Вы тут

Раім схадзіць


Фестываль беларускага кіно, Чароўны Млын, Дабрачынная акцыя «Ёлка жаданняў», мерапрыемствы ў абласных гарадах і іншае — афіша «Звязды».


Дабрачынная акцыя «Ёлка жаданняў»

Дзе: Галілеа, г. Мінск, вул. Бабруйская, 6

Калі: па 10 студзеня

На 2 паверсе ГЗЦ Galileo (каля інфацэнтра) знаходзіцца «Ёлка жаданняў»

Усё, што трэба зрабіць — гэта:

  • Зняць з «Ёлкі жаданняў» паштоўку з навагоднім жаданнем дзіцяці.
  • Набыць падарунак, названы ў паштоўцы, або любы іншы (на ваша меркаванне).
  • Перадаць яго на інфацэнтр ГЗЦ Galileo.
  • Усе сабраныя падарункі супрацоўнікі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўручаць дзецям, якія жывуць у нястачы!

Калі ў вас будзе жаданне падарыць нешта, што не пазначана ў паштоўцы, то можаце ўзяць на ўзбраенне спіс найбольш актуальных ідэй:

  • плюшавыя цацкі;
  • пазлы;
  • навушнікі;
  • лялькі;
  • настольныя гульні;
  • наборы для творчасці (фарбы, альбомы для малявання, алоўкі, фламастары);
  • рукавіцы і шалік;
  • кнігі;
  • цёплыя шкарпэткі;
  • размалёўкі;
  • нататнікі для дзяўчынак;
  • канструктар;
  • машынкі;
  • школьныя прыналежнасці;
  • музычная калонка;
  • набор упрыгожанняў для валасоў;
  • флэшка;
  • красоўкі.

Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Калі: з 17 снежня

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 17 снежня а 17-й гадзіне адкрываецца выставачны праект «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн».

Народны касцюм — жывы і красамоўны дакумент мінуўшчыны. Адказваючы на глабальныя выклікі часу, сёння вельмі важна не забывацца на свае карані. Цяпер назіраецца вялікая цікавасць да беларускай народнай спадчыны і традыцыйны касцюм становіцца актуальнай крыніцай натхнення, дэманструючы сваю адметнасць. Фестывалі і конкурсы моды ў Беларусі, такія як «Млын моды», «Этна Стыль» і многія іншыя, паказваюць высокі ўзровень майстэрства як прафесійных, так і маладых пачынаючых дызайнераў адзення. Адначасова з глабалізацыйнымі працэсамі ў іх творчасці адбываюцца працэсы звароту да традыцыйных форм культуры як да крыніцы новых кампазіцыйных, формаўтваральных, дэкаратыўных рашэнняў. Сучасны касцюм, створаны на аснове традыцыйнага беларускага строю, выконвае важную функцыю папулярызацыі нацыянальнай культуры і спадкаемнасці каштоўнасцей беларускага народнага мастацтва сярод моладзі, а таксама заяўляе самабытны вобраз Беларусі на міжнароднай арэне.

На выставе «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн» прапануецца ўключыцца ў ролю даследчыка, які з асаблівай увагай, далікатнасцю разглядае прадстаўленыя ўзоры беларускіх строяў як прадмета вывучэння і, безумоўна, зачаравання. Бо нават самы дасведчаны навуковец практычна не зможа праявіць абыякавасць перад хараством касцюма, высокім майстэрствам яго выканання і крохкасці яго ў часе. Таксама выставачны праект выступае пляцоўкай для аналізу і абмеркавання сучасных вобразаў, створаных і прадстаўленых на конкурсах і фестывалях моды дызайнерамі, якія натхняліся традыцыйным касцюмам беларусаў.

Экспазіцыя ўключае 8 аўтэнтычных беларускіх строяў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, вырабы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а таксама касцюмы з калекцый сучасных беларускіх дызайнераў адзення. Дадзеная выстава можа стаць зыходным пунктам для знаёмства з культурным кодам беларусаў, а таксама для яго вывучэння.

Тэл. 8 (017) 374-83-22, 374-35-32


Выстава ёлачных цацак «У госці да казкі»

Дзе: Дом-музей I з’езда РСДРП, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 31а

Калі: па 31 студзеня

Колькі каштуе: бясплатна

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з’езда РСДРП» з 5 снежня 2020 года па 31 студзеня 2021 года будзе праходзіць выстава ёлачных цацак «У госці да казкі».

