Вы тут

Чаму Украіна апынулася на мяжы дэфолту?


Цяпер у краіне агульная сума непрафінансаваных расходаў дасягае 195 мільярдаў грыўняў (каля 7 млрд долараў) толькі па агульным фондзе дзяржаўнага бюджэту. Такі прагноз апублікаваў Цэнтр аналізу публічных фінансаў і публічнага ўпраўлення Кіеўскай школы эканомікі. Раней міністр фінансаў краіны Сяргей Марчанка заяўляў, што з-за сур'ёзнага недавыканання плана ўтворыцца сур'ёзны фіскальны разрыў. Па песімістычным сцэнарыі (пры ўмове адсутнасці пазітыўных сігналаў ад МВФ і падтрымкі іншых міжнародных партнёраў), ва ўкраінскага ўрада не будзе сродкаў на пакрыццё да 114 мільярдаў грыўняў выдаткаў (каля 4 млрд долараў). «Пазычаць ужо няма дзе, і мы цесна ўвайшлі ў бюджэтны крызіс, — такім меркаваннем у эфіры ўкраінскага тэлеканала падзяліўся эканамічны эксперт Юрый Атаманюк. — У бюджэце ў нас сёння найгоршая сітуацыя за апошнія дзесяць гадоў». Чаму Украіна апынулася на мяжы дэфолту?


Блізка да прорвы

Экс-прэзідэнт Грузіі, колішні губернатар Адэскай вобласці, а цяпер кіраўнік Выканаўчага камітэта рэформаў Украіны Міхаіл Саакашвілі заявіў, што эканоміку краіны ў найбліжэйшы час чакаюць непазбежныя катаклізмы. «Украінская эканоміка цяпер рушыць да вялікай катастрофы. Ва Украіне насоўваецца вельмі моцны бюджэтны крызіс», — адзначыў палітык у эфіры тэлеканала «Украіна-24».

Паводле яго слоў, ужо з 2021 года ва Украіны будуць праблемы з выплатамі заробкаў і пенсій. «Такога не было з 1990-х гадоў. Таму, калі такая сітуацыя, ці трэба тэрмінова нешта рабіць, ці проста краіна вылятае ў трубу. Проста з закрытымі вачыма рушым у прорву. І гэта адбываецца ва ўмовах, калі ўрад практычна не функцыянуе, як быццам ён існуе ў паралельным свеце», — лічыць Міхаіл Саакашвілі.

У чэрвені палітык ужо заяўляў, што Украіна знаходзіцца на мяжы эканамічнай катастрофы. Тады ў інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону Саакашвілі сказаў, што да такой высновы прыйшоў, азнаёміўшыся з чарговым дакладам Міжнароднага валютнага фонду. «Не трэба рабіць выгляд, што нам нічога не пагражае. Пагражае. А некаторай колькасці ўкраінскіх сем'яў пагражае голад», — сказаў ён.

У ліпені нямецкая газета Handelsblatt паведаміла пра пагрозу банкруцтва Украіны на фоне абавязацельстваў Кіева ў тэрміновым парадку забяспечыць пагашэнне вялікай запазычанасці перад замежнымі крэдыторамі. «Толькі ў гэтым годзе Украіне трэба будзе рэфінансаваць старыя крэдыты ў аб'ёме 17 млрд долараў, тэрмін пагашэння якіх ужо праходзіць», — адзначыла выданне.

Даўгі растуць...

Разам з трывожнымі бюджэтнымі справаздачамі эканамічная статыстыка падкрэслівае значныя праблемы. Сёлета па выніках трох кварталаў дзяржаўны доўг Украіны ўзрос на 347 мільярдаў грыўняў (12,3 млрд долараў) — да 2,3 трыльёна грыўняў. Асноўная прычына — дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Пра гэта паведаміла Падліковая палата Украіны.

Па словах старшыні ведамства Валерыя Пацкана, затраты на выкананне даўгавых абавязацельстваў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічыліся да 433 мільярдаў грыўняў і склалі 36 працэнтаў праведзеных у студзені—верасні 2020 года расходаў дзяржаўнага бюджэту. Гэта зменшыла фінансавыя магчымасці для рэалізацыі іншых праграм. Спецыяліст адзначыў, што толькі на абслугоўванне дзярждоўгу было накіравана 13 % даходаў дзяржаўнага бюджэту.

«Нізкая якасць макраэканамічнага прагнозу прывяла да недапаступлення 76 мільярдаў грыўняў даходаў дзяржаўнага бюджэту і адначасова змяншэння расходаў на пагашэнне і абслугоўванне доўгу і некаторых выдаткаў на 30 мільярдаў грыўняў», — адзначылі ў Падліковай палаце Украіны.

...А прамысловасць згортваецца

Аб'ём прамысловай вытворчасці ва Украіне ў кастрычніку адносна адпаведнага перыяду летась скараціўся на 5 %. Гэта больш, чым у сёлетнім верасні, калі было зафіксавана падзенне на 4,4 %. Пра гэта сведчаць даныя Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны.

Паводле даных статыстычнага ведамства, за студзень—кастрычнік 2020-га ў параўнанні са студзенем—кастрычнікам мінулага года прамысловая вытворчасць скарацілася на 6,8 %. Падзенне ў здабыўной прамысловасці і распрацоўцы кар'ераў склала 4,4 %, у перапрацоўчай прамысловасці — 8,3 %, у пастаўках электраэнергіі, газу, пары і кандыцыянаванага паветра — 4,5 %.

