Вы тут

Кнігу «Цар» прэзентавалі ў музеі гісторыі беларускай літаратуры


Ва ўмовах пандэміі не так і проста сабраць людзей на прэзентацыю кнігі, нават не так проста адважыцца правесці тую ці іншую імпрэзу. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры спрабуе, захоўваючы ўсе меры перасцярогі, праводзіць некаторыя мерапрыемствы. І, канешне ж, усе яны — як глыток чыстага паветра ў няпросты час. Вось і нядаўняя прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра ЛІПСКАГА «Цар» стала падзеяй у музейным і літаратурным жыцці Мінска.


«Цар» — раман, дзе спалучаюцца розныя часіны. Наш з вамі сучаснік Зміцер Кужалоўскі зазірае ў даўніну і высвятляе акалічнасці лёсу легендарнай Марыны Мнішак, праходзіць яе сцежкамі-дарожкамі, спрабуе разабрацца, дзе сапраўднасць, а дзе прыдумка і авантуры ў лёсах легендарнай жанчыны і так званага Ілжэдзмітрыя. Масковія і Вялікае Княства Літоўскае, Усход і Захад, нашы прашчуры і прышэльцы з іншых земляў — раман вытканы з многіх падзей. Відавочна, што пісьменнік, уваходзячы ў мастацкае вырашэнне тэмы, перавярнуў горы гістарычнай, дакументальнай літаратуры, сам здолеў увайсці ў тыя часіны. Таму многія старонкі яго расповеду чытаюцца пераканаўча, падштурхоўваюць да сур’ёзных разваг і над лёсам Беларусі.

На імпрэзе, акрамя самога аўтара — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра ЛІПСКАГА, выступілі дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Мікалай СУПРАНОВІЧ (кніга якраз і выйшла ў гэтым аўтарытэтным кніжным выдавецтве краіны), заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Георгій ЛОЙКА, кніжны графік і жывапісец Леанід ДАНЕЛІЯ (і Лойка, і Данелія — аўтары ілюстрацый да рамана «Цар»), дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл РЫБАКОЎ, старшыня Беларускага Фонда Культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь акцёр тэатра і кіно Валерый АНІСЕНКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь акцёр Леанід УЛАШЧАНКА, выдавецкі рэдактар Міраслава ШАВЫРКІНА, пісьменніца і журналістка Ларыса КУЧАРАВА.

Варта заўважыць, што ўсе выступоўцы былі адзінадушнымі ў тым, што, нягледзячы на шырокія абсягі кніжнага рынка ў Беларусі, мастацкіх твораў, якія б папулярызавалі айчынную гісторыю, дапамагалі ўнікнуць у найболей складаныя яе перыпетыі, усё ж такі не хапае. І таму надзвычай важным падаецца зварот да гістарычнай тэматыкі пісьменніка, якога добра ведае чытач нашай краіны, — Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. Да месца былі і развагі пра тое, што раман патрабуе выдання на рускай і іншых мовах. Хацелася б, каб кнігу ўбачылі і адкрылі і ў Расіі, і ў Польшчы, і ва Украіне, і ў Літве. «Цар» таго варты.

А Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў самым сэрцы Мінска — у Траецкім прадмесці — чакае новых наведвальнікаў.

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Аляксандра Каменчукова

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.