Вы тут

Каханне за грошы ў БССР у часы НЭПа


Ад рэдакцыі. Працягваем паглыбляцца ў таямніцы беларускай гісторыі разам з вядомым даследчыкам Аляксандрам Гужалоўскім. На гэты раз нас чакае вельмі «нязручная» тэма, якую доўгі час нельга было закранаць. Але на тое і сапраўдная навука, каб аднаўляць мінулае без прабелаў і ханжаства.


Плакат «Узмоцнім барацьбу з прастытуцыяй». 1920-я гг.

Дарэвалюцыйныя ўлады і грамадства Беларусі ставіліся да прастытуцыі як да непазбежнага ліха. Гандаль жаночым целам рэгламентаваўся і кантраляваўся, пры гэтым сачылі за тым, каб ён займаў у беларускіх гарадах маргінальнае становішча. Тым не менш, гэтая з'ява атрымала вялікае распаўсюджанне ў беларускіх губернях. У 1889 г. у гарадах Беларусі прастытуцыяй займаліся 624 жанчыны. У 1908 г. ужо толькі ў адным Мінску была зарэгістравана 531 прастытутка. Але каб атрымаць рэальную карціну, гэтыя лічбы трэба павялічваць у пяць, а то і ў дзесяць разоў. Падчас Першай сусветнай вайны, акрамя армій краін, што ў ёй удзельнічалі, сфарміравалася яшчэ адна армія, якая была запатрабавана вайскоўцамі ўсіх нацыянальнасцяў, — армія «жанчын з нізкай сацыяльнай адказнасцю». Беларусь, якую вайна падзяліла лініяй фронту, з'яўлялася месцам іх вялікай канцэнтрацыі. Пачынаючы з 1914 г. Мінск стаў цэнтрам прыцягнення жрыц кахання з усёй Расійскай імперыі.

Такім чынам, беларускім савецкім уладам у дадатак да разбуранай вайной эканомікі, а таксама сацыяльных, нацыянальных і культурных праблем, у спадчыну ад былой імперыі дасталася складаная сацыяльная з'ява, якая зусім не ўкладвалася ў праграму пабудовы камуністычнага грамадства.

Сярод прыхільнікаў тэорыі вольнага кахання было шмат высокапастаўленых бальшавікоў і бальшавічак

Неўзабаве пасля ўсталявання савецкай улады і з пачаткам правядзення палітыкі ваеннага камунізму прастытуцыя, для вызначэння якой улада пачала выкарыстоўваць рэвалюцыйны эўфемізм «сацыяльная хвароба», дэ-факта апынулася па-за законам. Бальшавіцкае кіраўніцтва лічыла работу прастытутак невытворчай, сацыяльна шкоднай, і таму ўспрымала іх як класавых ворагаў. Пры адсутнасці агульнай дзяржаўнай палітыкі ў гэтым пытанні мясцовыя ўлады адпаведна з уласным стаўленнем да яго накіроўвалі прастытутак на прымусовыя грамадска карысныя работы, змяшчалі іх у працоўныя лагеры альбо праводзілі з імі асветніцка-выхаваўчую работу. Адначасова былі распачатыя рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах да арганізатараў секс-бізнесу і гаспадароў публічных дамоў.

У Мінску дамы распусты былі забароненыя 9 жніўня 1920 г. адной з першых пастаноў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. 17 жніўня гэтага самага года мінская міліцыя правяла масавыя арышты прастытутак і гаспадынь дамоў распусты. Падобныя акцыі праводзіліся таксама мясцовымі савецкімі ўладамі. Напрыклад, Бабруйскі рэўкам пастанавіў «...адправіць усіх гаспадынь дамоў распусты ў Смаленскі канцэнтрацыйны лагер, маёмасць жа іх канфіскаваць. Ахвяр прастытуцыі накіраваць у павятовы камітэт працы». Арганізаваная летам 1920 г. барысаўская гарадская міліцыя першапачаткова знаходзілася ў будынку нацыяналізаванага міліцыянерамі публічнага дома.

