Вы тут

Ствараецца вiртуальная база, прысвечаная творчасцi «Маладняка»


28 лiстапада 1923 года ў мiнскiм камсамольскiм клубе «КIМ» сабралiся шэсць маладых пiсьменнiкаў: Мiхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровiч, Язэп Пушча — i вырашылi стварыць лiтаратурнае аб'яднанне, якое ўвойдзе ў гiсторыю беларускай лiтаратуры пад назвай «Маладняк». Здавалася б, да 100-годдзя ўтварэння гэтага першага на тэрыторыi Беларусi прафесiйнага лiтзгуртавання яшчэ далёка, а Нацыянальная бiблiятэка ў супрацоўнiцтве з партнёрамi ўжо рэалiзуе праект «На хвалi часу, у плынi жыцця», прывязаны да юбiлею. Цi не зарана?


Насамрэч гэта была вельмi добрая iдэя. Да юбiлею арганiзатары праекта плануюць стварыць шыкоўную iнфармацыйную базу, прысвечаную «Маладняку». Усё ж гэта лiтаратурная арганiзацыя адыграла вялiкую ролю ў развiццi беларускай лiтаратуры ХХ стагодддзя. Тут пачыналi творчы шлях многiя класiкi, напрыклад, Пятрусь Броўка, Мiхась Лынькоў, Уладзiмiр Дубоўка, Пятро Глебка i iншыя. На пiку свайго развiцця лiтаратурнае аб'яднанне збiрала да 500 сяброў. Яго фiлiялы стваралiся ў гарадах i мястэчках. Аб'яднанне займалася выхаваўчай работай сярод моладзi, выяўляла таленты, наладжвала лiтаратурныя сувязi з пiсьменнiкамi iншых рэспублiк. «Маладнякоўцы» верылi, што iх дзейнасць неабходная, бралi на сябе мiсiю па стварэннi новай нацыянальнай лiтаратуры.

Не ўся спадчына, якую нам пакiнулi пiсьменнiкi тых часоў, вывучана i перапрацавана. Трэба не толькi аддаць данiну павагi творцам з «Маладняка», але i паглядзець, як мы можам выкарыстаць гэтыя лiтаратурныя багаццi для асэнсавання жыцця, гiсторыi, менталiтэту беларусаў.

Новы фармат

Праект «На хвалi часу, у плынi жыцця» — сумесная работа Нацыянальнай бiблiятэкi, Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры, Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва i Выдавецкага дома «Звязда» (у прыватнасцi, часопiса «Маладосць»).

— Мы аб'ядноўваем самыя розныя iнiцыятывы, звязаныя з пiсьменнiкамi-«маладнякоўцамi», чые юбiлеi ўжо былi адзначаны, — заўважыў намеснiк генеральнага дырэктара па навуковай рабоце i выдавецкай дзейнасцi Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi Алесь Суша. — На розных пляцоўках ладзiлiся выстаўкi, праводзiлiся круглыя сталы i канферэнцыi, ладзіліся вечарыны, выдавецкiя праекты... Ахоплiваючы такi вялiкi абсяг, мы працягваем пошукi форм падачы традыцыйнага матэрыялу, каб ён кранаў сэрцы людзей. Прычым трансфармацыя ў рабоце бiблiятэкi пачалася не ў час пандэмii, а значна раней.

Iнтэрнэт-праект, якi ствараецца на базе партала «Нацыяналкi», дазваляе шырока прадставiць жыццё i творчасць класiкаў. Тут iмкнуцца паказаць iх творы, прыжыццёвыя публiкацыi, архiўныя дакументы, фатаграфii з фондаў бiблiятэкi, архiваў, музеяў, многiя з якiх раней нiдзе не друкавалiся. Збiраюцца аўдыя- i вiзуальныя матэрыялы, падаюцца звесткi наратыўнага характару: апiсаннi, успамiны, лiставаннi. Увесь гэты матэрыял канцэнтруецца ў адным месцы, i карыстальнiку ў далейшым не спатрэбiцца па кроплi збiраць звесткi па розных установах.

