Вы тут

Прэзідэнт: Сітуацыя з каранавірусам няпростая, але пад кантролем


Аляксандр Лукашэнка наведаў «чырвоную зону» ў Віцебскім абласным радзільным доме. Медыцынская ўстанова мае больш чым 80-гадовую гісторыю. За гэты час там з’явіліся на свет каля 205 тысяч дзяцей. Гэтую лічбу можна параўнаць з насельніцтвам горада Бабруйска. У 2008 годзе ў радзільне была скончана рэканструкцыя. Установу абсталявалі сучаснай медтэхнікай, а адкрыў яе ў абноўленым выглядзе Аляксандр Лукашэнка.


Падчас пандэміі радзільня прымае цяжарных, гінекалагічных пацыентак з Covid-19 і прыкметамі вірусных інфекцый. За мінулы месяц тут былі прыняты роды ў 75 жанчын, якіх вылечылі ад каранавіруса.

Таксама кіраўнік краіны сёння ўзначаліў у Віцебскім аблвыканкаме пасяджэнне абласнога штаба па пытаннях супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі.

«У нас падвойная задача — аказанне дапамогі маці і выратаванне малога»

У радзільні кіраўніку дзяржавы далажылі аб дзейнасці гэтай установы аховы здароўя і яе працы ва ўмовах COVID-19.

Па словах галоўнага ўрача Алены Леановіч, ва ўстанове каля 150 ложкаў. Тут наглядаюцца цяжарныя жанчыны з каранавірусам з усёй вобласці. У параўнанні з першай хваляй, захворванне ў будучых мам працякае больш складана, пнеўманія можа развіцца на любым з тэрмінаў цяжарнасці.

«У нас падвойная задача — аказанне дапамогі маці і выратаванне малога», — патлумачыла асаблівасць установы Алена Леановіч.

Зараз у радзільні знаходзіцца 45 жанчын з каранавіруснай інфекцыяй (усяго ў краіне 600 такіх пацыентак), 25 з іх ужо нарадзілі. Усе дзеці здаровыя. Малых у хворых мам забіраюць адразу ж пасля нараджэння. Як толькі маці папраўляюцца, ёй прыносяць дзіця.

«Усе нашы мамы гэта разумеюць і нармальна да гэтага ставяцца», — адзначыла галоўны ўрач.

Аляксандр Лукашэнка пахваліў кіраўніка радзільні за ўласны падыход і за тое, што не паслухалася рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не забіраць дзіця ад хворай маці.

«Малайчына, што не паслухала: трэба ж было дайсці да таго, каб рэкамендаваць не забіраць дзіця ў маці ў той час, калі яна інфікаваная», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падчас наведвання радзільні кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з метадамі лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19. Прэзідэнт наведаў палаты інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі для дзяцей, а таксама пасляродавыя палаты і палаты дародавага знаходжання.

Пасля радзільні Прэзідэнт прыехаў у аблвыканкам, каб прыняць удзел у пасяджэнні абласнога штаба па пытаннях супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі ў рэгіёне.

«Сітуацыя з каранавірусам няпростая, але пад кантролем»

Пра гэта кіраўнік краіны заявіў падчас пасяджэння абласнога штаба па пытаннях супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі ў Віцебскім аблвыканкаме. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прычына яго прыезду на Віцебшчыну — асабіста азнаёміцца з рэальным палажэннем спраў на месцах з лячэннем людзей.  Па яго словах, рэгіён разам з Мінскам першым прыняў удар каранавіруснай інфекцыі, таму менавіта на Віцебшчыне назапашаны значныя веды па лячэнні хворых.

«Сітуацыя ў свеце вельмі напружаная, калі не сказаць больш. Няпростая сітуацыя і ў Беларусі. Але яна пад кантролем, як бы камусьці гэтага не хацелася», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў горадзе ёсць свой медыцынскі ўніверсітэт, дзе рыхтуюць кадры ў тым ліку і для барацьбы з каранавірусам.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу і на забяспечанасць медыцынскіх устаноў вобласці апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«У нас у краіне сёння задзейнічаны каля 500 апаратаў ШВЛ, а задзейнічаць можам з наркозна-дыхальнымі 2500. І мы зробім усё, каб нашы ўрачы не адчувалі ў гэтым дэфіцыту» — адзначыў кіраўнік краіны.

Зараз у медыцынскіх стацыянарах краіны дастаткова месцаў для лячэння  хворых на кавід, запэўніў Прэзідэнт.

