Вы тут

Адам Глобус. Цесць


Срэбра

Шмат праблем знікае, калі ў сям’і ёсць урач. Іван Барысавіч Бяляеў быў выдатным стаматолагам, ён добра арыентаваўся ў розных, нават у самых новых, леках. Так і мусіла быць. Як у кожнага ўрача, у Івана Барысавіча былі свае захапленні. Іван Бяляеў любіў срэбра. Нехта з медыкаў захапляецца спрынцоўкамі, камусьці падабаюцца шпрыцы і скальпелі, а доктара Бяляева натхняла срэбра. Ён любіў яго ў «Дэрмазіне» — сульфадзіне срэбра, любіў у фотапаперы, любіў і ў ювелірных упрыгожваннях. Доктар Бяляеў у белым накрухмаленым халаце і выглядаў срэбным чалавекам, які здольны быў супакоіць востры касталомны боль.

Апаленне сонцам

Да гадоў сямідзесяці Іван Барысавіч штолета загараў да чарнаты каля возера. Ён лічыў такі цёмны загар карысным для здароўя. На пляж хадзіў адзін. У яго паходах на возера з ляжаннямі на ручніку пад пякучымі сонечнымі промнямі было нешта рытуальнае, нешта старажытнаегіпецкае… Я падумаў пра гэта, гледзячы на труну з цесцем у халодным крэматорыі.

Апошняя вясна

Цесць мой Іван Барысавіч у сваю апошнюю вясну зусім схуднеў. Занядужаў. Не еў. Адмаўляўся ад пачастункаў. Гэта моцна ўсіх непакоіла, бо і цешча мая перад сконам адмовілася ад ежы. Перастала есці, перастала хадзіць, легла і згасла.

Кватэра

  У адну з апошніх нашых з Іванам Барысавічам размоў я запытаў у яго: «Як Вы пачуваецеся?» Дзеля ветлівасці запытаў. Ён раздражнёна адказаў: «Пяць гадоў не выходжу з кватэры. Сяджу як у клетцы. Як тут можна сябе адчуваць? Кепска! Адчуваю сябе кепска». Гэта быў адзіны раз, калі я пачуў скаргу ад цесця. Зазвычай Іван Барысавіч жыццё ўспрымаў роўна, нягоды пераносіў па-вайсковаму мужна, стаічна.

Рэліквіі

Людзі сыходзяць у нябыт, пакідаючы блізкім усе свае рэчы… Ад маці ў мяне застаўся флакон з духамі. У хвіліны горкага адчаю можна адкрыць яго і на нейкае імгненне адчуць водар, які так любіла маці. Заплюшчваеш вочы, згадваеш яе твар, яна нібыта і блізка, нібыта і зусім побач. Ад бацькі ў мяне шмат рукапісаў і лістоў. Іх можна перачытваць. Пачытаеш — і быццам пагаворыш з жывым бацькам. За словамі, напісанымі татавай рукой, я выразна чую яго голас. Ад паэткі і перакладчыцы старажытнай японскай літаратуры Веры Маркавай у мяне застаўся невялічкі парцалянавы званочак. Уздымеш яго над кніжнай паліцай, страсянеш, пачуеш звон і ўслухоўваешся: а раптам нехта адгукнецца. Ад цесця ў мяне ёсць добра навостраны нож, якім я зразаю тоненькую скурку з яблыкаў... Для іншых людзей усе гэтыя рэчы звычайныя, а для мяне яны — бясцэнныя рэліквіі.

Нажы

Ад цесця ў спадчыну мне засталося і некалькі сталовых нажоў. Іх я трымаю ў майстэрні. Дзе-дзе, а ў мастакоўскай майстэрні лішні нож не зашкодзіць. Каб гэтыя інструменты не страцілі сваёй вартасці, я вырашыў іх навастрыць. Мог бы і сам, але падумаў, што слесар гэта зробіць значна лепш. Спусціўся ў майстэрню, дзе робяць ключы, але там тоўсты дзядзька паскардзіўся на станок. Маўляў, станіна разгайдалася, трэба, каб майстар яе паправіў. Той быццам на падыходзе, але, калі дакладна прыйдзе, невядома. Таўстун параіў мне з’ездзіць на чыгуначны вакзал, дзе ёсць дзед, які лепш за ўсіх у Мінску вострыць нажы.

