда Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А гэта — пераможцы (І, ІІ, ІІІ месца, дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені, залаты, сярэбраны, бронзавы медаль) міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (конкурсаў, турніраў...). Яны маюць асаблівыя поспехі ў навукова-тэхнічнай творчасці, навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Сярод іх ёсць кіраўнікі, чальцы кіруючых органаў моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, якія карыстаюцца дзяржпадтрымкай. У Банк дадзеных таленавітай моладзі ўключаюцца тыя, каму прысуджаны заахвочванні Спецфонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта звычайна пераможцы (Гран-пры, І, ІІ, ІІІ месца, дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) міжнародных і рэспубліканскіх мастацка-творчых імпрэзаў, тэле- і радыёпраектаў.

У першым паўгоддзі 2020 года ў Банк дадзеных адоранай моладзі дадалася інфармацыя пра 639 грамадзян, цяпер іх — 6180. А ў архіў занесены звесткі пра 16168 адораных.

У Банку дадзеных таленавітай моладзі — звесткі пра 672 грамадзян і 233 калектывы, у архіве банка — звесткі пра 2263 таленавітых людзей.

Важна, што юнакі й дзяўчаты з Банка дадзеных адоранай і таленавітай моладзі маюць права на пазачарговае атрыманне жылога памяшкання ў інтэрнаце ў перыяд навучання, на першачарговае размеркаванне пасля заканчэння ВНУ. Калі ж такі выпускнік становіцца маладым спецыялістам, ён мае права на надбаўку да тарыфнай стаўкі, акладу. У адораных і таленавітых маладых людзей таксама ёсць права на атрыманне ільготнага крэдыту на будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё жылля. Апошнім часам у Беларусі збіраюцца ўвесці новыя ільготы для адоранай моладзі пры паступленні ў ВНУ. На прэс-канферэнцыі начальніца ўпраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Аляксандра Пятрова расказала, што ў правілы паступлення плануецца ўнесці пункт пра алімпіяды ўнутры ВНУ, пераможцы якіх будуць на ільготных умовах паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Мінадукацыі праводзіць штогадовы конкурс і на атрыманне грантаў для выканання навукова-даследчых работ. Такая падтрымка скіраваная на стварэнне дадатковых умоў для стымулявання таленавітых навукоўцаў. Ну і, вядома, важны элемент сістэмы падтрымкі — Спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Дзяржава аказвае падтрымку й таленавітым школьнікам. Як расказала галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мін- адукацыі Наталля Іванова, уся сістэма конкурсаў, якая існуе на школьным узроўні, дае магчымасць заўважыць асаблівасць, гатоўнасць да працы, зацікаўленасць у вывучэнні таго ці іншага прадмета ў дзяцей.

Прадстаўнікі Мінадукацыі распавялі аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: ён будуецца ў Першамайскім раёне сталіцы, бліжэй да МКАД, паміж 15-м корпусам БНТУ й жылым комплексам “Магістр” (па вуліцы Францыска Скарыны) і ўключае ў сябе тры аб’екты: вучэбна-лабараторны корпус, інтэрнат і школу. Комплекс ствараецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта. Пры навучанні адораных дзяцей там будуць выкарыстоўваць так званы міждысцыплінарны падыход — па прыкладзе расійскага адукацыйнага цэнтра “Сириус” у Сочы. Дзіцячы тэхнапарк у Беларусі будзе рэалізоўваць новую праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі па аэракасмічных тэхналогіях, інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогіях, лазернай тэхніцы й тэхналогіях, біятэхналогіях, робататэхніцы, “зялёнай” хіміі, нанатэхналогіях, энергетыцы, машынах і рухавіках, інжынернай экалогіі, архітэктурным і прамысловым дызайне. Адораныя дзеці змогуць займацца й навуковымі даследаваннямі. Акрамя таго, у дзіцячым тэхнапарку будуць ладзіцца кароткатэрміновыя азнаямленчыя праграмы, у тым ліку для дзяцей з рэгіёнаў. Праграма для адораных дзяцей арыентаваная на вучняў 6-11 класаў, і ўжо ў студзені 2021-га ў эксперыментальным рэжыме пачнуць працу тры групы.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.