Вы тут

Гурт «ІNVІNO»: Найлепшая імправізацыя — добра спланаваная рэпетыцыя


У гасцях «Чырвонкі. Чырвонай змены» — беларускі музычны гурт, які працуе ў стылі поп-рок з 2005 года. У творчай скарбонцы вакалістаў два альбомы — «У свае 23» і «Акустыка», на падыходзе — доўгачаканы трэці. Калектыў з'яўляецца фіналістам шматлікіх фестываляў і праектаў, прымае ўдзел у мясцовых рок-фестывалях, трыб'ютах гуртоў «Placebo», «Green Day», «Muse». Іх песня «Кахаю» — адзін з галоўных саўндтрэкаў да фільма «Бабруйск—Дакар», а знакаміты твор «Марта» быў прызнаны пераможцам на радыё «Сталіца».

Хлопцы не перастаюць штурмаваць сцэны Мінска і іншых гарадоў Беларусі і Расіі, актыўна іграюць на шматлікіх сольных канцэртах. У 2017-м змяніўся колішні склад удзельнікаў — разам з салістам і заснавальнікам калектыву Артурам ШУСТОЎСКІМ сталі працаваць бас-гітарыст і бэк-вакаліст Павел БУРЧЫК, ударнік Андрэй ВЕРАСАЎ і менеджар гурта Аляксандр БЛЮМ. Давайце пазнаёмімся з імі бліжэй.


Мы пачалі сваю гутарку з Артура, які расказаў гісторыю назвы гурта: «ІNVІNO» — гэта ўрывак са знакамітага лацінскага выслоўя «Іn vіno verіtas», якое перакладаецца як «Праўда — у віне». Напачатку збіраліся з сябрамі ў гаражы, размаўлялі пад келіх добрага напою і рэпеціравалі. На той момант ідэя такой назвы падалася нам арыгінальнай. Наконт музыкі вызначыліся, што хочам пісаць шчырыя рэчы».

Калектыў выконвае ў асноўным рускамоўныя песні, якія можна пачуць, як яны самі гавораць, паўсюль, дзе разумеюць рускую мову. У гурта два кірункі — аўтарскі праект, дзе Артур піша песні і музыку, Павел і Андрэй дапамагаюць з аранжыроўкай, а Аляксандр адказвае за арганізацыю. І другі праект — камерцыйны, дзе музыканты працуюць як кавер-бэнд. «У гэтай якасці мы выступаем тым жа складам. Плюсы праекта ў тым, што выпрацоўваецца зладжанасць, якая прыходзіць з гадамі, частыя выступленні даюць цудоўную сцэнічную практыку, якая, вядома, вельмі важная для любога калектыву. І, безумоўна, гэта заробак і самарэклама: чым больш нас ведаюць, тым лепш», — тлумачыць менеджар гурта Аляксандр.

Каманда спявае на розных мерапрыемствах, таму, калі просяць выканаць што-небудзь з рэпертуару папулярных артыстаў, яны не адмаўляюцца, гэта адбываецца, падчас працы «каверам». У планах аднавіць аўтарскія канцэрты, гэтым, дарэчы, хлопцы зараз і займаюцца. Па словах удзельнікаў, цяпер яны ствараюць менш песень у параўнанні з тым, што рабілі ў мінулым. Тады было шмат ідэй — ад сумяшчэння рамантыкі з рокам, жывым жорсткім поп-рокам, і лірыкі — скрыпкі, віяланчэлі і г. д. Цяпер жа яны разумеюць, што на гэта ўсё ідзе шмат часу і тым больш грошай. Сёння гурт імкнецца да лірычнай глыбіні, паказвае музычнасць і драйв, дзякуючы чаму нараджаюцца рамантычныя творы ў рок-выкананні.

Аляксандр лічыць, што беларуская публіка эмацыянальна скаваная і каб «распаліць» яе, неабходна шмат сіл і энергіі, аднак у той жа час для яго як былога сібірака мінскія размеранасць і спакой спрыяюць творчасці. «Бывае, і не аднойчы, калі мы «разаграём» нават самых скептычна настроеных людзей. Спачатку ім шмат што не падабаецца, могуць папрасіць зрабіць гучней альбо паправіць «гітарку» ці дадаць ударныя. А пасля звяртаюцца: іграйце яшчэ і яшчэ» (cмяецца).

