Вы тут

Пераход на работу ў анлайн-фармат — адзін з трэндаў 2020 года, які будзе і далей развівацца


Спецыялісты адзначаюць павышэнне прадукцыйнасці аддаленай работы на фоне зніжэння кантролю

Міжнародны конкурс «Прэмія HR-брэнд Беларусь» праводзіцца ўжо сёмы раз. У гэтым годзе ён упершыню прайшоў у анлайн-фармаце для міжнароднай аўдыторыі. Ды і многія яго этапы таксама былі арганізаваны дыстанцыйна. Зрэшты, як праекты ўдзельнікаў конкурсу, так і аналіз сітуацыі на рынку працы прадэманстравалі, што пераход на работу ў анлайн-фармат — адзін з трэндаў 2020-га года, які будзе і далей развівацца.


Трэнды і выклікі рынку працы

У пачатку 2020 года сюрпрызаў не было. Як звычайна, у студзені назіралася традыцыйнае зніжэнне колькасці вакансій адносна снежня 2019 года і іх рост у лютым. Аднак ужо з сакавіка пачалося падзенне колькасці вакансій, якое працягвалася да чэрвеня.

За гэтыя тры месяцы рынак працы значна перабудаваўся. Па словах Святланы Шапоравай, дырэктара сэрвісу rabota.by, які з’яўляецца арганізатарам конкурсу, эпідэмія COVID-19 стымулявала дырэктараў па персаналу «хутка рэагаваць, адаптавацца, уносіць змены». Шматлікія кампаніі і раней практыкавалі гібрыдны фармат работы – часткова аддалена, часткова на працоўным месцы, цяпер жыццё прымусіла актыўна ўкараняць яго. Пры гэтым спецыялісты адзначаюць павышэнне прадуктыўнасці работы на фоне зніжэння кантролю.

Спецыялісты прагназуюць, што далёка не ўсе работнікі вернуцца ў офісы. Таму тэндэнцыя да найму і пошуку работы ў аддаленым фармаце захаваецца. Акрамя таго, суіскальнікі сталі часцей цікавіцца варыянтамі падпрацоўкі. Ва ўмовах пандэміі ў 2020 годзе ў параўнанні з 2019 годам вырасла колькасць пошукавых запытаў па наступных напрамках: падпрацоўка з штодзённай аплатай (+ 17,3%); падпрацоўка (+ 45,8%); падпрацоўка на даму (+ 5,2%), дыстанцыйная праца (+ 49,3%). 

Другім трэндам года стала актыўнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій. Святлана Шапорава прызналася, што ўвядзенне электроннага дакументазвароту ўваходзіла ў перспектыўныя планы яе кампаніі, але з-за эпідэміі на яго перайшлі імгненна. Вядома, пэўнай частцы работнікаў трэба было пераступіць нейкі псіхалагічны бар'ер, каб пашырыць карыстанне сучаснымі тэхналогіямі, але ў выніку гэта аказалася не так і цяжка, галоўнае, пачаць гэта рабіць. «Год апынуўся лепшым IT-дырэктарам, — рэзюмавала член журы міжнароднага конкурсу “Прэмія HR-брэнд Беларусь-2020” Анастасія МІЗІТАВА (Расія), заснавальнік, дырэктар у праекце «Энергія HR». — За гэты перыяд некаторыя раней адкладзеныя ідэі “абкаталі” шмат разоў. Гэта беспрэцэдэнтны досвед. Такой дынамікі развіцця наша каманда раней не перажывала».

Трэці трэнд года, а па значнасці, мабыць, і першы: прыкметны зрух фокусу з бізнес-мэтаў на здароўе і дабрабыт людзей. «Там, дзе з калектывам размаўлялі наўпрост топ-менеджары, сітуацыя значна лепш, чым там, дзе не было адкрытага дыялогу паміж кіраўніцтвам і персаналам», –– падкрэсліла Анастасія Мізітава.

Святлана Шапорава адзначыла, што адбылася актывацыя гарызантальнага кіравання. У некаторых кампаніях ствараліся антыкрызісныя камітэты, што дазваляла прыцягнуць для прыняцця рашэнняў шараговых супрацоўнікаў і рэалізаваць максімальную колькасць ідэй.