Рэзкае падзенне прамысловай вытворчасці ва Украіне пачалося восенню мінулага года. Сёлета ў студзені аб'ёмы прамысловай вытворчасці скараціліся на 5,1 %, а ў лютым падзенне запаволілася да 1,5 %, аднак у сакавіку паскорылася да 7,7 %. У красавіку падзенне склала 16,2 %, у маі — 12,2 %, у чэрвені — 5,6 %, у ліпені — 4,2 %, у жніўні — 5,3 %, у верасні — 4,4 %.

Развітанне з надзеямі

Пры гэтым спадзяванні на знешнія крыніцы фінансавання растаюць літаральна на вачах. Адмова МВФ выдзеліць Украіне надзвычайнае фінансаванне, нягледзячы на выкананне ўсіх умоў праграмы супрацоўніцтва, можна разглядаць як яшчэ адзін крок краіны да даўно чаканага дэфолту, адзначае eadaіly.com. Каранавірусны крызіс падарваў усе разлікі ўкраінскіх улад на аднаўленне эканамічнага росту за кошт прыцягнення знешніх інвестыцый — цікавасць еўрапейскага бізнесу да Украіны за апошні год рэзка ўпала. Прычым фактар пандэміі тут зусім не самы галоўны, давер да перспектыў краіны па-ранейшаму падрывае высокі ўзровень карупцыі і адсутнасць рэальнага прагрэсу ў абвешчаных уладамі рэформах. Незалежныя даследаванні дэманструюць, што расчараванне ўкраінскага і замежнага бізнесу леташнім прыходам да ўлады Уладзіміра Зяленскага нарастае на вачах.

«За апошнія 12 месяцаў наша ўяўленне пра перспектывы Украіны паслядоўна пагаршалася», — канстатавалі эксперты ІІF (міжнародная асацыяцыя найбуйнейшых банкаў і фінансавых інстытутаў) у сваім бюлетэні, які выйшаў ужо пасля таго, як Украіна атрымала адмову ад МВФ. Да падобных высноў прыйшлі эксперты ўкраінскай інвестыцыйнай кампаніі Dragon Capіtal па выніках апытання замежных інвестараў, праведзенага разам з Еўрапейскай бізнес-асацыяцыяй і кіеўскім Цэнтрам эканамічнай стратэгіі. Амаль палова рэспандэнтаў заявіла, што інвестыцыйная прывабнасць Украіны зніжаецца, і толькі дзевяць працэнтаў апытаных убачылі ў гэтай сувязі паляпшэнне (астатнія паведамілі, што не назіраюць істотных змяненняў).

Упершыню за пяць гадоў правядзення падобных апытанняў галоўнай перашкодай для замежных інвестыцый ва ўкраінскую эканоміку быў названы недавер да судовай сістэмы, на другім месцы апынулася шырокае распаўсюджанне карупцыі, на трэцім — манапалізацыя рынкаў і захоп улады алігархамі. Самай значнай рызыкай для інвестыцыйнага клімату Украіны прадстаўнікі замежнага бізнесу назвалі дэфолт па дзяржаўных запазычанасцях.

Меркаванне замежных інвестараў падзяляе і ўкраінскі бізнес, пракаментавала вынікі апытання выканаўчы дырэктар Еўрапейскай бізнес-асацыяцыі Ганна Дзеравянка. «У мінулым годзе мы спадзяваліся на хуткія рынкавыя рэформы, турэмныя тэрміны для карупцыянераў і перазагрузку інстытутаў улады з удзелам прафесіяналаў з моцнымі маральнымі перакананнямі. За апошнія паўгода гэтыя надзеі змяніліся расчараваннем ад незразумелай кадравай палітыкі, якая рэалізуецца на карысць алігархаў і карупцыянераў», — дадаў генеральны дырэктар Dragon Capіtal Томаш Фіяла.

Вельмі красамоўна ў гэтай патавай сітуацыі прагучала інфармацыя наконт таго, што Злучаныя Штаты ў рамках праграмы замежных ваенных паставак прадалі Украіне ў 2020-м фінансавым годзе ўзбраення на суму 510 млн долараў — рэкордны паказчык за ўвесь час. Пра гэта гавораць звесткі, змешчаныя ў дакладзе Агенцтва па абаронным супрацоўніцтве і бяспецы ЗША. Паводле яго інфармацыі, адпаведны паказчык для Украіны ў мінулым годзе склаў 272,4 млн долараў.

Насмешка са здаровага сэнсу

Далучэнне Украіны да заходніх санкцый у дачыненні да Беларусі — чарговае несамастойнае рашэнне гэтай краіны. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках пасяджэння ў Мінску калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, паведаміла БелТА. Ён падкрэсліў, што далучэнне Украіны да заходніх санкцый у дачыненні да Беларусі — гэта чарговае несамастойнае рашэнне суседняй краіны, якое дэманструе непаслядоўнасць яе палітыкі. «Калі гаварыць адкрыта, мы разглядаем гэта як насмешку са здаровага сэнсу», — заявіў Уладзімір Макей. Па словах міністра, беларускі бок ужо выпрацаваў і гатовы прыняць меры ў адказ. «Будзем глядзець, як падзеі будуць развівацца далей. Мы не будзем пакідаць без адказу ніводнае з дзеянняў Украіны, накіраванае супраць беларускай дзяржавы», — папярэдзіў Уладзімір Макей

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Крызіс «Пад ёлку»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.