Вы тут

Што павінны зрабіць грамадства і дзяржава, каб не дапусціць нават спробы гераізацыі нацызму ў Беларусі?


Прызнайцеся, яшчэ два гады таму гэта пытанне здавалася абсалютна неактуальным для нашай краіны. Але цяпер настаў час задаваць яго і — галоўнае — шукаць і знаходзіць адказы.

«Звязда» ў фармаце завочнага круглага стала задала яго людзям з розных рэгіёнаў краіны, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да захавання памяці аб самай страшнай для Беларусі вайне. Мы мяркуем, што гэта толькі пачатак сур'ёзнай грунтоўнай размовы на старонках газеты, да якой можа далучыцца кожны.

Чытайце, думайце, дзяліцеся сваімі меркаваннямі. Тэма без перабольшвання датычыцца кожнага. Каб не паўтарылася гісторыя, дзе кожны трэці…


«Голас рэальных удзельнікаў падзей не павінен згубіцца за так званымі гіпотэзамі «тэарэтыкаў» новага пакалення»

Рыгор Бысюк, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»:

— Не так даўно я ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыі, якую праводзіў Музей Перамогі ў Маскве. І там зноў узнікала гэтая тэма — падмены гістарычных паняццяў, і тое, як мы можам супрацьстаяць гэтай сапраўднай гістарычнай навале. Як і нашы калегі, мы з гэтым сутыкаемся ў сваёй паўсядзённай рабоце, на жаль, не так і рэдка.

Скажам, на прэзентацыі зборніка «Брест. Лето 1941 г.» адзін з яго аўтараў таксама быў дакладчыкам з вызначанай пазіцыяй. На жаль, яго падтрымалі некаторыя з удзельнікаў імпрэзы. Дык вось, ён даводзіў да прысутных думку, што ніякай сапраўднай абароны не было, байцы сотнямі і тысячамі здаваліся ў палон. І адказнасць за гэта нароўні з вермахтам нясе савецкае кіраўніцтва. Сярод аўтараў названага зборніка ёсць навукоўцы. Што ўжо казаць пра нелегальных экскурсаводаў, якія прывабліваюць наведвальнікаў заявамі: «Не ідзіце да экскурсаводаў крэпасці, якія вам будуць даводзіць ідэалагічныя клішэ. Ідзіце да нас, і мы раскажам праўду пра абарону»? Ад нелегалаў зноў прагучыць інфармацыя пра масавую здачу ў палон і хуткі захоп крэпасці праціўнікам.

Мы ж праводзім экскурсіі і расказваем у музейных экспазіцыях на падставе гістарычных фактаў і дакументаў, якія музейныя работнікі карпатліва збіралі паўстагоддзя. У нас захоўваюцца сотні жывых сведчанняў, доўгія гады мы сустракаліся і перапісваліся з рэальнымі героямі — абаронцамі крэпасці. Іх голас не павінен згубіцца ў часе за так званымі гіпотэзамі «тэарэтыкаў» новага пакалення.

На памянёнай маскоўскай канферэнцыі мы згадвалі вынікі Нюрнбергскага працэсу, 75-годдзе якога адзначаецца ў гэтыя дні. Менавіта там было сказана, што злачынствы супраць чалавецтва не могуць быць апраўданыя альбо забытыя ці нейкім чынам інтэрпрэтаваныя. Не дапусціць падмены паняццяў, спроб гераізацыі нацызму — сённяшняя задача як улады, так і грамадства.

Улада можа зрабіць рэальныя крокі на заканадаўчым узроўні. Мы ўжо, дарэчы, накіравалі свае прапановы пра ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю. Але ж і грамадства ў цэлым, у самым шырокім сэнсе павінна адчуваць сваю адказнасць. Па-першае, на ўзроўні сям'і. Летась мяне вельмі кранула сустрэча з наведвальнікамі крэпасці. Гэта былі маці і сын-падлетак, якія прыехалі з Петрапаўлаўска-Камчацкага. Дык вось гэтая жанчына сказала, што спецыяльна спланавала адпачынак так, каб прывезці сына ў Хатынь і Брэсцкую крэпасць. Яны прыехалі за тысячы кіламетраў, каб на свае вочы ўбачыць мясціны, звязаныя з вайной, дакрануцца да гісторыі, так бы мовіць, ужывую. А мы часам са школы побач не спяшаемся прывесці дзяцей на экскурсію.

