16 студзеня, субота

Вы тут

Сонечныя панэлі ўсталяваныя ў сямі «Зялёных школах» краіны


Кампанія А1 завяршыла ўстаноўку сонечных панэляў у сямі адукацыйных установах. Панэлі — гэта прыз за перамогу ў конкурсе «Энергія сонца для Зялёных школ», якую прынесла паспяховая прэзентацыя экалагічных і экасацыяльных праграм, акцый і праектаў.


Удзел у конкурсе бралі навучальныя ўстановы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі спецыяльнага дыплома «Зялёнай школы». Кожнаму з сямі фіналістаў кампанія А1 прадаставіла па камплекту спецыяльнага абсталявання для пераўтварэння сонечнай энергіі ў электрычную, а таксама для нагляднай дэманстрацыі вынікаў працы сонца школьнікам.

«У 2020 годзе ў нашай кампаніі з’явіўся новы кірунак карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, звязаны з экалогіяй і аховай навакольнага асяроддзя. І мы рады, што адным з першых праектаў для яго развіцця стала ўсталёўка сонечных панэляў у навучальных установах ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Штодзень вучні могуць назіраць за крыніцай ўзнаўляльнай энергіі, а таксама даведвацца, адкуль яна ўзнікае і чым можа быць карыснай», — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

Цяпер сонечная панэль з далучаным да яе святлодыёдным ліхтаром ёсць у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў у Мінску, Кобрынскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства (Брэсцкая вобласць), сярэдняй школе № 16 г. Оршы (Віцебская вобласць), Уцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна (Гомельская вобласць), гімназіі г. Смаргонь (Гродзенская вобласць), Барысаўскім цэнтры экалогіі і турызму (Мінская вобласць) і сярэдняй школе № 3 г. Асіповічы (Магілёўская вобласць).

«Выкарыстанне такога абсталявання дазваляе не толькі патлумачыць дзецям, як можна выкарыстоўваць энергію сонца, але і значна знізіць расход электраэнергіі. Святлодыёдны ліхтар у прынцыпе нашмат больш эфектыўны за звычайны: яркасць такая ж самая, але выдаткі электрычнасці меншыя амаль у сем разоў — як калі б лямпачку напальвання ў 200 Ват замянілі на святлодыёдную ў 30 Ват. А ў нашым выпадку мы яшчэ і карыстаемся прыроднай энергіяй замест электрычнай. Акрамя таго, яе запасу хапае надоўга: стопрацэнтны зарад акумулятара сонечнай панэлі гарантуе 8 гадзін бесперапыннай працы ліхтара. Пры гэтым батарэя разрадзіцца толькі напалову», — патлумачыла кансультант рэгіянальнага дапаможнага рэсурснага цэнтра праекта «Зялёныя школы» для ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці Алена Шубара.

Спецыяльнае рэле панэлі аўтаматычна ўключае святло ў цёмны час сутак і выключае, як толькі віднее. Пры неабходнасці гэта можна рабіць і ў ручным рэжыме. Ліхтар працуе за кошт энергіі, назапашанай удзень, прычым нават у пахмурнае надвор’е, таму што на сонцы акумулятар зараджаецца з запасам.

Конкурс «Энергія сонца для Зялёных школ», па выніках якога былі выбраны аб’екты для ўсталёўкі абсталявання, праводзіўся кампаніяй А1 летам 2020 года ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Праграмай Развіцця ААН у Беларусі. Галоўная мэта гэтага праекта — зрабіць экалагічную інфармацыю больш даступнай для школьнікаў і дарослага насельніцтва ў рэгіёнах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.