Вы тут

Людзям з інваліднасцю атрымаць адукацыю і працаўладкавацца ўсё яшчэ складана


Ужо не першы год у нашай краіне ўзнімаюцца пытанні аб паўнавартасным уключэнні людзей з інваліднасцю ў грамадства. Прымаюцца законы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця, сацыяльнай інтэграцыі такіх людзей, з'яўляюцца аб'екты, дзе створана безбар'ернае асяроддзе, курсіруюць аўтобусы, прыстасаваныя для абслугоўвання людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Але ў той жа час многія праблемы так і застаюцца нявырашаныя. Ці часта вы можаце сустрэць людзей з інваліднасцю, напрыклад, у музеях, тэатрах, на святах, фестывалях? І ці ёсць у гэтых людзей магчымасць для выбару заняткаў, прафесійнай дзейнасці?


Свет пачынаецца з дарогі

Як заўважыла падчас прэс-канферэнцыі, што прайшла ў Прэс-цэнтры Дома прэсы, старшыня праўлення Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Ганна Гарчакова, нягледзячы на тое што мы рухаемся сямімільнымі крокамі, што створана багата добрых законаў, цудоўных алгарытмаў і тэхнік, як падтрымаць людзей з інваліднасцю, — рэальна прасунуцца ў вырашэнні шматлікіх пытанняў усё ж цяжка. Для многіх людзей, якія маюць пэўныя абмежаванні ў сувязі са станам здароўя, мары пра грунтоўныя рэчы, такія як адукацыя і працаўладкаванне, усё яшчэ недасяжныя. Атрымаць адукацыю людзям з інваліднасцю даволі складана, выбар прафесій абмежаваны. У многіх установах сёння не створаны ўмовы для навучання людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, слыху, ментальнасці, зроку. Атрымліваецца, што сёння даводзіцца працаўладкоўваць людзей без пэўнай кваліфікацыі.

Але ёсць яшчэ і транспартнае пытанне: як чалавеку з інваліднасцю дабірацца на работу? Дзяржава прыкладае шмат намаганняў для таго, каб гэтае пытанне было вырашана. Так, з'явіліся аўтобусы з нізкай падлогай, але ці заўсёды такі транспарт можа блізка падысці да прыпынку? Часам пляцоўка можа не супадаць па ўзроўні — і ў выніку забрацца ў грамадскі транспарт у інваліда не атрымліваецца. Вадзіцелям далі функцыянальны абавязак — дапамагаць людзям з інваліднасцю, але гэтая норма таксама не спрацоўвае, таму што... пра такую магчымасць асобы з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі папросту не ведаюць і таму не выходзяць з дому.

Уявім такі выпадак, калі ў чалавека з інваліднасцю ёсць аўтамабіль, але спецыяльна абсталяваныя для такіх асоб паркоўкі занятыя звычайнымі грамадзянамі. Апошнія нават не задумваюцца, наколькі адабранае імі месца патрэбна іншым: справа не толькі ў тым, каб інваліды маглі б бліжэй прыпаркавацца да пэўнага аб'екта, ім патрэбна спецыяльная прастора, каб яны змаглі выбрацца з ўласнага аўто.

Транспартнае забеспячэнне не менш важнае за безбар'ерныя аб'екты, пандусы, пад'ёмнікі. Менавіта для людзей з абмежаваннямі так магчымы выхад «у свет». На гэтым завязана ўсё: доступ да адукацыі, работы, культуры, спорту, мастацтва.

Новыя прапановы

Бясспрэчна, для паляпшэння жыцця людзей з асаблівымі запытамі патрэбны ідэі. Насамрэч у беларусаў іх багата. Наш вопыт нават цікавы замежнікам. Напрыклад, Ганна Гарчакова 17 гадоў выкладае бальныя танцы, яе майстар-класамі зацікавіліся амерыканцы, бо да такога ўзроўню інклюзіі там яшчэ не дараслі.

