Вы тут

Увосень — памiдоры, увесну — цюльпаны. Сям'я юрыста i эканамiста з Магiлёва гаспадарыць на вёсцы


Алiна i Руслан ФIЛIМОНАВЫ ўжо трэцi год як пераехалi ў вёску Чарнаўцы, што пад Чавусамi, дзе жывуць i вырошчваюць памiдоры. Сёлета ўпершыню пасадзiлi яшчэ i сто калiў агуркоў, i якраз патрапiлi — халоднае надвор'е многiх пакiнула без гэтай культуры, так што каштаваў агурок парадкам. Восенню купiлi некалькi калiў вiнаграду (сiняга, ружовага, белага), каб паспрабаваць пасадзiць у цяплiцы. У сужэнцаў ёсць i жывая гаспадарка: куры, iндыкi, перапёлкi, каза, некалькi вулляў з пчоламi, сабака Хлоя i кот Цiмафей, якi любiць ласавацца агуркамi.


На салаты i закаткi

Перш чым асесцi на вёсцы ў хаце, што дасталася маладым ад бабулi Алiны, пара спрабавала займацца бiзнесам, не кiдаючы асноўныя месцы работы. Да агароднiцтва вырошчвалi, напрыклад, вешанкi.

— З грыбамi атрымлiвалася праз раз, працавалi ў нуль. Зразаеш грыбы i развозiш па супермаркетах, i гэта самае лёгкае. Значна цяжэй iх вырасцiць, — успамiнае Руслан.

Цяпер колькi сужэнцы нi згадваюць, так i не могуць зразумець, чаму вырашылi паспрабаваць менавiта памiдоры.

— Пачыналi з таматаў у адкрытым грунце. Высадзiлi адразу тры тысячы кустоў, i ўжо пачалi збiраць першыя памiдоры, як iх скралi. А аднойчы прыходзiм — а ў нас голае поле, пасярэдзiне якога адно калiва. Гэта было яшчэ пад Бялынiчамi. Потым мы саджалi памiдоры ў Магiлёве, пасля пад Магiлёвам, затым яшчэ два гады ў Бялынiчах. I ўрэшце апынулiся тут, — гаворыць Алiна.

У вёску Чарнаўцы сям'я магiляўчан, якiя знаёмыя дзесяць гадоў, пяць з якiх у шлюбе, ужо колькi часу некалькi разоў на год ездзiлi проста адпачываць, бо тут, кажуць, «вельмi прыгожа, цiшыня i вакол амаль нiкога няма». Як на хутар прыязджалi. Цяпер тут хапае суседзяў, але ж прыгажосцi ад гэтага не паменшала, хоць i цяжкасцяў сваiх хапае. Напрыклад, няма вады. Найблiжэйшы калодзеж глыбiнёй 30 метраў, але там вада не тое каб надта пiтная.

— Мы-то свiдравiну сабе зрабiлi, а сусед старэнькi, якi яшчэ немцаў бачыў, што можа са сваёй пенсii зрабiць, — уздыхае Руслан.

— У нас калi свiдравiны не было, я з калодзежа за дзень выцягвала па 30 вядзёр, а Руслан насiў. I нiчога. А цяпер два вядры выцягнеш, i ўжо спiна балiць, — гаворыць Алiна.

Фiлiмонавы заўжды саджалi памiдоры на вулiцы. Тут у iх сёлета «гадавалiся» адзiн сорт на салаты i чатыры — на закаткi. Зямлi ў пары прыкладна 1,5 гектара.

— Летась было так цёпла, што першыя памiдоры пачалi з сярэдзiны лiпеня здымаць, — удакладняе Алiна.

Сёлета гаспадары ўпершыню паспрабавалi вырошчваць агароднiну ў дзвюх цяплiцах, дзе Руслан змайстраваў кацёл i пралажыў трубы, каб падаграваць. Праўда, надвор'е было не надта спрыяльнае — некалькi начэй у жнiўнi нават прыходзiлася палiць, каб памiдоры ды агуркi не памерзлi. Штодня правяраюць надвор'е па некалькi разоў у рэжыме рэальнага часу. Цяпер сям'я будуе трэцюю цяплiцу, а за зiму плануюць змайстраваць яшчэ дзве.

«Жывём разам ды не бачымся»

Так напалову жартам, а напалову ўсур'ёз гавораць Алiна i Руслан. У такiм рэжыме яны жывуць усю «гарачую» пару, калi ўраджай здымаюць i прадаюць.

— Я падымаюся ў чатыры ранiцы, ён яшчэ спiць, вяртаюся каля чатырох апоўднi, ён кладзецца спаць. Падымаецца ў шэсць вечара, а ў восем-дзевяць вечара я ўжо засынаю, — кажа Алiна. — Ранiцай я нават не фарбуюся i не снедаю, усё здаецца, нiбы нi на што не хапае часу. Яшчэ васьмi няма, а я ўжо гандлюю.

У пары ўжо шмат пастаянных пакупнiкоў, якiя не толькi набываюць агароднiну, што ёсць, а яшчэ i просяць пад заказ баклажаны цi моркву. Калi гэта на градцы ёсць, Алiна прывозiць. Тым не менш людзi розныя. Знайшлiся i зайздроснiкi. «Дзякуючы» такiм вось суседзям Алiне год назад прыйшлося аформiцца iндывiдуальным прадпрымальнiкам, каб у Чавусах спакойна прадаваць агароднiну з асабiстай падсобнай гаспадаркi. Раней проста бралi даведку з сельсавета, што ўсё расце ў нас на ўчастку, i гандлявалi.