Казачная калекцыя ёлачных цацак 1940–1980-х гг. дапаможа вам акунуцца ў атмасферу радасці, прадчування цуду і лёгкай настальгіі па дзяцінстве, якой былі напоўнены беларускія дамы́ мінулага стагоддзя.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 700 ёлачных цацак з прыватных збораў бабруйскага калекцыянера Галіны Жук. Падчас наведвання выставы вы пабачыце не толькі такія ўпрыгожанні, як ёлачныя верхавіны, шары, домікі, грыбочкі, ліхтарыкі, пацеркі, святлафоры, матрошкі, але нават казачных персанажаў, вырабленых у розных тэхніках і з розных матэрыялаў, а ўнікальныя святочныя маскі распавядуць гасцям музея «свае гісторыі».

Вас чакае таксама і другі сімвал свята — святочныя паштоўкі. У мінулым стагоддзі аніводная ўрачыстая дзея не абыходзілася без гэтага атрыбута. На выставе вы зможаце ўбачыць, якімі былі навагоднія паштоўкі пяцьдзясят год таму і што жадалі адзін аднаму людзі ў той час.

У гэтыя святочныя зімовыя дні не прапусціце магчымасць акунуцца ў атмасферу цудаў і маляўнічай разнастайнасці, якая не толькі пазнаёміць вас з тым, як упрыгожвалі ялінку ў XX стагоддзі, але і падорыць непаўторнае адчуванне радасці і захаплення.


Фотавыстава «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12

Калі: з 18 снежня

18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу фотавыстава, прысвечаная археалагічным тэкстурам і артэфактам.

Фотавыстава «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым» створана з мэтай паказу прыгажосці артэфактаў, здабытых падчас раскопак. Будзе прадстаўлена больш за 20 дэталёвых фотаздымкаў асобных частак археалагічных знаходак: шматлікія арнаменты на кераміцы, рэтушаваныя краі крамянёвых сякер і наканечнікаў, надрэзы на розе, гравіроўка на нажы з ікла. Час ад часу гэтыя элементы губляюцца пры ўспрыманні музейных прадметаў як цэлай формы. Фатограф-аматар Варвара Высоцкая паспрабавала праз фотаздымкі паказаць усе «дробязі» артэфактаў.

Амаль усе прадметы, зафіксаваныя на фотаздымках, старэйшыя за 4 тысячы год і належаць да неалітычнага перыяду і бронзавага веку. Прадметы, якія ў большасці сваёй ствараліся ў чыста практычных мэтах, цяпер уяўляюць каштоўную крыніцу інфармацыі не толькі для археолага. Прыгожыя формы, акуратна вылепленыя рукамі чалавека, кампазіцыі арнаментальнага дэкору глінянага посуду, сколы ад наўмыснай апрацоўкі крэменю для атрымання наканечніка... Кожны такі прадмет унікальны і кожны мае сваю непаўторную тэкстуру, пабачыўшы якую можна натхніцца на стварэнне шэдэўраў.

Цэнтральнае месца ў праекце займае археалагічная калекцыя, атрыманая падчас раскопак пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Крывальцэвіча, старшага навуковага супрацоўніка сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук. Асноўная сфера цікавасці даследчыка — археалогія позняга неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларускага Палесся.

Фотавыстава з’яўляецца часткай вялікага музейнага праекта: «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі», накіраванага на папулярызацыю археалогіі сярод шырокіх колаў насельніцтва і на знаёмства наведвальнікаў з працай вучонага-археолага.


Вядомыя творы Бетховена ў Нацыянальнай бібліятэцы

Дзе: Нацыянальная бібліятэка, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: па 16 лютага

Колькі каштуе: бясплатна

З 8 снежня па 16 лютага ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305) праходзіць юбілейная выстава «Шматграннасць генія Людвіга ван Бетховена», прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння нямецкага кампазітара.

Сёння наўрад ці знойдзецца чалавек, які не чуў бы імя Бетховена. Вялікі кампазітар, дырыжор і піяніст Бетховен (1770–1827) з’яўляецца ключавой фігурай заходняй класічнай музыкі.

