Вы тут

Прэзентацыя «Канстытытуцыі Піліпа Орліка»


Прэзентацыя «Канстытытуцыі Піліпа Орліка»

Гісторыя беларускага народа багатая і ўнікальная, насычаная непаўторнай духоўна-культурнай спадчынай, якой мы па праву можам ганарыцца. Захоўваць і папулярызаваць яе неабходна перш за ўсё на канкрэтных прыкладах. Цікавай у гэтым сэнсе з'яўляецца асоба ўраджэнца Беларусі Піліпа Сцяпанавіча Орліка – украінскага палітычнага, ваеннага і дзяржаўнага дзеяча, паэта і публіцыста.

Нарадзіўся Піліп Орлік у 1672 годзе ў вёсцы Касута, што на Вілейшчыне, у шляхецкай сям'і (герба «Навіна»). Вядома, што вучыўся ў Віленскай езуіцкай і Кіева-Магілянскай акадэміях. У 1702–1708 гадах служыў генеральным пісарам ва ўрадзе гетмана Івана Мазепы. Пасля ж яго смерці Піліпа Орліка абралі гетманам Украіны. Падчас выбараў ім быў ратыфікаваны дакумент «Дамовы і пастановы правоў і вольнасцей Войска Запарожскага», больш вядомы як «Канстытуцыя Піліпа Орліка». Гэта не толькі першая ўкраінская Канстытуцыя, яе лічаць увогуле першай Канстытуцыяй у свеце, створанай раней за адпаведныя дакументы ў ЗША (1787), Рэчы Паспалітай (1791) і Францыі (1791). Тэкст дакумента быў выдадзены на дзвюх мовах: стараўкраінскай і лацінскай. Амаль праз тры стагоддзі Канстытуцыя была перакладзена на нашу мову.

3 снежня ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбылася прэзентацыя  кнігі «Перша Конституція України, написана гетьманом П. Орликом і узгоджена з козацькою радою 5 квітня 1710 року = Першая Канстытуцыя Украіны, напісаная гетманам П. Орлікам і ўзгоджаная з казацкай радай 5 красавіка 1710 года», выданне якой было прымеркавана да 310-гадовага юбілею з дня прыняцця гістарычнага дакумента. Кніга была падрыхтавана і выдадзена на ўкраінскай і беларускай мовах па ініцыятыве Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» пры дапамозе Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь і Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

На прэзентацыі ў Полацку Украіну прадстаўлялі сакратары пасольства Іван Сцяпанавіч Башняк і Сяргей Уладзіміравіч Салавей, а таксама ганаровы консул Украіны ў Віцебскай вобласці Ігар Уладзіміравіч Калінічэнка. Завіталі да нас і кіраўнікі Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў «Ватра»: старшыня арганізацыі Уладзіслаў Мікалаевіч Кадзіра і яго намеснік Галіна Яфімаўна Калюжная.

Менавіта Галіна Яфімаўна, якая з'яўляецца галоўным ініцыятарам стварэння кнігі, распавяла аб тым, як вялася падрыхтоўка выдання. У свой час яна шмат зрабіла для вяртання імя самога Піліпа Орліка. Гэтай справе, па яе словах, было аддадзена васямнаццаць год жыцця. Зараз яго імя носіць адна з вуліц Вілейкі, а ў вёсцы Касута ўсталяваны памятны знак.

Дадзеная сустрэча паказала, як шмат агульнага ў нас з нашымі паўднёвымі суседзямі, наколькі знітаваныя нашыя лёсы, а таксама як лёгка мы разумеем адно аднаго, нават размаўляючы кожны на сваёй мове.

Малей Ірына
старшы навуковы супрацоўнік
Музея беларускага кнігадрукавання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».