Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» дзелімся добрымі навінамі.


1. У аўстрыйскім Хохфільцэне адбыўся трэці этап Кубка свету па біятлоне. Надзвычай паспяхова ён склаўся для Дзінары Алімбекавай. Упершыню ў кар'еры яна ўзнялася на найвышэйшую прыступку п'едэстала Кубка свету ў спрынце. Заключную гонку турніру — гонку пераследу — Дзінара скончыла другой, саступіўшы толькі нарвежцы Марце Алсбю-Ройселан. Паспяхова праехаць гонку біятланістцы не перашкодзіла нават падзенне.

Ірына Крыўко скончыла спрынт на 17-м месцы. А ў гонцы пераследу змагла палепшыць сваю пазіцыю: фінішавала на 12-й пазіцыі. Ганна Сола ў спрынце заняла 42-е месца, у гонцы пераследу — 47-е. Алена Кручынкіна скончыла спрынт на 57-м месцы, гонку пераследу — на 53-м. Эстафету жаночая зборная Беларусі скончыла на 10-й пазіцыі.

Пасля трох этапаў Кубка свету найвышэйшую пазіцыю ў агульным заліку сярод беларусак займае Дзінара Алімбекава: 265 балаў забяспечваюць ёй другую пазіцыю. Акрамя гэтага, беларуска ўзначальвае рэйтынг найлепшых біятланістак катэгорыі U-25. Ірына Крыўко, маючы 97 балаў, займае 23-е месца, Алена Кручынкіна — 37-е (48 балаў), Ганна Сола — 60-е (12 балаў). У Кубку нацый жаночая зборная Беларусі займае 9-е месца, маючы 1884 балы.

У спрынце найлепшым сярод беларускіх біятланістаў стаў Антон Смольскі: ён заняў 24-е месца. Сяргей Бачарнікаў скончыў выступленне на 54-й пазіцыі, Раман Ялётнаў — на 55-й. У гонцы пераследу Антон Смольскі фінішаваў 29-м, гэта таксама найлепшы вынік сярод беларусаў. Раман Ялётнаў заняў 41-е месца, Сяргей Бачарнікаў — 47-е. У эстафеце мужчынская зборная Беларусі паўтарыла вынік мінулага этапу — 11-е месца.

У агульным заліку Кубка свету Антон Смольскі займае 28-ю пазіцыю (69 балаў), Сяргей Бачарнікаў — 34-ю (59 балаў), Максім Верабей — 42-ю (31 бал), Раман Ялётнаў — 54-ю (10 балаў). У Кубку нацый мужчынская зборная Беларусі знаходзіцца на восьмым месцы, маючы 1716 балаў.

Чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне таксама прыме Хахфільцэн. Пачнецца турнір 17 снежня.

2. Адзіны прадстаўнік Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы Ягор Шарамкоў заваяваў два медалі кантынентальнага першынства. Спартсмен быў заяўлены ў двух відах: вольных практыкаваннях і апорным скачку. Вольныя практыкаванні беларуса сталі найлепшымі ў кваліфікацыі, суддзі ацанілі іх на 15,033 бала. У фінале адзнака была ніжэйшай — 14,533, але гэтага хапіла для трэцяга месца. У апорным скачку Ягор стаў бронзавым прызёрам. Фінальная адзнака гімнаста — 14,700 бала.

Дагэтуль беларускія гімнасты станавіліся прызёрамі чэмпіянату Еўропы ў 2013 годзе. Тады бронзу ў практыкаванні на перакладзіне заваяваў Аляксандр Царэвіч.

3. Беларус Кірыл Маскевіч выйграў «золата» асабістага Кубка свету па грэка-рымскай барацьбе, які прымае Бялград. У катэгорыі 87 кілаграмаў беларус у вырашальным паядынку заўчасна перамог алімпійскага чэмпіёна Давіта Чакветадзэ — 10:0. Пакуль гэта адзіны медаль беларускай каманды. Але ў беларускіх спартсменаў яшчэ ёсць шанцы заваяваць узнагароды турніру. Праз вырашальныя схваткі пройдуць Максім Кажараскі (60 кг), Радзік Куліеў (82 кг) і Саслан Даураў (63 кг).

Паспрачаюцца за медалі і жанчыны. Беларусь прадстаўляюць Заліна Сідакова, якая выступае ў катэгорыі 53 кг, і Ірына Курачкіна (55 кг).

4. У Мінску адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па фігурным катанні Wіnter star — 2020. Удзел у ім прынялі 25 спартсменаў з 15 краін. У жаночым адзіночным катанні перамагла беларуская спартсменка Вікторыя Сафонава: па суме дзвюх праграм яна набрала 194,35 бала. Другое месца ў спартсменкі з Нідэрландаў Ліндсей Ван Зундзерт — 159,83 бала. Трэцяе месца заняла францужанка Мая Мазара — 148,65 бала.

У мужчынскім адзіночным катанні перамог француз Кевін Аймо — 257,44 бала. «Срэбра» заваяваў беларус Канстанцін Мілюкоў — 242,77 бала, «бронзу» — іспанец Жолі Арно — 181,74 бала.

У танцах на лёдзе «золата» заваявалі ўкраінцы Дар'я Папова і Уладзімір Белікаў, якія набралі 174,03 бала. Французскі дуэт Юліі Вагрэ і П'ера Соке, маючы 172,02 бала, сталі сярэбранымі прызёрамі. Беларусы Вікторыя Семянюк і Ілья Пархімчук выйгралі «бронзу», іх сума балаў — 167,56. У спаборніцтвах спартыўных пар безальтэрнатыўную перамогу святкавалі беларусы Багдана Лукашэвіч і Аляксандр Сцяпанаў. Іх выступленні суддзі ацанілі на 157,95 бала.

5. Хакеісты мінскага «Дынама» перамаглі кітайскі клуб «Куньлунь Рэд Стар» у матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Вынік сустрэчы — 3:2 (па булітах). Падчас матчу кітайская каманда двойчы выходзіла наперад. Але «зубры» двойчы здолелі аднавіць перавагу, рэалізаваўшы большасць. Канчатковую перамогу беларускія хакеісты ўмацавалі ў серыі пасляматчавых кідкоў, падчас якой кожная каманда выканала па дзевяць спроб.

У дынамаўцаў аўтарамі закінутых шайб сталі Райан Спунер і Арцём Дзямкоў. У серыі булітаў свае кідкі рэалізавалі Сцяпан Фалькоўскі і Аляксандр Когалеў. Гэтая перамога дазволіла «Дынама-Мінск» захаваць за сабой пятае месца з табліцы Заходняй канферэнцыі. Зараз у актыве «зуброў» 43 балы пасля 35 сустрэч.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Як беларусы прыручылі фартуну

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.