Ва ўмовах афіцыйнай забароны прастытуцыі ўтрымліваць бардэлі стала небяспечна, таму аказанне сексуальных паслуг хутка перайшло на кватэры прастытутак альбо кліентаў, у гасцініцы, лазні, паркі і іншае. Забароненая прастытуцыя пачала маскіравацца пад легальныя віды дзейнасці. Увядзенне ў 1918 г. усеагульнай працоўнай павіннасці, а таксама грамадскае асуджэнне з'явы прывялі да паступовага ператварэння гандлю жаночым целам у галіну ценявой эканомікі, якая кантралявалася сутэнёрамі. Пры гэтым адбылося рэзкае скарачэнне колькасці прафесійных жрыц кахання пры адначасовым павелічэнні колькасці «аматарак», у тым ліку непаўналетніх.

Парадаксальна, але з'яўленню на панэлі новай катэгорыі прастытутак — разведзеных жанчын, паспрыяў Кодэкс законаў РСФСР аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве 1918 г., які пэўны час дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР. Шлюб не ствараў агульнай маёмасці сужэнцаў, а памеры аліментаў на дзяцей вызначаліся ў кожным асобным выпадку судом. Імкнучыся да знішчэння прыватных маёмасных адносін падчас ваеннага камунізму, заканадаўцы паставілі сабе на мэце на прававым узроўні зафіксаваць вызваленую ад усялякіх маёмасных ланцугоў сям'ю, якая павінна была грунтавацца на ідэальным каханні дзвюх асобаў рознага полу. У рэальнасці Кодэкс 1918 г. юрыдычна дазваляў мужу пакінуць былую жонку ні з чым. Становішча разведзеных жанчын ускладнялася, калі яны з'яўляліся хатнімі гаспадынямі, а таксама заставаліся з дзецьмі.

Падчас абмеркавання на сесіі ЦВК БССР у чэрвені 1926 г. праекта ўласнага беларускага Кодэкса аб шлюбе, сям'і і апецы, выступоўцы выказвалі думкі пра тое, што менавіта юрыдычная неабароненасць жанчыны ў яе шлюбных адносінах з мужчынам вядзе да «пашырэння і развіцця прастытуцыі як на вёсцы, так і ў горадзе». Падчас шырокага абмеркавання праекта на старонках беларускага друку выказвалася думка аб тым, што вельмі распаўсюджаны ў той час «фактычны» (гэта значыць без рэгістрацыі) шлюб, які паводле праекта павінен быў атрымаць юрыдычнае прызнанне, паспрыяе «павелічэнню прастытуцыі і беспрытульнасці». Логіка ў праціўнікаў фактычнага шлюбу была наступная: легітымізацыя шлюбападобных незарэгістраваных адносін падштурхне палігамную большасць мужчын да мнагажэнства, да чаго яны не будуць здольныя фінансава. Цярпець жа ад матэрыяльных цяжкасцяў ізноў будзе жанчына.

Нягледзячы на скептычнае стаўленне да праекта новага Кодэкса законаў аб шлюбе, сям'і і апецы БССР з боку значнай часткі насельніцтва рэспублікі, ён быў прыняты ў 1927 г. і крыху палепшыў маёмаснае становішча жанчын, прынамсі тых, якія вырашылі скасаваць шлюб. У прыватнасці, артыкул 21 Кодэкса, пакінуўшы норму аб паасобнай маёмасці сужэнцаў, набытай імі да шлюбу, уводзіў роўны падзел у выніку разводу маёмасці, нажытай у грамадзянскім альбо фактычным шлюбе, незалежна ад укладу кожнага сужэнца. Аліменты на ўтрыманне дзяцей, паводле Кодэкса, таксама спаганяліся незалежна ад формы шлюбу (грамадзянскага альбо фактычнага), у якім знаходзіліся іх бацькі.