У той жа час у нашай краіне замежны вопыт таксама актыўна вывучаецца. Напрыклад, у Гомелі створаны Цэнтр інклюзіўнай культуры, дзе людзі з абмежаваннямі здароўя могуць раскрыць свой творчы патэнцыял. Тут 23 творчыя калектывы працуюць у дзесяці кірунках. Калектыў народнага тэатра жэставай песні «Пластылін» мае шмат дыпломаў і ўзнагарод з фестываляў і конкурсаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Тут можна не толькі далучацца да тэатральных і танцавальных студый, займацца мастацтвам, але і робататэхнікай, працаваць кінарэжысёрам, мантажорам. За год цэнтр арганізуе больш за 200 мерапрыемстваў, сярод якіх фестываль сатыры і гумару, жаночы інклюзіўны праект «Упэўненая», спектаклі тэатра клаунады і пантамімы. Створана каворкін-прастора «Інклюзіў- хаб», дзе грамадскія арганізацыі дзеляцца перадавымі сістэмамі інклюзіўнай адукацыі. Натуральна, у цэнтры створаны ўсе ўмовы, каб можна было без праблем дабрацца і перамяшчацца па будынку. Але аказалася, што трэба прыкласці шмат намаганняў, каб завабіць сюды людзей з інваліднасцю.

Як растварыцца ў грамадстве?

Часам цікавых прапаноў недастаткова, каб выцягнуць людзей з замкнёнага свету ўласнай кватэры. Пасля працяглай ізаляцыі асобам з фізічнымі абмежаваннямі часам патрэбна і дапамога псіхолага, у многіх бываюць праблемы з камунікацыяй, ім неабходна вучыцца наладжваць зносіны.

У гэтым годзе беларускія архітэктары працавалі над праектам «Горад без бар'ераў» — гэта цудоўны прыклад таго, якімі могуць быць паркавыя ці жылыя зоны, адаптаваныя пад людзей з інваліднасцю.

Але гаварыць, што безбар'ерная інфраструктура сама па сабе дазволіць людзям з асаблівымі магчымасцямі растварыцца ў грамадстве, пакуль зарана. Як заўважыў загадчык філіяла «Цэнтр інклюзіўнай культуры» ДУ «Гарадскі цэнтр культуры» горада Гомеля Кірыл Курдзюмаў, два гады запар падчас святкавання Дня горада ў абласным цэнтры арганізоўваецца інклюзіўны сквер, у якім выстаўляюцца вырабы як творцаў самадзейных, так і работнікаў прадпрыемстваў, дзе працуюць людзі з інваліднасцю. Для многіх гараджан — сапраўднае адкрыццё, што, аказваецца, побач з імі жывуць людзі з фізічнымі абмежаваннямі і што іх вельмі многа. Падобныя мерапрыемствы дазваляюць лішні раз заявіць аб праблемах і ў той жа час паказаць, як многа цудоўных рэчаў і праектаў могуць рабіць людзі з інваліднасцю.

Бібліятэкі запрашаюць

Для рэалізацыі творчых індывідуальных здольнасцяў людзей з абмежаванымі магчымасцямі важны доступ да інфармацыі. Сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі многа працуе ў гэтым рэчышчы. Пры пабудове новага сховішча былі ўлічаны патрабаванні безбар'ернага асяроддзя. Тут ёсць пандусы, ліфты, пад'ёмнікі, закуплены крэсла-каляска і спецыяльнае абсталяванне. Ладзяцца экскурсіі, адаптаваныя пад людзей з асаблівымі патрэбамі (з псіхафізічнымі асаблівасцямі; для тых, хто мае праблемы са зрокам). І такая работа будзе весціся і надалей.

Сёння шмат увагі аддаецца рабоце па стварэнні кантэнту для людзей, якія не могуць успрымаць візуальную інфармацыю. Напрыклад, інваліды-калясачнікі з любога кутка Беларусі могуць атрымаць доступ да паўнатэкставых рэсурсаў і карыстацца імі аддалена. А людзі, у якіх адсутнічае зрок, маюць патрэбу ў іншай дапамозе. «Важна зрабіць фонды даступнымі для ўсіх без абмежаванняў», — упэўнена загадчыца сектара абслугоўвання навуковых работнікаў аддзела бібліятэчнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Несцярэўская. Установай было закуплена абсталяванне, якое пераводзіць друкаваную ці электронную інфармацыю ў гукавы фармат. На працягу сямі гадоў «Нацыяналка» займаецца электроннай дастаўкай фрагментаў адаптаваных дакументаў для асоб з інваліднасцю па зроку. Выконваюцца канкрэтныя заказы карыстальнікаў — як правіла, яны звязаныя з вучобай ці даследчыцкай дзейнасцю. Супрацоўнікам бібліятэкі неабходна іх падаць у такім выглядзе, каб спецыяльная праграма, усталяваная на камп'ютары, магла іх прачытаць. Запатрабаваныя і гукавыя запісы, каб інфармацыю можна было ўспрымаць на слых.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: riabir.ru 

Загаловак у газеце: Галоўнае — выцягнуць людзей з дому

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?