Вы тут

Уладзімір Мажылоўскі. Самуілаў грэх


Набліжаўся вечар. Ціха, нават цёплы ветрык раптоўна перастаў дзьмуць, ды з рачной гладзі Мухаўца некуды знікла рабацінне і вада стала роўнай і спакойнай, падоўжыліся цені, а на траве маленькімі зорачкамі ўспыхнулі кропелькі вячэрняй расы.

Дзённая спякота саступіла месца халаднаватай свежасці, і прырода адразу ачуняла, па-новаму пачала дыхаць на поўныя грудзі чыстым паветрам. Павесялелі і птушкі, больш задорліва, чым днём, застракаталі ў траве конікі. Толькі касцам было не да весялосці — яны па-свойму імкнуліся выкарыстаць гэтую вечаровую свежасць і, бы заведзеныя, амаль без супынку, шырокімі замахамі касілі лугавую траву. Яе водар вісеў над сенажаццю, цяпліў іх сэрцы, бадзёрыў.

Касцы шчыравалі, спяшаліся прайсці да наступлення ночы лішні пракос, бо ведалі — летняя ноч кароткая, і тое, што яны скосяць сёння, заўтра будзе высушана і звезена ў пуню, пад навес. У працоўным запале ніхто не звярнуў увагі на хлопца, які выйшаў з лесу. Ды і на каго там было звяртаць увагу: юнак гадоў дваццаці двух, невысокі, хударлявы, у простай вопратцы і скураных поршнях, — ён нічым не адрозніваўся ад месцічаў і незвычайным ў ім было толькі тое, што замест касы ён трымаў у руках сапраўдны баявы арбалет.

Хлопец наблізіўся да касцоў.

— Бог у дапамогу, дзядзька Мікола! — крыкнуў ён бліжэйшаму да яго мужчыну і, не чакаючы адказу, бадзёра пакрочыў па дарозе да Берасцейскага замка.

— Дзякуй на добрым слове, Марк, — адказаў касец. Ён на імгненне спыніўся, выцер рукавом кашулі пот з твару, кінуў хуткі нервовы позірк на невялікую хмарку. — Усё ж такі дождж будзе, — і, быццам спалохаўшыся гэтай думкі, зноў схапіўся за касу.

1

Самуіл Корчак любіў вечарам пасля працы ў магістраце пасядзець у сваім садзе. Маладыя дрэўцы яшчэ не пладаносілі, ды і цень ад іх быў тонкі, аднак Самуіл любіў гэтыя яблынькі і грушы за іх неабароненасць, пакорлівую цішыню і разам з тым за кіпучае жаданне браць ад зямлі жыццёвыя сокі і да апошняга лісточка насычацца імі. Менавіта тут, а не ў магістраце Самуіл разгадваў многія хітрыя загадкі, звязаныя з яго работай. Лаўнік не саромеўся прызнацца ў гэтым сваёй жонцы, а тая яму ніколі не перашкаджала, разумела, што для мужа пошукі ісціны — гэта цяжкі роздум, для якога патрэбна поўная засяроджанасць, таму што вырашаецца лёс чалавека, а часам і яго жыццё.

Калі надвячоркам Корчак зайшоў у сад, лістоўе на маладзенькіх дрэўцах ледзь прыкметна затрымцела. Аднак гэтым разам Самуіл не парадаваўся сустрэчы, а адразу ўладкаваўся на лаве ля куста каліны і глыбока, бы выдыхаючы з сябе ўсю горыч цяжкага дня, задумаўся. І па каменным выразе яго твару, па халодным бляску вачэй, па моцна сціснутых сківіцах можна было без цяжкасці здагадацца — справа Самуілу дасталася нялёгкая, закавырыстая, з гнільцой. І гэта было праўдай.