Не спрыяла барацьбе з прастытуцыяй таксама тэорыя вольнага кахання, сярод прыхільнікаў якой было шмат высокапастаўленых і шараговых бальшавікоў і бальшавічак. Рамантыка вольнага, не абцяжаранага буржуазнымі забабонамі кахання вельмі хутка дала негатыўныя вынікі ў выглядзе шматлікіх абортаў і безбацькоўства. Інстынктыўна баронячыся ад іх, «жаночыя масы» пачалі «амяшчаньвацца», а ўжо прывучаныя да разнастайнасці мужчыны звярталіся па сексуальныя паслугі да прастытутак.

«Чыста таварыскае палавое жыццё пачаў толькі ў мінулым годзе з прастытуткай»

Афіцыйную савецкую палітыку ў дачыненні да прастытуцыі на працягу эпохі НЭПа можна сфармуляваць наступным чынам. З аднаго боку, дзяржава ў асобе праваахоўных органаў засяродзілася на барацьбе з арганізатарамі нелегальных формаў секс-бізнесу. У 1922 г. гэтая барацьба атрымала заканадаўчы падмурак. Артыкул 171 новага Крымінальнага кодэкса РСФСР, які таксама дзейнічаў на тэрыторыі БССР, уводзіў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам не менш за тры гады з канфіскацыяй маёмасці за сутэнёрства, утрыманне прытонаў, а таксама ўцягванне ў прастытуцыю. З другога боку, Народным камісарыятам аховы здароўя была разгорнута рэабілітацыйная работа. Юрысты, урачы, грамадскія дзеячы на старонках перыядычнага друку выступалі за вяртанне прастытутак да нармальнага жыцця, усё радзей разглядаючы іх у якасці «грамадскіх паразітаў». Яны меркавалі, што з пабудовай новага грамадства гандаль жаночым целам знікне, а перавыхаванне «ахвяр капіталістычнага ладу» і ёсць адпаведны гэтаму метад.

Абмяркоўваючы прычыны развіцця прастытуцыі як сацыяльнай з'явы ў СССР эпохі НЭПа, большасць тагачасных аўтараў пісала пра складанасць для многіх жанчын здабываць у гарадах сродкі для існавання іншымі спосабамі. Адзін з іх наступным чынам пісаў пра гэта ў сваім артыкуле, які з'явіўся ў 1923 г. у газеце «Звязда»: «Скарачэнне штатаў выкінула на вуліцу найменш кваліфікаваную рабочую сілу — работніцу. Стварыўся кадр беспрацоўных жанчын, якія папаўняюць шэрагі прастытутак».

Афіцыйная ідэалогія выключала магчымасць абмеркавання на старонках перыядычнага друку адвечнага антрапалагічнага фактару — генетычнай запраграмаванасці, схільнасці да заняткаў прастытуцыяй. Замест гэтага пашыраўся погляд на яе як на сродак зарабіць не на звычайнае, а на багатае жыццё. У той жа час прэса 1920-х дазваляе нам зірнуць не толькі на прастытутак таго часу, але таксама і на іх кліентаў. У прыватнасці, мы сустракаем дзве выразныя катэгорыі карыстальнікаў паслуг савецкіх прастытутак эпохі НЭПа: першы — «рыцары прыватнага капіталу», высокааплачваемыя чыноўнікі і спецыялісты, якія ўтрымлівалі дзяўчыну «ў шаўковых панчохах» альбо саўдаму (савецкую даму), узнаўляючы такім чынам дарэвалюцыйныя нормы сацыяпалавых адносін; другі — студэнты і рабочыя, якія карысталіся паслугамі танных прастытутак з-за нястачы грошай.

Каларытны партрэт прадстаўніка першай катэгорыі мы знаходзім на старонках аднаго з нумароў газеты «Полесская правда» за 1923 г. Яе карэспандэнт даў апісанне начнога загулу ў мясцовым доме адпачынку камісара Рагачоўскага павятовага харчовага камітэта таварыша Маркевіча з «саўпаненкамі», якіх ён прывёз на казённым экіпажы. Галасы тых, хто належаў да другой катэгорыі, гучаць у анкетах, якія запаўнялі барысаўскія маладыя рабочыя падчас сацыялагічнага апытання, што праводзілася ў горадзе ў 1928 г. Вось некаторыя вытрымкі з тых анкет: «Чыста таварыскае палавое жыццё пачаў толькі ў мінулым годзе з прастытуткай»; «З дзяўчатамі не гуляю, таму што няма ніякай карысці, а калі і ёсць, дык прыйдзецца плаціць адну трэць, а прырода сваё патрабуе. Даводзіцца шукаць такую, якая за рублёўку»; «Пачаў з 11-ці гадоў з сялянскай дзяўчынай, цяпер маю рэгулярныя зносіны з вучаніцамі».

