Вы тут

І СНІД — у падарунак. Чаму некаторыя суайчыннікі свядома разносяць небяспечную інфекцыю


І як з гэтым змагацца.

Такія паведамленні ў крымінальных зводках, на жаль, не рэдкасць. І на вялікі жаль, не чутно, каб колькасць іх памяншалася. Вось і нядаўна ў дачыненні да 31-гадовай брастаўчанкі было заведзена аж... 12 крымінальных спраў за тое, што заражала альбо падвяргала небяспецы заражэння СНІДам людзей, якія ні аб чым не падазравалі.


Растаптанае каханне

І напачатку адна гісторыя. Пра Наталлю я пісала даўно. Яна тады доўга не давала згоды на сустрэчу, а потым нечакана пагадзілася. Відаць, яшчэ і для таго, каб з некім пагаварыць. Цяжка было насіць гора і адчай у сабе 19-гадовай жанчыне. Мы сустрэліся ў парку, дзе яна гуляла з каляскай. Яе дачушка выглядала нібы анёлачак — ва ўсім белым. Мама таксама нагадвала мадэль — скураная куртачка ў тон каляскі, а туфлі аднаго колеру з манікюрам. Сама амаль дзіця яшчэ, а перажыла столькі, што справіцца з гэтым, неяк «раскласці па паліцах» не ўдавалася. Прынамсі, такое тады складвалася ўражанне.

Вось яе гісторыя, вельмі сцісла. Ён быў яе першым сапраўдным каханнем. Яна — юная летуценніца, толькі што скончыла школу, марыла аб прыгожым дарослым жыцці. А ён нібыта прыйшоў з мары: 30-гадовы, самастойны, упэўнены. Нават імёны ў іх — Наташа і Андрэй — нагадвалі ёй «Вайну і мір». О, якая яна была шчаслівая, мабыць, і Наташа Растова пазайздросціла б! І калі даволі хутка пасля знаёмства яе рыцар прапанаваў руку і сэрца, вядома ж, згадзілася. Праўда, маці казала ёй, што шлюбную сукенку надзяваюць на дзень, а кухонны фартух — на ўсё жыццё, маўляў, ранавата табе. Але ж дачка не прыслухалася да мамінай парады.

Потым пачала ўспамінаць і супастаўляць, як упаў пярсцёнак, як, едучы ў загс, убачылі (праўда, далекавата) пахавальную працэсію. Тады ж яна толькі смяялася, ніколі не верыла ў прымхі. А вось муж пры гэтым нібы спахмурнеў... Пасля вяселля жылі, як ёй падавалася, душа ў душу. Праз нейкі час паведаміла мужу прыемную навіну. На тое, што каханы не вельмі абрадаваўся, палічыла за лепшае не звяртаць увагі. На ўлік у жаночую кансультацыю стала своечасова. Там правялі ўсе неабходныя даследаванні.

Словы доктара: «У вас ВІЧ/СНІД» прагучалі як гром сярод яснага неба. Аналіз паўтарылі, але вынік быў ранейшы. Аказалася, што муж даўно ведаў пра хваробу, стаяў на ўліку, даваў падпіску, што праінфармаваны аб адказнасці за распаўсюджанне інфекцыі.

Падчас цяжарнасці яна прайшла курс лячэння. Урачы сказалі ёй, што своечасовая прафілактыка змяншае рызыку хваробы дзіцяці ў разы. Але малой было ўсяго тры месяцы, і канчатковы вердыкт пра яе статус яшчэ не быў вынесены.

А я пасля сустрэчы была ў шоку ведаеце ад чаго? Пра сам факт ведала раней, напрошваючыся на размову. Мяне здзівіла яе рэакцыя на ўчынак мужа. Яна сама, дарэчы, казала, што на яе месцы амерыканка альбо еўрапейка падала б у суд, абняславіла і пракляла мужа. А яна змірылася і стала жыць у сваёй сям'і так, каб ні суседзі, ні знаёмыя нічога не заўважылі... Нібы чакала, што можа як-небудзь само ўсё пройдзе, нібы кашмарны сон развеецца.

Вар'яцтва ці помста?