Музыка Бетховена ўяўляе сабой складаны сінтэз творчых пошукаў венскіх класікаў, мастацтва французскай рэвалюцыі, а таксама рамантызму, які зараджаўся ў 20-я гады XIX стагоддзя. Пры гэтым творчасць кампазітара настолькі індывідуальная і шматгранная, што ніякія стылістычныя катэгорыі не здольны ахапіць усю яго разнастайнасць. На працягу ўсяго творчага шляху Бетховен бесперапынна пашыраў выразныя межы свайго мастацтва, увесь час абганяючы не толькі сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, але і ўласныя дасягненні больш ранняга перыяду.

Кампазітар пісаў практычна ва ўсіх тагачасных музычных жанрах. Творам Бетховена ўласцівы выразнасць і рацыянальнасць мыслення, манументальнасць і зладжанасць формы, цудоўная раўнавага паміж часткамі цэлага. Для яго творчасці характэрна філасофская глыбіня, дэмакратычная накіраванасць і смеласць наватарства.

Выстава знаёміць з нотнымі выданнямі твораў Бетховена, сярод якіх шматлікія санаты, канцэрты, квартэты, сімфоніі, «Missa solemnis», опера «Фідэліа», балет «Тварэнні Праметэя», вакальны цыкл «Да далёкай каханай» і іншыя.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі аўдыядакументы даюць магчымасць праслухаць такія вядомыя творы, як саната № 8 для фартэпіяна, саната № 9 для скрыпкі і фартэпіяна, сімфонія № 5, канцэрт для скрыпкі з аркестрам, уверцюра «Эгмант», багатэль «Да Элізы» і многія іншыя.

Дапаўняюць выставу кнігі і артыкулы з перыядычных выданняў пра жыццё і творчасць кампазітара.


Фестываль беларускага кіно

«Забароненая зона». Фота: ТАА «Медиакуб»

Дзе: SilverScreen ў ТРЦ Galileo, г. Мінск, вул. Бабруйская, 6

Калі: з 17 па 23 снежня

Колькі каштуе: ад 7 BYN

У рамках «Фестывалю беларускага кіно» пройдуць два творчыя вечары, прысвечаныя загінулым кінематаграфістам. 14 мая 2020 года рэжысёр Любоў Зямцова, прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі і гукарэжысёр Максім Гаўрыленка, аўтары дакументальнага праекта «Невядомая Беларусь», вярнуліся са здымак чарговага сюжэту і патрапілі ў аварыю на сорак трэцім кіламетры трасы Мінск-Гомель.

17 снежня ў 19:00 адбудзецца творчы вечар мастака-гукарэжысёра Максіма Гаўрыленкі. На яго рахунку больш за 20 кінапраектаў, некаторыя з якіх у гэты дзень зноў будуць паказаныя на вялікім экране: «Пад кронамі дрэў» (рэж. Ігнат Качан), «From a great height» (рэж. Улада Сянькова), «Victims» (рэж. Антон Люмо), «Пляж / Лес / Тамбур» (рэжысёры Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская, найлепшы беларускі мастацкі фільм фестывалю «Лістапад-2019») і «Апошні лайк доктару Шперлінгу (рэжысёр Дзяніс Зосік).

18 снежня ў 18:00 — два фільмы пра жыццё ўдалечыні ад сталіцы. Кароткаметражны фільм Алеся Лапо «Усе мерапрыемствы па плане» раскажа пра маладога дырэктара сельскага Дома культуры ў аграгарадку Побалава Рагачоўскага раёна. Спрабуючы знайсці новыя аспекты дзейнасці культурнага ачага ў вёсцы, ён плануе стварыць камп’ютарны клас для пажылых людзей і сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі, якія звязаны з псіхалогіяй і ўзростам сельскіх жыхароў.

Следам — ​​«Невядомы рай» Дар’і Юркевіч, карціна пра натуральнае існаванне трох сясцёр у «раі» недалёка ад Чарнобыльскай Зоны адчужэння.

У 20:00 — эксперыментальны аўтабіяграфічны даку-хорар Мікіты Лаўрэцкага, названы ім уласным імем і агрэсіўна змантаваны з лоўфай-відэа, дзе галоўны герой-аўтар з’яўляецца ва ўзросце ад 0 да 16 гадоў. «Мікіта Лаўрэцкі» захаваў кругазварот штодзённага гвалту, прагі да мастацтва і экзістэнцыяльнай трывогі.