«Жрыцы кахання» дзяліліся на тры класы

Нягледзячы на ўсе намаганні савецкай улады, у буйных беларускіх гарадах на працягу 1920-х захоўвалася класічная трохузроўневая іерархія прастытутак. На найбольш нізкай прыступцы знаходзіліся вулічныя жанчыны, якіх кантралявалі сутэнёры і адбіралі ў іх большую частку заробку. Гэтую найбольш шматлікую катэгорыю прастытутак у гарадах БССР утваралі вясковыя дзяўчаты, якія пасля «першага падзення» былі вымушаныя сыходзіць з роднай вёскі, часта з дзіцем на руках і без матэрыяльных сродкаў. Другую, сярэднюю, прыступку займалі жанчыны, якія працавалі ў падпольных бардэлях і таксама да паловы сваіх «ганарараў» аддавалі гаспадару патаемнага лупанарыя. Нарэшце, верхнюю прыступку іерархіі займалі «савецкія паненкі» — маладыя, прывабныя, ідэалагічна не абцяжараныя сакратаркі, швачкі, эстрадныя артысткі, якія маглі задаволіць не толькі фізіялагічныя патрэбы мужчын, але таксама дапамагчы ім добра правесці час.

Карэспандэнт газеты «Звязда» наступным чынам апісваў норавы начнога Мінска ў 1923 г.:

«Прастытуцыя пышна заквітнела ў Мінску. Знакамітая Нова-Красная вуліца — асяродак распусты і венерызму дарэвалюцыйнага часу — перанесла сваю «яму» бліжэй да нэпа, на Савецкую вуліцу. Па вечарах маса прастытутак шырокаю лаваю нясецца па цэнтральных вуліцах і алеях сквера. «Начная біржа» паказвае вялікую актыўнасць. Вярбоўка «гасцей» ідзе на ўсю моц. Мінск мае значны кадр «патэнтаваных» прастытутак. Па прыблізных даных, мінімум іх у Мінску каля 50-ці, не кажучы ўжо пра незарэгістраваных. Як памежны горад, Мінск прыцягвае таксама прастытутак і з іншых гарадоў, якія прыязджаюць сюды, спадзеючыся на лёгкую нажыву. У вір трапляе таксама няўстойлівы элемент са «скарочаных». Прастытуткі ўваскрасілі ўласныя старыя традыцыі: каля кожнай утварыліся цэлыя чароды сутэнёраў і іншых «рыцараў ночы», якія неміласэрна эксплуатуюць сваіх сябровак.

Барацьба з прастытуцыяй сёння вельмі ўскладнілася. У мінулым годзе большая частка прастытутак канцэнтравалася вакол утрымальнікаў прытонаў. Гэтыя прытоны былі раскрытыя... Тады прастытуткі рассеяліся па прыватных кватэрах і гасцініцах, дзе яны пачалі працаваць «на працэнты» альбо па «дзяржразліку». Цяпер яны ў медыцынскіх адносінах зусім бескантрольныя [...] прастытуткі трапляюць да ўрача выпадкова пасля прымусу з боку міліцыі [...] У бягучы час адміністрацыйных мер уздзеяння на прастытуцыю няма. Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне толькі за ўтрыманне прытона распусты альбо за наўмыснае заражэнне венерычнаю хваробаю».

