Вы тут

«Беларусь 3» прапаноўвае шэраг мастацкіх фільмаў, якія прайшлі выпрабаванне часам


Тэлеканал «Беларусь 3» на наступным тыдні ўжо па традыцыі прапаноўвае шэраг мастацкіх фільмаў, якія прайшлі выпрабаванне часам і сталі набыткам савецкага кіно. Сярод іх і беларуска-расійская кінастужка «Сын за бацьку», якая была знята «Беларусьфільмам» у 1995 годзе. Яе рэжысёрамі выступілі Маргарыта Касымава і Мікалай Яроменка-малодшы (гэты фільм з'яўляецца яго адзінай рэжысёрскай работай).


Вядомы як акцёр у савецкім кінематографе Мікалай Яроменка вырашыў тады паспрабаваць сябе ў рэжысуры і ўзяўся за актуальную для таго часу тэму. Фільм расказвае, як ва ўмовах пануючых рыначных адносін у медыцыне пластычны хірург старой загартоўкі (Мікалай Яроменка-старэйшы) аказваецца без работы. Яго паспяховы сын, які ў Маскве кіруе клінікай, прапаноўвае бацьку, хоць у іх і не асабліва цёплыя адносіны, арганізаваць аналагічны медыцынскі цэнтр у Мінску. Але ж тата да патрабаванняў сучаснасці мала прыстасаваны, таму з часам, узначальваючы ўстанову, нажывае сабе непрыемнасці з мафіяй, бо не здольны і не хоча адступіцца ад уласных прынцыпаў. Сын жа спрабуе ўладзіць сітуацыю ў перапынках паміж заляцаннямі да маладой доктаркі. Але ж на справе гэтыя спробы не маюць плёну, а выратоўвае бацьку знаёмы міліцыянер. Аднак тое, што сын праявіў такі клопат, расчульвае мужчыну, і гэта спрыяе таму, што адносіны двух блізкіх людзей мяняюцца ў лепшы бок...

Варта адзначыць, што на экране ролі гэтых герояў таксама выконваюць сапраўдныя бацька і сын Мікалай Яроменка-малодшы і Мікалай Яроменка-старэйшы. Гэтая іх сумесная кінаработа стала і апошняй, бо ў 2000 годзе пайшоў з жыцця бацька, а праз год не стала сына. Акрамя вышэйназваных акцёраў у фільме зняліся таксама Ірына Феафанава, Уладзімір Гасцюхін, Альбінас Келярыс і іншыя. Кінастужка для сучаснага гледача — гэта ўжо не столькі драма, а, хутчэй, магчымасць перанесціся ў часе, каб не толькі пранікнуцца атмасфернасцю пэўнага перыяду, але яшчэ і ўбачыць, напрыклад, Мінск, які ён быў у тыя гады.

Фільм, дарэчы, меў напярэдадні выхаду добрую рэкламную кампанію і не падмануў чаканні гледачоў. Бо «Сын за бацьку» добра перадае атмасферу ліхіх 90-х. Кінастужка не засталася незаўважаная і з боку кінасупольнасці. Напрыклад, у 1998 годзе яе адзначылі Галоўным прызам міжнароднага кінафестывалю ў Карэі, а да гэтага карціна атрымала прыз «Бронзавы Віцязь» як найлепшы ігравы фільм на Міжнародным кінафестывалі славянскіх і праваслаўных народаў «Залаты Віцязь» (Расія, 1996 год), прыз «Крыштальны акт» на Нацыянальным кінафестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце (1996 год) і спецыяльны прыз журы ў конкурсе «Панарама» на АРКФ «Кінатаўр» (Расія, 1996 год).

Таму, мяркую, ёсць падставы знайсці час для прагляду кінафільма «Сын за бацьку» на тэлеканале «Беларусь 3» і, магчыма, паразважаць над тым, ці шмат змянілася ў нашым жыцці за гэты час. Альбо ж ёсць рэчы, якія застаюцца пастаяннымі, як бы ні змяняліся правілы гульні навакольнага свету.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Драма мінулага і яе героі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».