Вы тут

Навукова-вытворчы цэнтр біятэхналогій адкрылі ў Інстытуце мікрабіялогіі НАН


«За Акадэміяй навук замацаваная функцыя навуковага суправаджэння развіцця біятэхналагічнай галіны ў краіне. Па выніках гэтага года ў Беларусі будзе выраблена біятэхналагічнай прадукцыі прыкладна на $ 1 млрд. Мы ўкараняем ўсё, што распрацоўваем. У Навукова-вытворчым цэнтры будуць выкарыстоўвацца найноўшыя вынікі навуковых даследаванняў, а далей гэтая прадукцыя пойдзе ў народную гаспадарку, у першую чаргу ў сельскую», — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ.


НПЦ біятэхналогій уяўляе сабой біятэхналагічную вытворчасць поўнага цыкла, якая аснашчана сучасным тэхналагічным абсталяваннем для ферментацыі мікраарганізмаў-прадуцэнтаў і атрымання розных таварных формаў біяпрэпаратаў. Яго праектная магутнасць складае 20,5 тон у год сухіх прабіятычных прэпаратаў (першы пускавы комплекс адкрыўся 1 сакавіка 2019 года) і 43,5 тон у год вадкіх комплексных мікробных прэпаратаў для раслінаводства (другі пускавы комплекс). Выкарыстанне згаданага аб’ёму прабіётыкаў у кормавытворчасці забяспечыць атрыманне звыш 40 тысяч тон высакаякасных збалансаваных айчынных кармоў для буйной рагатай жывёлы, парсюкоў, птушкі, каштоўных відаў рыб, эканамічны эфект ад прымянення якіх складзе каля 10 млн рублёў у год.

На думку спецыялістаў, функцыянаванне Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій НАН Беларусі будзе садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку канкурэнтаздольнай экалагічна бяспечнай біятэхналагічнай прадукцыяй, пашырэнню яе асартыменту, павышэнню экспартнага патэнцыялу і запатрабаванасці на сусветным рынку, развіццю біятэхналогіі ў краіне ў цэлым.

Паводле экспертных ацэнак, мэтай інавацыйнага развіцця большасці краін з’яўляецца фарміраванне новай тэхналагічнай базы, якая забяспечвае высокі ўзровень канкурэнтаздольнай эканомікі на знешніх рынках. Сярод высокатэхналагічных напрамкаў, якія базіруюцца на тэхналогіях V і VI укладаў, усё больш трывалыя пазіцыі заваёўвае індустрыя біятэхналогій. Для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных біятэхналогій і ўмацавання іх аўтарытэту на сусветнай арэне ключавое значэнне набывае арганізацыя эфектыўных вытворчасцей па выпуску імпартазамяшчальнай і экспартнай прадукцыі з высокай доляй дабаўленага кошту на аснове інавацыйных навуковых распрацовак. Стварэнне НПЦ біятэхналогій — важны крок у гэтым напрамку.

Дзейнасць Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі — вядучага навукова-даследчага цэнтра рэспублікі ў галіне біятэхналогіі — арыентавана на стварэнне канкурэнтаздольных біятэхналогій атрымання медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў, харчовых і кармавых дабавак, сродкаў абароны раслін і біяўгнаенняў, а таксама на абарону навакольнага асяроддзя ад прамысловых забруджванняў, што адпавядае прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».