Дарэчы, на шостым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу я выказваў прапанову аб музейных уроках патрыятызму ў школьнай праграме. На сёмым Форуме да гэтай тэмы звярнуўся наш віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і на пленарным пасяджэнні прапанаваў уключыць у школьную праграму наведванне такіх знакавых аб'ектаў для нашай краіны, як Музей Вялікай Айчыннай вайны, Хатынь, Брэсцкую крэпасць, іншыя мемарыяльныя комплексы ў залежнасці ад іх геаграфічнай лакацыі.

Думаю, нельга параўнаць урок на тэму пачатку Вялікай Айчыннай вайны, праведзены ў класе, з аналагічным урокам у крэпасці. Улічваючы наш навуковы і кадравы патэнцыял, мы адначасова на такія ўрокі можам прыняць да сарака класаў. І гэта будзе іншы ўрок. Веды, атрыманыя на эмацыянальным узроўні, больш трывалыя, чым інфармацыя, якая прагучала ў выглядзе лекцыі настаўніка. У нас сёння багаты арсенал, у тым ліку інтэрактыўныя музеі, шмат розных экспанатаў. Ды і само месца, якое прыняло першы ўдар вайны, і героі-абаронцы, якія той удар трымалі, здольныя ўплываць на свядомасць.

І тут можна гаварыць не толькі на тэму вайны, абароны Айчыны, тут наогул можна распачынаць размову з юнымі наведвальнікамі пра паняцце і значэнне грамадзяніна краіны, тлумачыць, чаму на святы не толькі на ўстановах павінны лунаць дзяржаўныя сцягі, але і на дамах і балконах.

У нас ёсць пэўны вопыт работы Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў гэтым кірунку. Зараз, як вядома, на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы вырашаецца пытанне надання названаму цэнтру рэспубліканскага значэння. І гэта таксама канкрэтны крок улады ў рэчышчы той тэмы, якую сёння абмяркоўваем.

У сваю чаргу ў крэпасці мы вядзём далейшую рэстаўрацыю Паўднёвай казармы. На яе базе на перспектыву разглядаем стварэнне асобнага асветніцка-выхаваўчага аддзела, які сканцэнтруе сваю ўвагу цалкам на пытаннях выхавання. Цяпер гэтую работу ў пэўнай меры вядуць музейныя работнікі, але ж прыйшоў час прыцягнуць спецыялістаў галіны адукацыі.


«Непрыняцце ідэалогіі нацызму і фашызму павінна быць прывіта дзецям у школе»

Вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый Надтачаеў:

— Сапраўды, у апошнія дзесяцігоддзі мы назіраем рост колькасці прыхільнікаў і паслядоўнікаў нацысцкай ідэалогіі ў краінах Прыбалтыкі і Украіны. Гераізацыя нацысцкіх злачынцаў у гэтых краінах заахвочваецца ўладамі. У Беларусі справа іншая, але гэта не падстава для самазаспакаення. Пакаленне франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў, вязняў нацысцкіх лагераў сыходзіць на нашых вачах. Гэты эвалюцыйны працэс ідзе па сваіх прыродных законах, адмяніць яго ніхто не ў стане. Сёння на авансцэну гісторыі выходзяць іх праўнукі. Яны жывуць у новую інфармацыйную эпоху, дзе «веды» аб вайне чэрпаюць не з кніг і архіўных дакументаў, не з успамінаў сваякоў — удзельнікаў вайны, а з блогасферы, розных інтэрнэт-рэсурсаў. Пры гэтым кантэнт часцяком прыдумляюць тыя, хто працуе над рэвізіяй вынікаў Другой сусветнай вайны.