Сёння раніцай сяляне вёскі Забор’е, якія спяшаліся на базар са сваім няхітрым таварам, знайшлі непадалёк ад замка на лясной дарозе забітую жанчыну. Нябожчыцу адразу апазналі — гэта была жонка берасцейскага пекара Кузьмы Кухто, і забілі яе стралой з арбалета. Гэта зброя сур’ёзная — не лук і нават не дзіда, і валодалі ёй толькі ратнікі з замкавага гарнізона. Таму забойцу доўга шукаць не прыйшлося — многія касцы бачылі, як мінулым вечарам з лесу выходзіў Марк Біруля якраз з арбалетам у руках.

 

Марка апоўдні арыштавалі і адразу закавалі ў ланцугі пад пятай замкавай вежай. Ён павініўся, што і на самай справе страляў у лесе тым вечарам з азначанай зброі. Аднак у яго з сабой было толькі тры стралы, і ўсе іх ён потым вярнуў свайму сябру Збышаку.

Збышак жа расказаў, што зрэдку хадзіў на ўзлесак, дзе вучыў Марка валоданню самастрэлам, што той ужо добра з ім упраўляўся і таму застрэліць па неасцярожнасці чалавека не мог.

Дапыталі і мужа забітай — Кузьму, які ў мінулыя вечар і ноч быў вартаўніком ля зекгаравай вежы замка, прычым вартаваў браму разам з Маркам Бірулем. Кузьма нічога цікавага не паведаміў. Ён толькі плакаў, размазваў па сваім шырокім непрыгожым твары горкія слёзы і расказваў, якой мілай і добрай была яго Ева, як яны кахалі адно аднаго і якім адзінокім ён застаўся пасля яе смерці. Пры гэтым у ягоных чырвоных вачах з’яўлялася шаленства і, пэўна, каб суцішыць яго, мужчына раз за разам прасіў лаўнікаў: «Хлопцы, калі зловіце забойцу, аддайце яго мне ненадоўга. А потым і мяне можаце весці на шыбеніцу».

Кола правасуддзя замкнулася. Берасцейскі войт пан Міхал Ласкевіч быў задаволены — яшчэ не ўсе месцічы дазналіся пра забойства жонкі пекара, а яго лаўнікі ўжо раскрылі злачынства.

Але, як ні дзіўна, ад праведзенага днём следства ў Самуіла было цяжка на душы, не адчуваў ён таго задавальнення, якое зведваў, калі быў упэўнены ў справядлівасці прысуду. Шмат пытанняў засталося без адказу, шмат слоў і ўчынкаў Кузьмы і Марка патрабавалі тлумачэнняў: чаму Ева пайшла ў лес вечарам, ды яшчэ ў адной кашулі? Чаму яна была басанож і чаму ногі яе былі чыстымі, бы памытымі перад сном? Няўжо Марк застрэліў яе дзеля залатых завушніц? А калі ён не вінаваты, то якім чынам тыя завушніцы аказаліся ў яго клунку?

Шкада, што ноччу прайшоў дождж і змыў усе сляды на месцы злачынства, але і таго, што Самуіл убачыў на ўзлеску, хапіла, каб пасеяць у яго душы недавер да пачутага і пабачанага.

Марк вярнуўся ў крэпасць да непагоды, — так кажа ён сам, і гэтыя словы пацвярджаюць касцы, — але чаму тады трава пад жанчынай была мокрая, а сукенка на яе целе сухая? Значыць, Еву забілі пасля дажджу, глыбокай ноччу. Але ж яна не была вар’яткай, каб у адзіноце бадзяцца ноччу па лесе! Хаця! — Самуіл унутрана сцяўся. — Раптам яна была ваўкалакам і яе нехта спецыяльна высачыў, падпільнаваў і застрэліў? Раптам яе смерць — гэта чаканае вызваленне для яе душы, а не грэх для беднага Марка? Аднак у сэрца жанчыны трапіла не сярэбраная страла… — лаўнік сумна ўсміхнуўся сваім думкам, адзначыўшы, што пра мінулае жыццё Евы ён нічога не ведае.

«Заўтра распытаю пра яе дзяцінства, — вырашыў Корчак. — Магчыма, там схаваныя адказы на ўсе пытанні»…

Цалкам апавяданне чытайце ў «Полымі» № 3 за 2020 год.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?