Па словах галоўнага вакаліста, у гурта ёсць канцэртныя і так званыя неканцэртныя песні. Калі людзі прыходзяць непасрэдна на гурт «ІNVІNO», значыць, яны іх добра ведаюць, калектыў ім даспадобы. Таму ў гэтым плане камандзе цяжэй выступаць як кавер-бэнду, бо прыходзіцца працаваць з «халоднай» публікай. «Кожны раз неабходна даказваць, хто ты, чаго ты варты, іншымі словамі, заваёўваць увагу гледача. Гэта вельмі складана: зноў і зноў праходзіць кола такога «музычнага пекла», — дзеліцца ўражаннямі Артур. Аднак да падобных «экзаменаў» музыканты рыхтуюцца і лічаць, што найлепшая імправізацыя — гэта добра спланаваная рэпетыцыя.

У ходзе размовы я задала пытанне пра крытыку. На думку Аляксандра, яна ёсць розная: хапае тых, хто насамрэч жадае нешта падказаць, і тых, хто крытыкуе, не прапаноўваючы пры гэтым нічога. У такім выпадку музыкант навучыўся яе прапускаць міма вушэй. Увогуле рокеры лічаць, што паслухаць заўвагі і прапановы варта, але трэба ведаць, што адтуль можна ўзяць. «Калі больш прафесійны за мяне чалавек скажа, я прыслухаюся», — падсумаваў Павел.

...Як мінімум два выступленні на тыдзень, рэпетыцыі, работа над новым альбомам і г. д. — у калектыўным графіку распісана ўсё па гадзінах. У студыі падчас нашай сустрэчы хлопцы рыхтаваліся да чарговага канцэрта. Настройваючы свае гітары і барабаны, наладжваючы апаратуру, па ходзе справы яны расказалі, што ў іх камандзе ўсе прафесіяналы: акрамя дзейнасці ў гурце, Андрэй, напрыклад, іграе ў ваенным аркестры, Паша з дзяцінства займаецца музыкай, паралельна іграе ў царкве, Аляксандр мае вялікі вопыт у гукарэжысуры, прадзюсіраванні, Артур жыве работай з гуртом.

Калектыў выступае на адных пляцоўках з такімі знакамітасцямі, як спявачка Влада, гурты «Без білета», «Neuro Dubel», беларускім андэграўндам «Мутнаевока» і іншымі, нярэдка перасякаліся з рок-гуртамі «Агата Крысці», «Zdob sі Zdub», ігралі на «падагрэве» ў «Бі-2». Гурт лічыць, што выступаць на адной сцэне з такімі «зоркамі» — шчаслівая падзея. На маё пытанне аб прыхільніцах, якіх, вядома, шмат, Артур адказаў з усмешкай, што яго ўсё задавальняе, а вось астатнія ўдзельнікі гурта несвабодныя, але кажуць, што жонкі разумеюць спецыфіку іх работы, таму асаблівых праблем няма.

Я спытала ў калектыву, як яны збіраюцца з духам перад выхадам на сцэну і што для іх галоўнае ў дзейнасці. Артур сказаў, што для яго важна пабыць у цішыні, а пасля канцэрта вакаліст любіць аднаўляцца ў лесе і параўноўвае разнастайнасць прыроды са сваёй музыкай. Лідар гурта гаворыць, што музыканты стараюцца «не біць у адну кропку», эксперыментуюць, таму ў іх рэпертуары можна знайсці кампазіцыі на любы густ. А галоўнае для творцаў — гэта ўпартасць, бо існуе шмат прыкладаў, калі калектывы здаюцца і пасля распадаюцца. Так, Артур прыгадаў сваю даўнюю размову з лідарам «Neuro Dubel» Аляксандрам Кулінковічам, які расказваў, што калі той пачынаў, сярод шматлікіх беларускіх гуртоў яны былі самыя непрафесійныя. Пасля ж з тых артыстаў ніхто не застаўся на сцэне. А яны вытрымалі, бо працягвалі іграць і пісаць песні. Менеджар гурта Аляксандр на гэта дадаў, што ў многім вырашае таксама выпадак — трэба аказацца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Так, як гэта адбылося з многімі вядомымі гуртамі.

На завяршэнне размовы, калі мы гаварылі пра талент і поспех, я папрасіла хлопцаў апісаць сваю творчасць некалькімі словамі, для іх — гэта драйв, глыбіня, свабода, а яшчэ грув, калі ўсіх «качае», баланс, а таксама іскра, якая ідзе са сцэны.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва музыкантаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.