19 снежня ў 17:00 — трылер «Забароненая зона» Мітра Сямёнава-Алейнікава. У цэнтры ўвагі — трансфармацыя грамадскай свядомасці і чалавечых адносін у канцы 1980-х гадоў у зоне адчужэння, якая ўзнікла пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У 20:00 — дакументальны фільм «Проживающие» Андрэя Князевіча аб адасобленым жыцці ў дыспансеры для хворых псіхічнымі захворваннямі. Пасля — кароткі метр «Мне трэба поціскаў ...» Андрэя Куцілы пра самаахвяраванне, магутнай сіле ўяўлення і паэзіі ў забытым богам сяле бязмежнай беларускай правінцыі.

20 снежня ў 18:00 — кароткаметражка Віктара Аслюка «Эпітафія» — фільм пра месца сустрэчы жывых і мёртвых людзей, дзе яны глядзяць адзін на аднаго і нават размаўляюць.

Пасля гэтага — дакументальны фільм Уладзіміра Луцкага. «Код продкаў»: фільм-даследаванне каранёў беларускага і ўкраінскага народаў, пошук іх самабытнасці праз вывучэнне мелодыі славянскай этнаграфічнай спадчыны.

21 снежня ў 19:00 — фільм Анастасіі Мірашнічэнка «Цемра звонку», які дазваляе зазірнуць у дзіўны свет і змяніць успрыманне магчымасцей чалавека. Для каманды сляпых футбалістаў з Беларусі ўдзел у адборачным раўндзе чэмпіянату Еўропы становіцца адзіным шанцам выбрацца з цемры і заявіць пра сябе. Але на шляху спартсменаў ёсць сур’ёзныя перашкоды, і толькі ўзаемная падтрымка і ўнутранае святло дапамагаюць ім рухацца да мэты.

22 снежня ў 19:00 — паказ трох фільмаў. Першы — анімацыйная праца Івана Гапіенка «Царства зорак». Гэта гісторыя пра скажоныя ідэі, прабачэнне і чалавечнасць, нашым імкненні стаць лепш, якая атрымала кінапрэміі ў Еўропе, Канадзе і ЗША.

Далей — творчы эксперымент Сашы Кулак і Дар’і Галавой «Дзе жывуць жаданні». Апошні паказ на гэтым тыдні — «Дзіма» Дзімы Дзядка. Яго герой-злодзей задаецца пытаннем: ці сумленна ён пражыў сваё жыццё. І ці сваё?

Творчы вечар Любові Земцовай і Уладзіміра Міхайлаўскага пройдзе 23 снежня ў 19:00. Рэжысёр, сцэнарыст і аператар Любоў Земцова зняла дакументальныя фільмы, галоўнай тэмай якіх было каханне, — гэта вызначыла яе метад у кіно і прынцып адносін да свету.

Рэжысёр і прадзюсар дакументальнага фільма «Невядомая Беларусь» Уладзімір Міхайлоўскі супрацоўнічаў з Любоўю ў розных кінапраектах. Адзін з іх — «Месца кахання» — пакажуць у гэты вечар.

Акрамя таго, будзе прадстаўлены новы фільм Любові «Свабодныя людзі» пра жыхароў вёскі Ніжнія Жары Гомельскай вобласці, якія змагаюцца за права застацца на сваёй радзіме.

Паглядзець беларускае кіно на вялікім экране — выдатная магчымасць адсвяткаваць 96-годдзе беларускага кіно, якое адзначаецца 17 снежня.


Чароўны Млын

Дзе: Выставачны комплекс на Пераможцаў, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 14

Калі: па 19 снежня

Колькі каштуе: 2 BYN

Выстава-кірмаш аўтарскіх вырабаў ручной работы.

Напярэдадні Каляд і Новага года, з 17 па 19 снежня, у Мінску на пр. Пераможцаў, 14 у Белэкспа пройдзе выстава аўтарскіх вырабаў «Чароўны Млын». Тут збяруцца майстры і дызайнеры Беларусі.