Другая сусветная і Вялікая Айчынная войны займаюць асаблівае месца ў дзеяннях фальсіфікатараў гісторыі. Сёння Расіі як пераемніцы Савецкага Саюза навязваюць віну за развязванне Другой сусветнай вайны, робячы гэта адпраўным пунктам прад'яўлення ёй палітычных, фінансавых, тэрытарыяльных прэтэнзій. Галоўнай мэтай рэвізіі вынікаў Другой сусветнай вайны становіцца перагляд яе найважнейшых геапалітычных вынікаў.

На канцэптыяльным узроўні галоўным прыёмам фальсіфікатараў з'яўляецца пастаноўка знака роўнасці паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Германіяй, аб'яднанне іх у агульную катэгорыю «таталітарных рэжымаў» і ўскладанне на іх аднолькавай адказнасці за развязванне Другой сусветнай вайны.

Заўважу, што ў лістападзе 2020 года была прынята рэзалюцыя Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН — «Барацьба з гераізацыяй нацызму, неанацызму і другімі відамі практыкі, якія садзейнічаюць эскалацыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці». У дакуменце падкрэсліваецца, што ўсе дзяржавы павінны забараніць любое ўшанаванне нацысцкага рэжыму, яго саюзнікаў і звязаных з імі арганізацый, ці то афіцыйна або неафіцыйна». Нароўні з ЗША супраць прыняцця рэзалюцыі прагаласавала Украіна. Матывацыя ўкраінскага боку: «Украіна не падтрымлівае гэты дакумент, «пакуль сталінізм і неасталінізм не будуць асуджацца ў аднолькавай ступені, як і нацызм». Як быццам і не было рашэння Нюрнбергскага трыбунала.

Той факт, што ЗША, Украіна, а раней і Канада галасавалі супраць асуджэння гераізацыі нацызму, а шэраг еўрапейскіх краін — устрымаліся, гаворыць пра тое, што яны зноў, як і 85 гадоў таму, робяць на яго стаўку.

Да чаго прывяло патуранне нацызму, палітыцы «супакойвання агрэсара», можна ўбачыць у экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў зале № 6 «Нацысцкі акупацыйны рэжым». Пра гэта нагадваюць шматлікія мемарыялы і помнікі, прысвечаныя ахвярам нацысцкага тэрору, якія ёсць ва ўсіх кутках Беларусі. Нагадаю, што на нашай зямлі ў гады акупацыі нацысты стварылі 260 месцаў масавага знішчэння людзей. Пра гэта супрацоўнікі музея кожны дзень расказваюць наведвальнікам. Падчас экскурсій, навуковых і грамадска-палітычных форумаў і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў сценах музея, выкрываецца злачынная, чалавеканенавісніцкая практыка нацызму. Найбольш наглядная і інфарматыўная ў гэтым плане экспазіцыя залы № 6 распавядае пра тысячы знішчаных вёсак, мільёны забітых і закатаваных у лагерах, турмах і гета ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных грамадзян.

Але ці дастаткова аднаго музея, каб супрацьдзейнічаць гераізацыі нацызму? Вядома, не. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таксама як і іншыя музеі аналагічнага профілю, павінны быць часткай агульнай сістэмы, накіраванай на супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі і гераізацыі нацызму.

Што трэба рабіць? Звернемся да вышэйзгаданай рэзалюцыі. Камітэт Генасамблеі заклікаў «прыняць канкрэтныя меры, у тым ліку ў заканадаўчай галіне і ў сферы адукацыі, каб папяпрэдзіць адмаўленне злачынстваў супраць чалавечнасці і ваеннных злачынстваў, здзейсненых у час Другой сусветнай вайны».

Неабходна карэкціроўка школьнай і іншых адукацыйных праграм. Унясенне адпаведных змяненняў (у выглядзе новых артыкулаў) у Крымінальны кодэкс і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Як вядома, выхаванне забяспечваецца сукупнасцю прымянення розных метадаў, у тым ліку пераконвання і прымусу. Але галоўным застаецца пераконванне.

