Вы тут

Школцы-“Вясёлцы” цяпер 25!


Беларуская нядзельная школа ў Даўгаўпілсе, праз якую прайшло звыш 150 вучняў, адзначала юбілей анлайн з выкарыстаннем Zоом-платформы


Юбілей школы — гэта і свята яе педагогаў розных гадоў

Сёлета ўвосень з‑за каранавіруса школа “Вясёлка” так і чакае выхаванцаў, а 25 кастрычніка 2020 года сустракала гасцей. І свята ў нас атрымалася анлайн!

У ранейшыя гады першы званок у школе гучаў, калі адзначаўся Дзень настаўніка. Сёлета ж навучальны год мы пачалі… у Рызе: удзелам у свяце “Vіenotі sporta!” (“Адзіныя ў спорце!”). Паездка ўдалася дзякуючы праекту таварыства “Уздым” і суфінансаванню Даўгаўпілскай гардумы. А Свята першага званка правялі, адзначаючы 25‑годдзе беларускай школы, якая працуе пры таварыстве “Уздым” у памяшканні Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). І па “каранавірусных” прычынах першы тэматычны ўрок прайшоў у новым фармаце: с выкарыстаннем Zоом-платформы.

Зала, дзе праходзіла ўрачыстасць, была ўпрыгожана. Завіталі да нас консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, старшыня таварыства “Уздым” і кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, чалец Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Станіслаў Валодзька, бацькі ды настаўнікі. Пачалася імпрэза з “Песенкі вясёлкі” на словы Станіслава Валодзькі (музыка Альберта Белуся) — спявала супрацоўніца ЦБК Настасся Лукашонак. Дарэчы, прэм’ера песні (выконваў вакальны гурт “Пралескі”) была на свяце 20‑годдзя школы — і стала песня школьным гімнам.

Першыя сёлетнія школьныя заняткі мы прысвяцілі Дню пісьменства ў Беларусі, які, як вядома, штогод праходзіць на пачатку верасня. Распавялі, што адбываецца на падобных святах, а прэзентацыя Алены Радзівонавай пазнаёміла з іх слаўнай гісторыяй. А пра дзейнасць беларускіх школ у першай палове XX стагоддзя ў Латвіі расказаў краязнаўца Мікола Паўловіч. Ён жа зладзіў цікавую выставу падручнікаў для беларускіх школ розных часоў. Потым я расказала пра галоўныя дасягненнямі “Вясёлкі”, для нагляднасці скарыстоўваючы падрыхтаваную разам з Аленай Радзівонавай фотапрэзентацыю.

А ганарыцца нам ёсць чым! У школе традыцыйна праходзяць святы першага і апошняга званка, Каляды, Вялікдзень. Адзначаюцца Гуканне Вясны, Саракі, Купалле, Дажынкі, Багач. На ўрокі запрашаем цікавых асоб. У нас бывалі ўнучка Якуба Коласа й Янкі Маўра Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, майстрыха з Браслава Ларыса Дарафейчык, паэт Станіслаў Валодзька, краязнаўца Мікола Паўловіч, студэнты мясцовага ўніверсітэта, настаўніца з Браслава Віта Чэркас і дзеці Браслаўскай гімназіі. Выхаванцы “Вясёлкі” ўдзельнічаюць у розных віктарынах і конкурсах, знаёмяцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, вывучаюць беларускую мову. Яшчэ адзначу, што ў працы школы ўдзельнічае моладзь “Уздыма”. Такая дапамога надзвычай патрэбная, калі ладзім святы й заняткі, рыхтуем ды ажыццяўляем культурна-адукацыйныя праекты. Вучні школы ўдзельнічаюць і ў святах “Уздыма”: без нас не абыходзіцца “Беларускі кірмаш”, “Гуканне Вясны”, Дні беларускай культуры… Нашы вучні наведвалі Браслаўскую гімназію, Рыжскую беларускую асноўную школу, былі на Прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску, паўдзельнічалі ў міжнародных конкурсах малюнкаў па творах Пімена Панчанкі, Янкі Маўра, Еўдакіі Лось, неаднаразова ўдзельнічалі ў згаданым спартыўным свяце ў Рызе, хадзілі ў паходы — з начлегам ды вогнішчам. Нашу дзейнасць падтрымліваюць бацькі.