За чым варта прыходзіць на «Млын»? Зразумела, за падарункамі ручной працы для сям’і, сяброў, калег і, вядома ж, для сябе любімых. Шары, гірлянды, цацкі, шкатулкі, карціны, пано, паштоўкі, ёлачныя ўпрыгажэнні... Цяжка нават пералічыць, колькі непаўторных аўтарскіх работ, навагодняга дэкору для ўпрыгожвання дома, будзе прадстаўлена.

А якая разнастайнасць кірункаў? Кераміка, роспіс, жывапіс, аўтарскія лялькі, качанне, батык, біжутэрыя, разьба па дрэве, пляценне з лазы, фларыстыка, скрапбукінг, дэкупаж, інтэр’ерная цацка, лэмпворк, пэчворк, бісер, палімерная гліна...

Навагодні Млын — гэта свята творчасці і чараўніцтва, напоўнены любоўю і натхненнем, душэўнай каляднай атмасферай, дзе можна загадваць самыя патаемныя жаданні і яны абавязкова спраўдзяцца!


Віцебск. Прасторава-графічная кампазіцыя «Акіян»

Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, г. Віцебск, вул. Леніна, 36

Калі: па 5 лютага

Даведкі па тэлефоне +375 212 66-05-87

Оптыкаграфічны тэатр ARTSPACE — вынік шматгадовай працы з рознымі матэрыяламі, аптычных эксперыментаў са шклом. Гэта новы напрамак у сучасным мастацтве, які ўключае ў сябе выкарыстанне аптычных эфектаў, якія ўтвараюцца ў выніку падсвечвання дэкарацый пераноснай крыніцай асвятлення. Глядач бачыць сюррэалістычныя камбінацыі металаграфічных і сінтэцікаграфічных аб’ектаў, якія асвятляюцца з выкарыстаннем розных аптычных фільтраў.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі прадстаўлена прасторава-графічная кампазіцыя «Акіян». Большасць дэкарацый кампазіцыі знаходзяцца ў падвешаным стане і круцяцца ў розных напрамках з рознай хуткасцю, фарміруючы агульную карціну. Героямі незвычайнага тэатра выступаюць парусныя караблі, падводныя насельнікі акіяна (акулы, кіты, наўтылусы) і іншыя атрыбуты пастаноўкі. Некаторыя аб’екты статычныя і прыводзяцца ў рух у пэўны момант лёгкім подыхам. Ад аўтарскіх маніпуляцый і рытму музычнага фрагмента залежыць хуткасць кручэння той ці іншай арт-канструкцыі. Музыка — важны неад’емны кампанент прадстаўлення.

Прагляд кампазіцыі можа праходзіць як самастойна, так і ў прысутнасці аўтара, які стварае эфект «ажыўлення карціны».

Акрамя асноўнай прасторы на экспазіцыі арганізавана фотазона. Наведвальнік зможа сфатаграфавацца са стылізаваным фотаапаратам і чамаданамі пачатку XX ст.

Фота Таццяны Лабацкай, vkurier.info


Магілёў. «Гісторыя краю з IX ст. да 1917 г.»

Дзе: Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава, г. Магілёў, плошча Славы, 1

Калі: пастаянная экспазіцыя

Колькі каштуе: ад 1,5 BYN

Экспазіцыя размешчана ў шасці залах другога паверха музея. Тут у храналагічнай паслядоўнасці паказаны асноўныя гістарычныя этапы жыцця насельнікаў Падняпроўя ў IX ст. — 1917 г.

Эпоха Старажытнай Русі прадстаўлена картай размяшчэння плямёнаў, рэканструкцыяй аблічча старажытнарускага воіна, мадэллю старажытнарускай ладдзі. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца ​​з прадметамі, знойдзенымі пры раскопках старажытнага гарадскога паселішча Магілёўшчыны — г. Мсціслаўля, заснаванага ў 1136 г. Сярод экспанатаў таксама ўнікальны помнік пісьменства — берасцяная грамата XIII ст.

Духоўны свет паганскай эпохі паказаны так званым «святым» каменем «Мядзведзь», рэплікай Шклоўскага ідала і каменным крыжам. Пра эпоху хрысціянства даюць уяўленне энкалпіёны і крыжы XIII–XIV стст., іконы XVIII–XIX стст., сярод якіх асаблівую цікавасць выклікаюць «Ян Прадвеснік» і «Троіца».