Роля школы асабліва важная. Менавіта там нашы дзеці вучацца чытаць і пісаць, на сістэмнай аснове атрымліваюць веды пра навакольны свет і гісторыю сваёй краіны. Менавіта ў школе дзецям павінна быць прывіта непрыняцце ідэалогіі нацызму і фашызму. І музей у гэтым плане гатовы да супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі і яго ўстановамі.


«Пакуль не прымусім моладзь заглянуць у траншэі і акопы, дзе з прабітымі чарапамі і адарванымі рукамі і нагамі ляжаць іх аднагодкі, не пераканаем»

Мікалай Барысенка, ваенны пісьменнік, кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:

— Самы дзейсны спосаб не дапусціць гераізацыі нацызму ў Беларусі — гэта патрыятычнае выхаванне. Пакуль не прымусім моладзь заглянуць у траншэі і акопы, дзе з прабітымі чарапамі і адарванымі рукамі і нагамі ляжаць іх аднагодкі, не пераканаем. Яны забаўляюцца стралялкамі ў інтэрнэце і заяўляюць: калі трэба, паўторым. Гэта ўсё проста ў віртуальным жыцці. Забілі, узяў сабе новае жыццё. У рэальнасці так не бывае. Сёння гэтыя віртуальшчыкі выйшлі на вуліцы і, калі атрымалі адпор, залямантавалі, што іх б'юць. А што яны чакалі? Што іх за гэта апякаць будуць? Начытаўшыся ў інтэрнэце рознай хлусні, яны ўзводзяць нацызм у ранг гераізму. І няўцям, што менавіта нацыстамі здзяйсняліся самыя жорсткія за ўсю сусветную ваенную гісторыю злачынствы супраць канкрэтных людзей. Вунь наш мемарыял у Борках у Кіраўскім раёне, дзе падчас карных аперацый было знішчана больш за 2000 чалавек. Звычайных сельскіх жыхароў. Вось што такое нацызм.

У маім родным Магілёве і ў пачатку 1990-х, і ўжо ў сёлетнім жніўні, мне давялося сутыкацца ў адной з кавярняў на вуліцы Ленінскай з маладымі вельмі правымі нацыяналістамі, якія абуральна задзіралі наведвальнікаў: «А чаму вы не размаўляеце на беларускай мове? Мабыць, вы не беларус?» Ад такіх наіўных на першы погляд пытанняў адзін крок да выключнасці і перавагі над іншымі нацыямі.

Пошукавікі «Віккру» добра ўяўляюць сабе, што цяперашняе сытае і спакойнае жыццё прыйшло да нас не ціхім эвалюцыйным шляхам, а праз гора, слёзы і пакуты старэйшага пакалення, многія прадстаўнікі якога склалі галовы, прапалі без вестак або вярнуліся пакалечаныя з вайны.

Не дай бог нам уступіць у эпоху рэвалюцый і войнаў. Яны дашчэнту разбураць краіну, створаную кроўю і потам нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, а затым спатрэбяцца дзесяцігоддзі на яе аднаўленне. І пры гэтым больш за ўсё пацерпяць людзі.

Тэзіс Бернарда Шоу пра тое, што «адзіны ўрок, які можна атрымаць з гісторыі, гэта тое, што з яе не здабываюць урокаў», як мага больш падыходзіць да некаторых маладых людзей, захопленых ідэяй нацызму або перавагі адной нацыі над другой. І не проста перавагай, а знішчэннем яе. Як гэта было ў Нямеччыне ў 1930-я гады і пазней. Зараз прапаганда і выкарыстанне сімволікі нацызму там крымінальна каральныя, але тым не менш колькасць груповак з нацысцкімі настроямі ў краіне няўхільна расце. Пра гэта трэба ўвесь час памятаць, і не толькі маладым. На Магілёўшчыне і ў цэлым па Беларусі, якая ў былым СССР больш за іншыя рэспублікі пацярпела ад фашызму і калабарацыяністаў, адраджэння нацызму пакуль няма, гэтак жа, як няма і глебы для яго ўзнікнення. Але гэта пакуль...

