Вы тут

Андрэй Кунцэвіч: Асноўныя бітвы за Беларусь сёння праходзяць не на вуліцы, а ў інфармацыйным полі


У Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол на тэму «Сродкі масавай інфармацыі ў палітычным працэсе. Актуальныя аспекты заканадаўчага рэгулявання».


Асноўныя бітвы за Беларусь сёння праходзяць не на вуліцы, а ў інфармацыйным полі. Такое меркаванне падчас круглага стала выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, перадае БелТА.

«Нам не ўпершыню сутыкацца з адкрытай правакатарскай дзейнасцю прадстаўнікоў шэрагу апазіцыйных і замежных медыя. Але 2020 год для нашага інфаполя выдаўся асабліва напружаны. У пагоні за сенсацыямі асобныя СМІ, якія больш правільна называць сродкамі масавай маніпуляцыі, а не інфармацыі, неаб'ектыўна асвятлялі падзеі ў нашай краіне, станавіліся памагатымі арганізатараў несанкцыянаваных выступленняў, імкнучыся надаць ім радыкальны, антыдзяржаўны характар», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Андрэй Кунцэвіч падкрэсліў, што падзеі 2020 года паказалі, наколькі важна мець не толькі актуальную заканадаўчую базу, але і напрацоўваць адпаведную практыку яе прымянення. «На жаль, і гэта трэба адкрыта прызнаць, на пэўным этапе мы сутыкаліся з непаваротлівасцю, некампетэнтнасцю і пасіўнасцю ў адстойванні дзяржаўных інтарэсаў з боку асобных ведамстваў. Часта Міністэрству інфармацыі даводзілася змагацца ў адзіночку. Больш за тое, у Адміністрацыі Прэзідэнта па-ранейшаму няма ўпэўненасці ў тым, што мы цалкам выбудавалі гэты працэс. Яшчэ раз падкрэслю, што ў сітуацыі, калі ёсць пагроза інфармацыйнай бяспецы краіны, усе без выключэння дзяржаўныя органы абавязаны прымаць меры па яе абароне. Пры гэтым па-ранейшаму лічу недапушчальным пакідаць па-за ўвагай факты, калі пад сцягамі «свабоды слова і дэмакратыі» штучна нагнятаецца напружанасць у грамадстве, ідзе мэтанакіраванае нацкоўванне адных беларусаў на іншых», — заявіў ён.

Асобная тэма для абмеркавання — інтэрнэт-супольнасці. «З майго пункту гледжання, патрэбны сапраўды новыя рашэнні, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні, якія дазваляюць рэгламентаваць работу з кантэнтам у сацыяльных сетках і месенджараў, якія для многіх замяняюць традыцыйныя крыніцы інфармацыі. Шэраг краін не саромеюцца ісці такім шляхам. Я мяркую, што іх вопыт можа быць карысны і ў нашых рэаліях», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

«Мы ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі апынуліся ў стане зацяжной, шырокамаштабнай, не намі развязанай інфармацыйнай вайны, — такую думку падчас круглага стала выказаў міністр інфармацыі Ігар Луцкі. — Вайны вельмі разнастайнай па наборы прымяняемых метадаў і спосабаў яе вядзення, нацэленай не проста на нанясенне шкоды дзяржаве, а на яе знішчэнне». У эпоху фэйкавых канвеераў важнай задачай з'яўляецца развіццё нацыянальнай медыяпрасторы, перакананы Ігар Луцкі. «Падзеі апошніх месяцаў выразна вызначылі праблемы будаўніцтва новай медыяпрасторы. Перш за ўсё, за кошт фарміравання пула моцных інфармацыйных рэсурсаў кросплатформенных СМІ, здольных аднолькава паспяхова працаваць у розных асяроддзях па распаўсюджванні інфармацыі — ад тэлевяшчання да сацсетак і Telegram. Плюс сістэмная падтрымка, магчыма, грантавая, ужо сапраўды інфармацыйная, малых медыйных фарматаў, напрыклад блогераў», — лічыць міністр інфармацыі.

Разам з тым, паводле яго слоў, у эпоху татальнай постпраўды і фэйкавых канвеераў аднымі мерамі абароны не абысціся. «Важная задача — развіццё ўласнай нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. І туды трэба ўкладваць значна больш інтэлектуальных і матэрыяльных рэсурсаў. Мне здаецца, што на цяперашні момант мы ў гэтым сэнсе недапрацоўваем. І тут пытанне не толькі ў новых тэхналогіях і абсталяванні, а ў заваёўванні і ўтрыманні аўдыторыі шляхам правільнай рэдакцыйнай палітыкі, арыентаванай на актуальныя запыты грамадства, на дасягненне максімальнай цікавасці і даверу грамадзян. Толькі такім чынам мы зможам падняць канкурэнтаздольнасць сваіх медыйных рэсурсаў і зможам актыўна пацясніць апанентаў на іх полі», — дадаў міністр.

Па словах міністра, медыяландшафт за апошнія паўгода больш чым істотна змяніўся». Я кажу паўгода, таму што рашучыя змены, якія нясуць відавочную пагрозу нацыянальнай бяспецы дзяржавы, з'явіліся да прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер мы маем справу з новай інфармацыйнай рэальнасцю, да якой, будзем шчырыя, аказаліся не зусім гатовыя, у тым ліку і ў частцы прававога рэгулявання», — адзначыў ён.

Ігар Луцкі падкрэсліў, што інфармацыйная вайна, як паказвае вопыт нашых суседзяў, патрабуе іншых падыходаў. «У найбліжэйшай перспектыве нам трэба будзе стварыць эфектыўна дзеючы механізм аператыўнага заканадаўчага рэагавання на змены інфармацыйнай абстаноўкі. Мэта — максімальна хутка адказваць на выклікі і пагрозы праз удасканаленне прававых інструментаў», — дадаў ён.

Падчас круглага стала прагучала інфармацыя наконт новых інфармацыйных фарматаў работы парламента. Напрыклад, разглядаецца пытанне арганізацыі інтэрнэт-трансляцый пасяджэнняў з Авальнай залы, паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька. «На вясновую сесію, хутчэй за ўсё, мы ўжо выйдзем з трансляцыямі ў інтэрнэт-фармаце на сайце Палаты прадстаўнікоў», — расказаў парламентарый.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.