Вы тут

Па першым снезе. Казкі хаця б аднойчы ў жыцці здараюцца


Нарэшце. Пасыпаўся з неба — спачатку няўпэўненымі замерзлымі драбнюткімі кропелькамі, пасля, асмялеўшы, — пушыстымі белымі камячкамі. Прыбраў у белае мокрую зямлю, зялёную яшчэ траву, дрэвы і дахі. Ад яго неяк адразу пасвятлела — і на вуліцы, і на душы. Першаму снегу заўжды радуешся, нібы здараецца ён у жыцці ўпершыню. Не хочацца нават думаць, што заўтра-паслязаўтра прыйдзе наша заўсёднае ў апошнія зімы «каля нуля», і ўсё белае хараство знікне, ператварыўшыся ў шызы туман. Але пакуль да выхадных два дні, вільготныя сняжынкі лезуць пад шырокі капюшон проста ў твар, казычуць лоб, на некалькі імгненняў павісаюць на веях, каб потым ператварыцца ў кроплі і сапсаваць макіяж. Нічога. Усё роўна. Таму што хораша. І амаль святочна. Бы ўпершыню. Адчуванне палёту і казкі. Хоць мімаходзь. Хоць на некалькі імгненняў.


123ru.net

А самая казачная казка, амаль сапраўдная, здарылася са мной гадоў мо дзесяць назад таксама ў самым пачатку снежня недзе паміж Гомелем і Бабруйскам. Звычайная службовая камандзіроўка ператварылася тады ў прыгоды з разраду «знарок не прыдумаеш». Цяпер, калі прайшоў час, я ўсё роўна, згадваючы тую гісторыю, не магу сама сабе адказаць на простае пытанне: што гэта было? Пасля, праўда, кажу сама сабе штосьці накшталт: жыццё цудоўнае — і супакойваюся. Да наступнага года — пакуль з неба белымі камячкамі не пасыпле першы снег.

Менавіта ён, першы снег — шыкоўны, пушысты, які павольна і ўпэўнена засыпаў гомельскія вуліцы, і збіў мяне ў той дзень з панталыку. Правёўшы ў мясцовым каледжы круглы стол па праблемах адукацыі, я ўжо збіралася ехаць на вакзал — у кішэні ляжаў білет на гродзенскі цягнік, які да поўначы прывёз бы мяне ў сталіцу. Але на вуліцы было такое незвычайнае хараство і так захацелася ўбачыць у гэтых цудоўных дэкарацыях палац Румянцавых-Паскевічаў, што замест вакзала я рушыла ў парк. Карацей, мой цягнік сышоў без мяне.

Давялося браць білет на маршрутку. Выехалі з горада ўжо ў цемры, і толькі тут стала заўважна, што павольны пушысты снегапад ператвараецца ў моцную мяцеліцу, якая бязлітасна хвошча наўскос у шыбы, заляпляе іх рыхлай шэрай кашай, перамятае дарогу. Пару разоў маршрутку заносіла на трасе юзам, а дзесьці пад Бабруйскам мы, як і астатнія нешматлікія машыны, увогуле сталі. Адносна ненадоўга — мо на гадзіну. Пасля прыехаў трактар з мігалкай, расчысціў дарогу, і ўсе паехалі далей. За выключэннем нас — пяці пасажыраў той злашчаснай маршруткі. Яна зламалася. На гадзінніку было ўжо гадзін дзевяць вечара, мяцеліца не сціхала, яшчэ і падмарожваць пачало, мы стаялі сярод чыстага поля. Кіроўца пачаў званіць начальству, мае нешматлікія спадарожнікі — сваякам (аказалася, усе, акрамя мяне, ехалі ў Бабруйск). Па іх крыху пазней прыехалі на машынах і забралі. Мы з кіроўцам засталіся чакаць ці то падменную маршрутку, ці то проста машыну, якая адвязе нас хоць куды-небудзь. Спачатку жартам, а пасля ўсё больш і больш усур'ёз, мы пачалі абмяркоўваць, як гэта нам пераначаваць і не змерзнуць. Хацелася есці, выпіць гарачага, залезці пад коўдру —- карацей, хацелася дадому!

