Зараз на базе Гомельскага дзяржмедуніверсітэта дзейнічаюць ужо тры атрады для дыстанцыйнага кансультавання і рэабілітацыі пацыентаў устаноў аховы здароўя Гомеля і рэгіёна. Добраахвотнікі — 26 студэнтаў старэйшых курсаў. Першы валанцёрскі атрад, задзейнічаны ў рабоце з COVID-станоўчымі пацыентамі, быў створаны ў ВНУ ў лістападзе.
— Пры ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь адміністрацыяй універсітэта сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў былі заключаны трохбаковыя дамовы з установамі аховы здароўя, — паведамляе інфармацыйны партал Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя. — Валанцёры прайшлі навучанне па правілах выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны і захаванню мер асабістай бяспекі, а таксама інструктаж па пытаннях аховы працы.
Вядома, што студэнцкай першаснай прафсаюзнай арганізацыяй добраахвотнікам аформлена страхоўка на выпадак заражэння COVID-19. Акрамя таго, прафкамам праводзіць сталы кантроль умоў работы студэнтаў-медыкаў пры аказанні імі меддапамогі пацыентам з COVID-19. Для работы атрадаў своечасова набываюцца сродкі індывідуальнай абароны — маскі, шчыткі, касцюмы.
Між тым студэнты Гомельскага дзяржмедуніверсітэта дапамагаюць у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй не толькі ў складзе добраахвотніцкіх брыгад. Так, студэнты трэцяга курса лячэбнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і спецыялістаў Гомельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляюць збор эпідэміялагічных дадзеных.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце ГДМУ, студэнты аказваюць дапамогу ў правядзенні поўнага комплексу санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Гэта ўстанаўленне межаў ачага, удакладненне маршруту перамяшчэння захварэлых; выяўленне асоб — кантактаў I і II узроўняў; вызначэнне верагоднай крыніцы каранавіруснай інфекцыі.
— У сувязі з высокай нагрузкай на эпідэміялагічныя службы ва ўмовах росту вострых рэспіраторных інфекцый, работа студэнтаў вельмі запатрабаваная і значная. Ад своечасовасці праведзеных эпідэміялагічных расследаванняў залежыць стрымліванне распаўсюджвання інфекцыі COVID-19, папярэджанне ўзнікнення новых выпадкаў, ранняе выяўленне і ізаляцыя крыніц інфекцыі, — звяртае ўвагу інфармацыйны партал ВНУ.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.