Выстава беларускіх падручнікаў першай паловы ХХ стагоддзя

Варта згадаць тых, хто працаваў у розныя гады ў “Вясёлцы”: гэта Вольга Паўловіч (заснавальніца школы, першая настаўніца, і цяпер праводзіць заняткі па беларускай мове), Таццяна Бучэль (праводзіла гістарычныя конкурсы), Галіна Сантоцкая (ладзіць традыцыйныя беларускія святы, знаёміць дзяцей з беларускім фальклорам). У свой час настаўнікам дапамагалі Маргарыта Мілушава й Зінаіда Сіліня, Аннітэ Петкунэ (займалася з дзецьмі тэатральнай дзейнасцю). У мяне ж цяпер “пасада” куратара школы, я рыхтавала дакументы для атрымання школай ліцэнзіі, пісала праекты, якія фінансаваліся Даўгаўпілскай гарадской і краявой думай, праводжу заняткі па беларускай літаратуры, пішу сцэнары святаў для дзяцей. Таццяна Блізнакова праводзіць музычныя заняткі, рыхтуе выступленні дзяцей на святах, а згаданая Алена Радзівонава — настаўніца гісторыі, арганізатар конкурсаў малюнкаў ды святаў.

На юбілейнай імпрэзе мы слухалі па відэасувязі вершы, якія чыталі вучні “Вясёлкі” Сафія Блізнакова ды Павел Кузьміч. Са святам дзяцей і настаўнікаў павіншавала консул Галіна Найдзёнава, пры тым настаўнікі атрымалі падзякі ад консульства. І Саюз беларусаў Латвіі (СБЛ) даслаў нам віншавальны ліст. Цёплыя словы падзякі за працу настаўнікам выказала Жанна Раманоўская ды ўручыла нам падарункі, якія спатрэбяцца на занятках, кветкі настаўніцам. Вучні ж атрымалі й асабістыя падарункі: нататнікі, фірменныя пакеты з эмблемай школы, ручкі й беларускія шакаладкі. Павіншаваў нас і паэт Станіслаў Валодзька: чытаў свае жартоўныя вершы, загадваў загадкі, падарыў школе сваю кнігу “Калі ласка, казка”.

Ад імя настаўнікаў Вольга Паўловіч падзякавала за віншаванні, за ўдзел у свяце ды ўручыла Жанне Раманоўскай падарунак ад настаўнікаў — з падзякай за падтрымку школы. Вольга казала й пра тое, што рыхтуецца да выдання кніга пра 25‑гадовы юбілей школы. Ад імя бацькоў добрыя словы казалі Айна Марчанка, Таццяна Дзянісава, Людміла Абарон. Дарэчы, сёлета запісаліся ў школу новыя вучні — дзеці супрацоўнікаў Беларускага консульства ў Даўгаўпілсе. Згадвалі мы й сваіх выпускнікоў. І што ў 2016‑м школу закончылі Ксенія Славецкая ды Ілона Раманоўская, а ў 2019‑м атрымалі першыя пасведчанні аб заканчэнні школы Караліна Казачонак, Надзея і Марына Чарновы. Цікавымі ўспамінамі пра сваю вучобу ў школе падзялілася Алена Бучэль, а яна ўжо водзіць у школу сваіх дзетак: Паўла й Кацярыну.

Мы віншавалі выхаванцаў “Вясёлкі”, якія паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах малюнкаў. За ўдзел у конкурсе “Родны край маіх дзядоў” (праект “Уздыма”) падзякі атрымалі: Кацярына Кузьміч, Акім Воранаў, Арвід Сантоцкі, Ева Малышава, Надзея й Марына Чарновы. За ўдзел у конкурсе Цэнтра беларускай культуры “Радзіма” горада Таліна “Пяюць паэты на зямлі…” да 90‑годдзя Еўдакіі Лось падзякі атрымалі Караліна Казачонак і Марына Чарнова, дыплом за ІІІ месца — Надзея Чарнова.

Паводле даўняй традыцыі навучальны год у школе пачынаецца з першага званка. Гонар даць яго на гэты раз выпаў беларускаму консулу Галіне Найдзёнавай. Што, лічым, вельмі сімвалічна: гэта ж нібы сама Беларусь блаславіла нашу “Вясёлку”, яе вучняў і настаўнікаў у добры шлях у Краіну ведаў.

Людміла Сінякова, куратар школы, сябар праўлення суполкі “Уздым”, сябар праўлення Саюза беларусаў Латвіі

Фота: Мікола Паўловіч

Ад рэдакцыі. Дорым усім, хто спалучаны ніцінамі беларускіх лёсаў з нядзельнаю школай у Даўгаўпілсе, святочны вершык — у стылістыцы дзіцячага ранішніка.

Школцы-“Вясёлцы” цяпер — 25!

Рады са святам сяброў віншаваць!

Хай зіхаціць, ды на колеры ўсе

Школка-“Вясёлка” — у Даўгаўпілсе!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».