Вы тут

Аднаразовае – не значыць бяспечнае


Пандэмія дрэнна паўплывала як на здароўе насельніцтва і эканоміку краін, так і на стан навакольнага асяроддзя. На жаль, тыя добрыя вынікі ад каранціну – напрыклад, больш чыстыя вада і паветра, бо частка вытворчасцяў была зачынена, а людзі перасталі карыстацца аўтамабілямі, – былі часовымі. Усё вярнулася на кругі свая, як толькі абмежавальныя меры былі знятыя. Да таго ж мы атрымалі яшчэ і новыя экалагічныя праблемы, звязаныя з аднаразовымі адходамі. І гаворка не толькі пра ахоўныя маскі і пальчаткі, але і пра ўпакоўку.

Тыя, хто жыве па прынцыпах zero waste, не маглі не заўважыць, што купіць прадукты без упакоўкі стала нашмат цяжэй. У некаторых крамах у пластык пачалі пакаваць і хлеб, і булачкі, і гародніну з садавінай. Усё часцей прадаўцы адмаўляюцца класці гатовую прадукцыю ў тару пакупнікоў нават там, дзе раней без пытанняў пагаджаліся гэта рабіць. Тая ж сітуацыя і са сваімі кубкамі ў кавярнях. З першага погляду падаецца, што гэта правільныя меры, якія неабходны для нашай бяспекі. Эколагі ж сцвярджаюць адваротнае. Пачнем з самага відавочнага: пластыкавая тара – нестэрыльная. Ніхто не ведае, колькі разоў і хто да яе дакранаўся. Да таго ж параўнальны аналіз тэрмінаў захавання вірусу на паверхнях паказаў, што ён трымаецца даўжэй на сталі і пластыку, чым на медзі і кардоне. На пластыкавых упакоўках каранавірус можа захоўвацца больш за 72 гадзіны. Таму крыху абсурднымі выглядаюць прапановы карыстацца аднаразовымі пальчаткамі пры ўваходзе ў краму. Як яны змогуць абараніць нас? Што сапраўды неабходна, дык гэта мыць рукі, не дакранацца да твару і трымаць дыстанцыю.

Шматразовая ўпакоўка, відавочна, не толькі больш экалагічная, але і больш бяспечная. Мыла і гарачая вада эфектыўна знішчаюць вірусы і бактэрыі. Калі вы ў гэтым не ўпэўнены, можаце карыстацца пасудамыйнай машынай і сродкамі дэзінфекцыі. Аднак памятайце, што зараз лепей не дзяліцца ні з кім сваім шматразовым посудам і не дакранацца кубкам або бутэлькай непасрэдна да крана ці кафейніка ў грамадскіх месцах.

Пандэмія прытармазіла забароны на выкарыстанне аднаразовай пластыкавай упакоўкі па ўсім свеце. Так, напрыклад, у Каліфорніі (ЗША), дзе такая забарона была ўведзена яшчэ ў 2016 годзе, пакупнікі пры набыцці тавараў былі абавязаны альбо прынесці сваю тару, альбо заплаціць 10 цэнтаў за шматразовую сумку. З пачаткам пандэміі новыя правілы адмянілі на 60 дзён. Прычым пакупнікі цяпер не толькі не павінны плаціць за ўпакоўку, але і пазбаўляюцца права пакаваць набытае ў сваю тару. У адрозненне ад ЗША, Еўрапейскі саюз змог не дапусціць вяртання да аднаразовых пакетаў. Еўракамісія адмовілася зрабіць паслабленні ў заканадаўстве і прыняла рашэнне, што ЕС працягне прытрымлівацца абранай стратэгіі ў дачыненні да пластыку. Аднак некаторыя кампаніі ўсё ж выступілі супраць выкарыстання шматразовай тары па ўласным жаданні. Так, напрыклад, сетка кавярняў “Starbucks” яшчэ ў сакавіку вырашыла не абслугоўваць наведвальнікаў са сваімі кубкамі па ўсёй Вялікабрытаніі.

Яшчэ некалькі парадаў

У краме старайцеся адразу браць тое, што вам неабходна. Не трэба мацаць кожную булачку ці пачак з печывам (так рабіць увогуле нельга ніколі!). Калі ў вас ніяк не атрымліваецца карыстацца шматразовай тарай, купляйце большыя аб’ёмы прадуктаў: замест шасці пакетаў грэчкі па паўкіло – упакоўку на тры кілаграмы. Так колькасць пластыку зменшыцца ў некалькі разоў. Гатуйце дома, бо служба дастаўкі раскладвае ежу выключна ў аднаразовую тару. Спадзяюся, вы памятаеце, што і ўпакоўкі ад піцы не перапрацоўваюцца, паколькі забруджаныя тлушчам.

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?