Суровая праўда сталічнага жыцця, апісаная карэспандэнтам «Звязды», не падабалася прадстаўнікам вышэйшай улады, у тым ліку тым, якія непасрэдна адказвалі за санітарны стан горада. Праз два тыдні ў «Звяздзе» з'явіўся адказ на вышэйзгаданы артыкул, падрыхтаваны намеснікам народнага камісара аховы здароўя БССР Баркусевічам, які ўбачыў у ім заклік да легалізацыі прастытуцыі. Ігнаруючы відавочныя факты, што прыводзіліся ў артыкуле, Баркусевіч безапеляцыйна заяўляў — «прастытуцыі пры сацыялізме проста не можа быць».

Загадчык мінскага кінатэатра «Інтэрнацыянал» арганізаваў «спецыяльнае памяшканне для прастытутак» у кінабудцы

Медыкі, якія сутыкаліся з гэтай сацыяльнай з'явай не ў высокіх чынавенскіх кабінетах, а ў палявых умовах, мелі на яе зусім іншы погляд. Беларускі ўрач-венеролаг Шапіра даваў наступныя лічбы прастытутак, выяўленых у 1928 г. у гарадах БССР: Мінск — 65, Віцебск — 53, Гомель — 22, Бабруйск — 37, Слуцк — 12, Полацк — 8, Быхаў — 8, Рагачоў — 7. Але гэтыя лічбы, на думку Шапіры, былі далёка не поўныя, бо прастытуткі хавалі ўласны занятак, выдаючы сябе, напрыклад, за хатніх гаспадынь. Уласную думку доктар аргументаваў колькасцю прастытутак (каля 100), якія стацыянарна лячыліся ў той час у мінскім венералагічным дыспансеры. Гэта азначае, што для атрымання блізкай да рэальнасці карціны савецкія статыстычныя лічбы, што адлюстроўвалі ўзровень прастытуцыі, як і дарэвалюцыйныя, трэба павялічваць у разы.

Ускоснае пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у вядомага беларускага сацыёлага Вальфсона, які кажа пра 446 бардэляў, раскрытых міліцыяй толькі за адзін 1927 г. у васьмі акруговых цэнтрах БССР (толькі ў Гомелі іх было выкрыта 120). Той жа аўтар, які ў сваіх работах выступаў супраць «гнюснай тэорыі прыроджанай прастытуткі», дазваляе даведацца пра пэўныя дэталі гандлю жаночым целам у БССР у часы нэпа. Так, сярэдні месячны заробак прастытуткі ў Мінску складаў каля 100 рублёў у месяц (заробкі савецкіх служачых у той час складалі ад 40 да 120 рублёў, рабочых — ад 80 да 190 рублёў) пры сярэднім кошце адной паслугі 40—50 капеек. Часам падпольныя бардэлі ў беларускіх гарадах набывалі экзатычныя формы. Напрыклад, у 1928 г. загадчык мінскага кінатэатра «Інтэрнацыянал» Эйдус разам з памочнікамі, камсамольцамі Гелерам і Райцэсам, арганізавалі ў кінабудцы «спецыяльнае памяшканне для прастытутак», дзе на сродкі Белдзяржкіно заказалі ложак пад выглядам станка для работы».

Урачы Мінскага венералагічнага дыспансера на аснове праведзенага сацыялагічнага даследавання прастытутак, што праходзілі лячэнне ў 1926 г., прапанавалі наступны сацыялагічны партрэт сталічнай жрыцы кахання. Яе ўзрост вагаўся ад 18 да 30 гадоў, але палавое жыццё пачыналася значна раней. 50 % апытаных ідэнтыфікавалі сябе як беларускі, 27,8 % — як яўрэйкі, 5,2 % — як полькі, 5,2 % — як рускія, 11,8 % — як прадстаўніцы іншых нацыянальнасцяў. Ва ўмовах жыллёвага крызісу месцам работы большасці мінскіх прастытутак з'яўлялася пераважна вуліца альбо парк, параднае, лесвіца.

Гаспадыня публічнага дома па мянушцы «Кейле дзі гут» выдавала сябе за прачку

Апытанне прастытутак у лячэбна-працоўным прафілакторыі. 1920-я гг.