Мы пастаянна пераконваемся, што абараніць Айчыну можна толькі ў адзінстве. Мінулыя падзеі паказваюць, што для таго каб захаваць тое, што пабудавалі, трэба быць разам. Асабіста ў мяне больш няма сіл глядзець, як маладыя людзі, абматаныя чырвона-белымі сцягамі лямантуюць на плошчах пра свабоду і еўрапейскі шлях, а па сутнасці — цягнуць за сабой у прорву ўсю краіну. З такімі «прасунутымі лібераламі» я не хачу мець нічога агульнага, таму што вельмі добра разумею, што любы хаос — гэта кроў, слёзы, гора.


«Абараніць гонар і годнасць герояў і ахвяр варта на заканадаўчым узроўні»

Таццяна Хадыка, член праўлення Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру»:

— У Мінскай вобласці на тэрыторыі Лагойскага раёна знаходзяцца два мемарыяльныя комплексы — «Хатынь» і «Дальва». Хатынь была спалена карнікамі ў сакавіку 1943 года, а ў чэрвені 1944-га такі ж самы лёс напаткаў Дальву. У агні згарэлі 44 жыхары, выжыў толькі 13-гадовы Коля Гірыловіч. Нездарма Дальву называюць сястрой Хатыні. Гэтыя комплексы нагадваюць аб зверствах фашызму і напамінаюць нашчадкам, да чаго прыводзяць нацысцкія ідэі.

Праблема гераізацыі нацызму з'яўляецца адной з найважнейшых праблем сучаснага свету і грамадства. Здавалася б, фашызм і рэваншысцкія настроі павінны былі назаўжды сысці ў мінулае, паколькі адпаведна з Нюрнбергскім працэсам нацызм і фашызм прызнаныя злачыннымі ідэалогіямі і забароненыя ў сучасным свеце. Аднак пасля распаду СССР асобныя нацыяналістычныя лідары і палітыкі спрабуюць перапісаць гісторыю, перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны. Пачасціліся выпадкі абняславіць уклад Чырвонай Арміі ў перамогу над гітлераўскай Германіяй, падвяргаюцца знявазе і праследаванню ветэраны вайны, апаганьваюцца магілы і помнікі тым, хто аддаў сваё жыццё барацьбе з фашызмам. Адначасова адбываюцца гераізацыя нацызму, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі, праслаўленне нацысцкага руху і ўзвядзенне ў ранг нацыянальных герояў тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, асабліва калі ажыццяўляецца ідэя пабудовы нацыянальнай дзяржавы.

На шчасце, у Беларусі гэтая праблема не з'яўляецца такой вострай у многім дзякуючы палітыцы беларускай дзяржавы ў гэтым пытанні, дакладнай пазіцыі Прэзідэнта Беларусі ў сістэме выхавання, у якой фарміраванне патрыятызму — адна з найважнейшых стратэгічных задач дзяржавы і заўсёды разглядалася як найбольш прыярытэтны кірунак.

Раней найбольш эфектыўнымі былі такія формы выхавання падрастаючага пакалення, як экскурсіі, паходы па памятных мясцінах, гутаркі, віктарыны, прагляд і абмеркаванне фільмаў, якія затым сталі класікай савецкага кіно, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Маладое пакаленне лічыла бясспрэчным фактам перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне 1945 года. Для пакалення дзяцей пераможцаў вайна ўспрымалася як боль, як трагедыя, таму што вакол былі людзі, якія прайшлі вайну, бачылі ўсё на свае вочы. Іх праўда аб вайне перадавалася дзецям, унукам. Таму праблемы гераізацыі нацызму не існавала. Але цяпер сыходзіць пакаленне, якое не па чутках ведала аб жахах фашызму. Вырастае іншае, якое чэрпае ўяўленні аб тым перыядзе гісторыі з фільмаў, кніг (у найлепшым выпадку), а то і з сенсацыйных і правакацыйных заяў у інтэрнэце, альтэрнатыўных тэорый, якія блытаюць факты і скажаюць мінулае, дзе ставіцца знак роўнасці паміж камунізмам і нацызмам. Так недалёка і да поўнай рэабілітацыі нацысцкіх памагатых.

