Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе дзелімся самымі цікавымі спартыўнымі навінамі тыдня.


1. У фінскім Кантыялахці адбыўся другі этап Кубка свету па біятлоне. Найлепшы вынік сярод беларускіх спартсменаў паказала Дзінара Алімбекава. Алімпійская чэмпіёнка заняла чацвёртае месца ў агульным заліку. Цяпер у актыве Дзінары 151 бал. Перад ёю алімпійская чэмпіёнка Ганна Эберг, у якой 204 заліковыя балы, на другім месцы — нарвежская біятланістка Мартэ Олсбю-Ройселан, якая набрала 168 балаў, трэцюю пазіцыю займае шведка Ёхана Скотхейм з 152 баламі.

У спрынце Дзінара Алімбекава прыехала да фінішу сёмая. Але ў гонцы пераследу алімпійская чэмпіёнка рэабілітавалася і заняла чацвёртае месца, паказаўшы найлепшы вынік сярод суайчынніц. Ганна Сола ў гэтай гонцы паказала найлепшы лыжны ход, але да фінішу прыехала толькі 29-й. У эстафеце беларуская жаночая каманда атрымала пяць штрафных кругоў і фінішавала толькі 12-й.

Прадстаўніцы Беларусі ў агульным заліку размясціліся наступным чынам: Алена Кручынкіна — 27-е месца, Ірына Крыўко — 29-е, Ганна Сола — 54-е. У заліку Кубка нацый беларуская жаночая каманда займае 8-е месца.

Найлепшы з беларускіх біятланістаў Сяргей Бачарнікаў у агульным заліку займае 24-е месца, маючы 59 балаў. Антон Смольскі займае 33-е месца, Максім Верабей — 36-е, Раман Ялётнеў — 50-е. У заліку Кубка нацый беларуская мужчынская каманда знаходзіцца на восьмай пазіцыі.

У спрынце найлепшы вынік сярод беларусаў паказаў Сяргей Бачарнікаў, ён заняў 13-е месца. У гонцы пераследу першы сярод беларусаў фінішаваў Максім Верабей, які размясціўся на 34-м месцы. У мужчынскай эстафеце ў беларускай камандзе не атрымалася трапіць у дзясятку наймацнейшых, у выніковым пратаколе яна заняла 11-ю пазіцыю.

Трэці этап Кубка свету пройдзе з 11 да 13 снежня ў аўстрыйскім Хохфільцэне.


2. Лыжныя акрабаты выступілі на этапе Кубка свету ў фінскай Руцэ. Пераможцам стаў расіянін Максім Бураў. Найлепшы вынік сярод беларускіх спартсменаў паказаў Максім Гусцік — ён фінішаваў сёмы. Станіслаў Гладчанка размясціўся на 10-й пазіцыі, а Дзмітрый Мазуркевіч — на 12-й. Беларусы Макар Мітрафанаў, Ігар Драбянкоў і Павел Дзік спыніліся ў кваліфікацыі.

Беларускія спартсменкі Валерыя Болматава заняла 15-е месца ў кваліфікацыі, а Анастасія Андрыянава размясцілася на 18-й пазіцыі.


3. Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка выйграла фінальны матч на турніры Міжнароднай тэніснай федэрацыі ў Тунісе. У вырашальным паядынку Юлія абыграла чэшскую спартсменку Лінду Фрухвіртаву. Вынік сустрэчы — 6:1, 5:7, 6:3.

На мінулым тыдні дзве беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка былі намінаваныя на званне «Гулец года». Вікторыя Азаранка была адзначана і ў намінацыі «Вяртанне года». Спіс прэтэндэнтак на званне найлепшай тэнісісткі апублікавала на сваім сайце Жаночая тэнісная асацыяцыя. Разам з беларускамі ў намінацыі адзначаны Софія Кенін (ЗША), Сімона Халеп (Румынія), Наомі Осака (Японія), Інга Свёнтак (Польшча).


4. Адбыўся першы тур чэмпіянату Беларусі па індорхакеі сезона 2020/2021. Лідарам тура стаў хакейны клуб «Мінск» — дзяўчаты перамаглі ва ўсіх матчах, акрамя сустрэчы з «Вікторыяй-1» — з імі матч скончыўся ўнічыю. Другое месца заняла каманда «Вікторыя-1», трэцяе — гродзенскі «Рытм». Па выніках першага тура, у другім туры каманды будуць раздзелены на дзве падгрупы: А — 1-4 месцы: «Мінск-1», «Вікторыя-1», «Рытм», «Тэкстыльшчык-БарДУ». У групу Б увойдуць каманды, якія займаюць месцы з 5-га да 7-га: «Мінск-2», «Вікторыя-2», СДЮШАР ХК «Мінск».


5. На мінулым тыдні хакеісты мінскага «Дынама» перамаглі маскоўскі ЦСКА ў матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Вынік сустрэчы — 4:2. Дагэтуль «зубры» святкавалі перамогу над армейцамі ў верасні 2014 года. Пасля мінскі клуб 17 разоў запар уступаў маскоўскім сапернікам. Гэты поспех дапамог беларускаму клубу ўмацаваць свае пазіцыі ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, цяпер «Дынама-Мінск» мае 39 балаў. У галасаванні на сайце «Дынама-Мінск» аматары клуба найлепшым гульцом сустрэчы вызначылі нападаючага Ягора Шаранговіча.

Наступны матч «зубры» правядуць 9 снежня на «Мінск-Арэне» супраць маскоўскага «Дынама».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У зімовых відах спорту пачаўся новы сезон

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.