Вы тут

Пасля шматлікіх спроб прададзены з аўкцыёну палац Радзівілаў у Баранавіцкім раёне


Радзівілаўскую спадчыну ў Паланечцы Баранавіцкага раёна, што на Брэстчыне, многія гады спрабавалі ўладкаваць. Ніяк не маглі знайсці інвестара, які б удыхнуў новае жыццё ў палац. Шэсць гадоў таму сядзібу набывала на аўкцыёне сталічная прыватная кампанія, але ў яе не хапіла грошай альбо жадання пачаць работу.
І ў 2016 годзе палац вярнулі дзяржаве.


Далейшыя аўкцыёны поспеху не мелі. З часам кошт аб'екта знізілі амаль на 80 працэнтаў, давёўшы першапачатковую цану на таргах да 19 тысяч беларускіх рублёў. Але і пасля гэтага гісторыка-культурную каштоўнасць удалося прадаць не адразу. На паўторным аўкцыёне тыдзень таму яго купіў індывідуальны прадпрымальнік з Мінска.

Варта нагадаць, што палац у Паланечцы быў пабудаваны на мяжы ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў па праекце невядомага італьянскага архітэктара. Шырокую вядомасць сядзіба атрымала пры князю Канстанціне з роду Радзівілаў. Князь шмат зрабіў для развіцця культуры і адукацыі ў родным краі. Яго клопатамі адкрываліся новыя навучальныя ўстановы, яго абіралі членам-супрацоўнікам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, куды ён дасылаў свае работы па беларускай мове і этнаграфіі. Канстанцін сябраваў з Уладзіславам Сыракомлем, які ахвотна прыязджаў у Паланечку, любіў тутэйшы «цудоўны сад», браў удзел у падрыхтоўцы часопіса «Час і людзі». Дарэчы, рэдакцыя згаданага часопіса знаходзілася ў будынку, які нядаўна прадалі з аўкцыёну. Бібліятэка палаца налічвала каля чатырох тысяч тамоў.

Гісторыю славутасці беражліва захоўваюць у мясцовай бібліятэцы. Тут сабрана нямала матэрыялаў пра палац. Шмат цікавага падчас камандзіроўкі два гады таму мне давялося пачуць ад бібліятэкара Святланы Вяленкі. Яна таксама паказвала малюнак Напалеона Орды, дзе палац выглядае надзвычай элегантна.

Тады гэта быў палацава-паркавы комплекс, які складаўся з палаца, аранжарэі, капліцы-склепа, брамы, млына, парку з вадаёмамі. Цяпер засталіся муры і дах палаца. У садзе захаваліся рэшткі агароджы з лесвіцамі. А на фасадзе палаца стаяць калоны з галовамі-скульптурамі старажытных філосафаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што такога дэкаратыўнага элемента няма ні ў адным палацы на тэрыторыі Беларусі, і проста цуд, што гэтыя скульптуры добра захаваліся.

Ма­лю­нак На­па­ле­о­на Ор­ды.

Гаспадары пакінулі маёнтак у 1939 годзе. У вайну ён значна пацярпеў. У пасляваенныя часы тут была школа, сюды хадзілі дзеці з навакольных вёсак. Яе толькі ў пачатку 90-х гадоў перавялі ў новы будынак. З той пары палац і пачаў разбурацца. Будынак ужо некалькі гадоў лічыцца аварыйным, таму ўваходныя дзверы наглуха зачыненыя.

Старшыня Вольнаўскага сельскага Савета Наталля ІБРАГІМАВА расказала, што раней, калі яны сюды яшчэ заходзілі, з акна заўсёды любаваліся краявідамі:

— Нават праз гады, стагоддзі, калі час і прырода многае зруйнавалі, можна пазнаць сістэму азёр у парку, разгледзець алеі, задуманыя пры праектаванні сядзібы. А на першым паверсе захавалася плітка, якую варта толькі памыць, і ніякая рэстаўрацыя не патрэбная — гатовыя падлога і музейны артэфакт.

У сельвыканкаме лічаць, што адраджэнне палаца стане імпульсам для развіцця не толькі Паланечкі, але і суседніх вёсак — праз прыток турыстаў, новыя рабочыя месцы. Толькі б яно, гэтае адраджэнне, нарэшце спраўдзілася.

Як паведамілі ў камітэце «Брэстаблмаёмасць», у выніку таргоў прадпрымальнік атрымаў двухпавярховы будынак плошчай 1,6 тысячы квадратных метраў, узведзены ў 1836 годзе з прыбудовамі і гаспадарчымі памяшканнямі. Зямельны ўчастак плошчай 3,3 гектара выдзяляецца ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў. Паводле ўмоў продажу, новы ўласнік павінен правесці рэканструкцыю аб'екта ў тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, падпісаць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры ахоўнае абавязацельства і выкарыстоўваць аб'ект тры гады з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю.

Гаспадар ёсць, дакументы аформленыя. Застаецца толькі ўзяць і адрэстаўраваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Узяць ды адрэстаўраваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».