І  раптам з узбочыны, ужо цалкам засыпанай снегам, пачулася сапенне, рыпенне, шпоканне — карацей, нешта вельмі падобнае на тое, што хтосьці едзе на запрэжаных санках. Падумалася: здалося, хто на ноч гледзячы ў такую непагадзь куды паедзе. Але ў святле нашых фар ужо маячыў і ладны чырвоны з чорнай грыўкай конік, і ўтульныя сані са спінкай, і постаць мужчыны ў шапцы і кажуху. «Што, змерзлі? — гукнуў нам здалёк. — Сядайце, паехалі!» Кіроўца маршруткі адмовіўся, а я (была-не была!) укулілася побач з дзядзькам у духмянае храбусткое на холадзе сена. Конік весела затупаў па неўтаптаным снезе, і толькі тады я падумала, куды і з кім я еду. Але ж не скакаць было з тых санак.

Ехалі мы чамусьці моўчкі і зусім нядоўга. Спыніліся на ўскраіне ці то нейкай маленькай вёсачкі, ці то зусім хутара, каля дыхтоўнага дома. У доме было цёпла і светла, але нікога не было, акрамя вялікага калматага сабакі, што радасна кінуўся пад ногі, ды лянівага рабога ката на падаконні. Гаспадар, скінуўшы кажух, аказаўся ніякім не дзядзькам, а прыемнага выгляду маладым мужчынам, які прадставіўся Сяргеем і пайшоў гатаваць чай. «Во прыехала!» — толькі і змагла падумаць спалохана...

Мы пілі гарбату з нейкімі зёлкамі і гаварылі ні пра што. Ад фантастычнасці сітуацыі я нават не спыталася, дзе менавіта мы знаходзімся. Яно і зразумела: мяне больш цікавіла, як сябе паводзіць і што рабіць, калі справа дойдзе да начлегу... Але выратавальнік, забраўшы пусты кубак, раптам спытаў: «Дык вам у Мінск трэба? Апранайцеся, выходзьце на вуліцу». Так і не зразумеўшы толкам, што ўвогуле адбываецца, я ўссунула на сябе куртку і боты ды выйшла на асветлены ганак. Раптам з цемры двара загуло, засвяціла фарамі нейкая вялікая (пэўна, джып), машына. «Сядайце, паехалі». «Куды?» «Як куды — у Мінск». Не паспеўшы апомніцца, я ўжо сядзела ў машыне. І мы памчалі праз мяцеліцу, спачатку па нейкай амаль лясной дарозе, пасля па трасе. Мы амаль не размаўлялі, перакідваліся нейкімі дзяжурнымі фразамі — пра надвор'е, пра Гомель. Было чамусьці так утульна і спакойна, што я праз нейкі час заснула.

Ён разбудзіў мяне ўжо на Партызанскім праспекце, спытацца адрас. Падвёз прама да дома. На ўсе мае спробы заплаціць ці проста ад душы падзякаваць адказаў цвёрда: «Ведаеце, я столькі ў жыцці дрэннага нарабіў, што не паправіш. І дапамагчы камусьці — гэта самае малое, каб выкупіць маю віну»... Сеў у сваю вялізную машыну і з'ехаў у тое невядомае месца, адкуль прыехаў. А я ў тую ноч доўга не спала, стаяла каля акна і глядзела, як першы снег, дагнаўшы мяне ўрэшце, пачынае засыпаць пустыя мінскія вуліцы...

Казкі хаця б аднойчы ў жыцці здараюцца. Нават калі ў іх не асабліва верыш, першы снег адным сваім існаваннем нагадвае, што яны магчымыя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».