Звольніцца або застацца

Старшыня журы конкурсу Ніна Асавіцкая (Расія), дырэктар Брэнд-цэнтра HeadHunter, заўважыла, што ў 2020 годзе суіскальнікі не актыўныя: «Назіраецца ўзаемная лаяльнасць: цяпер звальненне  гэта тое, на што кіраўнікі рашаюцца ў апошнюю чаргу, а работнікі асцерагаюцца мяняць работу. У тым ліку многія не гатовыя адаптавацца да новага месца працы ў анлайн-рэжыме». А вось Наталля Зайцава, кансультант конкурсу «Прэмія HR-брэнд» выказала здагадку, што ў наступным годзе да 50% людзей будуць мяняць месца працы.

Сёлета наймальнікі больш за ўсё шукалі спецыялістаў са сферы продажаў і інфармацыйных тэхналогій, а таксама рабочы персанал. Пры гэтым у трэцім квартале колькасць вакансій у сферы «Рабочы персанал» вырасла, абагнаўшы ІТ-сферу. Найбольшая колькасць вакансій размешчана для грузчыкаў, слесараў, упакоўшчыкаў і прыбіральшчыкаў. На думку Святланы Шапоравай, такая тэндэнцыя захаваецца і ў 2021 годзе. Па-ранейшаму студэнтам і людзям без досведу работы прыйдзецца прыкласці максімум намаганняў для ўдалага працаўладкавання.

Між тым эксперты адзначылі, што прыкметна знізілася дыскрымінацыя па ўзроставай прыкмеце і рынак разгортваецца ў бок работнікаў 50+. Гэта адбываецца сярод іншага і таму, што пасталелі заснавальнікі і кіраўнікі кампаній, у тым ліку ў сферы IT. «А вось да змены дзейнасці ў перадпенсійным узросце многія кіраўнікі кадравых службаў ставяцца неадназначна, аддаючы перавагу работнікам з добрымі прафесійнымі кампетэнцыямі», — адзначыла Анастасія Мізітава.

Лаўрэаты «Прэміі HR-брэнд Беларусь 2020»

Сёлета на конкурс было пададзена 27 праектаў, намінантамі «Прэміі HR-брэнд Беларусь 2020» стала 21 кампанія. Некалькі кампаній прэзентавалі па два праекты. Упершыню з’явілася намінацыя «Малы бізнес», у якой было заяўлена сем праектаў. Андрэй Цыган (Беларусь), CEO і заснавальнік кансалтынгавай кампаніі «Ізі Штандар» асабліва адзначыў гэту акалічнасць: «У вялікім бізнесе, каб пачаць праект, трэба сабраць 100 подпісаў на 18 паверхах, у малым  ідэі абмяркоўваюцца за кубкам кавы. Малы бізнес можа нешта пратэсціраваць, у цэлым дазволіць сабе больш, чым вялікі і сярэдні. Таму ў сярэдняга і буйнога бізнесу ёсць магчымасць павучыцца ў малога. Менавіта ў малым бізнесе нараджаюцца ідэі! Так што малы бізнес больш патрэбны буйному, чым наадварот».

У намінацыі «Малы бізнес» узнагароды I ступені ўдастоена ТАА «Еўраспецбуд сэрвіс» з праектам «Каманда для захопу рынку». Сутнасць праекта: ацэнка і аналіз сітуацыі ўнутры кампаніі, высвятленне, чым незадаволеныя супрацоўнікі і кліенты. Быў распрацаваны план выратавання, зроблены акцэнт на развіцці і ўзмацненні каманды, бо галоўнае ў бізнесе — людзі. 

У намінацыі «Свет» пераможцам названа Замежнае ўнітарнае прадпрыемства «Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» з праектам «Гісторыя адной трансфармацыі: лагатып, стратэгія, культура і многае іншае». Рэалізацыя праекта дазволіла зрабіць структуры кампаніі больш эфектыўнымі, з 28 субрэгіёнаў утварылася 18. Гэта дапамагло надзяліць паўнамоцтвамі кожнага супрацоўніка для хуткасці прыняцця рашэнняў.

У намінацыі «Сталіца» ўзнагароду I ступені атрымала ЗАТ «Альфа-Банк» за праект #besmart Alfa-Experience. Гэта агульнадаступная адукацыйная анлайн-пляцоўка для абмену ўнікальнай або дэфіцытнай экспертызай сіламі дзеючых практыкаў і запрошаных знешніх спікераў.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «ОМА» ўдастоена ўзнагароды 1 ступені ў намінацыі «Рэспубліка». Кампанія прапанавала праект: «Sky is the limit. Прыступкі прафесійнага росту прадаўца». Укараненне праекта дазволіла скараціць тэрмін уваходжання на пасаду з шасці да двух месяцаў. Пры гэтым зменшылася цякучасць персаналу на выпрабавальным тэрміне на 10%, павысіўся рост навучальнасці работнікаў з 43,5% да 90%.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».