Гісторыя краю ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай прадстаўлена ў наступных экспазіцыйных залах. Тут экспануюцца даспехі рыцара і прадметы вайсковага рыштунку. Уяўленне аб даўно страчаным абліччы найбуйнейшага горада Падняпроўя — Магілёве даюць рэканструкцыя замка, пабудаванага ў 1520–1526 г., план і малюнкі Магілёва XVII — пачатку XVIII ст.

Галоўная частка экспазіцыі прысвечана магдэбургскаму перыяду магілёўскай гісторыі, якi пачаўся ў 1577 г. Узноўленая гарадская геральдыка Магілёўшчыны. Дыярама, створаная на аснове дакументаў, якія захаваліся, дапамагае прадставіць у асобах знакамітае паўстанне гараджан-магілёўцаў у 1606–1610 гг. Тут жа прадстаўлены сапраўдныя прадметы рамеснай вытворчасці XVII ст., а таксама графічныя работы, прысвечаныя помнікам «магілёўскай школы» дойлідства.

Паказу трагічных падзей беларускай гісторыі ў XVII — XVIII стст.: вайны Маскоўскай Русі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVII ст. і Паўночная вайна (1700–1721 гг.) прысвечана наступная экспазіцыйная зала. Сярод арыгіналаў — прадметы ўзбраення, калекцыя фалерыстыкі, а таксама партрэты гістарычных персанажаў і мастацкія творы, створаныя па сюжэтах падзей.

Першыя гады гісторыі краю ў складзе Расійскай імперыі (1772–1917 гг.) прадстаўлены трыма унікальнымі абразамі, створанымі знакамітым жывапісцам Баравікоўскім (1757–1825). Яны цудам захаваліся пасля знішчэння ў 1938 г. шэдэўра магілёўскай архітэктуры — гарадскога сабора Св. Язэпа. Побач — купель, адзіны прадмет, які ацалеў ад інтэр’еру храма. У спецыяльным турнікеце экспануюцца памятныя медалі канца XVIII ст., узноўленыя знакамітыя ключы ад горада, якія былі дадзены магілёўцамі імператрыцы Кацярыне II у маі 1780 г., партрэты дзеячаў расійскай імперыі, звязаныя з гісторыяй Магілёўшчыны.

Асобная зала прысвечана падзеям першай чвэрці XIX ст.: вайне 1812 г., дзейнасці і трагічнаму лёсу дзекабрыстаў, звязаных з Магілёвам. Апошнія дзве залы ўяўляюць панараму жыцця краю пасля адмены прыгоннага права. Паказаны дакументы і матэрыялы аб рэформе 1861 г. i паўстанні К. Каліноўскага. Шматлікія прадметы паказваюць стан рамёстваў і промыслаў, развіццё прамысловасці, транспарту, банкаўскай справы ў гэты час. Прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі канца XIX ст. Экспануецца мадэль першага паравоза, гудок якога гараджане пачулі ў 1903 г. на свята Божага Нараджэння. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя дзеячам навукі, медыцыны і культуры, якія нарадзіліся або працавалі на Магілёўшчыне.

Частка экспазіцыі прысвечана падзеям I Сусветнай вайны. Асаблівую цікавасць выклікаюць дакументы і фотаздымкі, якія апавядаюць аб знаходжанні ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання і апошняга прадстаўніка царскай дынастыі Раманавых — Мікалая II.


Гомель. Выстава выцінанкі «Зімовыя карункі»

Дзе: Гомельскі цэнтр абласной творчасці, г. Гомель, вул. Ірынінская, 19

Калі: па 15 студзеня

Колькі каштуе: бясплатна

Экспазіцыю падрыхтавалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскай вобласці. Наведвальнікі цэнтра ўбачаць аўтарскія навагоднія пано, паштоўкі, выкананыя ў тэхніцы выцінанкі. Дадаткам выставы стануць вырабы майстрыхі, каруначніцы Галіны Кавалёвай. Сурвэткі, абрусы, шалі, звязаныя спіцамі або кручком, у спалучэнні з узорамі выцінанкі створаць пераднавагоднюю казачную атмасферу.

Захаваць прыгажосць творчасці можна будзе ў арыгінальных фотазонах.