Выхад у вiртуальную прастору дазволiў значна пашырыць аўдыторыю. Маштабны лiтаратурны праект, прысвечаны пiсьменнiкам-«маладнякоўцам», абудзiў цiкавасць да лiтаратуры 20—30-х гадоў мiнулага стагоддзя ў маладога пакалення. Так, на конкурс iнтэрнэт-чытальнiкаў «О Беларусь, мая шыпшына», што ладзiцца ў межах гэтага маштабнага праекта, паступiла ўжо больш за 700 творчых работ удзельнiкаў рознага ўзросту з усiх абласцей Беларусi i нават з замежжа.

Падарунак вiртуальным даследчыкам

Працягвае напаўняцца новымi звесткамi iнфармацыйная база. На сайце Нацыянальнай бiблiятэкi прадстаўлены часопiсы, альманахi i кнiгi асобных аўтараў — сяброў «Маладняка». Ствараюцца асобныя вiртуальныя старонкi, прысвечаныя пэўным асобам. У межах праекта ўжо пададзены матэрыялы, якiя збiралiся да юбiлеяў Валерыя Маракова, Адама Бабарэкi, Уладзiмiра Дубоўкi, Кузьмы Чорнага, Уладзiмiра Хадыкi. А ў гэтым месяцы быў прэзентаваны вiртуальны раздзел, прысвечаны 115-годдзю выдатнага беларускага паэта, празаiка, нарысiста, крытыка Яна Скрыгана.

На гэтыя iнтэрнэт-старонкi варта завiтаць, каб даведацца не толькi пра вядомыя факты накшталт таго, што Ян Скрыган узяў удзел у стварэннi 12-томнiка Беларускай савецкай энцыклапедыi, за што атрымаў дзяржаўную прэмiю, але i раней невядомыя старонкi яго бiяграфii. Багата матэрыялу прадставiла дачка пiсьменнiка Галiна Скрыган: унiкальныя фатаграфii, дакументы, кнiгi. Тут вы зможаце пазнаёмiцца з творамi, якiя захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бiблiятэкi, у тым лiку з васьмю паўнатэкставымi дакументамi, якiя можна спампаваць, не выходзячы з дому, сабе на камп'ютар. Акрамя гэтага, пададзены i пераклады пiсьменнiка. Супрацоўнiкi падрыхтавалi прыжыццёвы спiс публiкацый Яна Скрыгана, што выходзiлi ў перыядычным друку i захоўваюцца ў фондах бiблiятэкi. Даюцца звесткi, у якiх мастацкiх зборнiках друкавалiся творы пiсьменнiка. Змешчаны тут i крытычныя артыкулы, прысвечаныя яго творчасцi. Вельмi цiкавыя падраздзелы, што знаёмяць нас з творчай лабараторыяй мастака. Так, у час работы над творам аўтар мог ствараць некалькi варыянтаў. Напрыклад, у архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва захоўваецца пяць варыянтаў апавядання «Два немцы», два з iх алiчбаваныя для сайта. Магчыма, вам захочацца паглядзець i заключэнне да рукапiсу Петруся Броўкi «Калi злiваюцца рэкi» — Ян Скрыган сябраваў з Броўкам, па запрашэннi якога далучыўся да работы ў выдавецтва БелСЭ, i па яго ж асабiстай просьбе рэдагаваў рукапiс яго эпапеi. Наступны падраздзел — лiсты i рэчы Яна Скрыгана. Сюды ўвайшла перапiска пiсьменнiка з Янкам Брылём, Максiмам Танкам. Супрацоўнiкi Нацыянальнай бiблiятэкi наладзiлi кантакт i з гiсторыка-краязнаўчым музеем «Бацькаўшчына», якi знаходзiцца ў аграгарадку Каменка Капыльскага раёна i можа пахвалiцца цудоўнымi экспанатамi, сярод якiх даматканыя паясы i кiёчкi, якiя выразаў Янка Скрыган i дарыў сябрам...

Цяпер вы ўяўляеце, якую неверагодную работу неабходна было здзейснiць арганiзатарам праекта «На хвалi часу, у плынi жыцця», колькi сабраць разнастайнай iнфармацыi! I iм гэта сапраўды ўдалося.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?