На маю думку, неабходна звярнуць большую ўвагу на ролю і значэнне гістарычных ведаў. Гісторыя як прадмет у гэтым сэнсе адыгрывае значную ролю. Менавіта яна фарміруе грамадзяніна. Нізкі ўзровень гістарычных ведаў з'яўляецца асновай для маніпуляцыі свядомасцю маладых людзей. Каб яны не аказаліся інструментам для дасягнення чужых мэт, не верылі безаглядна ў «карцінку» з інтэрнэту, актуальнае становіцца пытанне фарміравання асобы, здольнай крытычна мысліць, выдзяляць асноўнае, супастаўляць факты, весці дыялог, самастойна прымаць рашэнні, прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці. Таму ў працэсе навучання і ў пазакласнай рабоце варта шырэй выкарыстоўваць дыскусіі, дэбаты, прэс-канферэнцыі, дзе ёсць сутыкненне розных поглядаў, меркаванняў, часам супрацьлеглых. І не баяцца вострых пытанняў.

У фарміраванне патрыятызму ў моладзі, дзяцей, падлеткаў робяць унёсак усе ўстановы адукацыі, грамадскія арганізацыі і аб'яднанні. Сумесна з педагогамі, вучнямі школ значную работу праводзіць у гэтым рэчышчы Мінскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру». Стала традыцыйным правядзенне тэматычных маршаў па месцах баявой славы ў Слуцкім, Любанскім, Салігорскім, Лагойскім раёнах, акцыі «У страі навечна», памятных акцый у спаленых вёсках. Бясспрэчна, актуальнымі формамі патрыятычнага выхавання застаюцца паходы і экскурсіі па родным краі. Праз удзел у паходах вучні ўспрымаюць падзеі мінулай вайны як нешта рэальнае, жывое, становяцца як бы саўдзельнікамі баявых подзвігаў.

У Беларусі аддаюць вялікую ўвагу захаванню народнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Разам з тым «прышчэпкай» ад нацызму будзе прыняцце адпаведнага заканадаўчага акта. Такія ёсць у іншых краінах, напрыклад у Кітаі з 1 мая 2018 года ўступіў у сілу Закон аб абароне гонару і годнасці загінулых герояў. Гэты закон заахвочвае грамадзян да патрыятызму, а таксама забараняе праслаўленне захопніцкіх войнаў, за што правапарушальнікам пагражае адказнасць.


«Важна не даваць нават шанцу на спробу выдаць варожую палітычную тэхналогію за патрыятычную «навуковую дыскусію»

Павел Ждановіч, супрацоўнік кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысціплін гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу VІ склікання:

— Для беларускага народа гісторыя Вялікай Айчыннай вайны — найважнейшы элемент гістарычнай памяці, неад'емны складнік нацыянальнага коду, які фарміруе патрыятычныя, духоўныя каштоўнасці. Спробы перагляду значэння, ролі і ходу Вялікай Айчыннай вайны — гэта мэтанакіраваная работа па фальсіфікацыі як аднаго з фактараў інфармацыйнай вайны. І метады такой работы вядомыя: гістарычная дэзынфармацыя, адкрытая фальсіфікацыя фактаў з мэтай распаўсюджвання дэструктыўных ідэалогій, замах на канстытуцыйны лад суверэнных дзяржаў, распальванне ўнутраных разладаў і міждзяржаўных канфліктаў.

Каб не дапусціць падобнага ў нашай краіне, варта працягваць актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць па захаванні памяці аб падзеях і героях Вялікай Айчыннай вайны. Важна не даваць нават шанцу на спробу выдаць варожую палітычную тэхналогію за патрыятычную «навуковую дыскусію». Бо фальшывы гістарычны рэвізіянізм не мае нічога агульнага з рэальным навуковым пошукам. Усім павінна быць відавочна, што фальсіфікацыя гісторыі — гэта зусім не нявінная забава адзінкавых папулярызатараў, а мэтанакіраваны працэс, інфармацыйная і камунікацыйная тэхналогія, якая выкарыстоўваецца ў якасці інструмента геапалітычнага проціборства.

