Вы тут

Пенсіі апярэдзяць інфляцыю, для сямейнага капіталу — новыя мэты


Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» расказала пра тое, якімі мусяць быць пенсіі ў 2021 годзе і наступнай пяцігодцы, колькі шматдзетных сем'яў скарысталіся сямейным капіталам датэрмінова і на якія мэты яго накіравалі, пры якіх умовах будуць скарачаць дэкрэтны адпачынак, колькі вакансій у рэспубліканскім банку і чаму, на думку міністра, на старце варта разглядаць нават невысокааплатныя прапановы.


Фота БелТА

3 снежня адпаведнай пастановай Савета Міністраў прынята Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030». Ірына Касцевіч пракаментавала яе неабходнасць:

— Прыняцце стратэгіі «Актыўнае даўгалецце» абумоўлена тымі працэсамі, якія адбываюцца ў свеце. Назіраецца старэнне насельніцтва. Сёння грамадзян ва ўзросце старэй за 65 гадоў — больш за 15 %. Згодна з міжнароднымі стандартамі, калі колькасць гэтай групы перавышае 7 %, лічыцца, што насельніцтва сталае. Прагнозы Мінэканомікі на 2030 год сцвярджаюць, што ў нас гэтая група будзе складаць больш за 20 %.

У сувязі з гэтым міністр заўважыла, што людзі ва ўзросце 60—70 гадоў дастаткова актыўныя. Больш за 30 % з іх у гэтым узросце працуе. І калі ёсць іх жаданне, трэба дапамагчы з працаўладкаваннем. Што датычыцца людзей, старэйшых за 70—75 гадоў, а таксама старэйшых за 80, то многія з іх маюць праблемы са здароўем, прычым дастаткова сур'ёзныя. І тут іншы кірунак працы — медыцынская дапамога, сацыяльныя паслугі.

— Па службовых абавязках часта наведваючы дамы-інтэрнаты, я бачу, што часам дзяржава бярэ на сябе клопат пра сталых людзей. А хацелася б, каб гэты клопат і ўвага былі з боку дзяцей да сваіх пажылых бацькоў. Гэта таксама сур'ёзны напрамак, які трэба актыўна развіваць, — адзначыла міністр.

Праінфармавала Ірына Касцевіч пра падыходы да пенсійнага забеспячэння, якія закладзены ў новы праект бюджэту.

— Калі казаць пра 2021 год, расходы на выплаты пенсіі будуць апярэджваць інфляцыю. Што датычыцца наступнай пяцігодкі, то закладзены такія ж пасылы. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючых пенсіянераў у снежні склаў 511 рублёў. І гэта дзяржаўныя абавязацельствы па выплаце базавай пенсіі. Дабравольная накапляльная сістэма — гэта доўгаіграючы інструмент, яму амаль 20 гадоў. Але мы ўбачылі што паўнацэннага развіцця ён не атрымаў — па шэрагу прычын, аб'ектыўных і суб'ектыўных. І адна з задач наступнай пяцігодкі — павінна атрымаць развіццё і дабравольна-накапляльнае страхаванне.

Расказала Ірына Касцевіч і пра памер фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, адкуль выплачваюцца не толькі пенсіі, але і розныя віды дапамог. Дзяржаўных дапамог на наступны год у ім закладзена на 2,5 мільярда рублёў. Асноўная сума — дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Гэта амаль 1,5 мільярда рублёў.

Падвяла міністр і некаторыя вынікі праграмы сямейнага капіталу:

— Сямейны капітал — гэта наша супермера. Яна ўзяла старт з 2015 года. У 2019 годзе мы яе прааналізавалі і ўбачылі рост шматдзетных сем'яў. За 10 гадоў іх колькасць павялічылася ў два разы. На сёння адкрыта больш за 92 тысячы дэпазітных рахункаў па праграме «Сямейны капітал». Сумарна мы ацанілі гэта ў 2,3 мільярда рублёў без капіталізацыі — гэта тыя грошы, якія дзяржава паклала шматдзетным сем'ям на іх рахункі. Калі казаць пра датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу, то ім скарысталіся
26 тысяч сем'яў. Канешне, найперш гэта жыллё. 90 % тых, хто вырашыўся на датэрміновае выкарыстанне, накіравалі іх на вырашэнне жыллёвых пытанняў, 6 % — на адукацыю старэйшым дзецям і 4 % — на аказанне платных медыцынскіх паслуг.

Дарэчы, пералік мэт, на якія можна будзе накіраваць сямейны капітал, у будучыні пашырыцца.

— Мы ўвесь 2020 год вялі дыялог са шматдзетнымі сем'ямі, каб высветліць патрэбы, на якія ім важна скарыстаць сямейны капітал. Найперш гэта, канешне, пашырэнне магчымасцяў для будаўніцтва жылля, магчымасць пакупкі часткі жылога памяшкання, рамонт і аддзелка кватэры. Я мяркую, што ў першым-другім квартале наступнага года мы выйдзем на праект дакумента, які будзем рассылаць на ўзгадненне зацікаўленым дзяржорганам.

Скарачаць ці не дэкрэтны адпачынак — яшчэ адно пытанне апошняга часу, якое актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. Ірына Касцевіч падзялілася сваім меркаваннем на гэты конт.

— Мера (трохгадовы дэкрэтны адпачынак. — «Зв.») была ўведзена ў 1992 годзе. Але нельга на яе глядзець вачыма 90-х. Трэба глядзець нават не з пазіцый сённяшняга дня, а будучага. Безумоўна, трэба развіваць паслугі па доглядзе дзіцяці ранняга ўзросту. І толькі калі мы сапраўды выйдзем на адпаведны ўзровень, прычым не проста будзем усведамляць, а зробім канкрэтны крок у развіцці гэтых паслуг, тады і будзе прынята рашэнне аб яго змяненні. А мадэлі могуць быць розныя. Можа застацца тры гады, пры гэтым толькі два будуць аплачвацца. Або два гады для ўсіх, а тры — толькі для шматдзетных. Сёння задача для Міністэрства працы разам з дэпутацкім корпусам і з сем'ямі, у тым ліку шматдзетнымі, — знайсці тую мадэль, якая б дазволіла вырашыць задачы бюджэту, дзяржавы, канкрэтнага чалавека і грамадства ў цэлым.

Бягучы год быў няпростым з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Міністр расказала, як мяняўся ў гэты час рынак працы:

— У красавіку 2020 года мы ўбачылі сур'ёзную праблему — пандэмію, і эпідсітуацыя значна паўплывала на рынак працы, але не так істотна, як у іншых краінах. Мы не ўбачылі сур'ёзнага скарачэння колькасці занятых у эканоміцы, калі паглядзець і па буйных прадпрыемствах, і ў цэлым па наёмных работніках. Так, прыём на работу скараціўся — гэта дакладна праглядалася, наймальнікі не набіралі работнікаў. Але мы не ўбачылі і павелічэння колькасці звольненых. Наадварот, іх колькасць скарацілася на тры працэнты.

Што датычыцца вакансій, Ірына Касцевіч расказала, што на сёння іх маецца 75 тысяч.

— Я лічу, што гэта дастатковая колькасць для тых, хто хоча працаваць, каб пайсці і ўладкавацца. Так, магчыма, узровень аплаты працы не такі, як фактычна склаўся па краіне, але гэта вакансія. Трэба прыйсці і паказаць сябе, расці ў сваёй прафесіі на тым рабочым месцы, на якое прыйшоў. Адпаведна будзе расці і заработная плата.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».