Вы тут

Беларускі камерцыйны банк удасканаліў тэхналогію галасавой біяметрыі


Пасля інтэграцыі штучнага інтэлекту віртуальны памочнік пазнае людзей па голасе без лішніх пытанняў.


Як гэта працуе

Цэнтр кліенцкай падтрымкі банкаў стаў першым кантакт-цэнтрам у Беларусі, дзе рэалізаваны ўсе сучасныя AІ-тэхналогіі па апрацоўцы натуральнай гаворкі. Гэта дазваляе аператыўна вырашаць большасць пытанняў без удзелу аператара, што зручна для самога кліента. Але гэта таксама павышае эфектыўнасць сэрвіснай падтрымкі, бо віртуальны памочнік здольны паўнавартасна адказаць прыкладна на траціну зваротаў. І гэта не мяжа: з кожным месяцам бот асвойвае новыя навыкі і магчымасці. «Тое, што раней здавалася фантастыкай, сёння становіцца рэальнасцю», — адзначыў намеснік старшыні праўлення БПС-Ашчадбанка Алег Бародка.

Спецыялісты ўпершыню ў нашай краіне аб'ядналі ў адным кліенцкім сцэнарыі тэхналогію распазнавання натуральнага маўлення і галасавую біяметрыю. Тым самым у банку плануюць павысіць хуткасць і якасць абслугоўвання. Гэта таксама ўзмоцніць бяспеку сэрвіснай падтрымкі ў дыстанцыйным фармаце.

Асноўныя прычыны ўкаранення біяметрыі банкамі — гэта скарачэнне аперацыйных выдаткаў на абслугоўванне офісаў, павышэнне якасці паслуг і павелічэнне колькасці кліентаў. На сённяшні дзень заканадаўства і тэхналогіі аддаленай ідэнтыфікацыі з выкарыстаннем біяметрычных даных чалавека дазваляюць адкрыць рахунак або атрымаць крэдыт, не звяртаючыся ў офіс банка. Гэта дае магчымасць крэдытным арганізацыям, з аднаго боку, знізіць колькасць наведвальнікаў у офісах, з другога боку — павялічыць колькасць кліентаў за кошт павышэння зручнасці і хуткасці аказання паслуг.

Тэхналогіі біяметрыі дапамагаюць павышаць зручнасць і скарачаць хуткасць абслугоўвання кліентаў да 20-40 секундаў. Раней, каб верыфікаваць кліента, аператару цэнтра апрацоўкі выклікаў банка даводзілася ўдакладняць, напрыклад, даныя пашпарта, кодавыя словы і іншае. Цяпер у гэтым няма неабходнасці. Акрамя гэтага, галасавая біяметрыя дазваляе павысіць эфектыўнасць работы кантактнага цэнтра і скараціць штат аператараў на 10-20 %.

Сусветныя трэнды

Тэхнічны дырэктар Trend Mіcro ў Расіі і СНД Міхаіл Кандрашын адзначае, што мільёны кліентаў у Bank of Amerіca, JPMorgan Chase і Wells Fargo рэгулярна выкарыстоўваюць адбіткі пальцаў для ўваходу ў свае акаўнты праз мабільныя праграмы. Апошняя кампанія нават дазваляе карпаратыўным кліентам сканаваць сятчатку вока з дапамогай мабільнага тэлефона.

Найбольшай папулярнасцю карыстаецца ідэнтыфікацыя кліентаў па голасе. Замест таго каб марнаваць да сямі хвілін, адказваючы спецыялісту кантакт-цэнтра на сакрэтныя пытанні, кліентам трэба ўсяго 20 секундаў, каб пацвердзіць сваю асобу голасам. Напрыклад, у Barclays больш за 65 % званкоў кліентаў апрацоўваецца пры дапамозе галасавой верыфікацыі. Выкарыстоўваючы той жа метад, Banco Santander Mexіco не проста скараціў час аўтэнтыфікацыі на 42 секунды, але яшчэ і сэканоміў 1 млн долараў.

Кампанія Cіtіgroup ідэнтыфікуе па голасе 800 тысяч сваіх кліентаў з крэдыткамі, а 90 % кліентаў славацкага Tatra Bank расказалі, што аддалі перавагу галасавой біяметрыі перад традыцыйнай сістэмай верыфікацыі карыстальнікаў.

У фінансавай групы HSBC, дзе амаль палова ўсіх новых уліковых запісаў адкрываецца анлайн, бізнес-кліенты цяпер могуць адкрыць новы рахунак, робячы сэлфі для праверкі сваёй асобы. Кампанія USAA, якая аказвае страхавыя і банкаўскія паслугі вайскоўцам і іх сем'ям, вызначае некаторых кліентаў па контуры асобы. У цэлым, паводле даследавання Bіometrіcs for Bankіng, да канца 2020 года 1,9 млрд карыстальнікаў па ўсім свеце будуць выкарыстоўваць біяметрыю для атрымання банкаўскіх паслуг.

Яе прымяненне для ідэнтыфікацыі і ёсць адзін з асноўных трэндаў інфармацыйнай бяспекі, якія павышаюць абароненасць сістэм, бо ўцечка або крадзеж аўтарызацыйнай біяметрыі (напрыклад, хэша адбітка пальцаў) нічога зламысніку не дасць. У гэтым і сутнасць тэхналогіі. Іншая справа, што сумесна з гэтай інфармацыяй заўсёды ідуць і іншыя персанальныя даныя: уліковы запіс, кантактная інфармацыя, імя, прозвішча. Банкі павінны імкнуцца да таго, каб не адбывалася нават прыватных уцечак, асабліва калі гаворка ідзе пра такую крытычную інфармацыю, як узоры голасу і выяву чалавека.

Эксперты салідарныя, што банкаўская біяметрыя павінна быць добраахвотнай для кліентаў. «Банкі не павінны навязваць аддаленую ідэнтыфікацыю без тлумачэння магчымых негатыўных наступстваў. Вельмі важна, каб у кліентаў была магчымасць выбару альтэрнатыўных варыянтаў ідэнтыфікацыі, уключаючы асабістую прысутнасць. Каб засцерагчы сябе, чалавек павінен сам прымаць рашэнне аб неабходнасці падобнай паслугі ў балансе паміж зручнасцю і фінансавымі рызыкамі, якія ён можа панесці ў выпадку кампраметацыі яго асобы», — лічаць беларускія спецыялісты.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: rubryka.com

Загаловак у газеце: Я пазнаю цябе па голасе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».