Вы тут

Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Калькуляцыя


АБЫ

абыкалі

абыдзе

абыякуваўсіх

абы

абы

абынебыловайны

абы

абы

абыгрошы

абы

абы

абынечапалі

абы

абы

абыціха

абы

абы

абышлося

абы

абы

а быў?

 

[ПАЛІ(ЦЬ)]

паліў Герастрат

ты таксама палі

газай гэты часопіс

і палі

а калі

усё дарэшты згарыць

бяры попел

угнойвай палі-

вай даглядай палі

пустазелле

пасля ўраджай збяры

вогнішча ўвосень палі

убівай па́лі

будуй масты

а пасля —

ну ты зразумеў?..

 

БАБУЛЯ КАЛЬКУЛЯТАР

усё жыццё

калі мераць меркаю дантавай

бабуля прарабіла бухгалтарам-калькулятарам

і ў другім жыцці не думае спыняцца

штодзённа займаецца калькуляцыяй

бабуля ўжо многа гадоў нічога не бачыць

але штомесяц 17-га чысла

яна доўга стаіць ля акна круціць

у руках купюры якія прынесла паштарка

бабуля лічыць

доўга абмацваючы кожную паперку

практыкуецца каб бачыць рукамі

на дзявятым дзясятку

бабуля лічыць

колькі дзён ёй адпушчана

гаворыць што надакучыла

бабуля лічыць

кожную больку і сутаргу

але ненавідзіць таблеткі

бабуля лічыць

кожны крок па кватэры

але за кожным разам ступае

як мага асцярожней

каб крый божа не ўпасці

 

 

ТРАНСТРОМЕР І АКУЛЯРЫ

твае акуляры ляжалі на

кніжцы Транстромера нібы

намякаючы што глядзець на

гэтую кніжку трэба праз

павелічальныя

шкельцы і паэзія ў прыватнасці

шведская дазваляе зірнуць на

свет такімі вачыма як у

 маленстве пакуль не

 насіў акуляры

 

УСЯГО НАЙЛЕПШАГА

ні табе мора ні гары

туман ды хмары ды вятры

ляжыш нагамі дагары

і разважаеш — а гары

яно ўсё гарам

а мо да чорта ўсё стары

скруціць адсюль у пяты рым

бывай

всего

wszystkiego[1]

viso gero[2]

 

ГЛАСАЖ

чаравікі ў карычневым рабацінні

хто ім зробіць гласаж?

 

аднойчы цешча паспрабавала

і наказала рабіць так заўсёды.

— як ты можаш

хадзіць у такім брудным абутку?!

 я б не пайшла да цябе.

 

з тае пары

я стаў ваксаваць чаравікі

мяне хапіла на тыдзень

 

штодня я лётаю ад кліента да

 кліента і мне бракуе

чысцільшчыкаў абутку.

але не зайздрошчу ўладальнікам

Allen Edmonds ці Salvatore

бо тыя хто сёння ім робіць гласаж

 заўтра выкарыстаюць абутак

у якасці зброі

 

* * *

Прыцемкі шамацяць пад нагамі

Водар грэцкага арэха ў паветры

Восень пасярод дарогі

 

* * *

Бабуля ляжыць на ложку

І матляе нагой.

А калісьці яна казала ўнукам

Не матляйце нагамі – не гушкайце чорцікаў.

Бабуля паўдня спіць

Паўдня гушкае чорцікаў

 

№ 4 «Полымя», 2020

 

[1] Усяго найлепшага (разм., пол.).

[2] Усяго найлепшага (літ.).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.