Вы тут

«Барбершоп — тэрыторыя мужчын, але мне там падабаецца!»


У сучасным свеце ўжо нікога не здзівіць тым, што мужчыны хочуць быць дагледжанымі і брутальнымі адначасова, менавіта таму яны ўсё часцей карыстаюцца паслугамі барбершопаў. Нягледзячы на тое, што барберынг — адна з самых маладых сфер у Беларусі, вакол яе ўжо паспеў скласціся міф пра тое, што гэта найперш тэрыторыя моцнай паловы чалавецтва. Але, нягледзячы на такое меркаванне, прадстаўніцы прыгожага полу, якія не прывыклі здавацца, змаглі «ўкараніцца» ў вышэйназваную сферу, разбурыўшы ўсе магчымыя стэрэатыпы.


Лізавета Жукоўская ўжо пяць гадоў працуе ў мінскім барбершопе. У індустрыю прыгажосці ёй дапамаглі прыйсці... танцы. Калі яна з калектывам выступала на конкурсах, часта рабіла прычоскі сваім напарніцам і ў нейкі момант зразумела, што ёй падабаецца такі занятак. З гэтай прычыны Ліза паступіла ў тэхналагічны каледж на спецыяльнасць «мастак-мадэльер» і ў працэсе навучання зразумела, што стрыжкі зацягнулі яе больш, чым макіяж або прычоскі. Пасля заканчэння навучальнай установы наша гераіня прапрацавала майстрам-універсалам каля трох гадоў.

— Падчас гэтага перыяду я ўсвядоміла, што з кліентамі мужчынскага полу мне нашмат камфортней і пачала думаць, як зрабіць так, каб працаваць прыходзілася толькі з імі. Тады і даведалася пра такое месца, як барбершоп, аднак уладкавацца ў першы, які спадабаўся, было не так ужо і проста. Давялося сутыкнуцца з палавой няроўнасцю, многія наймальнікі аддавалі перавагу мужчынам у сілу жадання падтрымаць стыль сваёй установы. Аднак адзін барбершоп усё ж даў мне магчымасць быць у прафесіі. Таму што там працуюць толькі дзяўчаты, гэта такая ўласная адметнасць.

Абавязкаў у нашай гераіні шмат. У першую чаргу — усе віды паслуг ад барбера: стрыжка, галенне, догляд за барадой і валасамі, таніраванне сівізны альбо афарбоўванне ў жаданы кліентам колер, кансультацыя, падбор укладачных сродкаў і сродкаў для догляду. Акрамя гэтага, трэба заўсёды сачыць за чысцінёй свайго рабочага месца, інструментаў, наяўнасці той ці іншай касметыкі на пару з адміністратарам.

— Часта людзі не разумеюць, у чым розніца паміж салонам прыгажосці, барбершопам і звычайнай цырульняй, нават нашы кліенты задаюць нам гэтае пытанне. Давайце спачатку вызначым тое, што салон і цырульня — гэта розны статус аднаго і таго ж месца. Яны адрозніваюцца цэнавым і абслуговым сегментамі, прафесіяналізмам майстроў і падыходам да кліента. А барбершоп — гэта мужчынская зала салона, якая выступае цяпер як самастойнае месца са сваёй стылістыкай і сваімі майстрамі. Апошнім часам такіх месцаў адкрываецца вельмі шмат. Кожны імкнецца вылучыцца, зрабіць нешта незвычайнае. Гэтак жа і ў нас. Галоўная наша адметная рыса — дзяўчаты-майстры. Так, можа быць, мы не зможам падтрымаць гутарку на тэму футбольных клубаў, аднак, пагадзіцеся, прыемна, калі да цябе датыкаюцца далікатныя рукі дзяўчыны, усе рухі плаўныя, і вы атрымліваеце не толькі стрыжку ці галенне, але яшчэ і эстэтычнае задавальненне ад усяго працэсу — у нашай прафесіі гэта таксама важна. Вядома ж, без усялякага непрыстойнага падтэксту.

Хоць асноўнымі кліентамі барбершопа і з'яўляюцца мужчыны, Лізавета ведае прыклады, калі можа прыйсці жанчына і папрасіць стрыжку машынкай «пад нуль», але тут ужо рашэнне прымае сам майстар — брацца за такую работу ці не. Гэтак жа бываюць выпадкі, што ў іх установу прыводзяць на стрыжку маленькіх хлопчыкаў, але галоўная ўмова, каб яны былі не малодшыя за пяць гадоў. І работнікі адразу папярэджваюць, што сачыць за тым, каб дзіця паводзіла сябе спакойна, — задача бацькоў.

— Самае складанае ў нашай прафесіі — гэта знайсці падыход да любога кліента, бо кожны наш госць — індывідуальная асоба. Першае, з чаго я пачынаю работу з чалавекам, гэта дыялог на прадмет жаданняў, пераваг, некаторых жыццёвых момантаў, якія дапамогуць мне падабраць варыянт стрыжкі, альбо скампанаваць пажаданні кліента ў нешта суцэльнае, пракансультаваць яго. Ёсць людзі, якія ведаюць, што хочуць бачыць у сябе на галаве, ёсць тыя, хто гатовы да любых змяненняў. Шмат залежыць і ад настрою чалавека: ва ўсіх бываюць цяжкія дні, клопаты, стрэсы, і ў такія моманты з кліентам вельмі цяжка працаваць. Мы займаемся творчасцю ў такой зоне цела чалавека, дзе адчуваем яго эмацыянальны настрой, і заўсёды павінны адпавядаць яму. Нярэдка бываюць выпадкі, калі госці натхнёныя персанажамі з фільмаў або серыялаў, дакладней, стрыжкамі акцёраў або нават ідэяй афарбоўвання, аднак гэта не значыць, што тое, што пасуе Джоні Дэпу, будзе пасаваць і яму. Гэта таксама важна растлумачыць, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў.

Калі вы думаеце, што ў барбершопах робяць толькі аднатыпныя класічныя стрыжкі і выраўноўванне барады, спяшаемся вас расчараваць. Фантазія многіх кліентаў сапраўды не ведае межаў.

— У мяне ёсць кліент, які калісьці прыйшоў і сказаў, што хацеў бы зрабіць каляровыя валасы. Яны ў візіцёра былі да плячэй, іх ён збіраў у хвост. Мы тады пафарбавалі пасмы ў адзін колер, але ён наведваўся да мяне яшчэ шмат разоў, і так пакрысе дадаваліся ўсё новыя і новыя колеры. У выніку ў яго амаль не засталося валасоў «роднага» колеру, і затым ён захацеў усё зрабіць аднатонным. А ў канчатковым выніку прыйшоў і сказаў, што гатовы расстацца са сваёй доўгай прычоскай. І зараз у яго дастаткова кароткая стрыжка, аднак мы ўсё роўна фарбуем яе ў розныя колеры. Справа займае нямала часу, але гэта вельмі цікава.

У канцы нашай гутаркі мы задалі Лізавеце пытанне, ці лічыць усё ж яна, што прафесія барбера больш падыходзіць мужчынам, на што атрымалі ад яе вельмі падрабязны адказ:

— На маю думку, гэта проста стэрэатып. У кожнай справе, няхай гэта будзе барбер або любая іншая прафесія, важнае жаданне, імкненне і зацікаўленасць чалавека. Менавіта гэтыя складнікі робяць як мужчыну, так і жанчыну прафесіяналам у абранай сферы. Аднак я пагаджуся, што ёсць моманты, дзе ў мужчын можа быць перавага.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.