Забарона легальнай прастытуцыі не прадугледжвала пакарання жрыц кахання за заняткі ёю. Аднак мяккасць пакарання за гэтае злачынства (да трох гадоў зняволення) правакавала ўсё новыя спробы асоб, не абцяжараных маральнымі якасцямі, арганізаваць прадпрыемствы па аказанні сексуальных паслуг. Неэфектыўнасць артыкула 171 Крымінальнага кодэкса РСФСР паўплывала на рашэнне беларускіх заканатворцаў у канцы 1920-х узмацніць пакаранне за гэтыя злачынствы. Артыкул 236 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 г. прадугледжваў пазбаўленне волі ўжо да пяці гадоў за «прымушэнне займацца прастытуцыяй, зводніцтва, утрыманне прытонаў распусты, а таксама ўцягванне жанчын у прастытуцыю».

У 1923 г. былі ліквідаваныя напаўлегальныя публічныя дамы з дарэвалюцыйным стажам на Нова-Краснай вуліцы ў Мінску. Гаспадыню апошняга з іх, Кейлю Левіну па мянушцы «Кейле дзі гут», нягледзячы на яе спробы выдаць сябе за сацыяльна блізкую (прачку), асудзілі на тры гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Але праз два гады ў Мінску зноў судзілі гаспадыню бардэля мадам Бернгард па мянушцы «Сорэ-дрыпе». У 1926 г. 171-ы артыкул Крымінальнага кодэкса быў прад'яўлены бабруйскім домаўладальнікам Плісу і Мееровіч, як арганізатарам падпольных бардэляў. У чэрвені 1927 г. у Мінску адбыўся суд над вядомай «гаспадыняй прытонаў распусты і вярбоўшчыцай прастытутак» Драздоўскай. У лістападзе таго ж года быў выкрыты яшчэ адзін прытон распусты ў Мінску па вуліцы Шырокай, 21. У студзені 1928 года падпольны публічны дом, арганізаваны грамадзянкай Казарыновіч, быў зачынены на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. Прыкладна такі ж падпольны дом распусты па завулку Волі, 13 міліцыя выкрыла ў Барысаве, прыцягнуўшы яго арганізатарку грамадзянку Круглік да крымінальнай адказнасці. Уладальнік прыватнай гасцініцы «Маскоўскія нумары» ў Оршы Эстрэркін у 1923 г. быў таксама прыгавораны да двух гадоў зняволення за арганізацыю аказання сексуальных паслуг пастаяльцам. У Віцебску ішла перманентная барацьба з «прытонамі прастытуцыі», якія знаходзіліся на Елагаўскай вуліцы.

На негатыўнае стаўленне да прастытуцыі ў грамадстве ўплывалі венерычныя захворванні, на якія хварэла большасць жрыц кахання. Улетку 1919 г. у Мінскім гарадскім савецкім жаночым заразным шпіталі лекаваліся пераважна прастытуткі. Вялікі працэнт з 4 694 хворых на пранцы, зарэгістраваных у БССР у 1925 г., таксама складалі прастытуткі, прычым большасць з іх знаходзілася ў Мінскай, Віцебскай і Полацкай акругах. Найвялікшая колькасць хворых прастытутак жыла ў сталіцы БССР, насельніцтва якога крыху перавышала 100 тыс. чалавек. На працягу першага — 1923 — года работы венералагічнага дыспансера ў Мінску ў ім было зарэгістравана 36 691 наведванне, у 1924 г. — 42 390, у 1925 г. — 70 591, у 1926 г. — 85 641. Планавыя абследаванні ў працоўных калектывах і мінскіх сярэдніх школах таксама выявілі «масу хворых», якія не ведалі пра свае венерычныя хваробы.

У 1925 г. сярэдняя наведвальнасць Віцебскага скурна-венералагічнага дыспансера павялічылася ў параўнанні з 1924 г. са 158 да 190 чалавек у дзень. Урачы дыспансера былі перагружаныя аглядам новых пацыентаў, значная колькасць якіх прыязджала з раёнаў. На 1925 г. было запланавана адкрыццё аддзяленняў віцебскага дыспансера ў Лёзненскім і Высачанскім раёнах, дзе «венерычныя захворванні набылі масавы характар».

