Вы тут

У Бялградзе, на пачэсным пасадзе


Даяна Лазарэвіч даслала відэавестку з Сербіі: там выйшаў з друку зборнік паэзіі Янкі Купалы — у яе перакладах


Гэтая пісьменніца, перакладчыца, бачыцца мне, цяпер — у ліку найбольш актыўных літаратараў замежжа, хто дзейсна спрыяе пашырэнню ў сваёй краіне беларускай літаратуры. Мы пісалі раней: Даяна Лазарэвіч пераклала ўжо на родную ёй мову зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча (“Дзякуй, Даяна! — ГР, 27.07.2017). Падзея была ўнікальная: кніга “Венац” выйшла ў Бялградзе да 100-годдзя з дня памяці паэта, яе прэзентацыя была ў Мінску: у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Спецыяльна ў Мінск прыязджала перакладчыца. Мы згадвалі: сярод тых, хто спрыяў выхаду кнігі ў Сербіі — вядомы славіст, доктар філалагічных навук, акадэмік Сербскай акадэміі навук Іван Чарота й былы Амбасадар Беларусі ў Сербіі Уладзімір Чушаў. Былі ў Даяны іншыя цікавыя перакладчыцкія праекты, але ж гэты, відаць, найбольш значны ў апошнім часе.

Адкрываем відэа. “Добры дзень! З вамі гаворыць Даяна Лазарэвіч — перакладчыца з Бялграда, з Сербіі”. Бачна, што сяброўка нашай краны ў добрым настроі. Дзеліцца з сябрамі ў Беларусі цудоўнай навіною: выйшаў зборнік паэзіі Янкі Купалы на сербскай мове ў яе перакладзе. Здзейсніла выданне выдавецтва “Алма” ў Бялградзе, наклад зборніка — 300 асобнікаў. “Кніга цудоўная! І я вельмі ганаруся, што яна выйшла, — кажа Даяна Лазарэвіч. — Нават не магу вам выказаць, наколькі я шчаслівая! Што такая пярліна беларускай літаратуры выйшла ў Сербіі! Што мне выпаў вялікі гонар — быць перакладчыцаю гэтай кнігі!”.

Далей Даяна прачытала вядомы верш Янкі Купалы “Спадчына” на сербскай мове, які, прызнаецца, вельмі-вельмі любіць у арыгінале. Віншуем з новым творчым поспехам, шаноўная Даяна: і вас, і згаданага ўжо прафесара Івана Чароту — ён выступіў складальнікам зборніка. Вашая дзейнасць, безумоўна, спрыяе адладжванню культурных сувязяў паміж братнімі Беларуссю й Сербіяй.

Напрыканцы заўважым, што відэавестку ад Даяны Лазарэвіч пераслаў нам і Алесь Суша — намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Прычым у ягоным пісьме прозвішча перакладчыцы напісана: Лазарэвіч. Мы спрабавалі ўступіць у спрэчку: маўляў, Даяна пісала, што яна — лАзаравіч, а не лазарЭвіч. Я пра тое спецыяльна ў яе цікавіўся, да таго ж мы ў супрацы: яна й мае вершы пераклала, друкавала на сербскай мове ў адным з часопісаў. Аднак спадар Алесь аргументаваў сваю пазіцыю маўленнем самой перакладчыцы — спасылка на відэа тут: https://drіve.google.com/fіle/d/1AqNіVg?8rW1jAjwsqJtpІWk7_4uaRQME/vіew. І яшчэ патлумачыў: прозвішча мае націск на перадапошні склад, па-сербску Лазаревић. Паводле правілаў перадачы замежных прозвішчаў на беларускую мову, націск у іх не мяняецца. А калі так, разважае Алесь Суша, то пасля зацвярдзелага “р” можа пісацца толькі націскное “э”, але ніяк не “е”, і не “а”.

Прымаем слушныя аргументы — што й бачна ўжо ў гэтым тэксце.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?