Выцінанка — ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Узнікненне выцінанкі ў Беларусі звязваецца з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і датуецца ХIV стагоддзем, адзначылі ў абласным цэнтры народнай творчасці.

«Сучасныя дызайнеры і афармляльнікі ацанілі выразныя мастацкія асаблівасці выцінанкі і выкарыстоўваюць яе ў творчасці як тэхніку графічнага мастацтва для афармлення кніг, плакатаў, паштовак, календароў. Да таго ж да нашых дзён у побыце беларусаў захавалася выразанне сняжынак з паперы для ўпрыгожвання вокнаў да навагодняга свята», — звярнулі ўвагу ва ўстанове.


Брэст. Выстава забытага народнага промысла роспісу па шкле

Дзе: Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр, вул.Савецкая, 54

Калі: па 27 снежня

У малой выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася выстава творчых работ народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай «Малюе сэрца — не рука, або Сардэчныя замалёўкі».

Выстава прымеркавана да 70-годдзя члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 40 работ, у асноўным роспіс па шкле. Марыя Кулецкая адрадзіла гэты амаль забыты і згублены ўнікальны народны промысел. Малюнак у гэтай тэхніцы наносіцца з адваротнага боку пяром і тушшу. Абавязковы элемент такіх карцін — серабрыстая або залацістая фальга.

«Работы толькі на першы погляд здаюцца наіўнымі. На самой справе яны выкананы на высокім мастацкім узроўні, таму што Марыя Кулецкая ў першую чаргу мастак. Але ў гісторыю беларускага народнага мастацтва яна, на мой погляд, перш за ўсё ўвойдзе як майстар, які адрадзіў і захаваў для нашчадкаў роспіс па шкле. Яна ехала ў экспедыцыі па Пружанскаму раёну, знаходзіла гэтыя „шклянкі-маляванкі“, вывучала манеру, почырк і тэхніку малявання старых майстроў, невядомых народных мастакоў», — распавяла загадчыца аддзела традыцыйнай культуры ААКЦ Ларыса Быцко.

Марыя Кулецкая не капіруе традыцыйныя ўзоры, а стварае свае арыгінальныя творы. Многія з іх зроблены па матывах народных абрадаў і свят, характэрных для беларускай нацыянальнай культуры. Сюжэтамі для яе карцін на шкле служаць прыгажосць родных мясцін і людзі, якія жывуць на гэтай зямлі. Майстрыха натхняецца вобразамі праваслаўных святых і анёлаў.

Выстава работ Марыі Кулецкай у малой выставачнай зале Брэсцкага ААКЦ на вул.Савецкай прадоўжыцца па 27 снежня.

Фота БелТА


Гродна. Выстава «Вандроўка па горадзе»

Дзе: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, г. Гродна, вул. Ажэшкі, 37

Калі: пастаянная экспазіцыя

Гродна — горад з багатай гістарычнай і архітэктурнай спадчынай — старадаўнімі храмамі, манастырамі, каралеўскімі палацамі, прыгажосць і велічнасць якіх натхняе гродзенскіх народных майстроў на стварэнне цікавых твораў, у якіх бачны індывідуальны погляд у раскрыцці тэмы і тэхнічнае майстэрства. Экспазіцыя выстаўкі «Вандроўка па горадзе», што дзейнічае з 14 сакавіка 2020 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы, знаёміць з гісторыяй горада, яго гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі.

Экспазіцыя выстаўкі змяшчае жывапісныя творы самадзейнай мастачкі Л. М. Шпектаравай, керамічныя пано народнай майстрыхі Т. С. Шубінай, скураныя карціны і штодзённікі майстроў Т. А. Пярвухінай і І. Б. Пярвухіна, працы вышывальшчыц студыі вышыўкі «Паэзія ў нітках» А. Кавалеўскай, Г. Грыб, Ж. Бакурскай, А. Гур’евай, В. Васільевай, выцінанкі майстрыхі В. Зяноўкі, аўтарскія лялькі майстрыхі Г. В. Жэмчужнікавай, папяровыя макеты архітэктурных помнікаў Гродна ўласнай распрацоўкі І. В. Адасіка, калекцыі сувенірных манет, медалёў, значкоў, паштовак з прыватнага збору гродзенца Я. А. Белуша і інш.

Фота: grodno-museum.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.