З верасня 1925 г. па чэрвень 1926 г. у гомельскім венералагічным дыспансеры атрымалі дапамогу 1 557 хворых. У 1927 г. у дыспансеры абслугоўвалі ўжо да ста «венерыкаў» штодня, пры тым, што насельніцтва Гомеля складала каля 70 тысяч чалавек. Сярод пацыентаў-мужчын найбольш шматлікую прафесійную групу ўтваралі міліцыянеры, сярод жанчын — супрацоўніцы ўстаноў грамадскага харчавання. Рэзкае павелічэнне колькасці пацыентаў прымусіла загадчыка гомельскага венералагічнага дыспансера тав. Пальчыкава паставіць перад гарадскімі ўладамі пытанне аб пераўтварэнні дыспансера ў спецыялізаваны шпіталь.

Хвалі сексуальнай свабоды 1920-х даходзілі з горада да беларускай вёскі, што непазбежна прыводзіла да росту венерычных хвароб. Так, у 1925 г. у Аршанскай акрузе ў найбольшай ступені ахоплены пранцамі быў Круглянскі раён. Напрыклад, у вёсцы Радча гэтага раёна было выяўлена 13 хворых мужчын, жанчын і дзяцей. Крыніцай захворвання была мясцовая жанчына, якая патаемна займалася прастытуцыяй. У канцы 1926 г. на прамысловых прадпрыемствах Гомельскай акругі былі ўведзеныя абавязковыя агляды рабочых з мэтай выяўлення хворых на пранцы. Тады ж у вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна адкрылі першы ў Гомельскай акрузе вясковы венералагічны пункт.

Дом беспрытульнай жанчыны імя Розы Люксембург

Неўзабаве пасля абвяшчэння БССР, у лютым 1919 г., Народны камісарыят аховы здароўя рэспублікі планаваў правесці медыцынскі агляд усіх мінскіх прастытутак дзеля таго, каб хворых адправіць у шпіталь, а здаровых перадаць у распараджэнне Наркампрацы. У верасні 1920 г. у кіраўніцтве Народнага камісарыята асветы БССР упершыню абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця ў Мінску Дома працы для рэабілітацыі прастытутак. У Магілёве рабочая камуна для прастытутак існавала са жніўня 1922 г. Тады ж губернскі савет па барацьбе з прастытуцыяй, а таксама камісія па барацьбе з прастытуцыяй пры гаррайсавеце ўзніклі ў Гомелі. Савет і камісія планавалі адкрыць у горадзе дом для «беспрацоўных жанчын» і майстэрні, а таксама скараціць прыток маладых жанчын з вёскі ў горад.

У 1922 г. у сталіцы рэспублікі ўтварыліся Цэнтральны савет па барацьбе з прастытуцыяй пры Народным камісарыяце аховы здароўя БССР, а таксама Савет па сацыяльных хваробах, які быў закліканы вырашаць тую ж праблему. У наступным годзе ў Мінску па вуліцы Камунальнай, 18 ужо дзейнічаў адкрыты Цэнтральным саветам лячэбна-працоўны прафілакторый для прастытутак пад назвай «Дом беспрытульнай жанчыны імя Розы Люксембург». У гэтым доме жыло каля 30 жанчын. Іх тыповы дзень выглядаў наступным чынам: ранні пад'ём, сціплы сняданак, біржа працы альбо выпадковыя заробкі, вячэрняя гарбата, чытанне газет, сон. У наступныя гады Цэнтральны савет па барацьбе з прастытуцыяй пры падтрымцы сваіх аддзяленняў у акруговых цэнтрах адкрыў сетку лячэбна-працоўных прафілакторыяў у Віцебску, Магілёве, Гомелі і некаторых іншых буйных гарадах рэспублікі, дзе прастытуткі лячыліся, працавалі, вучыліся грамаце. Іх вадзілі ў кіно, на экскурсіі і нават на святочныя дэманстрацыі. У прафілакторыях існаваў жорсткі рэжым, за прастытуткамі сачылі, каб яны не збягалі на начныя падпрацоўкі.