«У нас няма праблем з койка-месцамі. Калі, скажам, крый Божа, у Оршы не хопіць месцаў, можна будзе перакінуць людзей у Віцебск, — сказаў ён. — Тут няма праблем. На машыне хуткай дапамогі цягам гадзіны яго можна перавезці ў Віцебск. Гэтак жа з іншых раёнаў, калі там узнікнуць нейкія праблемы».

У вобласці зараз няма праблем з аказаннем медыцынскай дапамогі, спаслаўся на інфармацыю ад старшыні аблвыканкама Аляксандр Лукашэнка.

«Я і не чуў, каб яны былі ў нас па краіне. І мы навучыліся вельмі хутка рэагаваць, каб аказаць дапамогу людзям».

«Калі ў нас ёсць магчымасць мабілізаваць усе сілы і сродкі на рашэнне той ці іншай праблемы, тады ёсць вынік»

Па словах кіраўніка краіны, арганізацыйныя штабы ў рэгіёнах сыгралі значную ролю з барацьбе з каранавірусам першай хвалі, таму і ў другую хвалю пайшлі такім жа шляхам. Абласныя і рэспубліканскі штаб пры Міністэрстве ахове здароўя арганізуюць лячэнне, пастаўку сродкаў аховы ўрачэй і лекаў з запасам.

«Калі ў нас ёсць магчымасць мабілізаваць усе сілы і сродкі на рашэнне той ці іншай праблемы, тады ёсць вынік. А хто можа арганізаваць гэта ў Віцебскай вобласці? Канечне, губернатар са сваімі падначаленымі. Ён сёння адказвае за праблемы лячэння людзей больш чым за нейкія іншыя, бо за гэтым стаяць жыцці нашых людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, чым больш у краіне робіцца тэстаў, тым больш выяўляюць хворых.

Па яго словах, як толькі з’яўляюцца малыя сімптомы каранавірусу ў хворага, яго тэсціруюць.

«Галоўны паказчык, колькі ў кавідных пнеўманій у краіне. Пацыентаў з такім дыягназам на сёння каля 21 з паловай тысячы, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкі падключаны 519 чалавек».

«Самае галоўнае — захаваць жыццё чалавеку»

Самы галоўны паказчык — смяротнасць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. За апошнія суткі ў Віцебскай вобласці ад каранавірусу памерла два чалавекі, удакладніў ён. Учора — ніводны.

«Гэта ў Віцебскай вобласці, якая ў нас сёння — не лепшая», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Па краіне гэтая лічба таксама параўнальна невялікая, дадаў ён і абурыўся тым, што некага гэта не задавальняе.

Патрабаванне будзе, перш за ўсё, за захаванне жыцця, паўтарыў ён і заклікаў, каб яго пачулі кіраўнікі ўсіх рэгіёнаў.

«Самае галоўнае — захаваць жыццё чалавеку, усё астатняе другаснае», — падкрэсліў ён і дадаў, што глыбока пагружаны ў гэту тэму і не мае пакуль прэтэнзій ні да міністра аховы здароўя, ні да кіраўнікоў рэгіёнаў па арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым.

«Дзякаваць богу, у нас тысячамі за суткі не гінуць людзі, нават сотнямі не гінуць, — дадаў ён. — І не будуць гінуць, бо мы ўсе, ад старшыні сельскага Савета, райвыканкама, аблвыканкама да Прэзідэнта, прэм’ер-міністра і міністра, тым больш, займаемся гэтай праблемай і будзем займацца, мы будзем выратоўваць нашых людзей наколькі гэта магчыма. І людзі пра гэта павінны ведаць».

«Давайце будзем выратоўваць людзей. Гэта мой зварот да ўрачоў, — заклікаў Прэзідэнт. — Лячыць людзей трэба. Справа не ў статыстыцы».

Пытанні лячэння і выратавання людзей найважнейшыя, паўтарыў ён. Ён спытаў прысутных, чаго не хапае ў рэгіёне: урачоў, сродкаў індывідуальнай абароны, лекаў?

«Кажыце прама, у гэтым будынку мы прымем любое рашэнне, нават немагчымае. І ў сілу нашага жадання працаваць, мы рэалізуем любое наша рашэнне», — рэзюмаваў ён.


Аляксандр Лукашэнка пра фейкі датычна яго візіту ў Віцебск і становішча спраў у бальніцах

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў негатыўныя каментарыі ў інтэрнэце з нагоды яго прыезду ў Віцебск. Яго абурылі наўмысна ілжывыя выказванні пра ўмовы працы медыцынскага персаналу ў «чырвонай зоне», пра адносіны кіраўніцтва бальніцы да супрацоўнікаў.

