Вы тут

Фёдар Гурыновіч. Непрыкаяныя зоркі


ПІСЬМОВЫ СТОЛ

Які там пісьмовы стол!

Прырода — мой дом бясцэнны.

Нябёсы — ну чым не столь?

А лес — ну хіба ж не сцены?

 

І тут ні пры чым прагрэс,

Бо ўпэўнены: я не першы,

Хто ў поле бяжыць ці ў лес,

Каб думаць спакойна вершы.

 

І ўлетку, і па вясне

Іду да зямлі з пашанай.

Не трэба алоўка мне,

Ні ручкі для тых абшараў.

 

А ўсё ж, як вады глыток

З дзяцінства жывой крыніцы,

Прыходзіць ка мне радок.

А зрэдку яшчэ й прысніцца.

 

Імкнецца ён на прасцяг,

Трапеча, адчайна б’ецца…

Як маці сваё дзіця,

Выношваю верш пад сэрцам.

 

БАГІНЯ

Сівізна ўсё смялей асядае

На гарачыя скроні штодзень.

Дзе ты, наша зара маладая,

Захапленні юначыя дзе?

 

Адышло, адгуло, адбалела,

Парасло ціхім сумам наскрозь,

Адшугала чаромхаю белай.

І не вернецца ўжо маладосць.

 

І змяшаліся восеньскай ранню

У душы маёй радасць і боль.

І не трэба спяшаць на спатканне

Быстракрылаю кнігаўкай больш.

 

І абраная мною багіня

Стала простай жанчынай зямной…

А ўспаміны цвітуць дарагія

Незабудкавай чыстай вясной.

 

І нічога забыць немагчыма —

Сэрца згадкі ў сабе беражэ.

І багіня, што стала жанчынай,

Мне сягоння ўдвая даражэй.

 

ВАСІЛЬКІ

Уткнута ў жвір зламанае вясло.

На алавяным плёсе сонца стыне.

І неба — як зацемненае шкло,

І тлее ліст апошні на асіне.

 

І, як ні дзіўна, побач васількі,

 Палонячы душу мне вострым жалем,

Яшчэ цвітуць адчайна ўзбоч ракі,

 Дзе ў ліпені жыты каласавалі.

 

Яны — як крыльцы сумных матылькоў,

З якіх пылок абсыпаўся блакітны.

І ў восені, пагодлівай такой,

Ёсць перавага.

Круцішся ў бакі ты,

 

Нібы ў чужым жытле цікаўны госць,

Увагаю агульнаю сагрэты,

Каб гэтую запомніць прыгажосць,

Адлюстраваць да будучага лета.

 

Яснее неба, і бачыцца здалёк

Ракі зарослай вузкая палоска.

І развітальны сіні васілёк

Услед махае выцвілым пялёсткам.

 

ВЫРАЙ

Блякне чырвань на асінах,

Там, блукаючы да стомы,

Вецер змёў крылом гусіным

Зоркі з небнае прасторы.

 

І блішчаць яны на плёсе

Карасёваю лускою.

Цягне вырай шматгалоссе

Над радзімаю вясковай.

 

Цягне вырай сум на поўдзень,

Растрасаючы аблокі.

Хутка снег з іх мокры пойдзе

На пустэльныя аблогі.

 

А пакуль што дождж цярусіць —

Шапялявы, нудны, золкі…

І змятаюць з неба гусі

Непрыкаяныя зоркі.

 

ЖАДАННЕ

Прагна выхапяць фары

З-за маркотных стагоў

Непакорныя фарбы

Лугавых мурагоў,

 

Маладую атаўку,

Што з-пад колаў цячэ,

З пахам піжмавым даўкім.

Ён лунае яшчэ

 

Над асеннім прасёлкам

У начныя часы

З перамігам вясёлым

Зелянковай расы.

 

Хутка спыніцца трактар

Ля лажка, дзе мяжа.

І захочацца раптам

На траве паляжаць,

 

Лета душнае ўспомніць,

Сінь-прастор для вачэй.

А ці чуеце? — Конік

Скрыпку мучыць яшчэ,

 

Хоча зімку адпрэчыць

Да наступнага дня.

Але ж вечар за плечы

Запусціў алядня.

 

Ірвануць бы рухава

У сяло насамперш:

З гэтай позняй атавы —

Ды на маміну печ.

 

ШЧЫРАСЦЬ

Церамок мурашыны,

Першых ландышаў стрэлкі —

І няма на душы ўжо

Аніякае стрэмкі.

 

Гэты ўтульны, дамашні,

Свойскі лес над ракою

Смутак твой учарашні

Здыме, быццам рукою.

 

Хвоі з пахам вашчыны,

І гаёк, і прасёлак

Прапануюць вам шчыра

Сотні лекавых зёлак:

 

Васількі, маргарыткі,

І зязюльчыны слёзкі,

І званочак някідкі,

І рамонка пялёсткі,

 

Россып пацерак рэдкіх

Пастушынае сумкі…

Толькі травы і кветкі,

Толькі птушкі і думкі.

 

№ 5 «Полымя», 2020

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.