Вы тут

Sex-балясы. Разгледзець здраду


Сённяшнія нашы нататкі стануць працягам папярэдніх, якія датычыліся тэмы адзюльтэру. («Некаторыя мужыкі настолькі кахаюць сваіх жонак, што карыстаюцца чужымі, каб сваю не зношваць».) Ведаеце, быў, мякка кажучы, здзіўлены колькасцю і разнастайнасцю даследаванняў вучоных з розных краін свету, прысвечаных гэтай праблеме. Такое ўражанне, што напісаць работу па ёй проста абавязаны кожны паважаючы сябе спецыяліст. («Брытанскія вучоныя даказалі, што, мыючы ногі, мы мыем і рукі».) Вось і гадай: з уласнага досведу яны чэрпаюць тэмы ці займаюцца гэтым у якасці прэвентыўнай меры, так, на ўсялякі выпадак — раптам спатрэбіцца? («— Віншую, адразу відаць, што ты ажаніўся! Кашуля адпрасаваная проста ідэальна. — Так, гэта першае, чаму мяне навучыла жонка».) А што, даследчыкі — не людзі? («Секс — гэта, канешне, добра, але вы калі-небудзь спрабавалі мачаць лустай хлеба ў жыжку з-пад салата з агуркоў і памідораў?»)


Напрыклад, як сцвярджаюць брытанцы, у сярэднім здраджваюць сваім палавінкам 15 працэнтаў мужчын і дзевяць — жанчын. У Францыі 55 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі, што хоць бы раз парушалі вернасць. У Італіі такіх знайшлося 34 працэнты.

Не дзіва, што пры такім раскладзе актыўнасць даследчыкаў «віруе». («— Я часам здраджваю сваім звычкам. — А жонцы? — Ну, жонка ў нейкім сэнсе таксама звычка».) Ды чаму толькі іх? Кожны можа адчуць сябе навукоўцам у гэтай сферы. («Амерыканскія вучоныя адкрылі брытанскіх вучоных, якіх выпадкова закрылі ў прыбіральні».) Напрыклад, карыстальнікі Twіtter вывелі свае асноўныя прыкметы адзюльтэру.

Большасць юзераў раілі звяртаць увагу на змяненні ў паводзінах партнёра. («— Дарагая, хочаш, я посуд памыю? — Здрадзіў, гад? — І што, няхай зараз посуд брудны стаіць?») Адразу некалькі каментатараў сышліся на тым, што няверныя партнёры робяцца больш раўнівыя і недаверлівыя. («Дзяўчына пытаецца ў хлопца: — А ты будзеш мяне кахаць, калі я патаўсцею? — Я — ужо».) Адна дзяўчына напісала, што кавалер можа пачаць скардзіцца на алергію ў раёне шыі, такім чынам спрабуючы схаваць след ад пацалунка. («Галава баліць, а адмовіць няма каму...») Яшчэ адна карыстальніца дадала: аб здрадзе можа сведчыць таксама тое, што бойфрэнд пачаў зараджаць тэлефон, кладучы яго экранам уніз. («— Ты добра ведаеш гэтую дзяўчыну? — Не вельмі... Пару разоў».)

Але вернемся да ўласна даследаванняў. Напрыклад, група навукоўцаў універсітэта Заходняй Аўстраліі апублікавала вынікі сваёй работы, згодна з якімі, вывучыўшы мужчынскі твар, можна з даволі вялікай доляй верагоднасці меркаваць аб схільнасці яго ўладальніка да сексуальнай нявернасці. («— Мойша, мне не падабаецца выраз твайго твару. — Які? — Любы».) Пры гэтым, сцвярджаюць вучоныя, жаночыя твары не даюць магчымасці для такой ацэнкі. Аўстралійцы мяркуюць, што здольнасць вызначыць схільнасць партнёра да адзюльтэру можа быць эвалюцыйным навыкам. («— Дарагі, глядзі, якое колца! Якое міленькае колца! Купі, купі, купі! Ну купі, купі! — До-о-о-бра! Дзяўчына, дайце гэта колца з тварагом і бутэльку піва».)

З пункту гледжання эвалюцыі, няверны каханак уяўляе вялікую небяспеку, паколькі гэта можа скончыцца стратай важных рэсурсаў ці самога партнёра. (« — Яфім Львовіч, вы пра мяне зусім забыліся!.. — Мадам, шоб вы ведалі, вы ў мяне з галавы нават пакурыць не выходзіце!») Нядзіўна, што менавіта пытанне сексуальнай вернасці стала вызначальным у падтрыманні парных сувязяў. Рэспандэнтам паказвалі фатаграфіі людзей і прасілі ацаніць, наколькі верагодна, што тыя здраджваюць самі ці ўступяць у сувязь з чужым партнёрам. («Секс паміж двума жанатымі людзьмі — гэта не здрада, а ўзаемавыручка».) Вынікі аказаліся несуцяшальныя для мужчын: прадстаўнікі абаіх полаў з больш высокай доляй верагоднасці ўгадвалі сярод іх няверных партнёраў. Ранейшыя даследаванні аўстралійцаў выявілі сувязь паміж наяўнасцю у мужчыны мужных рыс твару і яго схільнасцю да здрады. У гэтым уся справа? («Толькі храбраму мужыку пад сілу кахаць вар'яцкую жанчыну».)

А вось амерыканскія вучоныя падчас даследавання знайшлі спосаб вызначаць схільных да адзюльтэру жанчын. («— Паехалі да мяне, прыгажуня! — Не-е-е-е, я не такая, я па клубах не хаджу, я дома кніжкі чытаю. — Ну і якая была апошняя? — Паехалі».) Пытанні былі сфармуляваны так, каб даведацца ў мужчын, наколькі добра яны разумеюць сваіх партнёршаў, і ці задаволены тыя ў інтымным жыцці. У дам пыталіся пра гатоўнасць падмануць. («Зрабіў учора «левы» акаўнт, каб сачыць за жонкай. Пазнаёміліся. Пафліртаваў з ёй. Высветлілася, што я памёр тры гады таму».) У выніку аказалася, што жаночая вернасць наўпрост залежыць ад сексуальнай задаволенасці. («Софачка не тое каб імітавала аргазмы ў ложку, яна іх парадзіравала».) Цікава, і што такога новага вынайшлі навукоўцы?

Такім чынам — за паразуменне ў адносінах. Напрыканцы анекдот. «Калі некаму вельмі хочацца развесціся, перадаю параду маёй бабулі: «Цярпіце і беражыце адно аднаго. Дзве пенсіі лепш, чым адна!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.