Не ведаю, як далей склаўся іх лёс. Але з пункту гледжання маралі ўчынак мужчыны нават з цяжкасцю паддаецца кваліфікацыі. Адна справа, калі гэтыя безгаловыя дзеўкі «няцяжкіх» паводзін распаўсюджваюць інфекцыю сярод незнаёмых людзей, і зусім іншая, калі юнай прыгожай жонцы, якая бясконца давярае, паднесці хваробу, так бы мовіць, у якасці вясельнага падарунка. Можа, такая вось вытанчаная помста чалавецтву за сваё няшчасце, а можа, з галавой не ўсё ў парадку альбо тое і другое разам. Калі з чалавечых пазіцый можна разважаць і шукаць прычыны такога ўчынку, то закон мае цалкам канкрэтныя трактоўкі. Напрыклад, арт. 29 закона «Аб ахове здароўя» ўстанаўлівае, што пацыенты, у адносінах якіх атрыманыя звесткі пра наяўнасць у іх венерычных захворванняў альбо віруса імунадэфіцыту чалавека, у пісьмовай форме папярэджваюцца ўстановамі аховы здароўя пра наяўнасць захворванняў і неабходнасць захавання мер перасцярогі па іх нераспаўсюджванні. Акрамя таго, яны нясуць адказнасць за заражэнне іншага чалавека альбо за свядомае пастаўленне ў небяспеку заражэння.

Справа і суд

А ўжо за свядомыя дзеянні наступае крымінальная адказнасць. Як і ў выпадку з брастаўчанкай, якую прыцягнулі да адказнасці ў сёлетнім снежні. Яшчэ ва ўзросце 24 гадоў яна была праінфармаваная, што мае ВІЧ-станоўчы статус і папярэджаная аб крымінальнай адказнасці і аб забароне на палавыя кантакты без выкарыстання прэзерватываў. Але ўсе гэтыя патрабаванні маладая кабета ігнаравала. А жыла пры гэтым, як высветлілася, напоўніцу. Тымі, хто пацярпеў ад яе дзеянняў, прызнаныя 14 чалавек. Чацвярым пры гэтым яна перадала інфекцыю, а 10 паставіла пад небяспеку заражэння. І гэта выяўленыя пацярпелыя, але ж ніхто не дасць гарантыю, што ёсць іншыя, пакуль не выяўленыя. Вось так і распаўсюджваецца хвароба, якую празвалі чумой мінулага стагоддзя.

Вядома, у гэтым выпадку канчатковую ацэнку дзеянням фігуранткі дасць суд. І можна дапусціць, што жанчыне свеціць немалы тэрмін пазбаўлення волі. А летась у Лунінецкім раёне была асуджаная 34-гадовая грамадзянка за аналагічнае злачынства. Яна, як і жыхарка Брэста, сем гадоў таму была папярэджаная аб наступствах такіх вось сваіх паводзін. Але не адмовілася ад неабароненых зносін з мужчынамі. Ну і, вядома, не папярэджвала партнёраў аб сваім дыягназе. Пазней лабараторныя даследаванні пацвердзілі ў траіх пацярпелых станоўчы ВІЧ-статус. Усе пацярпелыя — мужчыны ва ўзросце ад 30 гадоў і старэйшыя. Па рашэнні суда жанчына пазбаўленая волі на дзесяць з паловай гадоў.

Цяжка сказаць, чым кіруюцца гэтыя людзі. Можа, усё той жа помстай: мяне заразілі, дык і я буду перадаваць далей. Альбо яны наогул не ўмеюць думаць з прычыны нізкага інтэлекту і сваёй асацыяльнасці. Ды ўсе гэтыя сумныя факты яшчэ раз сведчаць пра тое, што СНІД цыркулюе, небяспека цалкам рэальная і ні ў якім разе нельга страчваць пільнасць.

Загадчыца кабінета кансультацыйна-дыспансернага аддзялення па ВІЧ-інфекцыі Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Ілона ПІНЬКЕВІЧ адзначыла, што з выяўленых з пачатку года ВІЧ-станоўчых пацыентаў амаль 85 працэнтаў атрымала вірус пры палавых кантактах. «Так што мараль па-ранейшаму мае значэнне для грамадства ў цэлым і кожнага чалавека ў прыватнасці. Бо заразіцца пры выпадковых сувязях можна не толькі ВІЧ, але і фактычна любой інфекцыяй, якая перадаецца палавым шляхам» — гаворыць урач-інфекцыяніст.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.