Адзін прыпынак на метро — недалёкі свет. Сівавусы дзед навастрыў нажы так, што нават лёгенькім рухам яны сталі рэзаць тонкую паперку. «Мне нажы ад цесця засталіся!» — сам не ведаю нашто, сказаў я дзеду-слесару. «Ваш цесць быў вельмі акуратным чалавекам. Ён вастрыў нажы брусочкам, толькі брусок не дае едкай вастрыні. Ён, як ты ні старайся, заваліць лінію. Едкую вастрыню нажу можа даць толькі круглы наждак на электрастанку».

Цяпер у маёй майстэрні ёсць не проста добра навостраныя нажы Івана Барысавіча Бяляева, а нажы з едкай вастрынёю.

Святлана

Не ўмею я ўсхваляць іншых. Калі ў рэдакцыі чуў пра тое, што «трэба напісаць пару цёплых слоў», мне рабілася млосна. Іншая рэч — крытыка. Тут мяне падштурхоўваць не трэба: аблайванне, абсмейванне, абгаворванне заўсёды і ўсім даюцца лёгка. Але ж ёсць сітуацыі, калі трэба пісаць добра, шчыра і разумна. У нататках пра блізкага чалавека гэта зрабіць вельмі складана, бо ў большасці такіх запісаў атрымліваецца банальнасць, тупасць і пошласць.

Жонка нахвальвае мужа, а муж жонку — такога зараз поўны інтэрнэт. Ёсць яшчэ і нахвальванне самога сябе, гэтага ў сеціве таксама гурбы, горы і груды. Усе адзін перад адным выхваляюцца. Калі ты не выхваляешся, значыць, табе няма чым ганарыцца. Пад такім баявым дэвізам цячэ жыццё ў сацыяльных сетках. Каб цёплае слова заўважылі, каб яно прагучала і яго пачулі, трэба, каб нехта вядомы яго сказаў. Лепей, калі вядомасць асобы сусветная. На ролю сусветна вядомага чалавека з Беларусі шведскія акадэмікі абралі Святлану Алексіевіч. Калі яна нешта кажа, усе да яе прыслухоўваюцца. Яе меркаванне цяпер каштуе дорага. Таму ў згадкі пра свайго цесця я вазьму менавіта яе выказванні.

У артыкуле «Ёсць такая маладосць» Алексіевіч напісала шмат прыязных слоў пра Івана Барысавіча Бяляева. Яна пахваліла яго навуковыя адкрыцці ў стаматалогіі і апісала наведванне яго фотавыставы: «...фатаграфаванне — не проста выпадковае захапленне ў ягоным жыцці або магчымасць нейкім чынам запоўніць вольны час ужо далёка не маладога чалавека, гэта ягонае духоўнае апірышча, яшчэ адзін бок ягонай асобы. Ён вёў мяне ад фотаздымка да фотаздымка, часта наракаў... «Вось тут мала святла... Тут трэба было крышку ўбок павярнуць, бліжэй да дрэва ўзяць, атрымаўся б кантраст... Ну а гэта, здаецца, атрымалася...» І я пагаджаюся, што сакавіцкія эцюды ў яго ўдалыя, бо падгледжаны найтанчэйшыя зрухі ў прыродзе, і невялічкая карцінка — гэта сюжэт пра вясну, пра ўзнікненне новага маладога жыцця, пра тое, што жыццё вечнае...»

Добра, што каштоўнасць сказанага і напісанага Святланай з часам не страціла значнасці. Пасля яе і мне прасцей казаць, што Іван Барысавіч быў цудоўным урачом і рабіў выразныя ды запамінальныя фотаздымкі.

Цалкам публикацыю чытайце ў «Полымі» № 1 за 2020 год.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.