— Мы звычайна збывалi свой ураджай у жнiўнi, вераснi, кастрычнiку. Асноўнае — памiдоры, ну i патроху перцаў, кабачкоў, зелянiны. Ну, скажыце, якi з тых, хто займаецца агароднiнай, становiцца IП у вераснi? — задаецца пытаннем Алiна. — А мне прыйшлося, бо ў Чавусах, дзе мы прадаём свой тавар, быў толькi адзiн пункт з агароднiнай, i яго гаспадары прывыклi, што яны адны на ўвесь горад. А тут мы, ды яшчэ i без нацэнкi прадаём. I яны пачалi нам паскудзiць: то санстанцыю з праверкай паклiчуць, то скардзяцца, што мы перакупшчыкi. А мы заўжды прадавалi толькi тое, што самi вырасцiлi. А пасля нехта ўвогуле ананiмку напiсаў пра «прадпрымальных махiнатараў».

Цяпер пра пару i iх тавар у раёне большасць ведае, аднак здараецца ўсякае, у тым лiку i недавер, што такiя маладыя ды на зямлi працуюць. Нават мама Алiны дагэтуль спадзяецца, што дзецi вернуцца назад у Магiлёў. Пара прызнаецца, што займацца продажам у прынцыпе не вельмi любяць, iм значна больш прыемна на зямлi працаваць, «але ж трэба гандляваць, каб грошы зарабiць».

— У нас спачатку быў юнацкi максiмалiзм, мы саджалi па 20 тысяч калiў памiдораў, — смяецца Руслан. — Гэта была кепская iдэя, бо мы збiралi па паўтары тоны памiдораў у дзень, а прадавалi толькi 500–800 кiлаграмаў. Таму лiшкi збывалi перакупшчыкам. Урэшце зразумлi, што лепш усiм самiм гандляваць.

Агурочная спроба i два кветкавыя месяцы

Хоць агуркi сужэнцы высадзiлi толькi першы год, яны ўжо высветлiлi, што для добрага росту глеба павiнна мець кiслотна-шчолачны баланс (PH) максiмум 6.

— У нас глеба PH 7, таму трэба раскiсляць ваду звычайнай лiмоннай кiслатой. Гэта мы перад пасадкай другой партыi даведалiся, — кажа Руслан. Першы ўраджай агуркоў знялi яшчэ ў красавiку, i ў параўнаннi з тымi, што былi летам, яны здаюцца маленькiмi ды кволымi. У мяне ўжо ў планах зрабiць асобную цяплiцу пад адзiн толькi агурок — метраў 25 шырынёй i 90 даўжынёй.

Яшчэ адну цяплiцу хочуць пад вiнаград аддаць. Ужо пралiчылi, што прыбытку з яго можна атрымаць не менш, чым ад памiдораў, а догляд лягчэйшы.

Алiна i Руслан стараюцца харчавацца як мага больш натуральна. Ужо год як перасталi засмажваць суп i адмовiлiся ад маянэзу. Алiна вельмi любiць iндычыну, таму даюць iндычцы выводзiць птушанят. Руслан — аматар мёду, i пчалiнай гаспадаркай займаецца ён. А казiнага малака ў гаспадарцы настолькi ўдосталь, што нават сабаку яго пiць ужо надакучыла, жартуюць сужэнцы. Часам з малака маладая гаспадыня робiць клiнковы сыр.

Нават кот гаспадароў — за здаровае харчаванне. Акрамя агуркоў, якiя ён надзвычай любiць, можа з'есцi кавалачак баклажана, бульбы цi кабачка, калi галодны. Ну i, вядома, палюе на мышэй.

Зiмой уся хата ў Фiлiмонавых у кветках — рыхтуюцца да 8 сакавiка. Да 14 лютага цюльпаны вырошчваць не рызыкуюць, бо холадна.

— Кветка вырасце, аднак можа замерзнуць пасля зрэзкi, — тлумачыць Алiна. — У нас такое нават увесну аднойчы было. Мы фасавалi кветкi, шчыльна складвалi iх у скрынi, а адзiн цюльпан застаўся ляжаць на прылаўку, дык ён замерз i стаў празрысты.

У пачатку кастрычнiка цюльпаны высаджваюць у скрынкi. З 10 студзеня да 25 лютага яны ўжо пачынаюць парасткi даваць, i iх пакрысе (у залежнасцi ад сорту) пераносяць з падвала ў хату. А вось за дзён пяць перад святам пачынаецца работа «на выжыванне», калi можна легчы ў чатыры ранiцы, а ў шэсць ужо трэба ўставаць везцi цюльпаны на продаж. Затое iмi i займацца трэба толькi пару месяцаў, два тыднi з якiх асаблiва напружаныя. Памiдоры патрабуюць значна больш часу i сiл, кажа Алiна.

Нягледзячы на такi напружаны тэмп жыцця i пастаянную занятасць, вiдаць, што сям'i такое жыццё падабаецца, i вяртацца ў горад яны не плануюць.

Iрына СIДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?