Вы тут

Кніга «Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVII стст.» пабачыла свет


Да гісторыі мястэчак — з любоўю!..

«Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVII стст.» – так называецца кніга доктара гістарычных навук Юрыя Мікалаевіча БОХАНА, што пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука» (дарэчы, другое выданне. Наклад — 200 экзэмпляраў). Фактычна ў аснове выдання — кандыдацкая дысертацыя таленавітага даследчыка гісторыі Беларусі, якая носіць наступную назву — «Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны ў XV–XVIII стст. (па археалагаічных і пісьмовых крыніцах)». Дысертацыя была абаронена ў 1994 годзе. Лічыце, болей за чвэрць стагоддзя таму. Але да гэтага часу дысертацыя так і чакала выдання ў якасці манаграфіі, так і чакала сустрэчы з шырокім колам чытачоў.


У манаграфіі на матэрыяле асобнага рэгіёна нашай краіны мястэчкі разглядаюцца як адно з найболей важнейшых урбаністычных паселішчаў, што спрыялі гаспадарчаму развіццю навакольных зямель. Другую частку кнігі складаюць артыкулы Юрыя Бохана па праблемах урбаністыкі. Укладальнікам грунтоўнага выдання выступіў кандыдат гістарычных навук М. Волкаў. Гэтая акалічнасць звязана з тым, што доктара гістарычных навук (абараніўся вучоны ў 2003 годзе) Юрыя Мікалаевіча Бохана не стала 13 красавіка 2017 года… Ва ўступным слове «Ад укладальніка» М. Волкаў піша наступнае: «Дадзеная кніга сталася магчымай дзякуючы дапамозе многіх людзей, якім мы выказваем словы шчырай падзякі. Сама ідэя выдання кандыдацкай дысертацыі Ю.М. Бохана належыць яго жонцы Алене Сяргееўне, якая натхніла нас узяцца за гэту справу. Ад яе мы ведаем, што ў апошнія гады гісторык вельмі шчыльна займаўся перапрацоўкай сваіх матэрыялаў па урбаністыцы і часта звяртаўся да першай дысертацыі. Уласна, ад яе мы атрымалі рукапіс даследвання і большасць фотаздымкаў Юрыя Мікалаевіча. Значную дапамогу пры рэдагаванні тэкстаў аказалі Л. Законнікава, В. Голубеў, А. Скеп’ян і М. Гальпяровіч. За фотаздымкі і кансультацыі пра часы вучобы гісторыка ў педінстытуце мы ўдзячны Г. Сагановічу, А. Радаману і Н. Станкевічу. У пошуку планаў мястэчак і падрыхтоўцы іх копій нам дапамаглі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, за што выказваем падзяку ім і асабіста дырэктару архіва Д.У. Яцэвічу. Такім чынам, выданне гэтай кнігі з’яўляецца супольнай справай многіх людзей, якія зрабілі свой унёсак ва ўшанаванне памяці Юрыя Мікалаевіча Бохана — выбітнага беларускага гісторыка, калегі і настаўніка. Для мяне асабіста займацца падрыхтоўкай гэтай кнігі было ганаровым абавязкам перад чалавекам, які дапамог мне пачаць уласны навуковы шлях».

Трэба падкрэсліць, што па гісторыі мястэчак выдання такога грунтоўнага характару раней проста не было. А між тым тэма патрабуе надзвычайнай увагі. Так, Юрый Мікалаевіч, мяркуючы па яго кніжных, манаграфічных здабытках, па доктарскай дысертацыі («Узбраенне і структура войска Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XIV — канцы XVI ст.»), скіраваў свае навуковыя пошукі ў іншы бок. Але даследванне гісторыі мястэчак таксама было важкай плынню яго зацікаўленасцяў. І, канешне ж, можна адназначна сцвярджаць, што калі б лёс адвёў гэтаму ўнікальнаму, надзвычай працалюбіваму чалавеку больш гадоў жыцця, то і плён ягонай руплівасці ў дачыненні да гісторыі беларускіх мястэчак быў бы шматкроць багацейшым.

Кніга Ю.М. Бохана «Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст.» запаўняе істотны прагал у вывучэнні сацыяльнай і эканамічнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, у гісторыі Беларусі. І набыць яе найперш можна ў Мінску кнігарні «Акадэмкніга».

Мікола Раўнапольскі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

З'ядноўваюцца супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль...

Грамадства

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

ЛЕЎ. У вашым жыцці надыходзіць добры перыяд, можна нават сказаць, новы этап.