У гэтым кірунку вельмі важным падаюцца правядзенне адэкватнай гістарычнай палітыкі, каардынацыя сумесных намаганняў па захаванні памяці аб Вялікай Перамозе ў краінах-нашчадках Савецкай дзяржавы і савецкага народа-вызваліцеля. Асноўнай задачай жа агульных дзеянняў павінна стаць спыненне спроб скажэння і інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў на шкоду нацыянальным інтарэсам, правакацыі канфліктаў паміж дзяржавамі.

Між тым, на маю думку, вопыт гістарычнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь — павучальны. Але ж сёння выклік часу у маніпуляцыях праз скажэнне гістарычнага мінулага актуальны і для нашай краіны. Лічу важным звярнуць увагу на канкрэтныя маркеры гэтага дэструктыўнага працэсу:

  • адмаўленне агульных каранёў паміж беларусамі, рускімі і ўкраінцамі;
  • прыніжэнне ролі Беларускай ССР як рэальнай формы беларускай дзяржаўнасці; замоўчванне дасягненняў Беларусі ў савецкі перыяд і наўмысны акцэнт толькі на недахопы, якія мелі месца; стварэнне негатыўнага вобраза мінулага;
  • трактоўка ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе не як акта гістарычнай справядлівасці, а як неправамоцнай падзеі з пункту гледжання міжнароднага права, што дае магчымасць прэтэнзій з боку Польшчы на заходнія тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • цалкам неабгрунтаванае з навуковага пункту гледжання і абуральнае ўраўноўванне палітычных рэжымаў у СССР і нацысцкай Германіі з мэтай перакладвання віны на развязванне Другой сусветнай вайны з боку Захада на Савецкі Саюз;
  • адмаўленне таго, што барацьба з нацысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі насіла ўсенародны характар.

Гістарычныя фальсіфікацыі на постсавецкай прасторы ў асноўным зводзяцца да распальвання русафобіі, дыскрэдытацыі перамогі народаў Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне, рэабілітацыі нацызму і калабарацыянізму.

Таму нашай дзяржаве важна працягнуць практычныя палітычныя дзеянні па захаванні аб'ектыўнай гістарычнай памяці. Вельмі важна, што ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі ў Рэспубліцы Беларусь не толькі беражліва захоўваюцца ўсе помнікі савецкай эпохі, але і адкрываюцца новыя музеі і гісторыка-культурныя комплексы. Не менш важна, што за гады існавання суверэннай Беларусі створана новая інфраструктура, накіраваная на ўвекавечанне памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу савецкага народа ў барацьбе з нацызмам і праслаўленне Вялікай Перамогі.

Шмат у чым прычына таго, што ў Беларусі атрымліваецца пазбегнуць «вайны памяці», — канкрэтнае і сталае стаўленне дзяржавы да спроб рэабілітацыі нацызму і калабарацыянізму. Вельмі важным стала тое, што ў нашай краіне ў 2019 годзе ў дадатак да існуючага закона аб экстрэмізме, адпаведных нормаў КК і КоАП беларускім парламентам былі прыняты змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Так, прадугледжваецца крымінальная адказнасць за прапаганду і рэабілітацыю нацызму. У прыватнасці, упершыню ў гісторыі права Рэспублікі Беларусь былі вызначаны тэрміны «нацызм», «рэабілітацыя нацызму», «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка». Характэрна, што за публічную рэабілітацыю нацызму законапраект прадугледжвае суровае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Упэўнены, што ў складаны перыяд геапалітычнай турбулентнасці толькі спалучэнне эфектыўных мер па захаванні аб'ектыўнай гістарычнай памяці і інфармацыйна-асветніцкай работы па развянчанні радыкальных праяў фальсіфікацыі гісторыі дазволяць беларускаму грамадству і ў далейшым паспяхова супрацьстаяць маніпулятыўным палітычным тэхналогіям.

Загаловак у газеце: Каб ніколі больш...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».