Вы тут

Вайскоўцы прынялі прысягу


Раніцай у суботу каля кантрольна-прапускнога пункта 56-га асобнага Тыльзіцкага ордэна Чырвонай зоркі палка сувязі Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны выстраілася невялікая людская чарга. Прычына — узнёслая. Больш за сто салдат, якія праходзяць службу ў 56-м асобным палку сувязі, 50-й змяшанай авіяцыйнай базе і 483-м асобным батальёне аховы і абслугоўвання ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, вымавілі словы на вернасць народу і Айчыне. Агулам жа па краіне прысягу прынеслі каля 8 тысяч вайскоўцаў.


Сям'я Хацьян з Рэчыцы

Ужо на будучым тыдні 56-ы полк сувязі адзначыць свой дзень нараджэння. Ён быў створаны ў далёкім 1942-м годзе. Зараз жа вайскоўцы, якія ў ім служаць, выконваюць мноства вельмі важных і адказных задач. У іх ліку — забяспечванне сувязі камандавання ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны. Пра гераічны шлях палка нагадаў камандзір палка, палкоўнік Андрэй Саўчанка.

Ён атрымаў падзячны ліст ад начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Першамайскага раёна Эліны Брагі. Кіраўнік адміністрацыі раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца полк, адзначыў актыўную грамадзянскую пазіцыю асабістага складу і яго ўдзел у грамадскім жыцці/

Камандуючы ВПС і войскамі ППА генерал-маёр Ігар Голуб адзначыў, што простыя словы прысягі, якімі яны здаюцца, насамрэч маюць вельмі глыбокі сэнс.

— У іх выказана сутнасць вайсковага доўгу. Змест жа ваеннай прысягі працяты найважнейшым патрабаваннем да вайскоўца — быць адданым свайму народу, годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана бараніць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Для новага папаўнення надыходзіць пара грамадзянскай сталасці і рэальнай адказнасці за лёс нашай Айчыны.

Праз сітуацыю з каранавірусам салдаты не атрымалі звычайнае звальненне ў дзень прысягі. Але пагутарыць са сваімі роднымі і блізкімі яны маглі непасрэдна на страявым плацы. Часу, праўда, крыху бракавала — усяго пятнаццаць хвілін да здачы зброі. Але яго хапіла, каб пагутарыць з двума сем’ямі, адкуль хлопцаў прызвалі на паўтара гады.

Юрый Хацьян разам з жонкай і дачкой прыехаў да сына Ягора з Рэчыцы. Ягор камусьці тэлефануе і дзеліцца радаснымі перажываннямі. У сям’і Хацьянаў атрымліваецца своеасаблівая пераемнасць пакаленняў. Бацька за савецкім часам таксама служыў у войсках сувязі. Вось толькі лёс яго закінуў тады ажно ў Туркменістан.

— Тры тыдні сына не бачыў! — гаворыць Юрый. — Амаль кожны дзень сазвоньваліся па тэлефоне. Думаю, адаптацыя да новых умоў прайшла нармальна. Па-першае, я расказваў пра асаблівасці службы, якія спазнаў на ўласным досведзе. А па-другое, для Ягора быў арганізаваны своеасаблівы завочны «курс маладога байца».

Такім чынам, каманду «Рота, пад’ём!» Ягор чуў некалькі тыдняў да дня адпраўкі ў войска. А вось з фізічнай падрыхтоўкай хлопцу было прывычней. Яшчэ да войска ён сур’ёзна займаўся вольнай барацьбой. Адзінае, не паспеў здаць на разрад. Спачатку захварэў трэнер, ну а пасля прыйшла павестка ў ваенкамат…

— Але пры гэтым фізічныя нагрузкі пераносяцца вельмі лёгка, калі параўноўваць з хлопцамі, якія са спортам не вельмі сябравалі, — дзеліцца хлопец. — Псіхалагічна, праўда, было непрывычна. З’явіўся жорсткі распарадак дня. Не можаш устаць, калі захацеў, не можаш есці, што захочаш. Але, з іншага боку, гэта і добра. Так, гэта на першы час выбівае з каляіны, але гэта свайго кшталту таксама элемент школы жыцця.

А вось Арсеній Каркоцкі ў полк быў прызваны з Мінска. Яму нядаўна споўнілася васямнаццаць. За плячыма ў хлопца таксама каледж, як і ў яго саслужыўца з Рэчыцы.

— Калісьці я займаўся плаваннем, — расказвае Арсеній. — Гэта мне дапамагло лягчэй пераносіць той жа бег, я ўпэўнена адчуваю сябе падчас іншых фізічных нагрузак. Але разам з тым знаходзіцца і вольны час, так бы мовіць, «для душы». Тады я граю на гітары. Музычны інструмент мне дазволілі ўзяць свой, з дома.

Наперадзе ж вайскоўцаў чакае інтэнсіўная вучоба. Для сувязістаў гэта асабліва важна, паколькі камунікаванне паміж камандаваннем і войскам — гэта той нерв, на якім трымаецца паспяховае выкананне баявой задачы. І цалкам верагодна, што свае навыкі яны пакажуць на сумесным расійска-беларускім стратэгічным вучэнні «Захад-2021». Яно пройдзе ў верасні ў Беларусі.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?