Кавалерыст быў збіты мінскімі прастытуткамі за недаплату

Важны ўнёсак у справу спынення гандлю жаночым целам быў закліканы зрабіць перыядычны друк. «Звязда» ў выхаваўчых мэтах друкавала споведзі прастытутак. Рэгіянальныя газеты змяшчалі артыкулы асветніцкага характару. Часопіс «Беларуская мэдычная думка» прапаноўваў чытачам спосабы абароны ад венерычных хвароб, у тым ліку найбольш надзейны — прэзерватыў, які ў той час вырабляўся з рыбінага пузыра альбо гутаперчы.

Асаблівая ўвага надавалася растлумачальнай рабоце сярод чырвонаармейцаў, якія актыўна карысталіся паслугамі прастытутак. Палітрукі і ўрачы Беларускай вайсковай акругі тлумачылі чырвонаармейцам, што палавое ўстрыманне не шкоднае для іх здароўя, а «каханне», набытае за грошы ў прастытутак — амаральнае і небяспечнае з медыцынскага пункту гледжання. На старонках газеты «Чырвонаармейская праўда» рэгулярна змяшчалі павучальныя гісторыі на тэму каварнасці пранцаў і іншых венерычных захворванняў. Выхаваўчы эфект, паводле задумы рэдактара газеты, мусіла мець змешчаная ў ёй у 1925 г. інфармацыя пра байца 72-га кавалерыйскага палка Беларускай вайсковай акругі Мінакова, які быў збіты мінскімі прастытуткамі за нядобрасумленнасць у фінансавых разліках з імі.

Барацьба з прастытуцыяй як сацыяльнай з'явай знайшла сваё адлюстраванне ў мастацкай творчасці 1920-х. Менавіта гэтай тэме была прысвечана кінастужка «Прастытутка», якая падзяляе з «Лясной быллю» славу першага беларускага мастацкага фільма. Знятая ў 1926 г. рэжысёрам Фрэліхам на фабрыцы «Белдзяржкіно», яна мела выразна акрэслены дыдактычны характар. У тым жа самым годзе газета «Чырвоная змена» змясціла нарыс пад назвай «Мярзотнік», у аснову якога быў пакладзены сапраўдны эпізод з жыцця паэта Анатоля Вольнага. У нарысе ў белетрызаванай форме быў апісаны шлях, які давялося прайсці 19-гадовай жонцы паэта ад багемнай музы да вулічнай прастытуткі. 24 сакавіка 1927 г. падчас свайго выступлення ў Віцебску Уладзімір Маякоўскі прачытаў уласны верш «Сифилис».

Але ўсе гэтыя меры нагадвалі вычэрпванне акіяна лыжкаю. Сацыяльнае, эканамічнае і культурнае дамінаванне мужчын ва ўмовах татальнага дэфіцыту ў савецкім грамадстве стваралі стабільную прапанову для іх сексуальных паслуг. Акрамя вайскоўцаў, студэнтаў, а таксама адзінокіх мужчын з іншым прафесійна-сацыяльным статусам, жаночае цела на кароткі час набывалі таксама тыя, хто імкнуўся дапоўніць рэгламентаваныя сексуальныя адносіны ў сям'і вольным сексам.

На мяжы 1920—1930-х гг. барацьба з прастытуцыяй у СССР, як і ў гады ваеннага камунізму, пачала зноў праводзіцца выключна рэпрэсіўнымі мерамі, што прывяло да яе часовага сыходу ў падполле. Вядомы савецкі спецыяліст у галіне сацыяльнай гігіены Горфін у сваім артыкуле, напісаным у 1940 г. для Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адзначаў, што «СССР — адзіная краіна ў свеце, у якой прастытуцыя канчаткова ліквідавана і дзе суцэльна знішчаныя прычыны і карані, што яе сілкуюць». Гэтае афіцыйнае стаўленне савецкай улады да прастытуцыі праіснавала да часоў перабудовы, калі ў 1987 г. была ўведзена адміністрацыйная адказнасць за заняткі ёю ў выглядзе папярэджання альбо штрафу.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.