Вы тут

Фільмы, за якія мы палюбілі Барыса Плотнікава


Трывожны час, трагічныя навіны пандэміі... Акцёр тэатра і кіно Барыс Плотнікаў памёр на 71-м годзе жыцця. Сышоў той, хто падарыў нам увасабленні самых яркіх герояў беларускай літаратуры…


А нарадзіўся Плотнікаў у невялікім расійскім гарадку Няўянску. У Свярдлове скончыў тэатральнае вучылішча: так і пачылася яго акцёрская кар'ера. Працаваў і ў Свярдлоўскім ТЮГу, і ў Маскоўскім тэатры сатыры, і ў МХТ імя Чэхава. Таксама Барыс Плотнікаў выкладаў у ГІТІСе: займаў пасаду тэатральнага педагога і быў кіраўніком майстэрні.

На працягу свайго творчага і прафесійнага жыцця акцёр паспеў зняцца ў стужках, вельмі важных не толькі для сусветнай, але і для беларускай культуры. Таму «Звязда» вырашыла зрабіць топ адметных фільмаў, у якіх здымаўся Барыс Плотнікаў.

«Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі (1976 год)

Гэтая стужка — дэбютная работа Плотнікава. Фільм зняты па матывах знакамітай аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». «Узыходжанне» распавядае гісторыю двух партызан, салдата Рыбака і афіцэра Сотнікава, якія трапляюць у палон. Пасля допытаў і катаванняў адзін з герояў рашаецца на здраду.

Быкаў паставіў вельмі жорсткую і канкрэтную ўмову: фільм павінен здымацца ў мароз на нерушы. Шапіцька выканала загад пісьменніка, бо меркавала, што суровыя ўмовы надвор'я дапамогуць акцёрам больш глыбока і дакладна ўвайсці ў вобраз.

«Узыходжанне» — першы савецкі фільм, які атрымаў вышэйшую ўзнагароду Міжнароднага кінафестывалю ў Заходнім Берліне «Залаты мядзведзь» у 1977 годзе.

«Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка (1979 год)

Наступная стужкая, якая таксама паўплывала на беларускую культуру. У экранізацыі аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча Плотнікаў сыграў Андрэя Беларэцкага — маладога фалькларыста-этнографа, які прыехаў на Беларускае Палессе, каб сабраць старажытныя легенды і паданні.

Атрымаўся сапраўдны дэтэктыўны фільм з элементамі хорара. А некаторыя ўвогуле лічаць, што «Дзікае паляванне караля Стаха» — першы савецкі містычны трылер. У прынцыпе, з гэтым складана не пагадзіцца.

Хоць па сюжэце дзеянне адбываецца на Беларускім Палессі, здымкі праходзілі на Львоўшчыне, у Падгарэцкім замку, дзе калісьці лютавала і балявала няверная жонка Пане Каханку Тэрэза Ржавуская. Андрэй Беларэцкі ў выкананні Барыса Плотнікава атрымаўся вельмі беларускім, інтэлігентным, чуллівым і мужным.

«Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга...» Аляксандра Прошкіна (1987 год)

Дзея фільма разгортваецца летам 1953 года. Незадоўга да гэтага кіраўніцтвам СССР быў прынят указ аб амністыі. З лагераў вызвалілі дзясяткі тысяч злачынцаў, і ў краіне рэзка вырас узровень крыміналу. Двое былых палітвязняў, якія нядаўна выйшлі з лагера, уступілі ў сутычку з бандай амнісціраваных крымінальнікаў.

Барыс Плотнікаў сыграў сына Старабагатава, слыннага навукоўца, які быў беспадстаўна арыштаваны, прайшоў пекла зняволення і загінуў, абараняючы людзей ад крымінальнікаў. Роля вельмі кароценькая... Але тыя імгненні, якія артыст пражывае на экране, уразаюцца ў памяць. Сын Старабагатава адрокся ад бацькі — «ворага народа»... І цяпер, атрымаўшы вестку пра яго смерць, ён адчувае неверагодны сплаў пачуццяў: сорам, страх, адчай, жаль... Глядач дадумвае яго страшную гісторыю, яскравую ілюстрацыю эпохі.

«Сабачае сэрца» Уладзіміра Борткі (1988 год)

У знакамітым фільме, знятым па матывах аповесці Міхаіла Булгакава, Плотнікаў сыграў ролю доктара Барменталя.

Цікава, што на ролю прафесара Праабражэнскага, які ператварае звычайнага дваровага сабаку Шарыка ў пралетарыя Шарыкава, прабаваліся такія акцёры, як Юрый Якаўлеў, Міхаіл Ульянаў, Леанід Бранявой і іншыя. На ролю Шарыкава разглядалася дванаццаць кандыдатур. А вось што доктара Барменталя сыграе менавіта Барыс Плотнікаў, рэжысёр ведаў адразу, яшчэ да пачатку кінапроб. Яшчэ адзін яскравы вобраз інтэлігента з непахіснымі духоўнымі прынцыпамі...

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Узыходжанне назаўсёды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».