«Мярзотнікі апошнія, — назваў аўтараў фэйкаў Аляксандр Лукашэнка. — Я гэтым мярзотным людзям хачу задаць толькі адно пытанне. Памятаеце, Еўрасаюз вылучыў пасля выбараў адразу 54 мільёны еўра? Пратэстунам, пісакам гэтым. А 52 мільёны — на лячэнне ад ковіду. Але гэтыя сродкі, як яны заявілі, Еўрасаюз, накіравалі грамадзянскай супольнасці для лячэння ковіду. Гэта значыць, ім. Дзе гэтыя грошы? Вось няхай напішуць, дзе 52 мільёны еўра?»

Гэтыя грошы, па словах кіраўніка дзяржавы, даюцца тым, хто «шатаецца па вуліцах».

«Але ўжо зараз вы нават іх чытаеце і бачыце: не хапае. Гэтыя беглыя, напэўна, паўтары сотні ўжо збеглі, і пакуль ідуць сюды грошы, яны іх там перахопліваюць, — сказаў беларускі лідар. — І нашы пратэстуны, якія тут пад дубінкі АМАПу, як яны кажуць, ходзяць, унюхалі гэта, дык, кажуць, мы пад дубінкі ідзём, а яны нашы грошы забіраюць. Вось дзе іх грошы. Ім за гэта плацяць, каб абылгаць, зняславіць людзей прыстойных, якія сёння працуюць у гэтых „чырвоных зонах“. Мярзотнікі апошнія!»


«Мы забяспечаны тымі прэпаратамі, што выкарыстоўваюцца ў вядучых клініках свету»

Медыцынскія ўстановы Віцебшчыны забяспечаны ўсімі неабходнымі лекавымі сродкамі для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, нават самымі дарагімі. Пра гэта журналістам паведаміла Таццяна Кавалёва, галоўны ўрач Віцебскай абласной інфекцыйнай бальніцы.

«Ёсць абсалютна ўсё. Праблема гэтай інфекцыі не ў тым, што чагосьці няма. Мы забяспечаны тымі прэпаратамі, што выкарыстоўваюцца ў вядучых клініках свету», — сказала Таццяна Кавалёва.

Па яе словах, кафедры інфекцыйных хвароб медыцынскіх універсітэтаў краіны адсочваюць і ўкараняюць усе навінкі па лячэнню хваробы, што з’яўляюцца ў свеце.

«У мяне выклікае нават захапленне і ўдзячнасць, што мы так хутка рэагуем на сусветныя дасягненні. Па медыкаментознай тэрапіі ніякіх праблем сёння не бачу. Так, гэтыя прэпараты не льюцца ракой, але для іх ёсць і пэўныя паказанні. І каб увесці гэты прэпарат каму трэба, таксама неабходнае прафесійнае ўменне», — падкрэсліла медык.

Як паведаміла Таццяна Кавалёва няма праблем і са сродкамі індывідуальнай аховы (СІА), з імі навучыліся працаваць як у вядучых краінах свету.

«Сёння праслізгваюць звесткі, што медперсанал па шмат разоў надзявае адзін і той жа СІА. Гэта так, але гэта не кажа пра іх дэфіцыт. Справа ў тым, што выпрацаваны пэўныя методыкі абеззаражвання СІА кварцам і паверце, што ў нас ні адзін чалавек персаналу ад гэтага не заразіўся і не захварэў», — растлумачыла галоўны ўрач.

Забяспечаны неабходнымі сродкамі медустановы раённых цэнтраў. Ім аказваецца і кансультатыўная дапамога спецыялістаў з вобласці.

«Калі ў іх ёсць пэўныя складанасці, гэта вырашаецца ці пераводам пацыентаў, ці выездам на кансультацыю. Мы праводзім велізарную кансультатыўную працу не толькі ў рэжыме анлайн ці тэлемедыцынскіх кансультацый, але і ў рэжыме выезду», — паведаміла Таццяна Кавалёва.

«Чакаем на вакцынацыю»

Уладзімір Сінкевіч, галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя адзначыў: верагодна, спецыялісты ведаюць адказ на пытанне, калі скончыцца захваральнасць?

«Чакаем на вакцынацыю — найбольш правільны варыянт для ўсіх паветрана-кропельных захворванняў. Пакуль яе няма, таму думаем, калі скончыцца другая хваля. Мы мяркуем, што з’явіліся ў Віцебскай вобласці, у прыватнасці, прадвеснікі абнадзейвання», — расказаў медык.

Сярод іх — зніжэнне захваральнасці вострымі рэспіраторнымі захворваннямі, у шэрагу пацыентаў усё менш дарослых.

Занепакоенасць ва Уладзіміра Сінкевіча да гэтага часу выклікае невыкананне насельніцтвам рэкамендацый медработнікаў — невытрымліванне рэспіраторнага этыкету, сацыяльнага дыстанцыравання.

У штабы па прафілактыкі інфекцыі, па словах спецыяліста, уваходзяць не толькі медыцынскія работнікі. Сумесная работа органаў улады дазваляла дабівацца хуткіх вынікаў па атрыманні сродкаў індывідуальнай аховы, медыкаментозным лячэнні.

«Пасяджэнні штабоў праводзіліся амаль кожны дзень. Сёння ўжо выпрацаваны механізм. Штаб працягвае функцыянаваць амаль што ў папярэднім фармаце, але змяняюцца мэты, задачы, тэрміны правядзення. Але асноўная задача — забеспячэнне дабрабыту па захваральнасці каранавіруснай інфекцыяй», — сказаў Уладзімір Сінкевіч.

Дзмітрый Піневіч: Выплачваць кавідныя надбаўкі урачам будуць да заканчэння эпідэміі​

Падчас візіту кіраўніка дзяржавы ў адну з медыцынскіх устаноў Віцебскага рэгіёна і пасяджэння штаба па супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавірусу закраналася тэма правакацыйнай і ілжывай інфармацыі, якая датычыцца медыцыны, расказаў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«З усёй адказнасцю заяўляю, што выплата „ковідных надбавак“, згодна з указам кіраўніка дзяржавы, адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца роўна да той ступені, пакуль у нас не скончыцца эпідэмічная сітуацыя. Пакуль не скончацца апошнія пацыенты, якім у сістэме аховы здароўя аказваецца дапамога, пацыенты менавіта з ковіднай інфекцыяй, — запэўніў ён. — Гэта пытанне з’яўляецца адным з прыярытэтных разам з забеспячэннем лекамі, сродкамі індывідуальнай абароны і ўвогуле ў цэлым з аказаннем медыцынскай дапамогі».

Міністр таксама заявіў, што сродкаў індывідуальнай абароны ў краіне хапае ў поўным аб’ёме, больш за тое, сфарміраваны запас прыкладна на месяц. З гэтым няма праблем яшчэ і таму, што практычна ўсе яны вырабляюцца ў Беларусі, дадаў ён.

«Падчас эпідэмічнай сітуацыі мы абмяжоўваем колькасць пацыентаў, якія прыходзяць у паліклініку з рознымі пытаннямі. Такім чынам дэталізуюцца рашэнні пра тое, што дыспансерызацыя, нейкія пытанні, якія можна адкласці, яны не вырашаюцца (у прыватнасці, паліклініках Мінска — «Зв.»), але планавая спецыялізаваная дапамога будзе аказвацца ў стацыянарных установах, па-за паліклінікамі, каб захаваць сацыяльнае дыстанцыяванне. Пацыенты, якія не маюць патрэбу ў дапамозе тут і зараз, не павінны збірацца разам у адным месцы», — пракаментаваў ён адно з паведамленняў у інтэрнэце.

Галоўная тэма пасяджэння Віцебскага рэгіянальнага штабу па супрацьдзеянні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі стаў аналіз таго, ці ўсё робіцца для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, якая звязаная з ковід-інфекцыяй, і ў цэлым, расказаў кіраўнік ведамства.

«Калі казаць пра фінансаванне, губернатар пацвердзіў і маніторынг паказаў, што яно адбываецца ў поўным аб’ёме — дадаў Дзмітрый Піневіч. — Ковід-інфекцыя — гэта не толькі медыцынская праблема, каб супрацьстаяць ёй, неабходна ўзаемадзеянне народна-гаспадарчай і сацыяльнай сфер. Мы сёння абмяркоўвалі, як працуюць нашы школы, інтэрнаты, установы культуры, як захоўваецца масачны рэжым і як гэта ўплывае на работу рэгіёна».

Штаб Віцебскага рэгіёна паспяхова выконвае сваю функцыю, зрабіў выснову міністр.

Вяртаючыся да тэмы непраўдзівай інфармацыі ў інтэрнэце, Дзмітрый Піневіч звярнуў увагу, што любы факт можна паказаць з розных бакоў, і падача, калі яна накіраваная на разбурэнне, не можа быць, на яго думку, аб’ектыўнай.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».